Пятніца, 19.04.2024, 08:23

КРАЯЗНАЎСТВА

Галоўная »
КРАЯЗНАЎСТВА — усебаковае вывучэнне асобнага рэгіёна ці населенага пункта мясцовым насельніцтвам, а таксама спецыялістамі навуковых устаноў. Даследуе прыроду, эканоміку, дэмаграфію, гісторыю, мову, культуру. Комплекснае краязнаўства разглядае ўсе звесткі ва ўзаемасувязі. Галіновае краязнаўства паглыблена вывучае асобныя яго кірункі: гістарычны, геаграфічны, этнаграфічны, літаратурны, тапанімічны, мемарыяльны, ахову помнікаў і інш. Адметнасць набывае краязнаўства рэгіёнаў, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Асноўны метад краязнаўства — збор інфармацыі: архіўных і літаратурных крыніц, прадметаў матэрыяльнай культуры, вынікаў назіранняў за прыроднымі з'явамі, анкетаванне і г.д. Ролю навукова-метадычных цэнтраў у рэгіёнах выконваюць краязнаўчыя цэнтры пры аддзелах адукацыі. У Беларусі дзейнасць усіх краязнаўчых арганізацый каардынуе Рада Беларускага краязнаўчага таварыства (БКТ).

Разнастайнымі краязнаўчымі звесткамі пра Беларусь напоўнены першыя пісьмовыя крыніцы, асабліва беларуска-літоўскія летапісы і хронікі. У сярэднявякоўі цікавасць да вывучэння краю набыла рысы навуковасці, развівалася пад уплывам ідэй Адраджэння. Каштоўнай краязнаўчай крыніцай з'яўляецца «Зборнік прыказак і прымавак» (Любча, 1618 г.), выдадзены С.Рысінскім, «Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсея Русі» (1582) М.Стрыйкоўскага, паэма Міколы Гусоўскага «Песня пра зубра». Звесткі апісальнага характару ёсць у дзённіках (дыярыушах), мемуарах падарожнікаў, што наведвалі Беларусь у XV — XVII ст. (З.Герберштэйн, А.Гваныні, І.Г.Корб, Б. Танер, П.А. Талсшой і інш.). Грунтоўны «Дзённік» пакінуў Мікалай Радзівіл Сіротка пасля падарожжа ў 1582-84 у Егіпет, Сірыю, Палесціну. Аналіз матэрыяльнай і духоўнай культуры народаў Зауралля і Сібіры зрабіў у 1660-я г. А.Каменскі.

Значна вырасла цікавасць да краязнаўства ў канцы XVIII ст. Вялікія бібліятэкі, архівы, карцінныя галерэі, нумізматычныя, мінералагічныя і іншыя калекцыі існавалі ў рэзідэнцыях магнатаў: у Нясвіжы — Радзівілаў, у Шчорсах — Храптовічаў, у Слоніме — Агінскіх і інш. Багатыя зборы былі пры некаторых манастырах і навучальных установах. Унікальныя зборы мелі Чапскія, Тызенгаўзы, Плятэры, Ельскія, Тышкевічы, Ходзькі і інш. Вялікая група даследчыкаў займалася гістарычным краязнаўствам. На багатым дакументальным матэрыяле падрыхтавана «Гісторыя літоўскага народа» (т. 1—9, 1835-41) Т.Нарбута, праца М.В.Без-Карніловіча «Гістарычныя звесткі пра выдатныя мясціны на Беларусі з дадаткам іншых звестак, якія да яе ж адносяцца» (1855). Зборы музея братоў К.П.Тышкевіча і Я.П.Тышкевіча ў Лагойску сталі асновай для стварэння Віленскага музея старажытнасцей, a іх публікацыі — фундаментам для далейшага развіцця розных кірункаў краязнаўства.

Асобныя рэгіёны Беларусі ў ХІХ ст. вывучалі З.Я.Даленга-Хадакоўскі, Э.Ф.Плятэр, A.M.Семянтоўскі, К.А.Гаворскі, Р.А.Падбярэскі, А.Ф.Рыпінскі, А.П.Сапуноў, П.М.Шпілеўскі, Оскар Кольберг, Адам Кіркор, М.Ф.Кусцінскі і інш. Своеасаблівымі краязнаўчымі даследаваннямі з'яўляюцца асобныя творы паэтаў і пісьменнікаў (Ю.Крашэўскага, У.Сыракомлі, Я.Ходзькі і інш.). Фальклор і этнаграфію вывучалі Я.Чачот, Ян Баршчэўскі, А.Міцкевіч. Вялікі ўклад у краязнаўства зрабілі мастакі Ю.Пешка, М.Кулеша, Н.Орда. Прыкметны след у развіцці розных галін краязнаўства іншых народаў пакінулі Ю.Копаць (Сібір, Камчатка), Ф.Цяцерскі (Забайкалле), Т.Зан (Зауралле), В.М.Кавалеўскі (Манголія, Казахстан, Сібір), І.А.Гашкевіч (Японія), І.І.Дамейка, К.Ельскі (Паўднёвая Амерыка).

Прыкметную ролю ў станаўленні краязнаўства ў 1-й палове ХІХ ст. адыгралі гурткі пры Віленскім універсітэце, Віленскае таварыства дабрачыннасці, Беларускае вольнае эканамічнае таварыства ў Віцебску. У 2-й палове ХІХ ст. разгарнулі дзейнасць Віленская археаграфічная камісія, Віленская археалагічная камісія, Паўночна-Заходні аддзел Рускага геаграфічнага таварыства. У 1860-я г. выдадзены шматтомныя «Матэрыялы для геаграфіі і статыстыкі Расіі, сабраныя афіцэрамі Генеральнага штаба», дзе прыведзены адносна падрабязныя звесткі па геаграфіі, гісторыі, эканоміцы, дэмаграфіі, адукацыі, ахове здароўя Беларусі, і г.д. Матэрыялы па краязнаўству. змяшчаліся ў губернскіх і епархіяльных ведамасцях, «Памятных кнігах губерняў», перыядычных ілюстраваных часопісах, што выдаваліся на польскай мове, і інш.

На мяжы ХІХ — ХХ ст. у многіх рэгіёнах павялічылася колькасць навуковых таварыстваў, камісій, камітэтаў, гурткоў; краязнаўчую працу праводзілі таварыствы, арганізаваныя пад патранатам царквы. У 1908 г. пры Мінскай епархіі створаны Мінскі царкоўны гісторыка-археалагічны камітэт. У 1911 г. заснавана Віцебскае аддзяленне Маскоўскага археалагічнага інстытута, у 1912 г. — Мінскае таварыства аматараў прыродазнаўства, этнаграфіі і археалогіі. Выдаваліся зборнікі дакументаў і матэрыялаў «Віцебская даўніна», «Мінская даўніна», «Магілёўская даўніна» і інш. Матэрыялы па этнаграфіі, археалогіі друкаваліся ў «Записках Северо-Западного отдела Русского географического общества», у газеце «Наша ніва». У канцы ХІХ — пачатку ХХ ст. ў плеяду беларускіх краязнаўцаў уваходзілі: Я.Ф.Арлоўскі, А.Я.Багдановіч, М.В.Доўнар-Запольскі, А.К.Ельскі, У.З.Завітневіч, Я.Ф.Карскі, Ю.Ф.Крачкоўскі, В.Ю.Ластоўскі, І.І.Луцкевіч, Ф.В.Пакроўскі, Е.Р.Раманаў, Г.Х.Татур, A.M.Уласаў і інш.

У пачатку ХХ ст. заснаваны краязнаўча студэнцкія гурткі па вывучэнні Беларусі, у т.л. Беларускі навукова-літаратурны гурток (1912) пры С.-Пецярбургскім yніверсітэцe. У 1920-я г. краязнаўчыя аб'яднанні ствараліся пры навучальных і навуковых установах, аддзелах народнай асветы, у т.л. Беларускае вольна-эканамічнае таварыства (1921). З 1922 года каардынацыйным цэнтрам краязнаўчых арганізацый стаў Інстытут беларускай культуры, пры ім — Цэнтральнае бюро краязнаўства (ЦБК). У лістападзе 1924 г. адбылася Першая Усебеларуская краязнаўчая канферэнцыя; у 1926 г. — Першы Усебеларускі краязнаўчы з'взд. З кастрычніка 1925 г. ЦБК выдавала штомесячны часопіс «Наш край» (у 1930-33 г. «Савецкая краіна»). Выходзілі мясцовыя неперыядычныя зборнікі («Віцебшчына», «Полаччына» і інш.). Актыўную выдавецкую дзейнасць разгарнула Віцебскае акруговае таварыства краязнаўства.

Удзел у краязнаўчым руху прымалі З.Бядуля, Д.М.Васілеўскі, З.Х.Жылуновіч (Ц.Гартны), М.І.Гарэцкі, В.Д.Дружчыц, У.М.Ігнатоўскі, М.І.Каспяровіч, Якуб Колас, К.Крапіва, У.І.Пічэта, М.М.Улашчык, А.А.Шлюбскі, М.М.Шчакаціхін і інш. Прыродазнаўчыя кірункі курыравалі навукоўцы Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горы-Горках.

Развівалася краязнаўства і ў Заходняй Беларусі. У многіх гарадах існавалі філіі Польскага краязнаўчага таварыства, мясцовыя краязнаўчыя аб'яднанні (Палескае таварыства краязнаўства ў Пінску, Таварыства сяброў навук у Гродне і інш.), краязнаўчыя музеі (Гродзенскі гістарычны, 1922 г., Пінскі, 1924 г., Баранавіцкі і Слонімскі, 1929 г.) і інш. Звесткі па асобных рэгіёнах Заходняй Беларусі прыведзены ў працах Ч.Пяткевіча (Палессе, Брэстчына), О.М.Гедэмана (Браслаўшчына), Ю.Ядкоўскага (Гродна) і інш. Актыўнымі краязнаўцамі былі Я.Н.Драздовіч, Л.І.Вітан-Дубейкаўскі, А.І.Луцкевіч, У.І.Самойла, П.Сергіевіч, Б.А.Тарашкевіч, Я.Булгак.

Вывучэннем заходнебеларускага краю займаліся Беларускае навуковае таварыства, Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры, Беларускі музей імя I.Луцкевіча, Беларускае навукова-краязнаўчае таварыства ў Латвіі (1920-40-я г.). У пачатку 1930-х г. у БССР многія вучоныя і мясцовыя краязнаўцы рэпрэсіраваны, краязнаўства даследавала і паказвала выключна поспехі сацыялістычнага будаўніцтва. У пасляваенны час найбольшая ўвага скіроўвалася на даследаванні гісторыі вайны, партызанскага руху на Беларусі, пошукавую працу. Адкрыты шэраг краязнаўчых музеяў: Баранавіцкі (1946), Мазырскі (1949), Слуцкі (1952), Лепельскі (1954), Мінскі (1959), Веткаўскі музей народнай творчасці і інш.

У наш час краязнаўствам займаюцца Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, Беларускае таварыства аховы прыроды, Беларускі фонд культуры, Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны і інш. У снежні 1989 г. Усебеларуская канферэнцыя краязнаўцаў абвясціла пра аднаўленне работы БКТ.

Вывучэнню краю спрыяюць раённыя краязнаўчыя канферэнцыі (Браслаў, Навагрудак). Існуюць краязнаўчыя аддзелы пры некаторых бібліятэках. З выкарыстаннем матэрыялаў па краязнаўству выдадзены «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» (7 тамоў), выдаецца шматтомная серыя кніг «Памяць». Праблемы краязнаўства асвятляюцца ў перыядычных выданнях, бюлетэні «Помнікі гісторыі і кулыпуры Беларусі» (з 1989 г. часопіс «Спадчына»), часопіс «Беларуская мінуўшчына», «Падарожнік» (у якім змяшчаецца дадатак «Наш край» як працяг часопіса, што выдаваўся ў 1930-я г.), у навукова-краязнаўчых зборніках, часопісах і альманахах («Магілёўская даўніна», «Палессе» і інш.). У шэрагу навучальных устаноў уключаны курсы краязнаўства (беларусазнаўства).

У рознай ступені краязнаўчымі даследаваннямі займаюцца беларускія навукова-культурныя арганізацыі за мяжой: Беларускае грамадска-культурнае таварыства ў Польшчы, Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў ЗША, Беларуская бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны ў Лондане, Таварыства беларускай культуры ў Маскве і інш.

Значны ўклад у развіццё краязнаўства ў пасляваенны перыяд зрабілі і робяць У.А.Калеснік, М.П. Клімец (Брэст), Ю.А.Якімовіч, A.M.Белакоз (в.Гудзевічы Мастоўскага р-на), М.Ф.Мельнікаў (г.Крычаў), Г.А.Каханоўскі, М.І.Ермаловіч, М.А. Ткачоў, Г.В.Кісялёў, Л.Р.Казлоў, А.П.Грыцкевіч, А.І.Мальдзіс, У.Ф.Ісаенка, В.Л.Насевіч, Э.М.Загарульскі, Л.У.Дучыц, В.У.Скалабан, М.М.Улашчык, А.К.Каўка, Ю.А.Лабынцаў, В.П.Грыцкевіч, М.В.Нікалаеў (С.-Пёцярбург), Д.Фёнік (Беласток), А.Цеханавецкі (Лондан), Я.Запруднік, В. і З.Кіпелі (Нью-Йорк) і інш.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1389]
Здарэнні [464]
Грамадства [468]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 7
Гасцей: 7
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.