Пятніца, 19.04.2024, 19:01

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Анатоль Трафімчык

Пачаткі драматычнага тэатра ў Заходнебеларускай глыбінцы (на прыкладзе Круговіцкай гміны Лунінецкага павета Палескага ваяводства)
Тэма гісторыі тэатра ў сельскай мясцовасці можа падацца нечаканай. Між тым, глыбінцы ёсць пра што расказаць. І не толькі пра сучасныя самадзейныя калектывы, а пра даўнейшыя часы. Дзеля прадметнага прыкладу ў дадзеным артыкуле ўзята такая тэрытарыяльная адзінка як Круговіцкая гміна Лунінецкага павета Палескага ваяводаства.

Менавіта падчас уваходжання ў склад міжваеннай Польскай Рэспублікі ў акрэсленай мясцовасці ўзводзяцца першыя тэатральныя падмосткі. Улада, якую правамерна лічыць акупацыйнай, тым не менш стварыла і каталізавала цэлую сетку арганізацый, якія мелі тэатры рознага мастацкага ўзроўню і магчымасцей. Трэба сказаць, што ў той час тэатральнае мастацтва значна пашырала свае глядацкія колы — за кошт ніжэйшых слаёў грамадства. Таму попыт на пастаноўкі ў народзе рос. Так адбывалася і той частцы Беларусі, якая апынулася пад савецкай уладай.

Драматычны тэатр у Круговіцкай гміне за польскім часам быў прадстаўлены ў выглядзе прафесійных калектываў, але не мясцовых. Дзякуючы наяўнасці мястэчка Ганцавічы з чыгуначнай станцыяй туды наведваліся трупы з вялікіх гарадоў. Разам з тым развівалася і самадзейнасць — як у дзіцячым асяродку, так і сярод дарослых. Таму наш матэрыял прадстаўлены ў дзвюх частках.

Гастрольныя трупы ў Круговіцкай гміне. Самымі раннімі звесткамі пра гэта пакуль з’яўляецца інфармацыя пра тэатр "Reduta" (Эксперыментальны тэатр, заснаваны ў 1919 годзе. У 1925 годзе перанесены ў Вільню, дзе меў стацыянар да 1929 года. У віленскі перыяд зрабіў шмат гастролей па заходнебеларускай правінцыі. У 1931 годзе вярнуўся на дыслакацыю ў Варшаву. Існаваў да 1939 года). Хутчэй за ўсё ён і з’яўляецца піянерам у справе наведвання Круговіцкай гміны прафесійным акцёрскім калектывам. Прычым на працягу 1926—1929 гадоў ён здзейсніў цэлы цыкл паездак туды. Усе прадстаўленні прайшлі толькі ў мястэчку, адзіным на гміну.

Упершыню названы тэатр з’явіўся ў Ганцавічах 10—11 снежня 1926 года. Тады ён даў як мінімум два спектаклі: "Снег" — драму ў чатырох актах Станіслава Пшыбышэўскага і "Сястра Бэатрыкс" — драму ў трох актах бельгійскага пісьменніка Марыса Метэрлінка. Адметна, што калектыў меў вельмі шчыльны графік і даваў спектаклі ці не кожны дзень, а часам нават па два ў дзень, прычым іншым разам — у розных гарадах. Так, перад ганцаўскім прадстаўленнем 10 снежня "Сястра Бэатрыкс" была прадэманстравана жыхарам не такой і блізкай (тым болей па тагачасных мерках) Ліды.

Напэўна, візіт у Круговіцкую гміну аказаўся ўдалым. Неўзабаве, ужо ў студзені 1927 года, тэатр ізноў там даваў прадстаўленне. Гэтым разам 12-га чысла ставілася "Байка" — камедыя ў трох актах Аляксандра Чапліцкага.

Ілюстрацыя 1. Графічная схема маршруту тэатра "Reduta” ў летні сезон 1927 года са спектаклем "Сід”

Далей — болей. 3 красавіка 1927 года там жа была публіцы прадстаўлена камедыя ў пяці актах Аляксандра Фрэдры "Дзявочыя шлюбы". 22 мая жыхары Круговіцкай гміны азнаёміліся са славутай трагедыяй у пяці актах французскага драматурга XVII стагоддзя П’ера Карнэля "Сід" (глядзіце ілюстрацыю 1).

Пастановак "Рэдуты" ўдастойваліся далёка не ўсе заходнебеларускія мястэчкі, нават павятовыя цэнтры. Магчыма, насельніцтва Круговіцкай гміны аказалася даволі прыхільным да тэатральнага мастацтва, таму туды адносна рэгулярна наведваліся і прафесіяналы сцэны.

Аднак пасля такога ўсплеску наведванняў Ганцавіч "Рэдута" чамусьці на некаторы час пра іх забылася. Думаецца, гэта абумоўлівалася нізкай прыбытковасцю ад прадстаўленняў.

Наступнае з’яўленне гэтага тэатра зафіксавана ў студзені 1929 года тады, 18-га чысла, быў паказаны камедыйны спектакль Ежы Шаняўскага "Птушка". Часам, як у дадзеным выпадку, на даезды тэатра ў такую глыбінку нават звярталі ўвагу СМІ.

Яшчэ раз у азначанай мясцовасці пабачылі "Рэдуту" 18 ліпеня 1929 года. Тады ў мястэчку была прадэманстравана камедыя А. Фрэдры "Прыяцелі". Як аказалася, гэта было апошняе перад працяглым перапынкам спатканне ў Ганцавічах з калектывам "Reduty".

Звернем увагу, жыхарам Круговіцкай гміны прывозіліся спектаклі паводле твораў як польскіх, так і замежных аўтараў. Першыя, аднак, пераважалі. П’есы належалі пяру як сучасным для таго моманту драматургам, так і дайнеўшым.

Тым не менш, як адзначаецца ў адной крыніцы, рэпертуар перастаў задавальняць гледачоў і, магчыма, гэта стала адной з прычын, што яны не асабліва прагнулі ўбачыць ігру акцёраў. Тэатралы ішлі (прынамсі ў апошнія свае прыезды) на зніжэнне білетных коштаў. Другой прычынай мог стаць таксама горшы дабрабыт насельніцтва Круговіцкай гміны (у параўнанні, напрыклад, з Віленшчынай). Да таго ж, пачынаўся сусветны эканамічны крызіс, які востра адбіўся і на Польскай Рэспубліцы, асабліва жорстка ўдарыўшы па заходнебеларускіх рэгіёнах. У такім кантэксце не магло не пацярпець і тэатральнае мастацтва. Той жа тэатр "Reduta", у прыватнасці, наогул мінімум год (1930) не функцыянаваў.

Пасля віленскай "Reduty" іншагароднія акцёры, да таго ж прафесійныя, сталі радзейшымі гасцямі ў гэтай мясцовасці. Тым не менш, у Круговіцкую гміну прыезджыя тэатры па-ранейшаму часам завітвалі. Найперш тыя, што не мелі стацыянарнага месца дыслакацыі. Такім быў аматарскі Гастрольны тэатр "Przodownica". Напрыклад, ён зладзіў прадстаўленне ў канцы 1933 года.

Але падарожнічалі і тэатры, якія мелі сцэну. Такі быў час, калі людзі жылі не сканцэнтравана ў мегаполісах ці гарадах непрынцыпова меншых, а галоўным чынам па вёсках і мястэчках. Так, у пачатку 1933 года ў Ганцавічы цэліў яшчэ адзін віленскі калектыў трохі з парадаксальнай назвай — Сталы гастрольны тэатр.

Тэатры маглі наведваць нават гэтакую глыбокую правінцыю, якой былі Ганцавічы, неаднаразова. У 1934 годзе зафіксаваны нават прыезд "Reduty". 22 мая быў паказаны спектакль Адама Гжымалы-Сядлецкага "Чацвёрты для брыджа". Тым часам тэатр ужо базаваўся ў Варшаве, таму на "крэсах", тым больш у такой глыбінцы, з’яўляўся значна радзей.

Зразумела, гастралёры абмяжоўваліся мястэчкам. На вёсках пастановак не зафіксавана. Нават у гмінным цэнтры. У Ганцавічах жа і сцэну можна было знайсці адпаведную, чаго не скажаш пра магчымасці вёсак. Рэпертуар для насельніцтва гміны, у асноўным, за выключэннем яўрэйскага мястэчка, беларускага, быў чужародны — з польскай літаратуры. Што праўда, узровень іншым разам быў даволі прыстойны.

Вылучалася тут "Reduta”. Яна прыязджала з пастаноўкамі, якія мелі пэўныя ўзнагароды, і адносна выбітнымі акцёрамі. Дзякуючы гастролям прафесійных труп заходнебеларуская глыбінка далучалася да еўрапейскага культурнага кантэксту.

Мясцовая тэатральная самадзейнасць. Недзе ў гэты самы час у Круговіцкай гміне пачынаюць узнікаць тутэйшыя тэатральныя калектывы. Яны ўтвараліся і ў сельскай мясцовасці. Праўда, іх мастацкі ўзровень быў ніжэйшым, чым віленскіх ці варшаўскіх калег па мастацтве. Гэта былі аматарскія трупы грамадскіх арганізацый.

Сярод адшуканай намі інфармацыі першым па часе — сакавік 1927 года — з’яўляецца аматарская пастаноўка калектыву кола Апекі над крэсамі ў Ганцавічах — прапольскай па задачах грамадскай арганізацыі. Недзе блізкім па прафесійным узроўні з’яўляўся калектыў, утвораны ў рамках арганізацыі для моладзі "Саюз стральцоў".

Паводле справаздачы палескага ваяводы за 1932 года, драматычныя секцыі гэтага Саюза з мястэчак (у тым ліку Ганцавічаў) далі прадстаўленні не толькі ў мястэчку, але і ў навакольных
вёсках.

Дарэчы, у суседняй гміне — Хатыніцкай, што сёння разам з Круговіцкай складае Ганцавіцкі раён, мясцовы тэатр узнік прыкладна ў той жа прамежак часу — у 1929 годзе. Яго арганізавалі пры камітэце святкавання 11-годдзя незалежнасці Польшчы.

Увогуле па Лунінецкім павеце ў сезоне 1931/32 года існавала 25 аматарскіх тэатральных калектываў і яны далі тады 59 прадстаўленняў. Не памылімся, калі сцвердзім, што і цэнтр гміны — Вялікія Круговічы — не быў абмінуты ўвагай  тэатрыкаў. Таксама можна не сумнявацца, што пастаноўкі прапаноўваліся не проста польскамоўныя, але паланізатарскага плану. Такімі былі задачы названай арганізацыі.

Асабліва пашыралася колькасць тэатральных калектываў у 1930-я гады. Так, у 1933 годзе ў Палескім ваяводстве, самым адсталым у сэнсе даброт цывілізацыі, мелася 80 тэатраў. Праз чатыры гады яна вырасла амаль у тры разы — да 231. З іх 25 калектывамі ў тэатральным сезоне 1931/32 гадоў мог пахваліцца Лунінецкі павет. Такім чынам, на адну гміну прыпадала ў сярэднім амаль два самадзейныя тэатрыкі. Значыць, прынамсі аднаго не магло не быць і ў Круговіцкай гміне. З улікам таго, што колькасць тэатральных калектываў у далейшым расла, можна думаць, што жыхары найбольшых населеных пунктаў Круговіцкай гміны таксама стваралі такія культурныя таварыствы. Іх сляды засталіся ў гісторыі.

Пастаноўкі маглі адбывацца не ў самых значных населеных пунктах гміны. Такія факты былі характэрнаю рысай культурнага жыцця тагачаснага сялянства. Гэта сведчыць пра цягу народа да асветы і мастацтва. Адна з пастановак мела месца ў Перадзелах 16 кастрычніка 1934 года. Яе зладзіў мясцовы гурток Саюза вясковай моладзі (Zwiazek Mіodzieїy Wiejskiej / На той момант арганізацыя мела назву «Centralny Zwiazek Mіodej Wsi „Siew”»). Спектакль называўся "10 тысяч марак". Увогуле названая арганізацыя ў 1930-я гады шырока разгарнула сваю тэатральную дзейнасць. Асабліва актыўнічалі гурткі ў Вялікіх Круговічах і Начы. Аднак больш канкрэтнай інфармацыі крыніца не падае.

Яшчэ адным калектывам ліцадзеяў-аматараў з’яўляецца тэатрык пры камітэце будаўніцтва касцёла ў Ганцавічах. Узнік той калектыў не раней 1934 года, калі пасля знішчэння пажарам ладнай часткі мястэчка пачаў узводзіцца новы каталіцкі храм.

Акрамя таго, у Круговіцкай гміне дзейнічаў тэатр пры яўрэйскім Таварыстве "Тарбут". Яно існавала ў Ганцавічах ужо ў першай палове 1920-х гадоў. Польская крыніца, на жаль, не ўказвае года заснавання тэатра. Магчыма, з той прычыны, што ён будзе ранейшым, чым час арганізацыі польскага культурнага аналага. Назваць тую дату — гэта значыць прызнацца не ў іх першынстве ў пэўнай добрай справе (што намі ўжо назіралася).

Па нашых прыкідках, гэта і мог быць першы тэатральны калектыў на прасторах Круговіцкай гміны. Прынамсі менавіта яўрэі заснавалі ў названай адміністрацыйнай адзінцы першую публічную бібліятэку.

Тэатральныя прадстаўленні адбываліся і ў рамках культурнага жыцця пагранічнікаў, якія дыслакаваліся на самым усходзе Круговіцкай гміны — КАП "Людвікова". Так, вядома, што на вялікае дзяржаўнае свята там былі сыграны дзве камедыі — "Неаспрэчны аргумент" і "Падазраваная асоба" (аўтары п’ес не названы). Калектыў склалі самі жаўнеры. Пра іх тэатр маецца інфармацыя ў крыніцах. Прычым падкрэсліваецца прысутнасць на спектаклях "мясцовай інтэлігенцыі" і "палескага люду".

Дзейнасць тэатрыка не засталася па-за ўвагай вайсковых СМІ, дзе ён удастойваўся не толькі тэкставых паведамленняў, але і ўвагі фатографа (глядзіце ілюстрацыю 2). Такое стаўленне ў прыклад сведчыць нават пра некаторую ўзорнасць мастацкай дзейнасці людвікоўскіх пагранічнікаў.

Ілюстрацыя 2. Аматарскі тэатр КАП "Людвікова”. Адбітак фотаздымка з газеты

Разам з тым для пагранічнікаў вучні мясцовых школ таксама ладзілі прадстаўленні. Гэта, на думку аўтара польскай крыніцы, падкрэслівае існаванне духоўнай сувязі паміж мясцовым цывільным насельніцтвам і польскімі вайскоўцамі.

Акрамя таго, пры тэатры КАП "Людвікова" існаваў дзіцячы калектыў (глядзіце ілюстрацыю 3). Што праўда, не ўдалося высветліць з чыіх дзяцей складаўся ён. З улікам вышэйпрыведзеных звестак пра ўдзел у культурных мерапрыемствах мясцовай дзятвы дапускаем, што пры тэатры былі не толькі дзеці людвікоўскіх афіцэраў, але і жыхароў бліжэйшых вёсак.

Ілюстрацыя 3. Дзіцячы калектыў пры тэатры. Адбітак фотаздымка з газеты

Да арганізацыі тэатральнага жыцця таксама заклікаліся школы (з такой мэтай выпускаліся дапаможнікі — заўвага аўтара). Нават пачатковыя, не кажучы пра гімназіі. Апошніх на тэрыторыі Круговіцкай гміны не было. Затое ўсеагульных пачатковых налічвалася 16 на стан 1927 года (у далейшым лічба расла). Знаходзяцца звесткі, што сцэнічныя прадстаўленні даваліся і ў некаторых навучальных установах Круговіцкай гміны. Так, 6 кастрычніка 1935 года пад кіраўніцтвам настаўніцы Круговіцкай школы Кашалкевіч (наконт правільнасці напісання намі прозвішча няма ўпэўненасці з прычыны кепска чытэльнага дакумента) адбылася пастаноўка школьнікамі камедыі "Клопаты Зосі". У аднаактавым спектаклі выконвалі ролі пяцёра артыстаў. Фабула твора пабудавана на спробе дзяўчынкі Зосі навесці дома парадак і такім чынам быццам бы стаць гаспадыняй у хаце. Аднак розныя неспадзяванкі прымушаюць адмовіцца ад ініцыятывы. Пры гэтым падыгрываў аматарскі аркестр Саюза вясковай моладзі і царкоўны хор. За магчымасць паглядзець прадстаўленне браліся грошы: было сабрана 15 злотых 70 грошай. Гледачоў усіх налічвалася каля сотні. Гэта значыць, адзін білет каштаваў прыкладна 15 грошай. Праз некалькі дзён, 14 кастрычніка, зладзілі прадстаўленне і малакруговіцкія вучні. Яно называлася "Прыгоды <неразборліва>". У тым жа 1935/36 навучальным годзе вучні школы Малых Круговіч ажыццявілі чарговую пастаноўку пад назвай "Кулямётчык Морыц" (аўтар намі не ўстаноўлены). Увогуле, як гаворыцца ў лісце аднаго школьніка (ці то Круговіцкай ці то Малакруговіцкай школы), вучнямі ва ўказаны навучальны год ставілася прадстаўленне за прадстаўленнем. З ускосных звестак варта зрабіць выснову, што ў школах міжваеннай Польскай Рэспублікі была распрацавана цэлая праграма тэатральнага развіцця з адпаведным метадычным і інфармацыйным суправаджэннем і ёю ахопліваліся ўстановы нават у заходнебеларускай глыбінцы.

Адсюль можна лічыць самадзейнае тэатральнае жыццё і школ, і ўвогуле вёсак для свайго часу даволі разнастайным і насычаным. За спектаклі тутэйшы люд не шкадаваў і аддаваў грошы. Узровень пастановак не мог быць высокі. Аднак сам факт далучэння сялянства з глыбінкі да высокага мастацтва адметны і знамянальны.

У якасці падсумавання скажам наступнае. Прафесійнае тэатральнае жыццё ў Круговіцкай гміне, натуральна, не віравала. Хоць і зрабіла на яе тэрыторыі першыя крокі — у выглядзе польскіх калектываў. Тыя захады былі перарваныя Другой сусветнай вайной.

На Заходняй Беларусі развіваўся тым часам і беларускі тэатр. Аднак пра яго наяўнасць у Круговіцкай гміне звестак не знаходзіцца. Думаецца, менавіта праз адсутнасць такой культурнай з’явы.

Разам з тым на тагачасным Палессі налічвалася некалькі сот аматарскіх тэатраў. Яны арганізоўваліся і з боку дзяржавы (школамі, КАП), і па ініцыятыве "знізу" (яўрэйскай супольнасцю). Зразумела, на мэце (пра)дзяржаўных устаноў мелася палітычнае ўздзеянне праз тэатр у патрэбным польскай дзяржаве рэчышчы.

У цэлым на прыкладзе тэатральнай справы ў заходнебеларускай глыбінцы выяўляецца тэндэнцыя да павышэння ўзроўню культурнага жыцця сялянства і жыхароў дробных мястэчак.
Катэгорыя: Анатоль Трафімчык | Дабавіў: vitalis (20.04.2022) | Аўтар: Анатоль ТРАФІМЧЫК
Праглядаў: 684 | Рэйтынг: 5.0/2
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 3
Гасцей: 3
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.