Пятніца, 19.04.2024, 21:38

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Іншае

Зямное і вечнае (частка першая)
Хто няблага знаёмы з гісторыяй, бадай, ведае, што ў 20—30-я гады мінулага стагоддзя ў Савецкім Саюзе любілі прысвойваць вуліцам імёны знакамітых людзей, а некаторыя партыйныя дзеячы нават мелі гонар «атрымаць» уласныя гарады. Перападала пры гэтым сяму-таму і з вядомых пісьменнікаў. Праўда, ніводзін з іх на горад пры жыцці «замахнуцца» не мог, а «ўласную» вуліцу — калі ласка. Зразумела, пры ўмове, што ён верна служыць партыі.

Тыя часы даўно мінулі і сёння імянныя вуліцы з’яўляюцца вельмі рэдка, і толькі пасля таго, як той, памяць аб кім вырашылі ўшанаваць такім чынам, пайшоў у вечнасць. Аднак нездарма кажуць: няма правіла без выключэння. Што гэта і сапраўды так, я лішні раз упэўніўся, калі ў самым канцы жніўня 1996 года завітаў на Ганцаўшчыну.

Нагода была такая, што адмаўляцца не хацелася. Землякі Віктара Гардзея вырашылі адзначыць ягоны паўвекавы юбілей. Праўда, нарадзіўся Віктар Канстанцінавіч Гардзей 19 жніўня 1946 года, ды ў яго ў роднай вёсцы Малыя Круговічы разважылі інакш: калі святкаванне юбілею перанесці крыху пазней, то тым самым вучні, якія прыйдуць на ўрачыстасць, змогуць не толькі сустрэцца з выдатным пісьменнікам, але адначасова атрымаюць мажлівасць як бы папрысутнічаць на ўроку ведаў, уроку роднай літаратуры.

Так і сталася. На маляўнічую паляну завітала ці не ўся вёска. Былі, як кажуць, і старыя, і малыя. Ішлі як на сапраўднае свята. І не толькі на літаратурнае, а, як неўзабаве высветлілася, і на свята саміх Малых Круговічаў, прымеркаванае да паўвекавых народзінаў знакамітага земляка. Як і мае быць, гучалі вершы і песні, чуліся пажаданні юбіляру. Усё гэта не магло не радаваць. Аднак тым сонечным днём у Малых Круговічах адбылося і тое, чаго на сённяшні дзень болей нідзе на Беларусі не напаткаеш. Землякі Віктара Канстанцінавіча зрабілі яму прыемны сюрпрыз.

Яны загадзя пахадайнічалі перад мясцовымі ўладамі і Ганцавіцкі раённы выканаўчы камітэт пастанавіў: прысвоіць вуліцы ў Малых Круговічах, на якой прайшло маленства В.Гардзея, ягонае імя. Вуліца гэтая, дарэчы — немалая. Яна цягнецца прыкладна на кіламетр з гакам. На жаль, ад падворка, дзе гадаваўся Віктар Гардзей, застаўся толькі старэнькі сад, а яшчэ колькі магутных вязаў, якія ў свой час пасадзіў ягоны дзед. Ва ўнука ж, як вядома, свой сад — літаратурны, карані якога на зямлі маленства, на Палессі.

Згадваецца верш, што адкрывае ягоную кнігу паэзіі «Дзікая пчала» (1994):
На Палессі матчынае мовы
Ёсць яшчэ жывыя астравы,
Дзе гаркоту здыме пах мядовы
І суцешыць пошум баравы.
Канечне, найперш пра мову маці, бацькі піша паэт. Ды не толькі. Яшчэ і пра тую нерушавасць, якую сёння можна напаткаць хіба ў глыбінцы, далей ад тлуму гарадскога, бліжэй да прыроды, на самым улонні яе:
Зарыкае поплаў вечаровы,
І сціхае бор, пакуль жывы,
І, як птушкі, прылятаюць словы
На свае лясныя астравы.
Сярод гэтых «жывых астравоў» і прайшло маленства, а таксама юнацтва В.Гардзея. Скончыў Круговіцкую сярэднюю школу, нейкі год працаваў у калгасе, а пасля, таксама год, быў літаратурным супрацоўнікам ляхавіцкай раённай газеты «Будаўнік камунізму», а з 1966 года звязаў свой лёс з ганцавіцкай раённай газетай «Савецкае Палессе» — загадчык аддзела пісем, адказны сакратар, намеснік рэдактара. Прайшоў журналісцкую школу ў цудоўнага чалавека і журналіста Васіля Праскурава, каб у 1983 годзе перабрацца ў Мінск. Працаваў у рэдакцыях часопісаў «Беларусь», «Родная прырода», «Маладосць», «Вожык», а цяпер — у выдавецтве «Мастацкая літаратура».

Хораша раскрыўся ягоны талент у журналістыцы. Адбылося гэта не без уплыву В.Праскурава, які і сам часта выступаў у друку (і не толькі ў раённым, а і ў абласным, рэспубліканскім) з цікавымі нарысамі, праблемнымі артыкуламі. Шмат значыла і тая па-сапраўднаму творчая атмасфера, што панавала ў «Савецкім Палессі». Таксама дзякуючы Васілю Фёдаравічу, які заўсёды ўмеў і жадаў падтрымліваць маладыя таленты. Таму і сталася так, што ў рэдакцыі раённай газеты былі багатыя творчыя традыцыі, у тым ліку і літаратурныя. У ёй у свой час працавалі паэты Міхась Рудкоўскі, Іван Кірэйчык, друкавалі першыя творы Мікола Антаноўскі, Алесь Каско, Уладзімір Марук, Мікола Купрэеў...

Аднак сваё сапраўднае прызванне В.Гардзей знайшоў у літаратуры. Талент ягоны — шматгранны. І не толькі ў тым сэнсе, што яму ўласціва пачуццё тонкага гумару, досціпу, дый сатыры ён не цураецца, а таксама з поспехам піша для дзяцей, аб чым засведчылі яго зборнікі вершаў «Чырвоны грабеньчык» (1976), «На арэхавай палянцы» (1982), «Коцікі на вярбе» (1988), «Мой тата — трактарыст» (1989), «Зай, які лічыў варон» (1992), «Зайкава балалайка» (1998).

Вельмі важкія ягоныя набыткі ў галіне прозы (дарэчы, упершыню ў рэспубліканскім друку выступіў акурат з апавяданнем «Памылка», якое газета «Піянер Беларусі» апублікавала 1 лістапада 1963 года). У прозе В.Гардзея асабліва моцныя аўтабіяграфічныя моманты, а калі глядзець шырэй, дык нельга не вітаць нязменнае жаданне пісьменніка расказваць пра людзей, якія жывуць у родных яму мясцінах. Аб гэтым яскрава засведчыла яшчэ аповесць «Дом з блакітнымі аканіцамі», што дала назву першай кнізе прозы В.Гардзея (1984). Затым была кніга «Карані вечнага дрэва» (1988), цэнтральнае месца ў ёй заняла аповесць «Жыта ганьбу не заслоніць» з жыцця пасляваеннай заходнебеларускай вёскі. Гэтаксама прыхільна як чытачамі, так і крытыкай была сустрэта трылогія «Аселіца Чорнага мора» (2001) і раман «Бедна басота» (2003). За кнігу прозы «Уратуй ад нячыстага» (1992) яму ў 1993 годзе прысвоена Літаратурная прэмія імя Івана Мележа.

Віктар Гардзей, Дом з блакітнымі аканіцамі
Вокладка кнігі "Дом з блакітнымі аканіцамі"

Пры гэтым увесь час Віктар Гардзей не развітваўся з паэзіяй. Важна тое, што падобныя «перабежкі» з жанру ў жанр ніколькі не сказаліся на якасці напісанага. Як у звыклым ужо для яго жанры паэзіі, так і ў новым — прозы. Факт больш чым красамоўны: калі ў свой час машыністка ў рэдакцыі часопіса «Маладосць» перадрукоўвала аповесць «Дом з блакітнымі аканіцамі», твор гэты ёй настолькі спадабаўся, што яна адмовілася браць грошы за перадрукоўку. А што такое сапраўдная літаратура, яна добра ведала, бо, калі можна так сказаць, праз яе рукі праходзілі творы Васіля Быкава, Івана Шамякіна і іншых знакамітых пісьменнікаў.

Аповесць жа «Жыта ганьбу не заслоніць», так званая «бягучая крытыка», якая на той час не надта спяшалася з ацэнкамі (што ўжо на гэты конт казаць сёння), прыкмеціла адразу. Акадэмічна строгі і патрабавальны Павел Дзюбайла, згадваючы набыткі 1987 празаічнага года, так сказаў пра гэты твор: «Магчыма, аповесць выйшла трохі сентыментальнай, але яна добра перадае атмасферу пасляваеннага часу, выяўляе здаровыя народныя асновы жыцця, высокія духоўныя маральныя пачаткі» («У пошуках героя», «Полымя», 1988, № 6). Станоўча ацаніў тое, што з’явілася з-пад пяра пісьменніка, і Генадзь Шупенька, якога ў паблажлівасці ў ацэнках таксама нельга было абвінаваціць: «Калі надарыцца нагода, паспрабую падзяліцца з чытачом радасцю чытання і гэтай аповесці («Крылаты конь» К. Каліны. — А. М.), і аповесці В.Гардзея «Жыта ганьбу не заслоніць» («Маладосць», 1987, № 7), прозу якога даўно магла б заўважыць наша не надта зацікаўленая той прастатою, за якой высокія праявы духу свайго народа, наша маладая крытыка. Не трэба баяцца такой сентыментальнасці, якая ёсць у такіх аповесцях. Куды больш выпадае нам быць сентыментальнымі, чым раўндушна-мудрымі» («Шукаць і знаходзіць», тамсама).

Віктар Гардзей, Карані вечнага дрэва
Вокладка кнігі "Карані вечнага дрэва"

Віктар Гардзей, расказваючы пра першыя пасляваенныя гады (якія цяжкія, галодныя яны былі, мы добра ведаем са шматлікіх мастацкіх твораў), не толькі паказвае ўвесь той боль, быццам скандэнсаваны ў лёсах жанчын, якія засталіся без мужоў, у іх дзецях — падранках вайны, у нямоглых мужчынах, якіх гэтая вайна «пашкадавала», а і выяўляе здольнасць «паэтызаваць працоўнае народнае жыццё» (П.Дзюбайла). Апошняе, бадай, цяжэй. Калі, зразумела, ісці не па шляху ідэалізацыі таго, што адбывалася (да чаго падобная ідэалізацыя можа прывесці, калі пісьменнік страчвае пачуццё меры, шмат гавораць бесканфліктныя творы канца саракавых — пачатку пяцідзесятых гадоў мінулага стагоддзя, якія на ўсенароднай нішчымніцы давалі свае буйныя паразітычныя парасткі), а глыбока пранікаць у сутнасць з’яў і падзей, уважліва прыглядацца да самога чалавека.

Не збіраюся высвятляць, на якой хвалі (другой, трэцяй?) нашай прозы аб пасляваенных бядотах (такой цаной заплацілі за разгром фашызму!) і радасцях (нягледзячы ні на што выжылі, выстаялі, засталіся людзьмі!), узнікла гэтая аповесць, але з’яўленне яе ў творчасці В.Гардзея — заканамерна. Ужо ў аповесці «Дом з блакітнымі аканіцамі» ён звярнуўся да гэтага перыяду, што таксама стаў для народа выпрабавальным, бо выстаяць ва ўмовах пасляваеннага голаду было гэтаксама няпроста, як і ў час акупацыі.

У аповесці «Жыта ганьбу не заслоніць» удала паяднаны між сабой два пачаткі ў творчасці В.Гардзея — цвяроза-рэалістычны і паэтычна-ўзвышаны. З першым звязаны вобраз Сямёна Барабана. Далёка не ардынарны характар гэтага, па ўсім відаць, моцнага чалавека, але трываласць глебы, на якой стаіць Барабан, усё ж хісткая. Як ні імкнецца ён паказваць і даказваць, што таксама змагаўся з ворагам, супраць праўды-маткі не пойдзеш. Самы суровы маральны суддзя яму — Насця Санцэвіч. Пакуль што суддзя маральны, а далей хто яго ведае, як будзе, бо Насця ўсё больш пераконваецца, што ў смерці зацкаванага фашысцкай аўчаркай яе мужа Сямёна вінаваты Барабан. Гэта ён падказаў, што Сямён ноччу наведаўся ў родную хату: «Сямён павінен быў расстраляць Барабана, свайго суседа, павінен быў звесці са свету гэтага шкурніка, гэтага ашуканца і злыдня. Кару Барабан заслужыў справядлівую. Даўшы міну, яго паслалі ў Ганцавічы ўзарваць вадакачку, але палахлівец збаяўся смерці і не вярнуўся ў атрад. Насустрач марознай ночы, цераз халепу і завіруху Сямён ішоў у Загор’е, каб выканаць загад свайго камандзіра».

Твор напісаны ў рэчышчы маральных пошукаў прозы тагачасных саракагадовых, героі апавяданняў, аповесцей якіх вершаць суровы суд над мінулым, памятаючы, што злачынства, якім бы завуаляваным яно ні было, не падлягае з-за даўнасці забыццю. Сітуацыя з Барабанам у нечым блізкая, у прыватнасці, той, што пакладзена ў аснову аповесці Яўгена Лецкі «Па цаліку». Галоўны герой яе таксама мяркуе, што ў гады вайны іх сусед Яцына зрабіў злачынства. Праўда, у аповесці «Па цаліку» маральны суд Васіля Травеня — гэта суд пасляваеннага пакалення, да якога і належыць герой Я.Лецкі. У В.Гардзея ж галоўны «абвінаваўца» — Насця, яна сама перажыла ваеннае ліхалецце, на ўласнай скуры адчула, што такое фашызм.

Тым не менш ёсць падставы ставіць гэтыя творы поруч. Ёсць яшчэ на зямлі падобныя барабаны, яцыны! Ды паспрабуй, дакажы, што яны — злачынцы. Сведкаў гэтых злачынстваў, як правіла, няма. Сведкаў няма, але звярынае нутро не схаваеш. Той жа Барабан квапіцца на палянку мурожнай травы, нагледжанай Насцяй у лесе. Не ўтрымліваецца і жонка Барабана, каб у награбленых у гады вайны мужам строях паказацца на базары ў мястэчку. Адна жанчына пазнала сваю, «у чырвоныя кветкі, штапельную сукенку». I вось ужо Барабаніха ў сарочцы ўцякае праз жыта. Ды бачыць яе Насця, бачыць, бо жыта не засланіла чужой ганьбы.

Менавіта праз вобраз жыта знаходзіць у аповесці сваё развіццё і ўвасабленне другі пачатак у творчасці В.Гардзея — паэтычна-ўзвышаны. Жыта — і ўвасабленне неўміручасці, несупыннасці, бясконцасці жыцця, і пацвярджэнне таму, што жыццё гэтае, якое перамагло ўжо фашысцкую навалу, смерць — пераможа і нішчымніцу. З першых жа старонак твора быццам удыхаеш пах калосся, што наліваецца, убіраючы ў сябе сам водар зямлі, ды і прадчуванне змен, якія неўзабаве прыйдуць на палескую зямлю.

«Жыта красавала, і цёплы, лагодны ветрык абтрэсваў з малочных яшчэ каласкоў жоўты, ледзь прыкметны пылок. Свяціла пякучае, шчодрае сонца, над полем заліваўся сярэбраным званочкам жаўрук, а збажына святкавала дзень свайго цвіцення. Збажыне было цесна ў быльнікавых межах, і яна, мабыць, прадчувала, што восенню сюды прыйдзе пашарпаны, латаны-пералатаны эмтээсаўскі «націк» і разарэ, нашчэнт зруйнуе старыя межы».

Жыта вечнае, як і ўсё прыгожае, светлае, узвышанае, што заўсёды было, ёсць і будзе ў жыцці. Паэтызуючы народнае жыццё, В.Гардзей не хавае свайго захаплення народнымі традыцыямі і звычаямі, надзіва хораша расказваючы пра Купалле. Насця прытрымліваецца завядзёнкі, што ідзе яшчэ ад дзядоў, — «перад Купаллем закідваць на стрэхі кветку сону, каб, крый божа, які нячысцік не прыблытаўся да двара». Аўтар перадае вечнасць і адначасова таямнічасць, загадкавасць таго моманту, калі вось-вось пачнецца жніво. I радасць дажынак, калі чалавек можа парадавацца плёну рупнасці сваіх рук.

Немалаважна і тое, як В.Гардзей непаўторна «адухаўляе прыроду, якая жыве адзіным жыццём з добрымі людзьмі» (П.Дзюбайла). Тут пісьменнік ідзе ад фальклорных традыцый, узнаўляючы, узнімаючы такія пласты народнага побыту, што сведчаць у карысць спрадвечнага творчага пачатку ў працы нашых продкаў. Дарэчы, тая ж Насця Санцэвіч — само ўвасабленне трываласці маральных устояў народа, грамадства.

Ды была спакуса закруціць славуты любоўны трохкутнік. Дзіва што! Трыццаціпяцігадовая жанчына засталася адна, а тут яшчэ сяброўка паехала ў далёкі Беламорск да дачкі, папрасіўшы дапамагаць па гаспадарцы мужу. Тым больш, што Хвядос Макаед не супраць кінуць вока на адзінокую Насцю. Але пісьменнік «не патурае» чытачу, не ператварае твор у нешта «інтымна-займальнае». Праўда, гэта не значыць, што Насця Санцэвіч паўстае гэткім плакатна-лозунгавым увасабленнем самой дабрачыннасці. Проста яна — з людзей, якія не разменьваюцца ў пачуццях, і тым яшчэ больш духоўна прыгожая.

Пра кожнага са сваіх герояў В.Гардзей расказвае з той пяшчотай і замілаваннем, у якіх сапраўды ёсць нешта чулліва-пранізлівае. Ды — паўтару яшчэ раз услед за Г.Шупенькам — «не трэба нам баяцца такой сентыментальнасці». За ёй — не аўтарская «слязлівасць», не меладраматызм, а само жыццё, якое так доўга выпрабоўвала людзей.

Паэзіяй паўсядзённасці, якая, аднак, не супрацьстаіць суровай прозе жыцця, напоўнены і апавяданні з гэтай кнігі — «Кармакухня», «Наводшыбе», «Старыя жорны» і іншыя. Творы гэтыя ў пэўнай меры — і гэта не папрок аўтару — свайго роду «бывальшчыны». У героях іх Сямёну Гайцюкевічу, Алесю Жывуцкаму, Мікалаю Жыбуртовічу, Карпею, Алёне некаторыя землякі пісьменніка, відаць, пазнаюць саміх сябе. Невыпадкова ў большасці апавяданняў называецца вёска Малое Сяло, блізкая па сваёй назве родным В.Гардзею Малым Круговічам.

Але справа, канечне, не ў гэтай блізкасці да дакументальнай асновы. Прываблівае здольнасць аўтара маляваць — скажу, карыстаючыся тэатральнай тэрміналогіяй, — персанажаў характарных. Знешне непрыкметныя, часам нават нейкія дзіўнаватыя (той жа Славік Амельяновіч з апавядання «Славік на каламажцы», па сутнасці, родны брат так званых дзівакоў Васілія Шукшына, Андрэя Мрыя, Янкі Брыля, Аляксея Дударава), яны ўсё ж — асобы, яркія індывідуальнасці. Іншая справа, у якім напрамку гэтая індывідуальнасць развіваецца, як чалавек выкарыстоўвае свае здольнасці і да чаго ўсё гэта прыводзіць. Вонкавая бязвольнасць падобных людзей падманлівая. Прыйдзе час, і яны не толькі змогуць пастаяць за сябе, але і дакажуць, што не лыкам шытыя.

У аповесці ў меншай ступені, у апавяданнях — у значна большай В.Гардзей раскрываецца і як гумарыст, незласліва, але разам з тым тонка прыкмячаючы ў характарах асобных сваіх герояў тыя «іскрынкі-смяшынкі», якія і ім самім спакойна жыць перашкаджаюць ды і іншых прымушаюць глядзець на такіх людзей з пэўнай аглядкай. Вось, скажам, калгасны паплаўнічы Халецкі з апавядання «Сельскі карэспандэнт Саўка Халецкі». Ён «сельскім карэспандэнтам стаў пры дзіўных абставінах» і не па сваёй волі. Пажартаваў малалетні Пецька Дрозд, паслаўшы ў раённую газету допіс пад чужым прозвішчам. Спачатку Халецкі збіраўся хлопчыка паўшчуваць, але, заўважыўшы, з якой павагай, а то і са страхам — карэспандэнцыя была крытычная — ставяцца да яго аднавяскоўцы, пачаў бязлітасна «эксплуатаваць» Пецьку, прымушаючы пісаць усе новыя і новыя матэрыялы.

Гумар гумарам, але ў апавяданні закранаецца даволі сур’ёзная праблема. Часта бывае так, што чалавек, зусім і неблагі, займеўшы хоць маленькую ўладу над людзьмі, атрымлівае ад гэтага сапраўдную асалоду, хоча, каб так было заўсёды.

Без перабольшання з’явай у нашай літаратуры, у тым ліку літаратуры, адрасаванай сярэдняму і старэйшаму школьнаму ўзросту, стала трылогія «Аселіца ў басейне Чорнага мора», што складаецца з аповесцей «Ці то грэбля, ці то гаць», «Блаславёныя зёлкі» і «Дабравест ад Збавіцеля». Галоўным героем яе з’яўляецца абарыген палескіх ваколіц, як называе яго аўтар, хлапчук Васька Аліфер, якога ўсе ў яго роднай вёсцы Малое Сяло клічуць Вінаградавым. А далі падобную мянушку таму, што ўсім добра запомніўся адзін з мясцовых начальнікаў, чыё прозвішча ў сапраўднасці было Вінаградаў. Той Вінаградаў многім даўся ў знакі, калі любіў паказаць і даказаць, якая ён улада. А Васька?

Віктар Гардзей, Аселіца ў басейне Чорнага мора
Вокладка кнігі "Аселіца ў басейне Чорнага мора"

Вінаградаў хоць і малалетак, але шмат у чым і з дарослымі можа паспрачацца: і ў кемлівасці, і ў дасціпнасці, і ў развагах, што робіць Ваську не па гадах сур’ёзным. А яшчэ ён любіць пажартаваць, калі ж трэба, дык і пакпіць, не зважаючы на тое, з кім уступае ў кантакт ці спрэчку. I самастойны, як ніхто з хлапчукоў у Малым Сяле ды і навакольных вёсках. Адным словам, блазан... Дарэчы, і сам пісьменнік не-не дый назаве так свайго Вінаградава, якога, як відаць з аповесцей, любіць і, расказваючы пра якога, вяртаецца ў гады свайго маленства.

У аповесцях аўтабіяграфічныя моманты відочныя. I не толькі ў абмалёўцы вобраза галоўнага персанажа, а і ў перадачы рэалій пасляваеннай вёскі, у паказе тых, хто жыў тады, працягваючы ў беднасці сваю нялёгкую сялянскую працу. I пра пэўную дакументальнасць, у рэшце рэшт, можна даведацца з уступу «Зямля, дзе баліць душа», і з эпілога, які мае назву, у многім блізкую да папярэдняй — «Зямля, дзе плача сэрца». Разам з тым у іх адчувальная і канкрэтызацыя зместу. Гэта пакутна, калі кволіцца душа, але больш нясцерпна ад болю сэрца. А сэрца баліць не з-за незваротнасці таго, што прайшло (у дадзеным выпадку гэта кожнаму зразумелы боль душы); яго боль — і ад усведамлення абыякавасці да зямлі, да памяці, якія спадарожнічаюць ужо не аднаму пакаленню. Не абмінулі яны і пакаленне таго ж Ваські Аліфера.

Таму і прыгадвае В.Гардзей пражытае і перажытае, каб даць на ўсё свой адказ. Таму і ўспамінае землякоў: «Яны, жыхары яшчэ мнагалюднай пасляваеннай вёскі, адзін за адным узнікаюць перад маімі вачыма: бабка Марка і дзед Сцяпан, ляснік Уладзя Падгайскі і брыгадзір Людвік, цясляр Гаўрыла Трафімчык і дасціпны жартаўнік Баразна, славуты пячнік Каца і не менш знакаміты дудар Мацвей». А згадваючы іх, спрабуе правесці своеасаблівую мяжу паміж тым, што было ў сапраўднасці, і тым, што народжана фантазіяй. Спрабуе і адчувае, што гэта не так — і атрымліваецца: «Я гляджу на іх з далячыняў часу, успамінаю іхнія абліччы, галасы, звычкі і не магу зразумець, хто з герояў твора на самай справе жыў калісьці ў Малым Сяле, а хто прыдуманы мною? Вядома, ёсць і такія персанажы, якія ў рэальным жыцці не мелі прататыпаў, дык няхай тыя людзі даруюць мне за свае зборныя вобразы і некаторую вольнасць у абыходжанні з іхнімі імёнамі і прозвішчамі».

Ёсць эпізод, які дае шмат для разумення той глыбіннай сутнасці, што закладзена аўтарам у трылогію. Гэта згадкі пра «замшэлы, аброслы сухім лішайнікам, напалову апушчаны ў зямлю» валун, які ляжаў «наводшыбе Малога Сяла, акурат паблізу сядзібы старога Мацвея, працавітага ратая і славутага вясковага дудара». Адметным быў камень: «На ім выразна бачыліся адбіткі слядоў — чалавека і розных жывёлін. Невялікае паглыбленне дакладна перадавала контуры жаночай ступні — прадаўгаватай, з высокім пад’ёмам, зусім побач прытуліўся маленькі дзіцячы слядок, такія ўлетку часта бачыш на пяску. Далей у кружок рассыпаліся адбіткі слядоў жывёлы: выцягнуты, нібы падкова, авал — каровін след, дзве ямчынкі — авечыя капыткі, а потым было і не вызначыць каму, якой істоце належыць дзіўная мазаіка выбітых у граніце слядоў».

Наконт паходжання загадкавага валуна бытавала ў Малым Сяле легенда: «Быццам бы даўным-даўно... жыў адзінокі пастух Андрэй — добры, чуллівы, але надта даверлівы, і ягонай душою падманам завалодаў нячысцік, зрабіўшы ўсё, каб ад беднага пастуха адступіўся анёл-ахоўнік. Аднойчы гарачым летам, пасля страшэннай навальніцы, у абед гаспадыні не дачакаліся з пашы сваіх кароў, прапаў і сам пастух, а калі Андрэя пачалі шукаць, то на поплаве, дзе пазней забудаваўся Мацвей-дудар, убачылі невядомы дасюль камень, а на ім — загадкавыя, таямнічыя сляды розных жывых істот. З таго часу валун пачалі называць па імені пастуха, які, працяты маланкай, ператварыўся ў абломак шэрага граніту».

Вобраз Ваські Аліфера становіцца ў трылогіі (асабліва ў заключнай аповесці «Дабравест ад Збавіцеля») звяном, якое лучыць учарашняе з сённяшнім. I калі ёсць яшчэ нешта чыстае, святое на зямлі, дык, несумненна, цікаўны хлапчук. Канечне, Вінаградаў далёка не анёл, шмат у яго паводзінах «грэшнага», ды гэта толькі выдаткі ўзросту. А яшчэ таго, што змалку ён прадастаўлены самому сабе — застаўся без бацькоў, выхоўваецца ў дзядулі з бабуляй. Тыя, вядома, як могуць клапоцяцца пра ўнука, ды Васька да многага мусіць даходзіць сам.

У гэтай аповесці, як і ў папярэдніх (ды і ўвогуле ў творчасці В.Гардзея) шмат досціпу, таго ледзь прыкметнага гумару, што ў сваёй аснове народны, а значыць — «не прыдуманы», шчыры, натуральны. Вядома ж, гэта ідзе найперш ад таленту пісьменніка, а яшчэ ад яго аптымізму, здатнасці, нягледзячы ні на што, прыкмячаць у жыцці светлае, узнёслае. Душа Вінаградава — душа рамантыка. I невыпадкова Ваську мроіцца загадкавы карабель, які кожны раз узнікае, «быц-цам лятучы прывід». I ад частага з’яўлення яго ўзрушанасці не менее. Ды і як жа інакш, калі з гэтым «паруснікам» герой пісьменніка вырываецца з шэрай і ў многім аднастайнай рэчаіснасці і можа «плысці» ў краіну сваёй мары...

Чытаць трылогію — асалода... Проза В.Гардзея не «выпакутаваная», як нярэдка надараецца ў пісьменнікаў, якія не пішуць творы, а быццам канструююць іх. Гэта тады, калі няма пра што сказаць, а сверб «тварыць» не дае спакою. У В.Гардзея ж радкі кладуцца на паперу лёгка, а таму і адпаведным чынам успрымаюцца. Мова сакавітая, вобразна насычаная, у чым адчуваецца і вопыт паэта. Таму і проза яго — найперш проза паэта. Цікаўнасць да твораў не памяншаецца, хоць і няма ў трылогіі вострых, драматычных момантаў. Ды, калі крыху разважыць, яны і не патрэбныя. Сам вобраз галоўнага героя выйгрышны, і гэтага дастаткова.

Некалі Янка Сіпакоў дакладна сказаў: «Усе мы з хат...». Гэты выраз у аповесцях В.Гардзея набывае яшчэ адно як бы матэрыялізаванае ўвасабленне. Жыццё Малога Сяла ў пасляваенны час, жыццё гарэзлівага і дасціпнага «абарыгена Вінаградава» — гэта ж, несумненна, і жыццё самой Беларусі ў вельмі важны гістарычны прамежак. Тагачасныя падзеі можна асэнсоўваць па-рознаму, тут пісьменнікам шырокае поле дзейнасці. Нехта падступіцца да іх з задумай, вартай эпічнагага твора. В.Гардзей жа пайшоў іншым шляхам, а ў выніку атрымаўся «сказ пра Вінаградава».

Пасляваенная беларуская вёска ў цэнтры і іншага твора Віктара Гардзея — рамана «Бедна басота», напісанага ў рэчышчы традыцыйнай прозы, што так вабіла Івана Мележа і іншых пісьменнікаў, якія гэтак цудоўна паказвалі народны побыт, стваралі надзіва каларытныя народныя характары. Гэткія ж характары і ў рамане В.Гардзея. Псіхалагічна-выверанымі, яркімі, па-сапраўднаму індывідуальнымі атрымаліся такія персанажы, як Ванька Зайцаў, Аляксей Хамутовіч, Фядора Чыркун, яе дачка Ядзюня і іншыя. Паўстаюць воблікі зноў жа тых самых маласельцаў — вясёлых, дасціпных, але і ў меру сур’ёзных. Тым больш, што аўтар не абыходзіць сваёй увагай і вострых пытанняў, не хавае таго, што далёка не так усё было ідылічна ў тагачасным жыцці, як не адно дзесяцігоддзе паказвала гэта афіцыйная ідэалогія.

Віктар Гардзей, Бедна басота
Вокладка кнігі "Бедна басота"

Тое самае тычыцца і аповесці «Уратуй ад нячыстага». Праўда, гэтым разам В.Гардзеем узяты іншы зрэз жыцця. Перад намі — жыццё невялікага палескага гарадка ўжо бліжэйшага да сённяшніх дзён часу. Зноў жа пісьменнік, хоць і з замілаваннем ставіцца да сваіх персанажаў, але і не праходзіць міма таго негатыўнага, сведкам чаго быў сам, калі жыў у Ганцавічах і працаваў у рэдакцыі раённай газеты. Ім нічога не прыдумана, хіба што шмат якія вобразы абагульненыя, у аснову пакладзены рысы некалькіх прататыпаў. Гэтая тая праўда жыцця, перадаць якую можа толькі пісьменнік вялікага таленту. Акурат такім пісьменнікам і з’яўляецца В.Гардзей-празаік.

Да ўсяго ён плённа працуе і ў галіне перакладу — як паэтычнага, так і празаічнага, аб чым, прынамсі, засведчыў том казак народаў Еўропы «Хрустальны калодзеж», які нядаўна перавыдадзены «Мастацкай літаратурай» у двух тамах.
Катэгорыя: Іншае | Дабавіў: admin (21.09.2011) | Аўтар: Алесь МАРЦІНОВІЧ
Праглядаў: 3815 | Тэгі: Літаратурная Ганцаўшчына, Алесь Марціновіч, Віктар Гардзей, Малыя Круговічы | Рэйтынг: 0.0/0
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 3
Гасцей: 2
Карыстальнікаў: 1

vitalis
Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.