Субота, 27.07.2024, 02:36

БЕЛАГРУДСКІ КАСЦЁЛ СВЯТОГА АРХАНГЕЛА МІХАІЛА

Галоўная »
БЕЛАГРУДСКІ КАСЦЁЛ СВЯТОГА АРХАНГЕЛА МІХАІЛА размяшчаецца ў паўночна-заходняй частцы вёскі Белагруда Лідскага раёна Гродзенскай вобласці на высокім беразе р. Дзітва, у акружжы бутавай агароджы. Пабудаваны ў 1900—07 гг. з цэглы на месцы папярэдняга драўлянага храма.


Помнік архітэктуры неараманскага стылю. Манументальны храм збудаваны паводле канона трохнефавай двухвежавай базілікі. Шматаб'ёмная прасторавая кампазіцыя дынамічна нарастае ад нізкіх сакрысцій, гранёнай апсіды, крылаў трансепта да яе вертыкальных дамінант — двух вежаў пад спічастымі шпілямі. 3 імі канстрастуе партатыўная чатырохгранная шатровая сігнатурка ў канцы двухсхільнага даху. Уваход на фасадзе вылучаны перспектыўным арачным парталам, над якім чатырохпралётная аркада і акно-ружа, аб'яднаныя арачнай трох'абломнай нішай. Такімі ж, але меншымі парталамі вырашаны бакавыя ўваходы ў ніжнім ярусе вежаў. Усе аб'ёмы, ярусы вежаў, фасадны шчыт акаймаваны аркатурнымі фрызамі. Бакавыя фасады на першым ярусе расчлянёны арачнымі вокнамі-біфорыумамі, на другім — вокнамі-трыфорыумамі і лапаткамі-пілонамі ў прасценках. Крылы трансепта на тарцовых фасадах адзначаны вокнамі-ружамі ў плоскасці двухгранных шчытоў, завершаных масіўнымі крыжамі. Цаглянай муроўкай выкананы элементы архітэктурнага дэкору: лапаткі, ліштвы адзіночных і здвоеных арачных аконных праёмаў, рэльефныя крыжы, профілі і раскрапоўкі.

Унутраная прастора размежавана на нефы магутнымі аркадамі на чатырохгранных пілонах, перакрыта крыжовымі скляпеннямі на падпружных арках і люнетах, упрыгожанымі фрэскавай арнаментальна-арабескавай размалёўкай. Паўкруглая апсіда перакрыта конхай на распалубках, адмежавана арачным прасветам, над якім роспіс з выявай укленчаных архангелаў перад Святым Крыжом. У завяршэнні нефа — манументальны шматкалонны двух'ярусны алтар у неараманскім стылі. У яго цэнтры абраз «Маці Божая Міласэрная» (другая палавіна 17 ст.) — копія выявы Багародзіцы канца 15 ст. з Вастрабрамскай капліцы ў касцёле святой Тэрэзы ў Вільні. Аналагічныя, але меншага маштабу аднаярусныя чатырохкалонныя алтары пастаўлены ў крылах трансепта. Дробная балюстрада алтара завершана 4 фігурамі архангелаў. На левым пілоне прэсбітэрыя навешана драўляная гранёная кафедра амбона, на франтальных гранях пілонаў і насценных пілястрах — тэракотавыя паностацыі на тэму Крыжовага шляху Хрыста на Галгофу. Над нартэксам абмежаваная балюстрадай антрэсоль хораў з арганам.

Папярэдні драўляны храм зафіксаваны на фотаздымку Я.Балзункевіча пачатку 20 ст. Уяўляў сабой прамавугольную зрубную пабудову пад двухсхільным гонтавым дахам з вальмай над алтарнай часткай, завершанай васьміграннай шатровай сігнатуркай. Вертыкальна ашаляваныя фасады рытмічна чляніліся лучковымі аконнымі праёмамі. 3 боку храма сярод бутавай агароджы стаяла драўляная званіца — трох'яруснае чатырохграннае збудаванне з шырокім лучковым праездам і двумя бакавымі праходамі і гонтавым шатром у завяршэнні.

Крыніца: Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін;
фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл.

Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [38]
Спорт [1411]
Здарэнні [480]
Грамадства [482]
Эканоміка [37]
Транспарт [148]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Ліпень 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 26
Гасцей: 26
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.