Субота, 27.07.2024, 03:56

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Іншае

Слова чыстае, як першы снег
Слова «кудмень» — даўняе і, на жаль, многімі забытае. Таму часцей ужываюцца іншыя блізкія яму па значэнні: амулет ці абярог. Уладзімір Марук для сваёй чарговай кнігі выбраў такі варыянт, які быў бліжэй да сэрца. Гэтае слова добра запомніў з маленства, бо не адно пакаленне карысталася ім у яго родных мясцінах.

Родныя мясціны У.Марука — Ганцаўшчына, а калі быць канкрэтным — вёска Гута, дзе ён нарадзіўся 6 студзеня 1954 года. Ганцаўшчына — гэта, як вядома, Палессе. А пра Палессе можна шмат гаварыць, але каб мець пра яго больш поўнае ўяўленне, дастаткова пазнаёміцца з казкамі, паданнямі, легендамі, запісанымі слынным даследчыкам вусна-паэтычнай творчасці беларускага народа Аляксандрам Сержпутоўскім, а таксама з першай часткай трылогіі песняра Беларусі Якуба Коласа«На ростанях»«У палескай глушы». Канстанцін Міхайлавіч настаўнічаў у тамашняй вёсцы Люсіна, таму добра ведае тыя мясціны. Гэта такі куток, які проста нельга не любіць. Тым больш — калі ты нарадзіўся тут. А чалавеку, які адораны адпаведным талентам, проста грэшна не стаць паэтам. Таму і абраў сабе такі жыццёвы шлях Уладзімір.

Уладзімір Марук

Скончыўшы Маўчадскую сярэднюю школу-інтэрнат, ён у 1970 годзе паступіў у Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум. Зразумела, што ў сцены гэтай навучальнай установы прывяла яго любоў да літаратуры і, у прыватнасці, да паэзіі, якой захапіўся яшчэ ў школе. Пасля заканчэння тэхнікума працаваў ва ўстановах культуры роднай Ганцаўшчыны — у Шашкоўскай сельскай бібліятэцы, у раённай бібліятэцы, загадваў аўтаклубам. Потым была вучоба на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У.I.Леніна, праца настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе № 106 горада Мінска. Далейшы свой лёс У.Марук звязаў з журналістыкай: карэспандэнт, загадчык аддзела літаратуры і мастацтва рэспубліканскай газеты «Звязда». Добра засведчыў сябе і на выдавецкай ніве. У прыватнасці, працаваў у выдавецтвах «Юнацтва», «Мастацкая літаратура». З 2003 года і да апошніх дзён Уладзімір быў намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Полымя».

Кнігу «Кудмень» ён прапанаваў выдавецтву «Мастацкая літаратура», выпусціўшы ўжо тры паэтычныя зборнікі — «Зоркі ў кронах», «Ліст рабіне» і «Інкрустацыя голасам». Важкія набыткі меў у галіне дзіцячай літаратуры, а таксама нямала перакладаў. Рукапіс «Кудменя» быў не толькі ўхвалены, але і падрыхтаваны да друку. Больш за тое — нават падпісаны ў друк, яго выхад планаваўся ў 1996 годзе. Аднак гэтая кніга У.Марука так і не пабачыла свет. Прычына да банальнасці простая: сёння кнігі паэзіі мала запатрабаваныя, у выдавецтвах з іх распаўсюджваннем заўсёды ўзнікаюць праблемы. Таму і даводзіцца некаторым аўтарам чакаць выхаду сваёй кнігі шмат гадоў. Валодзя, на жаль, яе так і не дачакаўся. Ён памёр заўчасна 23 студзеня 2010 года.

Зборнік вершаў «Кудмень» выходзіць ужо без яго, але ў тым выглядзе, у якім ён мог пабачыць свет пры жыцці аўтара. Таму яе ні ў якім разе нельга ўспрымаць як лебядзіную песню паэта. Да гэтай кнігі трэба ставіцца як да чарговага зборніка, бо пасля «Кудменя» У.Маруком было напісана нямала новых вершаў, аб чым, у прыватнасці, засведчылі ягоныя прыжыццёвыя падборкі ў штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», часопісах «Полымя», «Маладосць», а ў перакладзе на рускую мову — у «Нёмане». Дый пасмяротныя публікацыі шмат у якіх выданнях таксама гавораць на карысць таго, наколькі гэта быў цікавы, самабытны паэт. He проста таленавіты, а надзіва патрабавальны да слова.

У падобным стаўленні да пісьменніцкай працы У.Марук быў блізкі Алесю Пісьмянкову. Яны не проста былі добрымі сябрамі, іх аб'ядноўвала яшчэ і жаданне брацца за пяро толькі тады, калі ў гэтым узнікае ўнутраная паірэба. Іхнія душы працівіліся вершам «прахадным», творам-аднадзёнкам. Нават тое, што магло б выліцца ў цікавыя творы, нярэдка заставалася толькі ў накідах, зробленых для сябе, без разліку на тое, каб з цягам часу гэта абнародаваць.

Дарэчы, сярод твораў, што пісаліся яшчэ да «Кудменя», у паэта ёсць верш, які так і на зываецца «Недапісаныя вершы». Аб высокім мастацкім узроўні гэтага верша сведчыць тое, што ён уключаны ў трохтомную «Анталогію беларускай паэзіі». Так і хочацца прыгадаць колькі строф:
Вы не далі зняверыцца ў жыцці.
Я так хацеў, каб вы былі са мною
Вялікай, неадольнаю сцяною,
Што нельга, смерць мінуўшы, перайсці.

Я вашыя вяршыні не чытаў,
За вашы мне не сорамна вяршыні,
Як небу за высокі колер сіні,
Якога аніхто не патаптаў.

А мукі вашы я не разумеў,
Пакуль ад вас не дачакаўся болю,
Вы ціхенька прасіліся на волю,
А я на волю адпускаць не ўмеў.
Гэтыя, кажучы словамі самога У.Марука, «недапісаныя вершы» не толькі не далі яму «зняверыцца ў жыцці», яны (а гэта становіцца відавочным, калі знаёмішся з кнігай «Кудмень») падштурхнулі яго да напісання іншых вершаў, для з'яўлення якіх неабходны пэўны імпульс, а ён магчымы пры ўмове нечаканага ўнутранага зруху, які ёсць, відаць, вынікам чагосьці нерэалізаванага. Натхненне, што пры гэтым узнікла, спрыяе нараджэнню новых задум. Яны ж, як і трэба чакаць, у асноўным тычацца таго, што найбольш характэрна для ўласна аўтарскай манеры.

Таму невыпадкова ў «Кудмені», як і ў папярэдніх кнігах У.Марука, так уражваюць вершы, напісаныя, здавалася б, някідкімі акварэльнымі фарбамі. Аднак гэта творы, якія ўбіраюць у сябе так шмат, што пры ўсім жаданні сваімі словамі дакладна пераказаць іх — немагчыма. Для гэтага трэба быць ПАЭТАМ. Як, скажам, у гэтым безыменным вершы, у якім адчуваеш само дыханне прыроды: «Дзень як дзень. // Ды цямнець // Пачынаюць прылескі. // Сонца будняга медзь // Сыдзе ў вечара фрэскі. // Парушынкі святла // На нябёсах асядуць, // Паглядзіць з-пад крыла // Птушка з роднага краю. [...] // I дарога да воч, // Як лязом, дакранецца — // Бы апошняя ноч / / Для жыцця застаецца».

Хораша становіцца і пасля таго, як уваходзіш у «Лес» У.Марука:
Першы шлях.
I няходжаны Млечны.
Прыпыніліся ў лесе шляхі.
Гэты лес —
недасяжны, як вечнасць.
Гэты пень —
абуральна глухі.
Паэта няма, але яго жыццё працягваецца. Дзякуючы і гэтай кнізе, якая, несумненна, знойдзе свайго ўдзячнага чытача. Увайшоўшы ў свет вобразаў У.Марука, спасцігнуўшы ягоную паэтычную прастору, чытач відавочна, па-новаму ўспрыме некаторыя творы: не так, як бы зрабіў гэта пры жыцці аўтара. Іначай і быць не можа, бо цяпер, на той адлегласці, што аддзяляе нас ад напісання іх, а ў большай ступені адлегласці, што падзяляе нас і яго, які ўжо адышоў у вечнасць, спасцігнуў сэнс яе, — у большай ступені, чым гэта рабіў бы раней, успрымаеш тое, што патрапляе пад вызначэнне падтэкст. Больш за тое, спакваля пачынае высвятляцца і такое, што, магчыма, іншым разам і не заўважылася б. Прынамсі, на такія думкі наводзіць верш «***Самоты краскаю гаркаваю...», які, безумоўна, у гэтай кніжцы адзін з лепшых:
Самоты краскаю гаркаваю
Кранецца скроні чысціня.
А гэта ж я над светам плаваю,
Мінаю кветнік і вішняк

Над непагодліваю плютаю.
Зусім забыўшыся на скон,
Я над людскім здзіўленнем лютую,
Як нескланяны людствам склон.

Ды, бы знямоглы, раптам падаю
У чыюсьці мяккую далонь.
I нейчы дух самотны радую,
Што і ў мяне ўдыхнуў агонь.
Так шмат у гэтых радках той адкрытасці, якая набывае сваю сапраўдную існасць менавіта з агледзін сённяшняга дня. Адчуваецца і пэўная непрыкаянасць, як было сказана пры жыцці паэта, ягонага лірычнага героя, а цяпер жа без сумнення можна сцвярджаць, што «нескланяны людствам склон» — ён і толькі ён сам. Таму ад знямогі «падае ў чыюсьці мяккую ладонь» ніякі і не лірычны герой, а чалавек канкрэтны, рэальны — У.Марук, якому заўсёды так хацелася спагады, цеплыні, якой, на жаль, не заўсёды стае ў гэтым тлумным і несправядлівым свеце. Асабліва тады, калі ты не такі, як іншыя. А У.Марук і быў не такім, як пераважная большасць з нас, простых смяротных.

Ён быў паэтам. Паэтам, якому да ўсяго іншага, прагнецца абсалютнай чысціні. Калі ж чагосьці асабліва хацець, то яно абавязкова збываецца. Таму і нават «Самоты краскаю гаркаваю // Кранецца скроні чысціня».

Ён і жыў гэтай прагай чысціні да самага апошняга дня. Дый адышоў у лепшы свет зімовай парой, якую вельмі любіў. Сведчаннем таму і некалькі вершаў пра зіму, што таксама ўвайшлі ў «Кудмень». З іх найбольш уражвае «Першы снег».

У дзень пахавання паэта зранку прайшоў ужо далёка не першы снег, а к сярэдзіне дня стала сонечна-сонечна і прыціснуў даволі моцны мароз. Ды і ветрана было. Аднак тым, хто добра ведаў творчасць У.Марука, прыгадваліся радкі менавіта з верша «Першы снег». Бо яны не толькі пра першы снег:
Падае,
быццам лёс,
Што нечаканы самы...
Ды ягоных нябёс
He дастанеш вачамі.
Дзесьці ў гэтых высокіх-высокіх, а таму і далёкіх-далёкіх нябёсах, лунае цяпер душа У.Марука. Сам жа паэт па-ранейшаму з намі. Дзякуючы і гэтай кніжцы. На жаль, у жыцці ягоны кудмень аказаўся не такім і ўсясільным. He засцярог яго ад заўчаснай смерці. Затое, я веру, гэты амулет у яго даўняй беларускай назве стане для чытача, чуйнага да сапраўднай паэзіі, абярогам ад бездухоўнасці, амаральнасці — усяго таго, з чым змагаўся сваім словам У.Марук.

У добры шлях «Кудмень».
Катэгорыя: Іншае | Дабавіў: admin (22.02.2012) | Аўтар: Алесь МАРЦІНОВІЧ
Праглядаў: 2833 | Тэгі: Уладзімір Марук, Алесь Марціновіч | Рэйтынг: 5.0/3
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 38
Гасцей: 38
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.