Субота, 27.04.2024, 03:50

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Анатоль Трафімчык

«Песня беларускіх жаўнераў 1794 года» як гістарычная і культурная каштоўнасць
"Песня беларускіх жаўнераў 1794 года" – ананімны твор, які мае ўкраінскі і польскі аналагі, упершыню быў апублікаваны цалкам толькі ў 1993 г. (адаптавана да сучаснага правапісу) асаблівасці сведчаць, што адпачаткова твор пісаўся чалавекам высокаадукаваным, а публіцыстычная энергетыка радкоў наводзіць на думку пра непасрэднае дачыненне аўтара да падзей паўстання.

Відавочна, арыгінал пісаўся хутчэй за ўсё па-польску, а затым перакладаўся. Аднак гэта не факт. Думаецца, існуе вялікая верагоднасць, што аўтарства песні належыць знакамітаму кампазітару Міхалу Клеафасу Агінскаму, які быў адным з военачальнікаў падчас збройнага чыну 1794 г. Да таго ж яго постаць арганічна ўпісваецца і ў польскі, і ў беларускі культуралагічны дыскурс, таму нявыключана магчымасць стварэння ім як мінімум двух моўных варыянтаў (напэўна, спярша польскага, затым беларускага) "Песні..." з прапагандысцкай мэтай пашырэння маштабаў паўстанцкага руху (таму і лірычным героем з’яўляецца прадстаўнік запрыгоненых сялянскіх масаў). Тым больш што Міхаіл Клефас Агінскі на тэму паўстання ствараў мастацкія творы, самым вядомым з якіх з’яўляецца марш паўстанцаў.

Міхаіл Клефас Агінскі
Міхаіл Клефас Агінскі

"Сваю кампазітарскую дзейнасць ён пачаў у 1790-я гг., калі стварыў шматлікія маршы і песні, што былі шырока распаўсюджаныя сярод касцюшкоўцаў. Сам ён так успамінаў пра гэта: "Я стварыў марш для майго атрада стралкоў са словамі, напісанымі да гэтай музыкі, і з таго часу гэты марш выконваўся ў многіх палках. Я напісаў таксама ваенныя і патрыятычныя песні, якія карысталіся вялікім поспехам, паколькі ўзбуджалі храбрасць, энергію і энтузіязм маіх таварышаў па зброі". М.Агінскі, трэба думаць, быў аўтарам не толькі музыкі, але і слоў да сваіх маршаў. Пра гэта ўскосна сведчыць і ліст Ю.Нямцэвіча, датаваны 3 кастрычніка 1794 г., у якім аўтар піша, што ён ужо не ўпершыню з задавальненнем чытае дасланыя яму нядаўна вершы М.Агінскага. З ліста гэтага можна зрабіць выснову пра існаванне паэтычных твораў М.Агінскага і нават пра высокую ацэнку гэтых твораў старэйшым і больш вопытным паэтам".

Сам Агінскі паведамляе пра сябе: "Я пісаў вершы, некаторыя з іх удаваліся, але хутка я зразумеў, што не нарадзіўся паэтам, што мне трэба прыкладаць шмат намаганьняў, каб пакласьці свае думкі на вершы; таму мае дзеці знойдуць сярод маіх рукапісаў толькі некалькі слабых спробаў майго вершаскладальніцкага таленту, што адлюстроўвалі мае душэўныя памкненні, знаёмілі з патрыятычным энтузіязмам, які ажыўляў маё пяшчотнае юнацтва". Водгук пра свае паэтычныя здольнасці неадназначны. З аднаго боку ён контрверсіруе з нашай гіпотэзай. Аднак з іншага – па тых вершах, якія да нас дайшлі, можна меркаваць, што гэта самаацэнка больш, чым сціплая. Да таго ж Агінскі выказвае яе ў кантэксце аповеда пра сваё юнацтва, таму зусім неабавязкова тыя словы экстрапаліраваць на ўсю біяграфію талента. Прынамсі пра свае кампазітарскія здольнасці, праз якіх Агінскі і стаў знакамітым, ён таксама не паведамляе як пра нешта надзвычайнае, хоць і адзначаў "вялікі поспех" ягоных музычных твораў.

Аднак выказаная гіпотэза патрабуе пільнага перадусім лінгвістычнага і літаратуразнаўчага аналізу на прадмет ідэнтыфікацыі і атаясамлення "Песні…" з тымі нешматлікімі паэтычнымі творамі М.Агінскага, што змаглі захавацца да нашага часу (у тым ліку з дапамогай сучасных інфармацыйных тэхналогій). Да таго ж, балазе, дайшлі да дня сённяшняга і публіцыстычныя ды мемуарныя творы, якія склалі чатыры тамы, што стала б каструктыўным кантэкстам для такога даследавання. У іх, як сцвярджае Наталля Мазоўка, ярка выявіўся талент Агінскага гісторыка і бліскучага апавядальніка. Але, адзначае яна ж, літаратурны бок творчай спадчыны такой выбітнай фігуры эпохі Асветніцтва вывучаны недастаткова.

Знаходзіцца яшчэ магчымы аўтар "Песні..." – гэта Якуб Ясінскі, таксама ліцвін, удзельнік паўстання. Менавіта яму некаторыя схільныя прыпісваць твор. "Ён стаў прыхільнікам радыкальных метадаў барацьбы і самым патрыятычным паэтам эпохі Асветніцтва ў ВКЛ. Вершы Якуба Ясінскага разыходзіліся па ўсёй Рэчы Паспалітай, разносілі сярод людзей вальнадумныя ідэі".

Якуб Ясінскі
Якуб Ясінскі

Складаны лёс "Песні беларускіх жаўнераў 1794 года". "У верасні 1935 года, у сувязі з VІ з’ездам польскіх гісторыкаў, бібліятэка Віленскага універсітэта арганізавала выстаўку, прысвечаную мінуламу літоўска-беларускіх зямель. Адзін з арганізатараў выстаўкі, вядомы калекцыянер Міхал Бранштэйн, падрабязна апісаў экспанаты выстаўкі ў ІІ томе "Дзённіка VІ агульнага з’езду польскіх гісторыкаў у Вільні". У якасці аднаго з найбольш рэдкіх экспанатаў ён назваў рукапіс невядомай "Песні беларускіх жаўнераў" з 1794 года. Аднак сам тэкст твора ні тады, ні пазней апублікаваны не быў, а сляды яго згубіліся".

Адаму Мальдзісу з дапамогай Генадзя Кісялёва ўдалося патрапіць на след і адшукаць рукапіс у 21 фондзе аддзела рукапісаў Цэнтральнай бібліятэкі АН Літоўскай ССР (зыходныя дадзеныя за савецкім часам). Гэта чатыры старонкі створанага лацінскай графікай рукапіснага тэксту, як вызначыў Адам Мальдзіс, з яўнымі арфаграфічнымі прыкметамі ХVІІІ ст.




Ідэалагемы савецкага часу, тагачасная метадалогія абумовілі некаторыя моманты тэндэнцыйнасці пры аналізе паважанага даследчыка. Нягледзячы на сцвярджэнне аб патрыятычным і антыімперыялістычным характары песні, А.Мальдзіс, падвяргаючы крытыцы і недарэчным з пазіцый сённяшняга дня нараканням, указвае на шляхецкую абмежаванасць невядомага аўтара са Слонімшчыны, які "яшчэ ўскладае вялікія спадзяванні на боскую дапамогу, на тое, што "вольнасць" беларусам дадуць паны", і "не зусім разумее розніцу паміж рускім народам і царызмам". А.Мальдзіс закрывае вочы на тое, што Касцюшка, аўтарытэт якога быў бясспрэчны ў любых колах, у тым ліку сярод ворагаў, лічыў неабходным адмяніць прыгоннае права, стварыць грамадства вольных людзей, што знайшло адлюстраванне і ў песні ("Вольнасць для нас паны даюць / І за людзей нас прызнаюць").

Гэта адпавядае пазіцыі будучага ачольніка паўстання: "Толькі за шляхту ваяваць не буду. Жадаю свабоды для ўсяго народа і толькі для яго гатовы ахвяраваць жыццё". І ўжо падчас абвяшчэння і разгортвання паўстання Касцюшка ўрачыста прысягнуў, што нададзеную яму ўладу ён выкарыстае для "абароны нашых межаў, для аднаўлення народнага самаўладдзя і ўмацавання ўсеагульнай свабоды": "Хачу знішчыць непрыяцеля і выканаць справядлівую волю народа. Няхай ён установіць такі ўрад, які будзе яму падабацца". Больш таго, сама шляхта не была адназначнай у сваіх адносінах да паўстання, бо многія лічылі Касцюшку ледзь ні за рабаўніка, які прыйшоў пазбавіць іх шляхецкіх вольнасцей.

"Сацыялагічныя меркі" савецкіх даследчыкаў у дадзеным выпадку не зусім прымальны. Акрамя згаданых радкоў, адзінае, за што яшчэ можна зачапіцца тымі стэрэатыпамі з’яўляюцца словы "здрада ёсць ужо ў сенаце", што цалкам стасуюцца з рэакцыяй патрыётаў на дзеянні ўдзельнікаў Таргавіцкай канфедырацыі (1792), калі многія магнаты, шляхцічы і сам кароль перайшлі на бок рэнегатаў-таргавічан. Дый падчас паўстання элітныя страты не перавышалі паловы ад агульнай колькасці ўдзельнікаў інсурэкцыі, а на беларускіх тэрыторыях і таго меней. Апрацаваныя архіўныя дакументы паведамляюць, што наогул ва ўзброеным выступленні было 50 % шляхты, 37 % – сялянаў, 10 % – мяшчанаў (3 % застаецца на іншыя катэгорыі грамадства), а з тэрыторыі сучаснай Беларусі – адпаведна 44 %, 36 %, 20 %, што складае 100 %. (Дарэчы, тэрмін "паўстанне", хаця ён выкарыстоўваўся і самімі ўдзельнікамі, думаецца, не зусім адпавядае развіццю падзей тагачасся, таму што па сутнасці ішла вайна за захаванне дзяржаўнай незалежнасці Рэчы Паспалітай з яе боку і за набыццё калоній з боку саюзнікаў, таму, магчыма, варта было б тую ваенную барацьбу народа маркіраваць як збройны чын ці вайну як такую, што часткова, відаць, з прычыны дасягнення навуковай карэктнасці, робіць Я.Анішчанка ў назове свайго выдання. Тэрмін жа "паўстанне" ў пэўным сэнсе легалізоўваў правамернасць расійскіх імперыялістаў на гэтыя землі, якія нібыта адбіліся ад "Руси-матушки".)

Як сведчыць поўны тэкст, без цэнзурных купюр, прысутнасць у самой песні яскравейшых контраргументаў тэзе аб братэрстве беларускага і рускага народаў не дазволіла апублікаваць яе цалкам за савецкім часам, бо гэта дапамагло б аб’ектыўна расставіць акцэнты пры аналізе песні, а таксама, улічваючы высокую культурна-гістарычную вартасць твора з прычыны яго аператыўнасці і публіцыстычнай скіраванасці, настрояў значнай часткі насельніцтва інкарпараваных тэрыторый. Насамрэч яна мае перадусім выразны нацыянальна-патрыятычны беларускі пафас ("Няхай Москаль уступае, / Няхай Беларусаў знае. <...> Дамо сабе рукі ўзаем, / Бацькаўшчыну адзыскаем".) і з’яўляецца палымяным заклікам адстаяць незалежнасць Айчыны перад прускай і маскоўскай навалай ("Атаманы і Казакі, / Бійма Маскву і Прусакі".). Прычым падкрэсліваецца антырасійскасць паўстання, ачоленага Касцюшкам ("Пойдзем жыва да Касцюшкі, / Рубаць будзем Маскалюшкі".).

Выкарыстанне слова "Маскаль" побач з такімі этнонімамі, як "Немцы", "Прусакі", да таго ж напісанне яго з вялікай літары, якое было прынята стасоўна этнонімаў, кажа пра тое, што "Маскалямі" ў нашым выпадку называюцца расейцы як дзяржаватворная нацыя (у якасці палітоніма), а "Масквою" – іх краіна. Пад гэтакім жа значэннем мы знаходзім разглядаемыя словы ў літаратурных помніках даўняй беларускай літаратуры (да першай паловы ХVІІІ стст.), прычым калі пад Масквою можа разумецца часта і сам горад, то назвы "Маскалі" ці "маскоўцы" маюць на ўвазе нацыянальную або геапалітычную прыкмету, але не сацыяльную.

Так, у "Гутарцы аднаго паляка з Маскалём на Маскоўскім замку ў годзе 1601" Маскаль азначае свой сацыяльны статус як "халопа гаспадарскага" (ён быў баярынам), ад чаго Паляк не перастае яго называць Москалем. Значэнне маскалёў як жаўнераў, відавочна, усталявалася пазней збройнага чыну пад кіраўніцтвам Касцюшкі, хутчэй за ўсё ў ХІХ ст. у сувязі з рэкруцкімі наборамі ў Расею. Але тое значэнне аніяк не выцесніла этнічнае. Так, у "Гутарцы старога дзеда" (апублікавана ў 1861 г.) назіраецца апазіцыйнае супрацьпастаўленне "палякі – маскалі" перадусім у нацыянальным сэнсе (маем і пазнейшыя прыклады, датаваныя ўжо ХХ ст. Дастасаванне ж да слова "маскалі" толькі значэння салдатаў адносна фальклорных твораў, якія нарадзіліся падчас і адразу пасля падзей 1794 г., бачыцца не зусім карэктным, да таго ж гэта прыніжае сэнс свядома антыімперыялістычнай барацьбы народаў Рэчы Паспалітай і адстойвання імі сваёй незалежнасці ў збройным чыне супраць драпежных суседніх кран.

Аляксей Пяткевіч бачыць у "Песні…" пэўны момант знакавасці і паказальнасці для станаўлення нацыянальнай ідэі беларусаў у агульным кантэксце паўстання 1794 г., галоўнай мэтай якога, як даволі зладжана (на яго погляд) сцвярджаюць гісторыкі, з’яўлялася адраджэнне Рэчы Паспалітай нібыта без якіх-кольвек сепаратысцкіх імкненняў. "Аднак беларуская мова паўстанцкіх песень – вельмі важны паказчык таго, што нараджалася ў гэтым асяродку (шляхецкай інтэлегенцыі – А.Т.) менавіта беларуская свядомасць. <…> адлюстраваны, такім чынам, не дробныя, побытавага ўзроўню клопаты, а каардынальныя пытанні быцця беларускага народу. Ці ж не дзейнічае тут беларуская звышзадача аўтара? Пэўна, што так". Хочацца дадаць, што паколькі твор мае ўкраінскую ды польскую версію таксама, невядомы аўтар у дадзеным выпадку свядома выкарыстоўвае беларускую (можна меркаваць, ужо не ліцвінскую) мову, дакладна ідэнтыфікуючыся на фоне суседзяў, ужо тады ўсведамляючы нацыянальную дыферэнцыяцыю ў катэгорыях Новага часу, хоць станаўленне мадэрных польскай, украінскай і беларускай нацый адбывалася не сінхронна. Беларусы ў сваім нацыянальным развіцці адставалі ад заходніх і паўднёвых суседзяў, таму так важна, што адзін з варыянтаў песні мае, кажучы словамі А.Пяткевіча, беларускую звышзадачу, – гэта паказчык мінімізацыі разрыву ў развіцці паміж суседнімі народамі, якія ў той гістарычны момант сталі пад сцягі паўстанцаў на чале з Касцюшкам – прадстаўніком народа, калі можна так сказаць, будучых беларусаў.

Можна спадзявацца, што публікуемая ўпершыню копія "Песні…" каталізуе яе далейшае навуковае асэнсаванне, бо застаецца вялікі шэраг магчымых аспектаў вывучэння твора – ад устанаўлення аўтарства да гісторыка-мовазнаўчых пытанняў.

Аўтар удзячны спадарыні Ліліі Плыгаўцы за копію песні, зробленую ў Віленскім архіве і дасланую для дадзенай публікацыі.
Катэгорыя: Анатоль Трафімчык | Дабавіў: admin (18.05.2013) | Аўтар: Анатоль ТРАФІМЧЫК
Праглядаў: 7216 | Тэгі: Тадэвуш Касцюшка, Міхаіл Клефас Агінскі, Якуб Ясінскі, Адам Мальдзіс, Анатоль Трафімчык | Рэйтынг: 5.0/5
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.