Пятніца, 19.04.2024, 08:48

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Анатоль Трафімчык

Тапонімы роднага кута Артура Бартэльса ў яго паэмах
Беларуская літаратура характарызуецца асаблівай любоўю да Бацькаўшчыны ў яе вузкім разуменні — куточка, дзе той ці іншы чалавек убачыў свет.

Для народжанага больш чым 200 гадоў таму Артура Бартэльса (1818—1885) малая радзіма таксама стала паняццем блізкім да святога. Паводле паэмы «Дзяніскавічы», якая была напісана ў 1862 годзе, лірычны герой пасля пэўнага расстання прыязджае ў родны кут, дзе ён сорак гадоў таму распачаў знаёмства са светам. Яго душа трымціць ад замілавання пры выглядзе царквы, курных хатак, калодзежаў, гумнаў. Асаблівая ўвага адрасуецца дому, дзе былі праведзены першыя гады. Далей герой выходзіць за межы сяла — на сустрэчу з грэбляй, мілымі па гучанні ўрочышчамі — Градкамі, Ізбіскам, Лясішчам, Дзерамінішчам, Крэмцамі, вартаўнікамі лясоў — леснікамі Сойкамі і Кавальчукамі, дакладней — іх нашчадкамі. Менавіта дзякуючы такім аўтарскім прызнанням версія аб нараджэнні Артура Бартэльса ў Дзяніскавічах набывае перавагу над іншымі.


У кагосьці любоў да роднага кута можа быць абстрактнай. Аднак у паэта яна ўрэчаісніваецца праз непасрэдны кантакт з радзімай, зямлёй, праз перадачу сваіх перажыванняў да той ці іншай мясціны, пабудовы, дзейства, якое мела месца, і, натуральна, пэўнага чалавека. 3 гэтай прычыны назвы многіх мясцін пісьменнік уводзіць у мастацкі тэкст.

Раскіданыя па ўсёй Беларусі Радзівілавы лясы, балоты, лугі, дарогі, урочышчы становяцца фонам для разгортвання сюжэта. Аднак геаграфія аповедаў у паэмах Бартэльса мае вузкую лакалізацыю. Яны засяроджваюцца галоўным чынам на лясах Клецкай ардынацыі Радзівілаў. Асаблівую канцэнтрацыю аўтарскай увагі да мясцовасці варта канстатаваць з Дзяніскавічамі: менавіта іх наваколле стала галоўнай крыніцай для паляўнічых паэм і нарысаў. Вёска Дзяніскавічы знаходзіцца на поўдзень ад Клецка, за кіламетраў 40. Размешчаны ў некранутых лясах, акружаны з трох бакоў балотамі, населены пункт не мог быць вядомы шырокаму свету. Аднак гэта не стала перашкодай для паэта пры напісанні твораў пра родны кут. Яго тапанімічная геаграфія прыцягнула нашу ўвагу.

Назвы паселішчаў

Галоўным і храналагічна першым зафіксаваным намі найменнем з'яўляецца назва роднай вёскі паэта — Дзяніскавічы. Што праўда, гэта не мікратапонім, а назва сельскага паселішча. Ёю названа паэма.

Кожная вялікая беларуская вёска ў XIX стагоддзі уяўляла сабой цэлую сістэму паселішчаў — з падарожнымі больш дробнымі вёскамі, фальваркамі, хутарамі. Дзяніскавічы не былі выключэннем. Іх адлюстраванне на мапах часоў Бартэльса захавалася (ілюстрацыя 1), і сёння можна ўявіць, якая па памеры была вёска ў сярэдзіне XIX стагоддзя (калі там бываў паэт), можна параўнаць з бліжэйшымі да нас часамі, у тым ліку сучаснасцю.

Побач з Дзяніскавічамі — на паўднёвы захад — з даўняга часу размясцілася вёска Еськавічы, у польскім варыянце будзе трохі іначай — Jaskiewicze. Яе назва фігуруе аднойчы (у паэме «Летнія і асеннія паляванні») як прыналежны прыметнік — для абазначэння мясціны, зарослай вербамі. У Беларусі існуе некалькі вёсак з такой ці падобнай назвай. Дзяніскаўская суседка ўлілася ў склад большай вёскі ў 1965 годзе. Тым не менш мясцовы люд адносіцца да яе па-ранейшаму як да асобнага паселішча са сваёй арыгінальнай назвай.

Тут жа, як бачым, аналагічным чынам — праз азначэнне — успамінаецца фальварак Мар'янава (па-мясцоваму — Мар'яноў), які знаходзіўся яшчэ далей на поўдзень, у глыб лесу і балот (глядзіце ілюстрацыі 1—2).

Ілюстрацыя 1. Мапа вёскі Дзяніскавічы і найбліжэйшага наваколля на ваенна-тапаграфічнай мапе («трохвярстоўцы») Расійскай імпёрыі на 1866 года

Відавочна, назвы Дзяніскавічы, Еськавічы, Мар'янава ўтвораны ад аднакарэнных імён. Мясцовыя жыхары (Карпеня Андрэй Міронавіч — жыхар вёскі Дзяніскавічы, нарадзіўся ў 1927 годзе; Швайка Хрысціна Феадосаўна — жыхарка вёскі Дзяніскавічы, нарадзілася ў 1931 годзе) мяркуюць, што такія імёны насілі заснавальнікі.

Яшчэ адзін мікратапонім (у паэме «Зімовыя паляванні на Літве») — Ліпавецкі Двор — азначаў населенае месца. Паводле ўспамінаў тых жа рэспандэнтаў, мікратапонім адносіцца да мясціны ў цэнтры вёскі, дзе зараз знаходзіцца школа. Там да прыходу савецкай улады жыў памешчык. А ўвесь вялікі двор быў абсаджаны высокімі ліпамі. Разам з тым у дадзеным выпадку вусныя крыніцы не выказваюць пэўнасці. Тым не менш апісанне ў паэме і ўспаміны старажылаў як мінімум не разыходзяцца. Да таго ж на ўказанай людзьмі мясцовасці здаўна і па сённяшні дзень растуць ліпы. Таму лічым, што Ліпавы Двор — тэрыторыя сучаснай Дзяніскавіцкай школы.

У той жа час некаторыя мікратапонімы да XXI стагоддзя пачалі забывацца і страчвацца. Так, практычна згубілася памяць пра Ліпаўку — хутчэй за ўсё невялікае паселішча. Такі сэнс вынікае з кантэксту паэмы «Зімовыя паляванні на Літве».

Указаныя вышэй рэспандэнты дапускалі, што маецца на ўвазе ўрочышча Падліпка. Яно знаходзіцца ў 8 км на паўднёвы ўсход ад Дзяніскавіч. Этымалогія тлумачыцца тым, што ў лесе было мала ліп, а там яны раслі. У дадзеным выпадку інфармацыя не суадносіцца. На даўніх мапах Ліпаўка таксама адсутнічае. Думаецца, гэта якраз выпадак знікнення тапоніма з культурнай і гаспадарчай прасторы Дзяніскавіч.

Падобная сітуацыя са Слабудкай. Тапонім сустракаецца ў кантэксце палявання на цецерукоў.

У цэлым наяўнасць некалькіх назваў вакол дзяніскаўскіх паселішчаў у паэмах гаворыць пра добрую дасведчанасць аўтара як у мясцовых населеных пунктах, так і мясцовых лясах.

Назвы ўрочышчаў

Яшчэ болей падкрэслівае веданне паэтам азначанай геаграфіі фігураванне ў творах драбнейшых мясцін — урочышчаў. Па ступені душэўнасці адносіны да іх не саступаюць любові да роднай вёскі Дзяніскавічы.

Дзеля лакалізацыі названых мясцовасцей намі выкарыстаны комплекс крыніц: самі тэксты твораў, даўнія мапы і ўспаміны дзяніскаўскіх старажылаў. У адным выпадку дапамагло асабістае веданне.

Апошняе спрычынілася да ўрочышча Ізбіск. Яно знаходзіцца кіламетраў пяць на паўночны ўсход ад Дзяніскавіч (ілюстрацыя 2). Сёння яно шырока вядомае і ў народзе называецца ў мінімальна змененым варыянце — Ізбійск, або Ізбійскі Бор. Справа ў тым, што мясціна здаўна лічылася святой. Туды прыходзілі маліцца, пакідаючы пасля стужкі на дрэвах. Назва магла ўзнікнуць у сувязі з нейкімі адносінамі да невялікага, ці не ў адзін двор, паселішча, за кіламетр на ўсход ад Дзяніскавіч, з найменнем «Ізба» (ілюстрацыя 2).

Ілюстрацыя 2. Мапа наваколля вёскі Дзяніскавічы з урочышчамі Мар'янава, Ізбіскі Бор, Лісішча, Градкі, Лясішча

Лёгка таксама было вызначыць месцазнаходжанне такіх мілых сэрцу аўтара Градак. I паводле ўпамінанняў, і на мапах (ілюстрацыя 2) яны, існуючы па сённяшні дзень, размясціліся кіламетраў чатыры на поўдзень ад Дзяніскавіч. Ва ўспамінах нават робяцца спробы этымалогіі назвы ўрочышча: «Месца «гарыстае», нагадвае грады, што робяць сяляне ў агародах». Урочышча дзеліцца на дзве часткі — Далёкія і Блізкія Градкі.

Складаней было з іншымі мясцінамі. Як аказалася, урочышчы Лясішча і Дзерамінішча, а таксама Лісішча не займелі гонару (у адрозненне ад Мар'янава, Ізбіскага Бора ці нават Градак) часта трапляць пад увагу картографаў. He ўсе захаваліся яны і ў памяці мясцовага люду. Аднак на той жа мапе (ілюстрацыя 2) відаць што Лісішча знаходзіцца за Ізбіскім Борам, адразу на ўсход за ім. Відавочна, што назва ўзыходзіць да ліс, якіх там было нямала.

Яшчэ адна мясціна з паэмных твораў Артура Бартэльса мае сугучную назву — адметнае глушцамі Лясішча (пра гэта гаворыцца ў адной з вышэй прыведзеных цытат). Урочышча знаходзіцца на дыяметральна супрацьлеглым баку вёскі Дзяніскавічы ад Лісішча (ілюстрацыя 2) — паводле інфарматараў, кіламетраў восем на поўдзень. Насамрэч трохі на паўднёвы ўсход ад Дзяніскавіч, абапал дарогі з Еськавіч на Макава, бліжэй да апошняга. Этымалогія відавочная: «Там калісьці быў высокі хваёвы лес» (Xрысціна Феадосаўна Швайка).

У двух паэмах Apтypa Бартэльса «Дзяніскавічы» і «Летнія і асеннія паляванні» — фігуруе ўрочышча Дзерамінішча. Паводле аўтара, яно не абы-якое, а даволі вядомае. Чым? Найперш мядзведзямі і дзікамі. Назва «Дзерамінішча», як тлумачыць сам аўтар, утварылася «ад «дзярэ міня, Дзярэ мяне» — крык, якім мужык дае знак, што яго мядзведзь пачаў дзерці, інакш — покліч на падмогу.

Аднак у памяці дзяніскаўцаў слядоў пра мясціну адшукаць не ўдалося. Дапамагла тут нямецкая мапа 1917 года (ілюстрацыя 3). На ёй прысутнічае ўрочышча Дзеравянішча (калі быць больш дакладным і пакінуць назву без адаптацыі да беларускай мовы, а так, як яна гучыць у нямецкай транслітэрацыі, — Дэрэвінішчэ). Выказваем меркаванне, што гэта і ёсць мясціна з паэм. Але ў працэсе чалавечай камунікацыі этымалогія назвы сцерлася і, крыху трансфармаваўшы слова, набыла іншы, больш зразумелы сэнс.

Ілюстрацыя 3. Фрагмент нямецкай мапы 1917 года з абазначаным урочышчам Дзеравянішча на поўдзень ад Ганцавіч у бок Люсіна (абапал на ўсход чыгункі, якой, натуральна, у часы Артура Бартэльса яшчэ не было)

Ha мапах не аказалася такога ўрочышча, як Нівішча. Прычым гэты мікратапонім суправаджаецца спасылкай, што мясціна знаходзіцца ў дзяніскаўскіх лясах і славіцца паляваннямі на глушцоў.

Дапамагла памяць мясцовых вяскоўцаў: «Ніўнае — зараз гэта поле былога калгаса, у ваколіцах вёскі на ўсходзе. Знаходзіцца недалёка ад Мар'янава, дзе быў маёнтак пана Шумскага. Там было поле пана, дзе каласіла ніва», — паведамляе Xрысціна Феадораўна Швайка.

Назва, як бачым, не зусім супадае — толькі па сэнсе. Але цалкам дапускаем, што гэта адна і тая ж мясціна. Таму што найменні ў часавай прасторы нярэдка перажывалі некаторыя скажэнні і трансфармацыі. Праўда, існуе яшчэ адзін варыянт лакалізацыі — урочышча, якое на мапах называецца «Ніўка» (ілюстрацыя 2). Яно знаходзілася пару кіламетраў на поўдзень ад Градак. Калі меркаваць па тым, што ці не кожны мікратапонім у творах Артура Бартэльса цесна звязаны з тэматыкай палявання, дык апошні варыянт больш верагодны: наўрад ці паблізу вёскі маглі вадзіцца глушцы, пра наяўнасць якіх у тым урочышчы пісаў паэт, у той жа час іх масавасць удалечыні ад вёскі была б натуральнай.

Тым не менш акрэсліць участак «Дзяніскавіцкай пушчы» з усімі названымі ў творы тапонімамі пакуль не ўдалося, хаця б на гіпатэтычным узроўні. Так, месцазнаходжанне ўрочышча Крэмцы аказалася не ўстаноўленым. Дзе яно магло быць? Арыенцірам тут служаць лакалізаваныя Градкі і, верагодна, лакалізаванае Дзерамінішча. У паэме «Летнія і асеннія паляванні» яны стаяць у адным шэрагу з Крэмцамі, дакладней — пасля апошніх. Адпаведна, урочышча Крэмцы можа знаходзіцца прынамсі ў адным баку з Градкамі і не павінна быць вельмі далёка ад іх, недзе перад імі з іншага боку, па логіцы, ад Дзерамінішча. Канечне, такая раскладка будзе пры ўмове, што аўтарам той шэраг складзены ў паслядоўнасці размяшчэння ўрочышчаў. Паходжанне назвы «Крэмцы» намі не прасочана.

Яшчэ шэраг мікратапонімаў адносяцца да недалёкіх лясоў пад Клецкам (Далматоўшчына, Грыцавіцкі Бор, Цэпэршчына, Брыгада, Раёўка, Быстрыца, Дзямідавіцкі Лес, Краснастаў). Там, у Радзівілімонтах, знаходзілася летняя рэзідэнцыя Радзівілаў, і ў наваколлі таксама часам ладзіліся паляванні, хаця і не такія маштабныя ў параўнанні з ловамі ў дзяніскаўскіх лясах.

***

У заключэнне падкрэслім наступнае. Toe, што дзяніскаўскія мікратапонімы ў творчасці Артура Бартэльса пераважаюць — гэта яшчэ адно сведчанне таго, якую зямлю паэт лічыў сваёй малой радзімай і дзе, па прызнанні самога аўтара, ён прыйшоў на свет белы.
Катэгорыя: Анатоль Трафімчык | Дабавіў: vitalis (28.04.2022) | Аўтар: Анатоль ТРАФІМЧЫК Таццяна ДЗЕНІСЕНЯ
Праглядаў: 494 | Тэгі: Дзяніскавічы, Ганцавічы, Артур Бартэльс, Ганцавіцкі раён, тапонімы, Анатоль Трафімчык, Люсіна | Рэйтынг: 0.0/0
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 5
Гасцей: 5
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.