Аўторак, 23.04.2024, 18:13

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Віталь Герасіменя » Хрысціянскія святыні Ганцаўшчыны

Прыцягальная сіла ўрочышча Ізбійскі Бор
На сённяшні дзень урочышча Ізбійскі Бор з’яўляецца ці не самым папулярным турыстычна-паломніцкім месцам на тэрыторыі Ганцавіцкага раёна. Сюды штодзень прыяжджаюць людзі, не толькі з розных куткоў Беларусі, але і з-за межаў нашай краіны, пры гэтым на вялікія царкоўныя праваслаўныя святы іх колькасць павялічваецца ў дзесяткі разоў.


Сам Ізбійскі Бор (сустракаюцца і іншыя варыянты напісання – Ізбіцкі, Узбійскі) – лясное ўрочышча, што знаходзіцца поруч з аўтамабільнаю дарогаю паміж вёскамі Будча і Дзяніскавічы, і ўжо на працягу некалькіх стагоддзяў лічыцца сапраўдным святым месцам. Аб Ізбійскім Бары напісана дастаткова шмат артыкулаў, пры тым у ход для іх напісання пераважна ійшлі разнастайныя "легенды” і "паданні”. У гэтым нумары нашай газеты мы таксама раскажам менавіта аб дадзеным святым месцы, але за аснову возьмем вартыя даверу архіўныя і літаратурныя крыніцы, прачытаўшы якія, можна высветліць шмат цікавых момантаў пра Ізбійскі Бор.

Першапачаткова тут знаходзілася менавіта ўніяцкая капліца, аб чым сведчыць Пратакол генеральнай візітацыі (інспекцыі) Дзяніскавіцкай уніяцкай царквы Клецкага дэканата, які датуецца 5 лютым 1784 года: «Капліца ў пушчы, якая называецца "на Ізбійскім Бары”, знаходзіцца за мілю ад парафіяльнай царквы. Пад тытулам Успення Найсвяцейшай Дзевы. Ніякіх абавязкаў для святара і наданняў (на ўтрыманне гэтай капліцы) не мае. Пастаўленая ў незапамятныя часы. Зрубленая з кругляка ў вуглы. Накрытая дранкай. З адным купалам, на якім жалезны крыж. Дзверы да яе на жалезных завесах з навясным замком, жалезнымі зашчэпкай і прабоем. Падлога і столь з дошак. Тры вакны простага шкла зроблены з дрэва. Вялікі алтар за пафарбаванымі разбярскай работы Царскімі Варотамі. У ім абраз Найсвяцейшай Дзевы, перад якім прастол сталярнай работы, накрыты рушнікамі і на якім адна пара драўляных падсвечнікаў».

Дакладная дата пабудовы тут хрысціянскай святыні невядомая, можна меркаваць, што гэта першая палова XVIII стагоддзя. Справа ў тым, што ў Пратаколе генеральнай візітацыі 1680 года на тэрыторыі прыходаў Дзяніскавіцкай і іншых навакольных цэркваў ніякіх капліц у лясных урочышчах не адзначана. Да таго ж менавіта ў XVIII стагоддзі ўніяцкая царква актывізавала змаганне з існаваннем і функцыянаваннем разнастайных «святых месцаў» – рэшткаў язычніцкіх культаў, якія карысталіся асаблівай папулярнасцю ў сялян-палешукоў. Каб прыстасаваць такое «святое месца» ў Ізбійскім Бары пад патрэбы хрысціянскага культу, тут і была збудавана капліца.

На 1837 год тут працягвала знаходзіцца ўніяцкая капліца, якая была прыпісана да Дзяніскавіцкай царквы Святых Пятра і Паўла. У 1839 годзе пасля Полацкага сабора, на якім было прынята рашэнне аб ліквідаванні ўніяцтва на тэрыторыі сучаснай Беларусі, па ўсёй бачнасці, царква ў Дзяніскавічах разам з капліцаю ў Ізбійскім Бары была пераведзена ў праваслаўе.

З Кліравай ведамасці за 1865 год становіцца вядома, што: «У Ізбійскім Бары знаходзілася прыпісная царква ў гонар Успення Прасвятой Багародзіцы. Пабудавана яна была ў 1861 годзе (па ўсёй бачнасці, вялася перабудова пад каноны праваслаўнай святыні) з дазволу Мінскай духоўнай кансісторыі намаганнямі мясцовага святара Людвіга Гарбацэвіча і царкоўнага старасты Герасіма Глеба. Будынак царквы ў Ізбіцкім Бары быў драўляны, без званіцы. Начынне было ў дастатковай колькасці. Ад самастойнай царквы знаходзілася на адлегласці ў 6 вёрст (6,4 км)».

У Апісанні цэркваў і прыходаў Мінскай епархіі на 1879 год прыводзяцца дастаткова падрабязныя звесткі: «Да гэтай Дзяніскавіцкай царквы прыналежыць прыпісаная, размешчаная ў Ізбіцкім Бары Успенская драўляная царква, у якой знаходзіцца мясцова шануемы абраз Прасвятой Багародзіцы, пісаны на драўлянай дошцы, памеры якога ў даўжыню адзін аршын (71 см), а ў шырыню 12 вяршкоў (54 см). Па мясцоваму, вельмі старажытнаму хаця і няяснаму паданню, абраз гэты явіўся ў сонным бачанні аднаму з набожных сялян на тым самым месцы, дзе зараз знаходзіцца царква, і абвясціў, што з гэтага часу ён будзе апекаваць над усімі, хто будзе да яго звяртацца. Для ўшанавання гэтага абраза сцякаецца значная колькасць богамольцаў, асабліва ў дзень Успення Прасвятой Багародзіцы, у які паступае даходу ў карысць царквы 30–35 рублёў і ў карысць прычту 70–90 рублёў».

У Кліравай ведамасці за 1931 год прадстаўлена інфармацыя, што прыпісная да самастойнай прыхадской Дзяніскавіцкай моцная царква пабудавана ў 1923 (!) годзе (цікава, што заставіла вернікаў будаваць новую царкву?).

Зусім нядаўна даследчык-краязнаўца Кастусь Шыталь на прасторах інтэрнэта знайшоў электронную копію польскага часопіса «Wiarus»за 1936 год ў якім у № 41 быў надрукаваны артыкул Рамуальда Мацкевіча «Odpust na Polesiu» («Фэст на Палессі»). У гэтым матэрыяле падрабязна апісваецца як праходзіла пасаднае свята ў Ізбйскім Бары больш за 80 гадоў таму назад. Можна меркаваць, што пераклад дадзенага артыкула, хай і фрагментарна, будзе дарэчы ў нашым матэрыяле.

«У Лунінецкім павеце недалёка ад гарнізона Корпуса Аховы Памежжа ў сапраўднай Дзяніскавіцкай пушчы, што з’яўляецца ўласнасцю князя Радзівіла, ва ўрочышчы Ізбійскі Бор стаіць невялікая царквічка, якая шануецца ўсімі не толькі мясцовымі сялянамі-палешукамі, але і з суседніх паветаў».


Вельмі яскрава падаецца апісанне таго, дзеля чаго туды на самой справе з’язджаліся і зыходзіліся людзі, для якіх гэта была не столькі царкоўная падзея, а сапраўднае свята з усімі адпаведнымі рысамі. «Адзін раз на год 29 жніўня тут адбываецца вялікі фэст. Гэтае ціхае месца, што акружана сасновым лесам, напаўняецца гулам тысяч веруючых, харавым царкоўным спевам, працяглым галашэннем дзядоў-жабракоў і гучнымі зазывамі гандляроў, што хваляць свае тавары. На гэты фэст прыязджаюць сяляне-палешукі з найдалейшых вёсак і недаступных хутароў не толькі памаліцца і нешта купіць, але перш за ўсё, пабачыць людзей, спаткацца са знаёмымі, пагутарыць пра тое-сёе, выпіць "чарку” і ўвогуле назбіраць тэмы для гутарак на цэлы год. Для сялянскіх дзяўчат фэст у Ізбійскім Бары з’яўляецца нечым падобным на штогадовы паказ моды. На працягу года кожная дзяўчына адкладала грош да гроша, для таго каб ў вясковым магазінчыку купіць якую-небудзь прыгожую хустку і казачна маляўнічую спадніцу ці блузку любога матэрыялу, каб пазней ва ўсім гэтым на фэсце цешыць вока ад позіркаў родзічаў і ўзбуджаючы зайздрасць бяднейшых сябровак, якія прыехалі на фэст ва ўласнавытканым адзенні, ўпрыгожаным даматканай вышыўкай. Для нас, што прыехалі з месцаў, дзе прыгожа вышытае самаробнае адзенне падаецца найшмат прыгажэйшым, чым безгустоўны папелін ці сатын, але палеская прыгажосць іншая, тут мараць толькі аб тым, каб паказацца на дадзеным фэсце ў сукенцы, тэпціках і хустцы выключна "магазіннага” тавару.

Прыехаўшыя на фэст, са згубіўшыхся ў глушы пушчы засценкаў, маладыя шляхцянкі з цікавасцю аглядалі ўборы сваіх равесніц з навакольнай інтэлігенцыі, дочак мясцовых чыноўнікаў, настаўнікаў, праваслаўнага духавенства і таму падобных, каб пазней азадачыць вясковага краўца зрабіць менавіта такую сукенку, якую мела на фэсце папіха (жонка папа), ці дачка сакратара гміны».


Не меньш цікава расказваецца і аб самой царкоўнай дзеі. «У галаве працэсіі чатыры дужыя хлопцы неслі звон, што быў замацаваны на моцнай дубовай восі, і званілі ў яго без перапынку. Далей ішло духавенства (святары) і нясло харугвы, а яшчэ далей па над схіленымі галовамі сялян-палешукоў плыў на паланкіне (спецыяльныя насілкі) цудадзейны абраз Маці Божай. На калені ўставалі перад тым абразом з мэтаю, каб сам абраз пранеслі над галовамі тых, хто стаў на калені. Пад час працэсіі гаспадыні-паляшучкі складалі ахвяраванні, што былі галоўным чынам творам працы ўласных рук. Вешалі на рамні звону і паланкін з цудадзейным абразом Маці Божай палотны і вышываныя ручнікі, якія царкоўны служка штохвілінна адносіў да пастаўленых з боку ад працэсіі вазоў. У невялікай капліцы каля царквы дзяк прынімаў ахвяраванні, што з’яўляліся прадуктам вытворчасці сялян-палешукоў: мёд, воск, кавалкі сала, міскі масла, вязанкі грыбоў, сыры і таму падобнае. Ахвяраванні ў дакрызісныя гады былі як асабістыя так і групавыя, праваслаўнае духавенства штогод везла да сваіх прыходаў са свята ў Ізбійскім Бары па некалькі вазоў палатна і прадуктаў. У цяперашні час з кожным годам ахвяраванні станавіліся больш сціплыя, а грашовых ахвяраванняў ужо некалькі год не было».

Прыводзіць Рамуальд Мацкевіч і параўнанне як праходзіла свята раней і на сённяшні дзень. «Я быў на гэтым фэсце роўна дзесяць гадоў таму. І пабачыў тут у той час асноўныя тыпы сялян-палешукоў ў строях не скажоных вялікай колькасцю тканіны фабрычнай вытворчасці, гаёвых (егераў) з доўгімі стрэльбамі на плячы, а перад царквою сядзеў цэлы рад лірнікаў, што заводзілі песні пра Лазара і татараў-паганцаў (маецца на ўвазе веравызнанне). Тады мы рэдка бачылі адрозненне селяніна-палешука з далёкіх Лугоў, ад селяніна-палешунка з размешчаных сярод балот хутароў, апранутых у святочны самаробны строй і лапці з лыка. Цяпер пераважаюць элегантныя вяскоўцы ў доўгіх ботах з халявамі і дзяўчаты ў вычварных сукенках з папеліна альбо сатына і тэпціках. Бачыў занадта шмат хлопцаў у кашулях з джынсавай тканіны і салдацкіх мацэёўках (шапках). Кансерватызм у строях захавала амаль выключна толькі старое пакаленне. Не было відаць у гэтым годзе ні аднаго лірніка. Па ўсёй бачнасці, таму што старыя паўміралі, а маладыя аддавалі перавагу скрыпцы, чые пісклявыя гукі былі чутны з розных бакоў шырокага пляцу перад царквою».

Выдзелена аўтарам і забаўляльная частка фэста. «На краю паляны пад дрэвамі паставілі свае сталы гандляры, што прадавалі баранкі, печыва, пернікі, цукеркі, содавую (салодкую воду), быў нават стол з гарэлкаю і другі з вяндлінамі, каб было чым "чарку” закусіць. Далей за кіёскамі стаялі вазы хлопцаў з-пад Нясвіжа і Клецка, што прадавалі яблыкі, грушы і слівы. Пакупнікоў было шмат, бо садоўніцтва на Палессі амаль увогуле не было, а яблыка лічылася за "панскі прысмак”. Паміж кіёскамі хадзіў ўсюдыісны работнік Ізбы Скарбовай (падатковай), выпісваючы спецыяльныя дарожныя мандаты і "ліквідуючы” некаторыя "кампаніі”, ўладальнікі якіх мелі сапраўдныя сертыфікаты на гандаль, але не ў дадзеным павеце. Паліцыя таксама мела шмат работы, цэлы край займалі прыбыўшыя невядома адкуль "вырвігрошы”, што прапаноўвалі розныя латарэйкі, гульні "ў тры карты” і люстэрка, вывужваючы цяжка заробленыя грошы з наіўных сялян-палешукоў».

Асобна аўтарам у артыкуле згаданы і жабракі, якіх на свяце было таксама ў дастатковай колькасці. «Апісанне фэста было б не поўным, калі не ўзгадаць дзядоў-жабракоў. Жабрак-палескі не падобны ні на аднаго жабрака ў Польшчы. Ужо сам яго выгляд гаворыць пра тое, што дзядам на Палессі лепей чым дзе. Сярэдні жабрак-палескі ў параўнанні з нашым польскім дзедам – магнат. Ён мае адзін ці два кані, воз з дахам з тканіны, у якім ён падарожнічае ад вёскі да вёскі і ад хутара да хутара разам з усёй сваёй сям’ёй. Прыбываў такі воз (вельмі падобны да цыганскага) да вёскі і затрымліваўся каля кожнай хаты. Жабрак, лічачы такое сваё размяшчэнне больш зручным, паводзіў коньмі, увогуле не злазіў з воза і нічога не прасіў. Ён проста званіў гучна ў замацаваны ў столі буды званок і чакаў. На адгалосак звону праз вакно выглядвала гаспадыня-паляшучка і бачачы характэрную буду жабрака выносіла ў гэты момант кусок хлеба, яйка, кавалак сыра і сала. Жабрак прамаўляў манатонным голасам формулку падзякавання і якія-небудзь благаславенні, аддаваў перададзенае сваёй жонцы, што выглядала з-за яго плеч, і ехаў да наступнай халупы. Згодна з забабонаў сяляне-палешукі баяцца праклёнаў жабракоў, і ні адна гаспадыня не адпусціць ад свайго дома жабрака, не адарыўшы яго хоць бы мінімальным ахвяраваннем. Калі такі жабрак праедзе праз вёску, нягледзячы на беднасць мясцовага насельніцтва, воз будзе перапоўнены мяшкамі з прадуктамі харчавання, якіх будзе дастаткова не толькі для яго самога і яго сям'і, але і для коней».

3 кастрычніка 1944 года выконваючы абавязкі благачыннага Лунінецкай акругі і павету Пінскай вобласці протаіерэй Кіпрыян Сямёнавіч Дылеўскі, настаяцель Дзяніскавіцкай царквы протаіерэй Іаан Міхайлавіч Вернікоўскі з удзелам у якасці эксперта Савы Цімафеевіча Долмата на падставе прадпісання Палескага часовага Епархіяльнага ўпраўлення ад 30 жніўня 1944 года за № 80 склалі акт «Аб шкодзе, прынесенай нямецка-фашысцкімі захопнікамі». Наконт прыпісной царквы ў Ізбіцкім Бары ў гэтым акце гаворыцца, што сама царква разам са званіцаю і капліцаю была спалена па невядомых прычынах немцамі пры адступленні 2 ліпеня 1944 года. Але па іншых звестках акупацыйныя войскі да знішчэння царквы ў гэтым урочышчы ніякіх адносін не мелі. Знішчаную прыпісную царкву ў Ізбіцкім Бары ацанілі ў 50 000 рублёў, капліцу пры ёй – у 5 000 рублёў і званіцу – у 5 000 рублёў.


Але і з разбурэннем хрысцінскай святыні, нават у часы савецкага ваяўнічага атэізму пра гэтае месца не забываліся людзі. У 1960-х гадах намаганнямі мясцовых жыхароў былі пастаўлены тры бетонныя крыжы, а такама некалькі драўляных, на якія веруючыя павязвалі рознакаляровыя ленты. Сцяжынку ад дарогі, што вяла да рэшткаў разбуранай царквы, з цягам часу на ўсёй адлегласці таксама абазначылі падобнымі лентамі, гэта значна спрашчала арыентаванне на мясцовасці.

На пачатку двухтысячных кожны год 28 жніўня ў гэтым месцы праводзілася традыцыйнае набажэнства. Актыўная фаза аднаўлення святыні распачалася вясною 2014 года. 16 лістапада гэтага ж года Архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Стэфан асвяціў месца будаўніцтва дадзенай капліцы, таксама ў алтарную частку была закладзена капсула з памятнаю граматаю. А ўжо 28 жніўня 2015 года на пасаднае свята ў новазбудаванай капліцы прайшло першае набажэнства. Перад пасадным святам 24 жніўня 2018 года з боку ад капліцы быў пастаўлены вялікі паклонны крыж.


На сённяшні дзень Свята-Успенская капліца ва ўрочышчы Ізбійскі Бор мае статус прыпісной, належыць яна, ня гледзячы на адносна вялікую геаграфічную аддаленасць (25 км), да прыхода Свята-Ціханаўскага храма горада Ганцавічы.
Катэгорыя: Хрысціянскія святыні Ганцаўшчыны | Дабавіў: vitalis (16.04.2019) | Аўтар: Віталь ГЕРАСІМЕНЯ
Праглядаў: 1573 | Тэгі: царква, Віталь Герасіменя, Ізбійскі Бор, Ганцавічы, Ганцавіцкі раён, Будча, Дзяніскавічы, капліца | Рэйтынг: 5.0/2
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Хрысціянскія святыні Ганцаўшчыны [9]
Падарожжа-параўнанне па гораду Ганцавічы [7]
Гісторыя пажарнай службы Ганцавіцкага раёна [3]
З гісторыі чыгункі [2]
Музейны архіў [9]
Літаратурная карта Ганцавіцкага раёна [6]
Іншае [14]
Хто тут?
Анлайн усяго: 2
Гасцей: 2
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.