Чацвер, 28.03.2024, 16:18

«МОГИЛЁВСКИЕ ГУБЕРНСКИЕ ВЕДОМОСТИ»

Галоўная »
«МОГИЛЁВСКИЕ ГУБЕРНСКИЕ ВЕДОМОСТИ» — афіцыйная газета. Выдавалася на рускай мове ў 1838 — 1917 гг. Магілёўскім губернскім праўленнем. Мела 2 часткі: афіцыйную і неафіцыйную (з 14.07.1839 г.). Да 1849 г. выходзіла нерэгулярна; да 1858 г., у 1864-69 гг. і з 1916 г. штотыднёва, у 1859-63 гг., 1870 — 1903 гг. і з 1906 г. два, а ў 1904-05 гг. тры разы на тыдзень. У афіцыйнай частцы змяшчаліся ўрадавыя ўказы і паведамленні, аб’явы і распараджэнні мясцовай адміністрацыі. У неафіцыйнай — літаратурныя творы, гісторыка- і літаратуразнаўчыя артыкулы, краязнаўчыя, этнаграфічныя і фальклорныя матэрыялы.

Першая этнаграфічная публікацыя — «Статыстычны агляд Магілёўскай губерні» (адначасова і этнаграфічны агляд, 1839, № 7-19). У 1840-50-я гг. даследаваліся мова, фальклор і традыцыйная абраднасць карэннага насельніцтва: «Магілёўскія павер’і. Волаты. Чараўнікі» (1850, № 18-19), «Машэка (Народнае паданне)» (1851, № 8); «Святочныя забаўкі ў Магілёўскай губерні» (1852, № 6) Ф.Падабеда; «Вяселле беларускіх сялян» М.Галынскага (1841, № 47); «Беларускія прыказкі» К.Мальчэўскага (1850, № 40-42,45); «Шчадрэц» Н.Гашкевіча (1852, № 11); «Збіранне беларускіх слоў» С.Сакалова (1854, № 44-50); «Свята дзядоў на Беларусі» (крыптанім Пвлвч М. — Паўловіч М., 1841, № 45); невядомых аўтараў: «Пястун (Народнае павер'е)» (крыптанім П.Д., 1848, № 34), «Дзяды» (крыптанім П.З., 1849, № 17), «Магілёўскія прыкметы» (1849, № 4-5), «Загадкі (ужывальныя ў Магілёўскім павеце)» (1849, № 9), «Беларускія прыказкі» (1850, № 45), «Беларускія імёны мужчынскія і жаночыя» (1850, № 46), «Каляда» (1852, № 3), «Святочная варажба ў Магілёўскай губерні» (1852, № 8). Характэрная рыса публікацый гэтага перыяду — шырокае выкарыстанне этноніма «беларусы» і назвы «Беларусь».

У 1860-70-я гг. этнаграфічнае вывучэнне Беларусі актывізавалася, павялічылася колькасць аналітычных артыкулаў. Абагульняльны характар / мелі артыкулы «Пра беларускую народнасць» Ф.Падабеда (1862, № 22), «Юрыдычныя звычаі пры шлюбах і раздзеле» С.Катырло (1868, № 3), «Погляд на ўласнасць» С.С. Бекарэвіча (1867, № 29), «Звычаі і павер’і ў некаторых мясцовасцях Рагачоўскага павета» Я.М. Кучынскага (1868, № 22), «Магілёўская шляхта» Дубенскага (1866, № 21-23, 32, 33), невядомых аўтараў: «Набожнасць, адукаванасць, норавы і звычаі Магілёўскай шляхты» (1866, № 32), «Рысы з нораваў магілёўскіх мяшчан» (1870, № 39). Аднак большая частка артыкулаў вызначалася цягай да апісальніцтва, прысвячалася абрадам і звычаям [«Сельскія нарысы. Сяло Нежкава» (1864, № 31, 33, 45) і «Сельскія нарысы. Вясельны абрад у сялян у прыходзе с.Нежкава Магілёўскага павета» (1865, № 13) Бекарэвіча, «Пра каўтун у Магілёўскай губерні» Дубіцкага (1861, № 94); «Сялянскае жыццё ў Мсціслаўскім павеце» I.Сердзюкова (1867, № 50-52; 1868, № 14, 17, 23-30, 33-35, 40, 41, 45,), «Карцінка з беларускага жыцця» В.Біпена (1869, № 2), «Сустрэча Новага года ў Гомельскім павеце» П.Маркоўскага (1870, № 6), невядомых аўтараў: «Начлег у Смолкі» (крыптанім Савскі К., 1870, № 38), «Святочная батлейка ў Магілёве» (крыптанім К. і Д., 1866, № 4), «Пра Пінскі павет» (1866, № 21 — 24), «Каляды ў Гомельскім павеце» (1870, № 6)]. Змяшчаліся перадрукі з інш. газет — «Водгук «Северной почты» адносна Магілёўскай губерні на рускай этнаграфічнай выстаўцы ў Маскве» (1867, № 26). Мясцовымі сіламі была распрацавана «Праграма для збірання народных юрыдычных звычаяў» (1867, № 20, 21, 23, 24, 27).

У 2-й палове 1870-80-х г. этнаграфічныя матэрыялы змяшчаліся рэдка. Надрукаваны «Праграма па збіранню этнаграфічных звестак для антрапалагічнай выстаўкі» (1879, № 1), артыкулы невядомых аўтараў: «Фізічнае выхаванне дзяцей да 4-гадовага ўзросту ў сялян Магілёўскага павета» Венцава (1879, № 11), «Некалькі нататак пра трэці том выдання кнігапрадаўца Вольфа пад назвай «Маляўнічая Расія» (1883, № 52, 68, 75, 76), «Сватаўство, заручыны і вяселле паводле звычаяў у Літве» (1884, № 87-90). Інтэнсіўнасць друкавання этнаграфічных матэрыялаў значна ўзрасла ў пачатку 1890-х гг., пашырылася тэматыка. Побыту прафесійных груп прысвечаны артыкул «Плытагоны-беларусы» (1888, № 92), народнаму тэатру — «Батлейка на Беларусі» (1895, № 6), іншаэтнічнаму насельніцтву — «Латышскае свята ў зелені ў Аршанскім і Віцебскім паветах» (1896, № 56), грамадскаму побыту — «Кірмаш у Магілёве» (1897, № 65, 73, 97). Па-ранейшаму шмат увагі аддавалася фальклору і народным звычаям (невядомыя аўтары: «Забабоны беларусаў», 1889, № 18; «11 беларускіх замоў», 1889, № 18; «Дзве замовы з Чэрыкаўскага павета», 1889, № 2; «Тры беларускія песні», 1890, № 12; «Новы зборнік духоўных вершаў», 1891, № 58; «Васільеў дзень на Беларусі», 1893, № 6).

З прыходам у рэдакцыю вядомага беларускага этнографа Е.Р. Раманава (рэдактар неафіцыйнай часткі ў 1897 — 1903) газета становіцца сродкам прапаганды гуманітарнага вывучэння Беларусі. Раманаў надрукаваў некалькі праграмных артыкулаў: «Што зроблена па вывучэнню Магілёўскай губерні і што неабходна яшчэ зрабіць» (1898, № 15, 16, 21, 22, 35), «Праграма для збірання пісанак» (1898, № 21), «Праграма для збірання звестак пра лялечны народны тэатр» (1898, № 22), «Збіранне звестак пра жабрацтва» (1898, №45), «Збіранне звестак пра саматужныя промыслы ў Магілёўскай губерні» (1898, № 49), што спрыяла прыцягненню для супрацоўніцтва ў газеце мясцовай інтэлігенцыі і сялян (невядомыя аўтары: «Каляды ў Сенненскім павеце», крыптанім К.А., 1898, № 103-104; «Курная хата», 1901, № 84; «Ворыва першабытнай сахой у XX ст.», 1904, № 25). Агляд іх дзейнасці рабіў Раманаў («Пра збіранне этнаграфічных матэрыялаў», 1900, № 10; «Фальклорна-этнаграфічныя матэрыялы, дасланыя ў рэдакцыю «Могилёвских губернских ведомостей» яе чытачамі» (1901, № 50). У 1901 г. апублікавана праца А.Меера «Апісанне Крычаўскага графства 1786 года». У газеце змешчаны артыкулы Раманава «З запісной кніжкі этнографа» (1897, № 97, 98, 101), «Вялікдзень у Магілёве ў 1697 г.» (1898, № 27), «Беларускія тэксты батлеечнага дзейства» (1898, № 45, 46, 49-52), «Жабрацтва ў Магілёўскай губерні» (1899, № 39), «Катрушніцкі лемязень. Умоўная гаворка Дрыбінскіх шапавалаў» (1899, № 83-102), «Матэрыялы да вывучэння гаворак Магілёўскай губерні. С.Высокае Аршанскага павета» (1902, № 70-72, 74, 76, 79-81, 83, 85, 86), «Культурныя перажыванні» (1900, № 17), «104-гадовы стары» (1901, № 64), а таксама «Беларускі зборнік XVII ст.» (1898, №91, 94, 100), «Зборнік беларускіх замоў пачатку XIX ст.» (1900, № 19, 20, 22, 29, 30); «Бібліяграфічны паказальнік прац Е.Р. Раманава ў сувязі з 25 угодкамі (1876 — 1901) яго навукова-літаратурнай дзейнасці» (1901, № 88-90, 92).

Аўтар: П.У. Церашковіч
Крыніца: Этнаграфія Беларусі: энцыклапедыя / Беларуская Савецкая Энцыклапедыя; рэдкалегія: І.П. Шамякін (галоўны рэдактар) [і інш.]. - Мінск: БелСЭ, 1989. - 375 с.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1380]
Здарэнні [462]
Грамадства [465]
Эканоміка [36]
Транспарт [141]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Сакавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 7
Гасцей: 7
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.