Чацвер, 25.04.2024, 19:58

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Анатоль Трафімчык

“Беларуская песня пра Касцюшку” як гістарычны і культурны феномен
Тадэуш КасцюшкаУ беларускай літаратуры не існуе, так бы мовіць, "кашцюшкіяны", хаця напачатку такія тэндэнцыі назіраліся. Яшчэ пры жыцці героя ўзнікалі і працяглы час бытавалі ў народным асяродку песні, звязаныя з імем Тэдэвуша Касцюшкі.

Беларусы шанавалі памяць пра Тадэвуша Касцюшку. У легендах, паданнях, песнях захоўвалі яны светлы ўспамін пра свайго земляка-заступніка: "Касьцюшка зваяваў бы сьвет цэлы, каб паны яго слухаць хацелі, але паны, як паны: гулялі, банкетавалі, Касьцюшкі не слухалі, затым і Польшча прапала". "Кажуць, што ў Касьцюшкі то быў такі плашч, што кулі яго не прабівалі: аднаго разу маскалі на яго зьнячэўку напалі, так ён не пасьпеў таго плашча злажыць, так яго чыста пасеклі і забралі". Народам падкрэсліваецца мудрасць і патрыятызм легендарнай асобы: так, калі Павел І умоваю вызвалення Т.Касцюшкі паставіў прынясенне прысягі яму на вернасць, апошні, папрасіўшы часу падумаць, звярнуўся да сяброў на волі, каб прывезлі яму зямлі з Радзімы, якую ён таемна засыпаў у свае боты, надзеў іх і, прыклаўшы руку да сэрца, сказаў: "Клянуся быць да смерці верным той зямлі, на якой стаю", пасля чаго Павел І так расчуліўся, што не толькі вызваліў Т.Касцюшку з няволі, але вярнуў яму яго баявую шаблю, падарыў паліто са свайго пляча і дазволіў выехаць з Расіі, а таксама вызваліў і вярнуў з высылкі ў Сібір многіх яго сяброў.

Нягледзячы на вузкую сацыяльную базу ваенных канфліктаў часоў падзелу Рэчы Паспалітай, што не спрыяла ўдзелу ў іх шырокіх сялянскіх масаў, у іх асяродку тым не менш Касцюшка дзякуючы асабістым якасцям змог прабудзіць давер і гарачую сімпатыю да сябе, якая дарастала да культу, увасобіўшыся ўрэшце ў фальклорныя і аўтарскія творы. Пра гэта яшчэ ў савецкі час казаў славуты даследчык Адам Мальдзіс, звяртаючы ўвагу, што "асабліва многа ананімных вершаў распаўсюджвалася напярэдадні і ў час Чатырохгадовага і Гродзенскага сеймаў, паўстання Т.Касцюшкі".

Ліра-эпічны сказ, умоўна названы даследчыкамі "Беларускай песняй пра Касцюшку", упершыню быў запісаны і апублікаваны паралельна двума збіральнікамі фальклорнага багацця – Паўлам Шэйнам і нейкім Пламеньчыкам – ва ўсходняй частцы Беларусі ў другой палове ХІХ ст. (адпаведна пад Барысавам і Лепелем), а трохі пазней, у 1903 г. – Вячаславам Камінскім у Відзах (Браслаўшчына – Паўночная Беларусь). Гэта цікава і ў нейкім сэнсе знамянальна ўжо само па сабе, бо сведчыць пра этнічнае адзінства вялікай беларускай тэрыторыі: як бачна з песні, насельніцтва нават тых земляў, на якіх практычна не вялося ваенных дзеянняў, усведамляла падзеі паўстання як ім блізкія і ў той жа час, не зважаючы на асіміляцыйную палітыку суседзяў, ясна адрознівала сябе ад палякаў і расейцаў ("москалёў").

Тадэвуш Касцюшка


Савецкія ж выданні запісаў песень П.Шэйна, прайшоўшы цэнзурнае сіта, атрымаўшы сацыяльную структурызацыю, гэтай песні не ўтрымліваюць. Ёсць толькі зазначэнне, што салдацкія песні на Беларусі з’явіліся і развіваліся у канцы ХVІІІ – пачатку ХІХ стст. і мелі ўплыў рускіх салдацкіх песень, бо рэкруты заносілі іх у рэпертуар беларускай вёскі. Арыгінальныя салдацкія песні на тэрыторыі Беларусі, гаворыцца ў выданні "Беларускія народныя песні" 1962 г., "па ідэйнаму зместу блізкія да рускіх песень"(!). Падагнанасць пад ідэалагічныя патрабаванні бачыць братэрства усходнеславянскіх народаў відавочная: у канцы ХVІІІ ст. рэкруты не маглі заносіць сваіх песень у рэпертуар беларускай вёскі, тым больш ідэйна блізкіх да рускіх, па той простай прычыне, што першыя рэкруты родам з Беларусі ў расійскім войску з’явіліся адно па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 г.), калі на беларускіх землях была ўведзена рэкруцкая павіннасць, і вярталіся яны дадому ў масавым парадку як мінімум праз чвэрць стагоддзя (такі быў тэрмін рэкрутчыны), гэта значыць, калі пачатак ХІХ ст. застаўся ў гісторыі. Напрыканцы ўступнага слова да раздзелу "Салдацкія песні" дадаецца, што "ў некаторых салдацкіх песнях ёсць водгукі розных гістарычных падзей", але якіх менавіта – не паведамляецца (што нядзіўна, улічваючы ступень і якасць увагі паўстанню савецкай гістарыяграфіі).

Паводле А.Каўкі, "Беларуская песня пра Касцюшку" друкавалася ў польскай газеце "Дзённік Познаньскі" (1882, № 68), дзе аўтар (які схаваўся за псеўданімам Пламеньчык) паведамляў, што яшчэ ў юнацтве, на пачатку 1860-х гг., пачуў быў яе ў Лепельскім павеце ад аднае вясковае кабеты, але толькі дваццаццю гадамі пазней, зноў адшукаўшы сялянку-спявачку, запісаў з яе вуснаў дакладны тэкст. Акрамя А.Каўкі, непасрэднае дачыненне да даследавання фальклорных помнікаў пра паўстанне 1774 г. і яго кіраўніка мелі такія выбітныя вучоныя, як А.Мальдзіс і В.Дадзіёмава. Аднак іх даследаванні збольшага абмяжоўваюцца пэўнымі гістарычнымі аспектамі, да таго ж артыкул В.Дадзіёмавай утрымлівае некаторыя вольнасці ў інтэрпрэтацыі тэксту Пламеньчыка, што прывяло да недакладнасцей і блытаніны, таму лепей звярнуцца да самой публікацыі гэтага аўтара, асобу якога таксама яшчэ варта ўстанавіць даследчыкам. Мікола Хаўстовіч мяркуе, што гэта "В.Савіч-Заблоцкі; магчыма, нехта іншы, замілаваны ў беларускую гісторыю ды беларускі фальклор. Адно бясспрэчна: публікатар паходзіў з паўночнай Беларусі (Лепельшчына) і меў сувязі з эміграцыяй".

Размяшчэнне ад нядаўна ў электроннай бібліятэцы ўказанага перыядычнага выдання дазваляе кожнаму скарыстацца з першакрыніцы, паводле якой гісторыя запісанай Пламеньчыкам песні аказалася больш багатай і складанай. Ён распавядае: "W nr.217 "Wieku” z 1880 r. p.profesor Aleksander Tyszyński zakomunilował ciekawą wiadomość o śpiewaniu na Litwie (czy nie w okolicach jego wsi Miasoty) przez lud pieśni zapewne w białoruskim języku o Kościuszce", – пераказвае Пламеньчык, дадаючы ў зносцы наступнае: "Chociaż p.Tyszyński we wspomnionem miejscu nie zaznajomił ze swoją pieśnią o Kościuszcze (так ў Пламеньчыка – А.Т.), wszelako zwrócił uwagę na to, że z tej pieśni się przekonał o stanowczej niechęci ludu do sprawy Kościuszki. Nie znając tej pieśni, nie śmiem zaprzeczać słowom czcigodnego profesora. Co się tyczy mej pieśni, to zwracam uwagę czytelników na to, że w niej tej niechęci ludu do sprawy Kościuszki nie widać, a w ostatnich jej wierszach, które są bardzo piękne i oryginalne, opłakuje się mniemany skon bohatera słowami dziwnie rzewnemi i rozczułającemi". Як бачым, Пламеньчык падкрэслівае, што ў пачутым ім варыянце "Беларускай песні…" не відаць адчужанасці ад падзей інсурэкцыі. Больш таго, яны блізкія таму асяродку, дзе нарадзіўся твор, паводле яго радкоў, гібель галоўнага героя перажываецца як вялікая трагедыя.

Пламеньчык не змяшчае ноты песні, але апісвае характар яе мелодыі: "Przy tem winien dodać, że ton tej pieśni jest rzewny i ma niejaskie podobieństwo do tonu dumek małoruskich a przy śpiewaniu każde jej dwa wiersze powtarzają się po dwa razy".

Сюжэтна варыянты песень, запісаных П.Шэйнам і Пламеньчыкам, падобныя (браслаўская інтэрпрэтацыя дайшла ва ўсечаным выглядзе – без пачатковай часткі): жаўнер выязджае "Маскву ваёваць", развітваецца з каханай, якая пасля пагібелі героя галосіць па ім. Твор выкананы ў класічных традыцыях гэтага жанру. Патэтычнае гучанне яго дасягаецца рознымі сродкамі: танічная рытміка ў звязку з сінтаксічнымі канструкцыямі (інверсіі, паўтарэнні, супрацьпастаўленні) стварае ў песні адпаведны настрой. Гэта дапаўняецца яшчэ і іншымі спосабамі: прыёмамі сімвалізацыі (напрыклад, у шэйнаўскай публікацыі фігуруе "Дунай-рэчанька" як традыцыйны сімвал нейкай мяжы, за якой знаходзіцца няродная зямля; сімвалічна і спатыканне ў варотах каня Касцюшкі, што з’яўляецца кепскай прыкметай), іншасказання ("Вазьмі, маці, пяску жменю, / Пасей на каменю. / Як той пясок узыйдзець, / Так Касцюшка з вайны прыдзець" – з публікацыі Пламеньчыка), паралелізму ("Ляціць пятух чэраз рэку, / Пяе кукарэку, / Я ня ўвіжу Касцюшэчкі / Ад веку да веку. / Ляціць воран чэраз морэ, / А лятучы крачыць, / А хто ж майго Касцюшэчкі / Магілу аплачыць?" – тамсама) і г.д. Вобраз Тадэвуша Касцюшкі таксама досыць алегарызаваўся, "зархетыпіўся", ператварыўшыся ў вобраз напаўлегендарнага, напаўрэльнага гістарычнага змагара. На карысць гэтай думкі сведчыць рэзкае разыходжанне з сапраўднымі фактамі яго біяграфіі: Касцюшку не забілі, як у мастацкіх мэтах падае песня, а ўзялі ў палон, лінія кахання героя – таксама мастацкая выдумка фальклорнага твора. Такім чынам, можна лічыць, што падзеі паўстання сталі глебай для стварэння песні, а кіраўнік паўстанцаў – прататыпам яе галоўнага героя.

Нягледзячы на адносную і геаграфічную, і культурную блізкасць рэгіёнаў, дзе ў ХІХ ст. былі запісаны варыянты песні (Барысаўшчына і Лепельшчына), пры інтанацыйнай і экспрэсіўнай тоеснасці іх характар мае адно істотнае адрозненне: "у шэйнаўскай публікацыі заўважаецца пэўная сацыяльная і нацыянальная адчужанасць да паўстання як да чыста шляхецкага і польскага". Гэта магчыма вытлумачыць большым уплывам падзей паўстання на Лепельшчыне. Думаецца, што некаторыя прадстаўнікі гэтага рэгіёна бралі ўдзел у збройным чыне (калі такія факты маюць месца, то ўсё зразумела). У той час, калі Барысаўшчына аказалася ў стратэгічным тыле расійскіх войскаў – за Менскам, якога паўстанцы (атрад С.Грабоўскага) узяць не рашыліся, рушыўшы на паўднёвы ўсход, да Бабруйска. На паўночным захадзе ж ад Лепеля, на Браслаўшчыне, дзейнічаў атрад славутага кампазітара Міхаіла Казіміра Агінскага, таму і нацыянальны і сацыяльны аспекты ўспрымання падзей, іх мастацкая інтэрпрэтацыя там маглі быць адрозныя.

Варыянт, занатаваны В.Камінскім на Браслаўшчыне, да таго часу з нейкіх прычын застаўся без першапачатковай завязкі. Песня пачынаецца з кароткага, канстатацыйнага апісання сутыкнення шляхты і маскалёў і вынікаў гэтай падзеі. Падобныя радкі прысутнічаюць у публікацыі песні П.Шэйна.
Ляжаць, ляжаць палячанькі
Па тры па чатыры.
Ляжыць, ляжыць панъ Касцюшка
Ашъ падъ Бѣлым-стокомъ...
Але ў адрозненне ад абодвух варыянтаў, пазнейшы запіс мае павялічаную канцоўку са з’едлівай рыторыкай – своеасаблівай высновай адносна падзеі.
«Палячанькі дварачанькі!
Дзѣ жъ вы царства дзѣлі?
У Варшаві, ў слаўным мѣсця
На абѣдзя зъѣли
Палячанькі дварачанькі!
Дзѣ жъ вашъ розумъ дзѣўся?
У сабакі блізка сракі,
Падъ хвастомъ звярц’еўся.
Саркастычныя інтанацыі твора, думаецца, у дадзеным выпадку сведчаць пра ацэнку той падзеі як пэўнай авантуры. А ўказаная А.Каўкам прысутная ў шэйнаўскай публікацыі сацыяльная і нацыянальная адчужанасць прасочваецца і ў варыянце, зафіксаваным В.Камінскім. Між тым, на Браслаўшчыне полымя паўстання шугала на ўсю моц, мясцовы люд браў удзел у збройным чыне. Таму верагодна, што такія адценні, як і сама павялічаная да пачатку ХХ ст. канцоўка песні (пры страце пачатку), узніклі пазней. Такім чынам, дадзеная адчужанасць абумоўлена ў гэтым выпадку часавай адлегласцю, у ходзе якой з розных прычын – найперш ідэалагічнай асіміляцыі і культурнай русіфікацыі – паўстанне "тутэйшымі" стала ўспрымацца як польскае. (Пра пэўную адчужанасць адной з песень пра Касцюшку стасоўна справы інсурэкцыі, як згадана вышэй, казаў таксама прафесар А.Тышыньскі. Аднак верыфікаваць і параўнаць тоеснасць народнага ўспрымання паўстання і яго правадыра ў песнях, пачутых В.Камінскім і А.Тышыньскім, з прычыны адсутнасці варыянта апошняга немагчыма.)

Перцэпцыя і мастацкая канструкцыя вобраза Касцюшкі ў песнях таксама не тоесная. У лепельскім варыянце прысутнічае эмпатыя ў сувязі з трагічным лёсам героя, ступень якой значна змяншаецца ў запісанай пад Барысавам песні і, бадай, не захоўваецца да пачатку ХХ ст. у браслаўскім варыянце.

Такім чынам, як паказвае аналіз, з аднаго боку існаванне "Беларускай песні пра Касцюшку" ў розных рэгіёнах сведчыць пра іх роднаснасць як тэрыторыі адной народнасці, аднак з іншага боку адрозненні, разыходжанні ў інтэрпрэтацыях і ўспрыманні апісваемых падзей, а таксама ў канструяванні вобраза галоўнага героя – Касцюшкі гавораць пра неаднолькавую ступень уздзеяння тых падзей на насельніцтва рэгіёнаў будучай Беларусі. Адметна, што адчужанасць ад гістарычнай постаці Касцюшкі ў беларускім фальклоры ўзрастае з часам: пакрысе давалася ў знакі нацыянальнае развіццё беларусаў у рамках Расійскай Імперыі.
Катэгорыя: Анатоль Трафімчык | Дабавіў: admin (19.01.2013) | Аўтар: Анатоль ТРАФІМЧЫК-газета "ЛіМ"
Праглядаў: 3339 | Рэйтынг: 5.0/10
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 3
Гасцей: 3
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.