Субота, 20.04.2024, 01:07

РУЖАНСКІ КАСЦЁЛ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ТРОЙЦЫ

Галоўная »
РУЖАНСКІ КАСЦЁЛ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ТРОЙЦЫ размяшчаецца ў цэнтры гарадскога пасёлка Ружаны Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці, на плошчы 17 Верасня. Пабудаваны ў 1615—17 гадах з цэглы па фундацыі канцлера Вялікага Княства Літоўскага Льва Сапегі і яго жонкі Аляксандры (з Тышкевічаў) для манахаў-дамініканцаў. Касцёл абкружаны мураванай агароджай з брамай.



Першапачатковы драўляны храм тут закладзены ў 1595 годзе Тышкевічамі і абсталяваны на сродкі Я.Язблавецкай. У 1768 годзе прыбудавана капліца Святога Крыжа,у 1787 годзе — капліца святой Варвары і зроблены купал над апсідай (архітэктар Я.С.Бекер). Аднаўляўся пасля пажараў 1891 і 1895 гадоў на сродкі навакольнай шляхты і субсідыі з Варшавы. На 1935 год налічвалася 1100 парафіян.


Помнік архітэктуры ранняга барока. Рэканструкцыя 1850 года надала архітэктуры касцёла рысы класіцызму. Аднанефавы аднавежавы будынак з паўцыркульнай апсідай прэсбітэрыя. Да прамавугольнага ў плане нефа з бакоў сіметрычна прылягаюць невысокія капліцы, да апсіды — такія ж па вышыні сакрысціі. Пры ўваходзе размешчана чатырох’ярусная (тры васьмярыкі на чацверыку) вежа-званіца, накрытая высокім гранёным шатром. Ярусы падзелены прафіляванымі карнізамі, аздоблены плоскімі нішамі і скразнымі арачнымі праёмамі. Сцены бакавых фасадаў рытмічна падзелены контрфорсамі, паміж якімі прарэзаны аконныя праёмы з арачным завяршэннем і люнеты. Знадворку ў нішы сцяны апсіды скульптура святога Дамініка.



Неф касцёла перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі з распалубкамі. Скляпенне і конха прэсбітэрыя ўмацаваны падпружнымі аркамі. Капліцы і сакрысціі перакрыты крыжовымі скляпеннямі. Над уваходам размешчаны хоры на драўляных крыжападобных у сячэнні слупах з разнымі фігурнымі кранштэйнамі. Мастацкае афармленне інтэр'ера храма вырашана ў стылі позняга барока і ракако. Памяшканні багата ўпрыгожаны архітэктурнай пластыкай, скульптурай і фрэскавым жывапісам, які імітуе архітэктурныя кулісы. Амбон, скляпенні і падпружныя аркі аздоблены ляпным стукавым арнаментам фларальнага характару. Прастору прэсбітэрыя замыкае чатырохкалонны галоўны алтар з раскрапаваным лучковым франтонам, які ўпрыгожвааюць скульптуры анёлаў, ляпны арнамент і герб Сапегаў. Абапал калон размешчаны драўляныя паліхромныя скульптуры святых апосталаў Пятра і Паўла. Бакавыя алтары выкананы ў выглядзе класічных порцікаў са скульптурамі Ісуса і Марыі. Прэсбітэрый ад нефа аддзяляе каваная рашотка 18 стагоддзя, кампазіцыя якой складаецца з акантавых звіваў, валют, кветак і манаграмы фундатара касцёла. Стукавая і драўляная скульптура галоўнага алтара і бакавых капліц работы скульптараў І.Прукнера (1789), М. і К.Роўбаў. Алтарны абраз «Святы Казімір», габеленавыя і шаўковыя арнаты, кандэлябры выкананы ў 18 стагоддзі. Над уваходамі ў сакрысціі, аформленымі класічнымі парталамі, учынены драўляныя ложы ў стылі ракако, на хорах устаноўлены арган 18 стагоддзя барочна-ракайльнай стылёвай трактоўкі.

Крыніца: Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін;
фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл.

Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1389]
Здарэнні [464]
Грамадства [468]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 2
Гасцей: 2
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.