Пятніца, 29.03.2024, 00:55

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Анатоль Трафімчык

Як жылі нашы землякі пры Польшчы
У гэтыя дні 90 надоў назад наш землякі сабралі першы ўраджай пасля падзелу Беларусі паводле Рыжскага дагавора 1921 г., у выніку якога нашы вёскі апынуліся пад Польшчай. Як ім жылося пасля ваеннага ліхалецця, якое бушавала 7 гадоў?

Першыя мірныя гады пайшлі на аднаўленне стратаў, панесеных у цяжкі папярэдні перыяд. Па-ранейшаму большасць вяскоўцаў жыла з сялянскай працы, таму зямельнае пытанне і ўмовы гаспадарання з’яўляліся асабліва актуальнымі. Серадняцкай лічылася гаспадарка з гектараў 10 (традыцыйныя паўвалокі). Але як і па ўсёй Заходняй Беларусі, у нашай мясцовасці пераважалі не сераднякі, а малазямельныя ці беззямельныя сяляне.

Першая палова 1920-х гг. характарызавалася ў польскай эканоміцы высокім узроўнем інфляцыі і нізкімі коштамі на сельскаспадарчую прадукцыю, што не спрыяла паляпшэнню дабрабыту вяскоўцаў. Як паведамляе Віталь Герасіменя, дастаткова вялікаю была тады эканамічная злачыннасць. Эканамічныя цяжкасці, адсутнасць унутранай стабільнасці і згаленне мясцовага насельніцтва азначала, што ў пачатку 1920-х гадоў велічыня кантрабанды вырасла да велізарных памераў. Балазе, мяжа праходзіла за Чудзінам. Практыкавала кантрабанду ў асноўным мясцовае насельніцтва і рабіла гэта фактычна не на аматарскім, а на прафесійным узроўні. Асартымент кантрабанды быў досыць шырокі: на савецкі бок неслі тое, чаго там бракавала (скураныя вырабы, вопратка, абутак, тканіны, зброя, цукар, какава, тлушчы, парфуму і нават звычайныя соскі для немаўлят), адтуль – тое, што было дарагім у Польшчы: перадусім гарэлку і цыгарэты, а таксама залатыя вырабы, футра. Выгада была відавочнай – каля 500%. Аднак спакваля гэты бізнес абедзве ўлады прыціснулі і згарнулі.

Вялікія Круговічы, гміна
Работнікі Круговіцкай гміны. 1934 год

Добрыя ўраджаі ў 1925-29 і высокія цэны на сельгаспрадукцыю садзейнічалі ўздыму гаспадарак. Грашовы даход з 1 га ў гаспадарцы з 5-10 га складаў 348 злотых, у 1928 — 586. У гэтыя гады сяляне куплялі зямлю, машыны, мінеральныя ўгнаенні, праводзілі меліярацыю, бралі крэдыты. Але па-ранейшаму ўзровень жыцця заставаўся далёкім ад жадаемага. Так, у Палескім ваяводстве, да якога належала наша мясцовасць, гэтак важнага каня не мелі каля трэцяй часткі гаспадароў, а каровы – 15%. У паловы нашых землякоў быў толькі адзін конь, астатнія, такім чынам, мелі больш. І гэта дадзеныя 1927 г. – тады аграрны сектар быў на пад’ёме.

Катаклізмы сусветнай эканомікі не міналі і нашых землякоў, матэрыяльнае становішча якіх пагоршылася ў выніку глабальнага крызісу 1929 – 1933 гг. Сусветны эканамічны крызіс, што пачаўся ў 1929, выклікаў зніжэнне цэн на сельскагаспадарчую прадукцыю (у сярэднім у тры разы). А напярэдадні Другой сусветнай вайны польская дзяржава прыбягала да збораў (грашовых і харчовых) у ваенныя фонды.

Праўда, умовы незайздроснага жыцця "заходнікаў" былі куды лепшымі, чым на савецкай палове Беларусі, дзе на пераломе 1920-х – 30-х гг. вярнуўся феадалізм у выглядзе калгаснага ладу. "Заходнікі" ж мелі падаткі значна меншыя – трохі больш чым два злотыя за гектар зямельнага надзелу (каб суаднесці: кошт курыцы быў 1,5 – 2 злотыя, а скураных ботаў – 5). У 1938 г. у Заходняй Беларусі былі прыкладна такія цэны: гектар зямлі каштаваў 500 злотых, карова – 100, пуд збожжа – 2, 1 кг цукру – 1 злоты 18 грошаў, 1 кг алею – 80 грошаў, 10 яек – 10 грошаў, пачак запалак – 10 грошаў. Сярэдні дзённы заробак быў каля 2-3 злотых, мінімальны 1 злоты, самы высокі да 10. Кваліфікаваныя рабочыя атрымлівалі 5 злотых, майстар 10. На жніве ў дзень плацілі 2 злотыя, на копцы бульбы 1 злоты. Зарплата настаўнікаў дасягала 200 злотых у месяц.

Дарагой была гарэлка. У сувязі з тым, тым дзяржава манапольна валодала яе вытворчасцю, кошт яе сягаў 2 і больш злотых. Самагонаварэнне строга каралася (вялікімі штрафамі і нават зняволеннем). Такім чынам, палітыка на дзяржаўным узроўні вялася антыалкагольная: эканоміцы патрэбны былі добрыя работнікі. Праўда, "заходнікі" ўсё роўна нішчачкам выраблялі сваё спіртное. Манапольку не кожны мог сабе дазволіць. Аднак каб гналі на продаж – пра такое звестак не знаходзілася. Можна сказаць, самім не хапала. Таму і п’яніц на сяле амаль не было.

Дзяржава імкнулася да развіцця прыватнага аграрнага сектара, не забываючы пры гэтым і пра сваю выгаду. З гэтай мэтай была праведзена так званая камасацыя – ліквідацыя церазпалосіцы шляхам стварэння суцэльных індывідуальных сялянскіх гаспадарак, у выніку чаго заахвочвалася хутарызацыя. Лішкі панскай зямлі павінны былі прадавацца сялянам. У шэраг такіх паноў, напрыклад, трапіў і круговіцкі гаспадар – Напалеон Абуховіч, 100 гектараў якога з маёнтка Круговічы і фальварка Ясянец яму прадпісвалася прадаць (у параўнанні з іншымі панамі гэта сярэдняя лічба, таму можна меркаваць, што гаспадарка Абуховічаў была хоць і не магнацкіх маштабаў, але далёка не маленткая па памерах).

Абуховічы, Ясянец
Абуховічы з Ясянца

Нягледзячы на дзяржаўную дапамогу, у тым ліку пазыкамі, большую выгаду ад аграрных рэформаў польскага ўрада атрымалі найперш багатшыя сяляне, якія да таго ж маглі набываць парцэляваныя ўчасткі, што пасля доўгіх гадоў ваеннага ліхалецця аказаліся з той ці іншай прычыны нічыйнымі. Тым не менш адбываўся працэс дэфеадалізацыі сельскай гаспадаркі, у той час калі "ўсходнікі", заганяемыя ў калгасы, перажывалі адваротнае.

У пошуках лепшае долі тады многія пакідалі радзіму. Шмат з іх перасекла Атлантыку і атабарылася на абодвух амерыканскіх кантынентах (пад бальшавікамі беларускія сяляне мелі магчымасць – часцей гэта здаралася пад прымусам – міграваць практычна толькі ў адзін бок – за Урал, у Сібір).

Нельга не пагадзіцца з тым, што нашы землі былі ледзь не самымі адсталымі ў ІІ Рэчы Паспалітай і што эканоміка на іх была цалкам аграрнай. Але памятайма: менавіта за палякамі з’явіліся шмат якія прадпрыемствы ў вёсках. Так, у 1925 г. было адкрыта ў Круговічах ці не першае прамысловае прадпрыемства – цагельня з выкарыстаннем ручной і прымітыўнай механічнай працы, дзе за сезон выпускалася да 30 тысяч цаглін. Акрамя таго, у той перыяд функцыянавалі лесапілка, млын, а пан Абуховіч меў яшчэ і свой бровар. Крыху на поўдзень ад Круговіч праходзіла вузкакалейка "ГанцавічыДзяніскавічы", па якой польскія каланісты вывозілі беларускі лес.

Як бачна, нашым землякам даводзілася працаваць і працаваць шмат. Галоўным жа заняткам была праца на зямлі. Аднак варта адзначыць, што нават у параўнанні з цяперашнім часам былі ў нашых дзядоў і важкія перавагі. Прынамсі працы, якой так цяжка знайсці сёння, было дастаткова.
Катэгорыя: Анатоль Трафімчык | Дабавіў: admin (20.10.2011) | Аўтар: Анатоль ТРАФІМЧЫК
Праглядаў: 3014 | Тэгі: Анатоль Трафімчык | Рэйтынг: 5.0/18
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.