Субота, 20.04.2024, 15:36

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Вольга Фёдарава

Святое месца Ізбійкі Бор
Чым больш знаёмішся з гісторыяй роднага краю, тым больш яна здзіўляе нечаканымі знаходкамі. Такой знаходкай для мяне аказалася і месца пад назвай Ізбійскі (іншыя варыянты, народныя, — Ізбіцкі, Узбіцкі, Узбійскі) Бор па дарозе з Будчы на Дзяніскавічы.

Праехаўшы некалькі кіламетраў ад вёскі Будча, спыніліся і пайшлі пешшу ў лес па пратаптанай сцежцы. Гэта святое месца не прамінеш – адразу каля дарогі на дрэвах навязаныя каляровыя стужкі. Праз метраў пяцьдзясят убачылі крыжы, упрыгожаныя свежымі яркімі стужкамі, спаднічкамі, на некаторых з іх былі прычэплены іконы з выявай Божай Маці. Гэтыя крыжы пасля вайны вырабіў наш будчак Савеня Ф.І. Па ўсяму відаць, людзі тут і цяпер бываюць часта. Некаторыя абракаюцца і ідуць сюды здалёк пяшком або нават на каленях прыпаўзаюць: просяць у Багародзіцы збавення ад бед, хвароб. Святое гэта месца, намоленае. І хачу вам сказаць, што недарма існуе такая вера ў святасць гэтага месца.

Ізбійскі Бор

Непадалёку вольна раскінула ушыркі свае вузлаватыя лапы старая паўзасохлая сасна — маўклівая сведка падзей паўтаравекавой (а то і болей) даўнасці. У нашай вёсцы расказваюць, што пад гэтай сасной у гады Вялікай Айчыннай вайны быў пахаваны салдат. Праўда гэта ці не – не ведаю, але і на сасне заўсёды павязаны свежыя каляровыя стужкі, а таксама пакладзеныя грошы.

Асобныя невялікія камяні і невысокія горкі з іх яшчэ хаваюць абрысы фундамента будынка. Старэйшыя людзі расказваюць, што некалі тут стаяла невялікая царква ў гонар Прасвятой Багародзіцы, куды на Прачыстую збіралася ўсё духавенства акругі, каб адслужыць малебен. Чаму менавіта ў лесе? Захавалася легенда, што на гэтым месцы, як і ў Жыровічах, была знойдзена ікона Маці Божай, якая нібыта і сама сыходзіла сюды. Тут жа бруілі крыніцы, якія валодалі гаючай, ачышчальнай сілай, таму і стала яно месцам масавага паломніцтва. Вось як пра гэта расказвае Савеня Марыя Уладзіміраўна, якая нарадзілася ў 1937 годзе, але гэту легенду ведае па расказах яшчэ сваёй бабулі: «Е анно место, куды людзі з усіх сёл прыходзяць і прыязджаюць. Была некалі ў лесе, што за Лахаўкаю (рака была гетака) асіна тоўста-тоўста, угетака-о (паказвае рукамі, дыяметр на 1,5 м). Паявіласа на ёй аднекуль ікона Божае маці. Там людзі ўсе врэм’е ягады зьбіралі, от й ўбачылі яе. Рашылі завязьці яе ў Дзяніскавічы, у суседне сяло ў цэркаў. Праз некаторэ ўрэме ікона зноў паявіласа ў лесе. Людзі зноў завязьлі ў Круговіцку цэркаў. І-і-і! А тая ж ікона зноў на той асіне паявіласа. І рашылі тады людзі на гэтым святым месьце паставіць цэркаў. Пастроілі тую цэркаў какраз на Усьпленне, на 28 аўгуста. З ўсяе Беларусі людзі прыяжджалі сюды, ды і ні толькі. І з Украіны прыяжджалі. Хто быў хворы – ісцаляўса. Вязьлі туды грошы, украшэнне ўсяке. Але ж як пачаласа вайна, цэркаў гэта была спалена. Адны кажуць, што яе немцы спалілі, а другіе, што нехто з сяла. Цяпер от на том месьце адно камяні асталіса, ды яшчэ красты. Кожны год тутака зьбіраюцца бацюшкі з ўсіх сёл і ідзе служба. Гэто акраз на Усьпленне. Людзі прыяжджаюць і цяпер сюды, моляцца і памагае ж. Заракаюцца шчэ, на каленях ідуць да самаго Узьбійскаго (так тое место называецца)».

На самай справе, калі пабудзеш там, то адчуваеш вялікае заспакаенне, суладдзе душы, сэрца з прыродай. Ачышчаешся ад усіх праблем, няўзгод і атрымліваеш Боскае благаславенне на добрыя справы.

Царква ў імя святых апосталаў Пятра і Паўла была пабудавана ў Дзяніскавічах ў 1839 годзе па фундацыі князя Льва Радзівіла. Да храма была прыпісана драўляная Успенская царква ва ўрочышчы Ізбійкі Бор, што непадалёку ад вёскі.

Маюцца досыць сціплыя звесткі пра царкву ў Ізбійкім (Ізбіцскім, Узбійскім) Бары. На 1860 год святаром быў Людвіг Іаанавіч Гарбацэвіч. Ён, адзначаецца, з сям’і святара, як і яго жонка Фёкла Пракопаўна. Дз’ячком тут быў з 1865 года саракашасцігадовы Фама Кандрацьевіч Сушчынскі. Пазаштатнымі святарамі ў царкве былі відаць родныя браты асноўнага святара – Фелікс Іаанавіч і Макарый Іаанавіч Гарбацэвічы. Пра тое калі і кім была пабудавана царква звестак няма.

У Свята-Ціханаўскім храме г.Ганцавічы захоўваюцца выпіскі з архіўных дакументаў, якія сведчаць, што пабудавана цэркаўка была ў 1861 годзе «с разрешения Минской Духовной консистории по указу 20 июля 1859 года за № 4807 тщанием священника Людвига Горбацевича и старосты церковного Герасима Глеба» (НИАБ, Ф. 136, оп.1, д. 40866, л. 65). Памятная кніжка 1871 года сяла Дзяніскавічы сведчыць, што «приписная Успенская церковь в Избийском боре, деревянная, новая» належыць царкве ў імя Святых Пятра і Паўла. У архівах захавалася і ведамасць «О приписной церкви, состоящей в Избийском бору во Имя Успения пресвятыя Богородицы за 1865 г.»

Аднак ёсць выпіскі і з больш ранніх дакументаў (якія дакладна — не пазначаны). Адзін з іх за 1860 год сведчыць, што царква пабудавана «невядома калі і кім». Называецца той жа яе служыцель — Людвіг Іааннавіч Гарбацэвіч. Ён, адзначаецца, з сям’і свяшчэнніка, як і яго жонка Фёкла Пракопаўна. Указваецца, што «С 1865 г. дьячек при сей церкви» — 46-гадовы Фама Кандратавіч Сушчынскі, у якога ёсць жонка Параскева Іванаўна 36-і гадоў і дочкі: Марыя, Вольга, Алена, якім адпаведна па 12, 9, 3 гадоў, і паўгадовая Юлія. Ёсць таксама звесткі пра сем’і пазаштатных служыцеляў — 49-гадовага Фелікса Іааннавіча Гарбацэвіча (меў 39-гадовую жонку Марыю Сцяфанаўну і чатырох дачок — Сцефаніду, Алену, Ганну і Лізавету, 10, 8 з паловай і 2 гадоў) і 48-гадовага Макарыя Іааннавіча Гарбацэвіча (жонка — 45-гадовая Францішка Ігнатава, два сыны — Іван, Мітрафан, 18, 11 гадоў, дачка Феафіла).

У той час яшчэ былі ў нашай мясцовасці і уніяцкія цэрквы, але гэтая была праваслаўнай: не ўсе перайшлі ва ўніяцтва. Пасля прызнання дзяржаўнай уладай правамоцнасці Берасцейскай уніі і скасавання праваслаўнай царквы яна, тым не менш, працягвала існаваць нелегальна.

Успенская царква ў Ізбійкім Бары была зруйнавана ў 1940-я гады. Старажылы вёскі расказваюць, што знішчылі яе ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Адны кажуць, што яе спалілі немцы, а большасць – што партызаны. Адпаведна фрагментальна захаваўшагася фундаменту можна зрабіць выснову, што яна была прамавугольная ў плане, памерам прыкладна 8х10 метраў. І ў цяперашні час на Успенне 28 жніўня ад вёскі Будча да яе праходзіць пешы крэсны ход, ідзе служба. Сюды прыязджаюць па некалькі бацюшкаў з розных прыходаў і служаць службу.

Цікава таксама паходжанне тапоніма Ізбійкі (Ізбіцкі, Узбійскі) Бор. Адпаведна Беларускай энцыклапедыі ізбіца – а) верхні ярус вежаў абарончых збудаванняў ў драўляным дойлідстве Беларусі, Польшчы, Украіны XVI-XVII ст., б) зрубная апора мастоў, в) зруб у складзе канструкцый, што закладаліся для большай трываласці ўнутр земляных абарончых валоў сярэдневечнага горада. Даведацца б ад якога з прапанаваных варыянтаў пайшла гэтая назва?!

Акрамя прывядзення тэкстаў, якія з’яўляюцца блізкімі да традыцыйных сюжэтаў пра гістарычныя мясціны, асобы і падзеі, у Будчы ў жывым бытаванні шырока прадстаўлены аповеды аб прошлым, якія ўяўляюць сабой асабістыя ўспаміны ці індывідуальныя меркаванні апавядальнікаў. Гэты пласт народнай прозы важны тым, што ён не толькі з’яўляецца матэрыялам для навуковых росшукаў, але і дазваляе ўбачыць выразны вобраз мінулага, зафіксаваны памяццю маіх землякоў. А дзеля захавання гэтай святыні патрэбна прымаць нейкія меры ўжо сёння, каб і нашы нашчадкі змаглі знайсці дапамогу тут.

У 2010 годзе сіламі будчаснкіх школьнікаў былі выраблены лавачкі, каб людзі маглі ціха і спакойна пагутарыць з Богам пра свае праблемы, адпачыць і проста пабыць у найпрыгажэйшым месцы.
Катэгорыя: Вольга Фёдарава | Дабавіў: admin (06.04.2013) | Аўтар: Вольга ФЁДАРАВА
Праглядаў: 4085 | Тэгі: Вольга Фёдарава, Дзяніскавічы, Будча, Ізбіцкі Бор | Рэйтынг: 5.0/2
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 2
Гасцей: 2
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.