Чацвер, 25.04.2024, 12:06

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Ірына Рудкоўская

Метадыст з Брэста. Да юбілею Веры Ляшук
«Закончыўшы "на выдатна" Малазводскую сямігадовую школу, што ў Брэсцкім раёне, падалася "ў людзі". Мама выправіла мяне вучыцца ў Брэсцкае медвучылішча, а я насуперак яе волі падала дакументы ў Брэсцкае педвучылішча», – прызнаецца ў аўтабіяграфіі Вера Якаўлеўна Зарэцкая (Ляшук), кандыдат педагагічных навук, прафесар, заслужаны работнік вышэйшай школы, родам з вёскі Марозавічы Брэсцкага раёна. Яна паспяхова закончыла гэтую навучальную ўстанову. Як выдатніца, атрымала права адразу паступаць у ВНУ. З гонарам называе сваёй альма-матар факультэт мовы і літаратуры Брэсцкага педінстытута, які скончыла таксама "на выдатна" – дыплом з адзнакай і спецыяльнасць "выкладчык беларускай і рускай моў і літаратур". Гэтыя прадметы і выкладала ў Дамачоўскай і Камароўскай СШ Брэсцкага раёна. У час настаўніцкай працы акрэсліліся навуковыя прыярытэты: літаратура роднага краю, школьнае краязнаўства, методыка выкладання мастацкага слова.

Вера Зарэцкая

Больш за 40 гадоў В.Ляшук працавала ў Брэсцкім педінстытуце (універсітэце): прайшла шлях ад выкладчыка да прафесара, пятнаццаць гадоў загадвала кафедрай, спачатку беларускага літаратуразнаўства, а потым методыкі выкладання літаратуры і краязнаўства, дарэчы, адзінай у Беларусі. Тым не менш яна заўсёды падкрэслівае, што з’яўляецца настаўнікам. Неяк на курсах слухачы сталі ёй скардзіцца: заробак нізкі, аўтарытэт сярод бацькоў і грамадскасці ніякі, вучні абыякавыя да вучобы. Лектар цярпліва слухала гэтыя скаргі, а па заканчэнні прамовіла: "А я, нават ведаючы пра ўсё тое, што вы мне сказалі, каб давялося мне выбіраць сабе прафесію, зноў пайшла б у настаўнікі. Гэта – маё".

Для тысяч настаўнікаў беларускай і рускай літаратур Берасцейшчыны і нават Беларусі яна – Вера Якаўлеўна Ляшук – настаўніца. Многія з іх прызнаюцца, што менавіта яна забяспечыла іх высокі прафесіяналізм. Гэты навукоўца з’яўляецца для большасці з іх прыкладам, як трэба ставіцца да працы.

Часта В.Ляшук паўтарала вучням, будучым настаўнікам: "Любіце дзяцей, школу, шануйце мову, да кожнага свайго ўрока рыхтуйцеся, як да першага, ніколі не хлусіце дзецям, не бойцеся таго, што нечага не ведаеце, майце пачуццё ўласнай годнасці. Усе жыццёвыя нягоды пакідайце за парогам школы. Тады з вас атрымаецца настаўнік". Яна заўсёды адчувала ўнутраную сувязь з тымі, каму адрасавала свае працы. Н.Левічава, метадыст Брэсцкага абласнога інстытута павышэння кваліфікацыі, адзначае: «Вера Якаўлеўна не шкадуе часу на "жывыя" кантакты з настаўнікамі. Яна чытае лекцыі ў ІПК, удзельнічае ў семінарах, праводзіць са школьнымі педагогамі экскурсіі па літаратурных мясцінах Беларусі, дапамагае ім асэнсаваць свой вопыт працы, распрацоўвае экспазіцыі краязнаўчых музеяў». Невыпадкова В.Ляшук была ўзнагароджана знакам "Выдатнік народнай асветы БССР”.

Вера Ляшук – аўтар больш як паўтысячы публікацый. Сярод іх артыкулы, манаграфіі, школьныя падручнікі, навучальныя дапаможнікі для студэнтаў філфакаў ВНУ, для настаўнікаў і вучняў. Набыткі велізарныя. Жыццё яе склалася так, што яна выкладала беларускую і рускую літаратуры, а ў інстытуце – методыку выкладання той і другой. Навуковец добра ведала забеспячэнне літаратурай школьных прадметаў і курсаў ВНУ. У яе аўтабіяграфіі чытаем: "Выкладчыцкія абавязкі, чытанне курсаў методыкі выкладання беларускай і рускай літаратур, цесныя кантакты з настаўнікамі, уласны вопыт працы ў школе пераконвалі мяне ў тым, што беларуская літаратура як прадмет часам не адыгрывае той функцыі, якая ёй наканавана, бо настаўніцкая праца не забяспечана метадычна. Тыя рэдкія выданні, якія часам з’яўляліся ў друку, цаніліся настаўнікамі-беларусаведамі на вагу золата. У мяне было жаданне хоць у нейкай ступені ліквідаваць гэтую несправядлівасць". Ёй удалося гэта зрабіць. Больш за тое, удалося нават стварыць уласную школу па методыцы выкладання мастацкага слова. Адзначу таксама, што В.Ляшук адзіная з беларускіх метадыстаў, хто друкаваўся ў часопісе "Литература в школе", які выдаваўся шэсць разоў на год у Маскве. Зразумела, што ў рэдакцыі часопіса не было недахопу ў матэрыялах, тым не менш гэтае аўтарытэтнае выданне аддавала свае старонкі метадысту з Брэста.

У метадычных працах Вера Якаўлеўна нярэдка пераносіла на беларускую глебу тое цікавае, наватарскае, што было здабыткам найперш рускай методыкі выкладання літаратуры і што пазбаўляла ўрокі аднастайнасці, дазваляла ўлічваць спецыфіку прадмета як віду мастацтва, раскрываць выхаваўчы патэнцыял твора. Прафесар з Брэста заўсёды імкнулася дапамагчы настаўнікам рэалізаваць тое новае, што з’яўлялася ў праграме. Яна пераконвала, што зварот да іншых відаў мастацтва, да гісторыі, мовы на ўроках літаратуры не заўсёды выступае як міжпрадметныя сувязі. Трэба, каб гэты матэрыял абавязкова вывучаўся на іншых школьных прадметах (адсюль і міжпрадметныя сувязі), а не быў дадатковым па тэме і забіраў час, адведзены на літаратуру.

Выключнае месца ў навуковых набытках В.Ляшук належыць школьнаму краязнаўству. Яна імкнулася далучыць чытача да літаратурных здабыткаў Берасцейшчыны, пра што сведчаць яе шматлікія публікацыі ў перыядычным друку, манаграфія "Літаратурная Берасцейшчына" (1999, 2006), а таксама паказаць, як уключыць рэгіянальны матэрыял у тэму ўрока па літаратуры, каб павысіць яго эфектыўнасць ("Краязнаўчыя матэрыялы на ўроках літаратуры", 1980). Клопат прафесара заключаўся і ў тым, каб падрыхтаваць настаўніка да літаратурна-краязнаўчай працы (навучальны дапаможнік "Школьнае літаратурнае краязнаўства", 1991).

У працах В.Ляшук уздымае пытанні выкладання мастацкага слова ў школе, асвятляе актуальныя праблемы: "Сучасны ўрок. Які ён?", "Навуковыя падыходы да тэматычнага планавання", "Каб аналіз быў адкрыццём" і інш. Чуйнасць метадыста да вострых пытанняў выкладання літаратуры ў школе была стымулам у напісанні такіх кніг, як "Урокі пазакласнага чытання", "Міжпрадметныя сувязі пры вывучэнні беларускай мовы і літаратуры" (у суаўтарстве), "Вывучэнне эпічных твораў у школе", "Іван Мележ у школе", "Вывучэнне творчасці Адама Міцкевіча ў школе" і інш. Як адзначае сама аўтар, "пісаліся яны ў сваёй большасці так: спачатку распрацоўваўся цыкл лекцый для настаўнікаў, некалькі разоў чытаўся ў Брэсцкім ІУН, а пазней з улікам заўваг дапрацоўваўся як метадычны дапаможнік".

У 1980-я гг. метадычнае аб’яднанне літаратурных кафедраў педінстытутаў Беларусі даручае В.Ляшук распрацаваць праграму па методыцы выкладання беларускай літаратуры і праспект навучальнага дапаможніка па гэтым курсе для студэнтаў і настаўнікаў. Ён з’явіўся ў 1986 г. пад рэдакцыяй В.Ляшук і А.Рагулі. Вера Якаўлеўна – аўтар раздзелаў "Метады і прыёмы вывучэння літаратуры", "Уступныя заняткі", "Чытанне мастацкага твора", "Вывучэнне эпічных твораў у старшых класах", "Пазакласная праца па літаратуры". Выданне тэарэтычна ўзбройвала свайго адрасата. Настаўнікам было важна паказаць, як спалучыць тэорыю з практыкай. Гэтую праблему вучоны пачала вырашаць у кнізе «Вывучэнне ў школе трылогіі Якуба Коласа "На ростанях"» (1996). У ёй паказваецца, якія з вядомых методыцы шляхоў аналізу мэтазгодна выкарыстаць пры вывучэнні твора: праблемны, кампазіцыйны, павобразны, a не следам за аўтарам. Аўтар пераконвала настаўнікаў, што любы ўніверсалізм непрымальны ў выкладанні літаратуры, што шлях аналізу залежыць ад адметнасцей твора, колькасці часу, адведзенага на яго праграмай, і ад першапачатковага ўспрымання. Асаблівае значэнне яна надае чытанню мастацкага твора і яго непасрэднаму ўспрыманню. Праз усе яе працы чырвонай ніткай праходзіць думка, што чытанне твора вучнямі – аснова асноў яго вывучэння. Улічваючы тое, што сучасныя школьнікі страцілі ціка-васць да кнігі, Вера Якаўлеўна настойліва раіць: усё, што можна, чытайце на ўроку, не шкадуйце на гэта часу, арганізоўвайце дамашняе апераджальнае чытанне вялікіх твораў, бо за вас гэтага ніхто не зробіць, асцерагайцеся выказванняў тыпу "Ты не чытаў(ла)" бо першае чытанне павярхоўнае. Яна пераконвае ў неабходнасці арыентацыйных заняткаў і паказвае, як іх трэба праводзіць, бо толькі апора на веданне першапачатковага ўспрымання твора вучнямі можа зрабіць яго аналіз асобасназначным для кожнага з іх.

Часта В.Ляшук прызнавалася, што выданне "Методыкі выкладання літаратуры" было штуршком для напісання гісторыка-метадычнага нарыса. Трэба думаць, што раздзел у гэтым дапаможніку, прысвечаны гісторыі метадычнай думкі беларускай літаратуры, яе не задавальняў. Напісаць кнігу пра даваенны перыяд методыкі выкладання нацыянальнага мастацкага слова ў школе выкладчыку з Брэста было вельмі цяжка. Для гэтага неабходна праца ў галоўнай бібліятэцы рэспублікі, а значыць патрэбны камандзіроўкі не на дзень і не на два. Справа ўскладнялася тым, што тыя, хто закладваў падмуркі методыкі, былі рэпрэсаваны, многія працы іх беззваротна загінулі, імёны канулі ў Лету. I ўсё ж чытачам была вернута метадычная спадчына даваеннага перыяду, вернуты з небыцця яе стваральнікі. Мажліва, не ўсе. "Методыка выкладання беларускай літаратуры: гісторыка-метадычны нарыс (даваенны перыяд)" (1994) паказала чытачам, чаму гэтая навука не развівалася доўгія гады, раскрывала набыткі ў выкладанні беларускай літаратуры: такія тэхналогіі, як літаратурныя суды, метад праектаў, дальтан-планы – набытак 1920-х гг. – шырока выкарыстоўваліся настаўнікамі беларускай літаратуры, а навуковыя ўстановы таго часу эксперыментальна засведчылі эфектыўнасць апошняй. З выхадам гісторыка-метадычнага нарыса методыка выкладання беларускай літаратуры даваеннага перыяду перастала быць безыменнай. У навуковы ўжытак увайшлі імёны I.Самковіча, М.Каспяровіча, I.Замоціна, У.Дзяржынскага, I.Пратасевіча, Я.Матусевіча, М.Коршука, Д.Жарынава і інш. Першым тром у выданні прысвечаны асобныя раздзелы. Даводзіцца толькі пашкадаваць, што такая праца аказалася не толькі першай, але і адзінай, прысвечанай асэнсаванню метадычных набыткаў мінулага па выкладанні беларускай літаратуры, тых каранёў, на якіх толькі і можа плённа развівацца крона.

Цэласная сістэма вывучэння мастацкага слова была распрацавана абноўленым аўтарскім калектывам пад кіраўніцтвам В.Ляшук у новай "Методыцы выкладання беларускай літаратуры" (1999, 2002). У гэтай працы ёй належаць ключавыя раздзелы: Гісторыя методыкі выкладання літаратуры", "Метады і прыёмы вывучэння літаратуры, іх класіфікацыя", "Агульнадыдактычныя тыпы ўрокаў і патрабаванні да іх", "Улік ведаў і ўменняў вучняў", "Уступныя заняткі і методыка іх правядзення", "Чытанне мастацкага твора", "Вывучэнне эпічных твораў", "Урокі пазакласнага чытання", "Вывучэнне манаграфічнай тэмы", "Праверка, выпраўленне, аналіз сачыненняў", "Разнастайнасць урокаў у залежнасці ад методыкі іх правядзення", "Пазакласная праца па літаратуры".

У першай палове 1990-х гг. творчы калектыў пад кіраўніцтвам В.Ляшук па даручэнні Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь пачаў распрацоўку навучальна-метадычнага комплексу беларускай літаратуры для сярэдняй школы: праграма, падручнікі, метадычныя дапаможнікі для настаўнікаў, кнігі для ўрокаў пазакласнага чытання, тэсты, кнігі для самастойнай працы вучняў. Калектыў з заданнем справіўся: істотна абнавіўся змест літаратурнай адукацыі, увага акцэнтавалася на агульначалавечым змесце, былі ўдакладнены некаторыя звесткі з біяграфіі пісьменнікаў. Падручнікі для V–VI класаў вызначаюцца багатым і арыгінальным метадычным апаратам. У гэты ж час выспявае задума стварыць серыю метадычных дапаможнікаў "Пісьменнік у школе". Яе падрыхтавалі ў Міністэрстве адукацыі, у Навукова-метадычным цэнтры. Публікацыю гэтай серыі распачало выдавецтва "Аверсэв". Верай Якаўлеўнай падрыхтаваны кнігі "Іван Мележ у школе" (2002), "Вывучэнне творчасці Адама Міцкевіча ў школе" (2003), "Вывучэнне творчасці Янкі Брыля ў школе" (2004), "Вывучэнне творчасці Якуба Коласа ў школе" (2006), "Вывучэнне творчасці Кандрата Крапівы ў школе" (у суаўтарстве, 2007), "Вывучэнне творчасці Максіма Багдановіча ў школе" (2008). Чакаюць свайго часу, каб трапіць да чытача, працы "Францішак Багушэвіч у школе", "Максім Танк у школе", "Аляксей Дудараў у школе" В.Ляшук – знаходзяцца ў выдавецтве "Литература и искусство".

У працах навукоўцы, адрасаваных настаўнікам, выявіўся талент не толькі метадыста, але і літаратуразнаўцы. К.Мароз так ацэньвае гэты аспект творчасці В.Ляшук: "Разважанні Веры Якаўлеўны вызначаюцца аб’ектыўнасцю, высокім узроўнем мастацкіх і этычных крытэрыяў, уменнем выявіць канкрэтна-гістарычнае і тыповае, раскрыць філасофскую напоўненасць думкі пісьменніка. Характэрным для стылю даследчыцы з’яўляецца зварот да прац літаратуразнаўцаў, іх асноўных ідэй, выяўленне моцных і слабых бакоў, што робіцца заўсёды далікатна і тактоўна, пры гэтым пераканальна сцвярджаецца і самой Верай Якаўлеўнай. Яе імкненне перагледзець ранейшыя ідэалагічныя стэрэатыпы прыводзіць да цікавых і змястоўных высноў".

Кіраўніцтва Брэсцкага ўніверсітэта праводзіла Веру Ляшук на адпачынак у 2007 г. Яна з мужам пераехала да дзяцей у Падмаскоўе. Па-ранейшаму шмат працуе: яе публікацыі можна сустрэць у выданнях "Беларуская мова і літаратура", "Маладосць", "Полымя", "Літаратура і мастацтва". Пры размове любіць засведчыць: "Я ў добрай творчай форме".
Катэгорыя: Ірына Рудкоўская | Дабавіў: admin (16.11.2013) | Аўтар: Ірына РУДКОЎСКАЯ – «Роднае слова»
Праглядаў: 4176 | Тэгі: Ірына Рудкоўская, Вера Зарэцкая, Вера Ляшук | Рэйтынг: 5.0/1
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 7
Гасцей: 7
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.