Субота, 27.07.2024, 03:19

ЗАСВІРСКІ КАСЦЁЛ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ТРОЙЦЫ І КЛЯШТАР КАРМЕЛІТАЎ

Галоўная »
ЗАСВІРСКІ КАСЦЁЛ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ТРОЙЦЫ І КЛЯШТАР КАРМЕЛІТАЎ размяшчаецца на паўднёва-заходняй ускраіне вёскі Засвір Мядзельскага раёна Мінскай вобласці.


Комплекс кляштара кармелітаў уключае касцёл, жылы корпус (захаваўся часткова), званіцу і браму. Драўляны кляштар фундаваны ў 1697 г. ашмянскім маршалкам Крыштафам Зяновічам і яго жонкай Ядзвігай (з Швыкоўскіх). Троіцкі касцёл пабудаваны ў 1713—14 гг. з цэглы (на месцы драўлянага, адзначанага ў 1705 г.) па фундацыі Крыштофа і Ядзвігі Зяновічаў, якія ў 1701 і 1703 гг. ахвяравалі кляштару маёнтак Засвір і фальварак Памошша. 3 будаўніцтвам мураванага жылога корпуса кляштар асвячоны ў 1766 г. Пасля 1832 г. кляштар скасаваны, касцёл пераўтвораны ў парафіяльны. Касцёл з 1866 г. дзейнічаў як аднайменная праваслаўная царква. У 1919 г. вернуты парафіянам. У 1946 г. касцёл зноў закрыты, жылы корпус прыстасаваны пад школу. У 1990 г. вернуты вернікам, адрэстаўрыраваны.

Kaсцёл — помнік архітэктуры барока. Зальны двухвежавы храм накрыты высокім двухсхільным дахам, які над магутнай паўкруглай апсідай пераходзіць у канічны. Галоўны фасад фланкіраваны масіўнымі двух’яруснымі вежамі, паміж якімі высокі атык і трохвугольны франтон. Уваход, вылучаны паўкруглым барбаканам з вузкімі байніцамі, надае храму характар абарончага збудавання. Гэта ўражанне ўзмацняе магутнае канструкцыйнае вырашэнне і стрыманая архітэктурная пластыка фасадаў, абмежаваная адзіночнымі арачнымі нішамі, гарызантальным прафіляваным поясам. Аб'ёмная пластыка буйных архітэктурных формаў, фігурныя ківорыі ў завяршэнні вежаў, лучковы малюнак вокнаў сведчаць аб барочнай стылёвай трактоўцы храма.

Малітоўная зала перакрыта драўляным корабавым скляпеннем, апсіда — конхай, прасценкі лучковых аконных праёмаў крапаваны двухслойнымі іанічнымі пілястрамі, распісанымі пад мармур. Над арачным уваходам навісаюць хоры, на якія вядуць вітыя лесвіцы вежаў. У арачнай нішы апсіды пастаўлены двух’ярусны драўляны алтар, вырашаны ў стылі неакласіцызму; на левай сцяне навешаны драўляны амбон спрошчанай трактоўкі; уздоўж бакавых сцен навешаны карціны-стацыі. У цэнтральным алтары абраз «Найсвяцейшая Тройца», у левым — «Святы Іасафат», у правым «Найсвяцейшая Дзева Марыя».

Жылы корпус далучаны да касцёла з паўночнага боку. П-падобны ў плане аднапавярховы будынак (захаваўся часткова), які ўтвараў каля касцёла замкнёны ўнутраны двор. Франтальны фасад галоўнага крыла па цэнтры вылучаў чатырохкалонны порцік. Скляпеністыя келлі традыцыйна аб'яднаны працяглымі галерэямі. Асобна ад касцёла стаіць невялікая мураваная брама.


Капліца вырашана ўзнятым на бутавы п'едэстал чатырохгранным шатровым аб'ёмам, грані якога прарэзаны арачнымі прасветамі. Пастаўлена ў другой палавіне 19 ст. з цэглы і бутавага каменю.


Помнік архітэктуры класіцызму. Вырашана двух’яруснай чатырохграннай прысадзістай вежай пад шатровым дашкам. Першы ярус выкладзены з бутавага каменю з арачным уваходным праёмам, другі атынкаваны і адкрыты арачнымі прасветамі. На цвінтар вядзе мураваная арачная брама з трохвугольным франтонам.

Крыніца: Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін;
фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл.

Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [38]
Спорт [1411]
Здарэнні [480]
Грамадства [482]
Эканоміка [37]
Транспарт [148]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Ліпень 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 42
Гасцей: 42
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.