Субота, 27.07.2024, 03:49

КРАМЯНІЦКІ КАСЦЁЛ СВЯТОГА МУЧАНІКА ЮРЫЯ

Галоўная »
КРАМЯНІЦКІ КАСЦЁЛ СВЯТОГА МУЧАНІКА ЮРЫЯ размяшчаецца ў паўднёва-заходняй частцы вёскі Крамяніца Зэльвенскага раёна Гродзенскай вобласці. Пабудаваны ў 1617—20 гг. з цэглы віцебскім кашталянам М.Вольскім. Асвячоны ў 1657 г. біскупам Даўгялам. Акаймаваны бутавай агароджай, за якой стаіць званіца з барочным дахам другой палавіны 18 ст.


20.06.1617 г. Вольскі з жонкай Барбарай з Войнаў заснавалі кляштар канонікаў латэранскіх, да якога запрасілі манахаў з Кракава. На ўтрыманне кляштара ахвяраваны фальварак Вольгаўшчына з в. Марціновічы (50 валок зямлі), 15 моргаў сенажаці над р. Зэльва пры в. Падбалоцце і поле вакол кляштара плошчаю 1,5 валокі. Сын Вольскага пакаёвы дваранін каралеўскі Казімір прадоўжыў будаўніцтва кляштара і падараваў яму в. Кватэры. Пры кляштары існаваў шпіталь, Ружанцовае брацтва, бібліятэка (у 1783 г. налічвала 1055 кніг). Кляштар скасаваны ў 1832 г., касцёл стаў парафіяльным, а пасля паўстання 1863—64 гг. быў зачынены. Перад касцёлам стаяў мураваны кляштарны корпус канонікаў латэранскіх у выглядзе рэнесанснага палаца (двухпавярховы будынак пад высокім чатырохсхільным дахам, з вуглавымі шасціграннымі алькежамі). Разбураны ў 1940-я гг.

Помнік архітэктуры рэнесансу. Аднанефавы бязвежавы храм. Прамавугольны ў плане аб'ём з паўкруглай апсіда накрыты агульным двухсхільным дахам. Галоўны фасад завершаны ступеньчатым франтонам, тымпан якога члянёны плоскімі пілястрамі і аздоблены аркатурнымі нішамі. У канцы 18 ст. прыбудаваны нізкі прытвор у стылі класіцызму. Сцены ўмацаваны магутнымі пілонамі-контрфорсамі, паміж якімі на бакавых фасадах высока ўзнятыя арачныя аконныя праёмы.

Зала перакрыта гатычным нервюрным скляпеннем, глыбокія адхілы вокнаў упрыгожвае арнаментальная размалёўка. Двух'ярусныя цэнтральны і два бакавыя алтары вырашаны ў стылі барока: дзве калоны карынфскага ордэра нясуць крапаваны антаблемент і шчыт з бакавымі валютамі. Захаваўся амбон першай палавіны 17 ст. На хорах устаноўлены арган. Мармуровае скульптурнае надмагілле фундатараў касцёла Мікалая і Барбары Вольскіх выканана пасля 1623 г. ў стылі рэнесансу: у арачнай нішы размешчаны гарэльефныя выявы ўкленчаных Міколы ў рыцарскіх даспехах і Барбары ў манаскім адзенні; прамавугольны партал аформлены калонамі, валютамі, бакавымі нішамі, картушом з гербам. Мастацкі рарытэт сярэдзіны 18 ст. — абраз-фератрон «Кацярына і Юзаф з дзіцем» і «Маці Божая з данатарамі», абраз «Марыя Магдалена» (пачатак 19 ст.).

Побач з бутавай агароджай касцёла каля могілак у 18 ст. пастаўлена мураваная званіца.

Помнік архітэктуры барока. Вырашана двух’ярусным чатырохгранным аб'ёмам пад пластычным шатровым дахам з заломам. Грані крапаваны бакавымі пілястрамі, прарэзаны па цэнтры лучковымі аконнымі і прамавугольным уваходным праёмамі.

Крыніца: Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін;
фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл.

Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [38]
Спорт [1411]
Здарэнні [480]
Грамадства [482]
Эканоміка [37]
Транспарт [148]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Ліпень 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 58
Гасцей: 58
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.