Пятніца, 26.04.2024, 06:55

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Іншае

Чудзінскі паэт
Зусім не выпадкова Ганцавічы сёлета былі абраныя сталіцай Дня беларускага пісьменства. Многія мясціны гэтага краю сталі літаратурнымі – адзначаныя нараджэннем майстроў беларускага мастацкага слова. Варта згадаць Міхася Рудкоўскага, Васіля Праскурава, Уладзіміра Марука, Івана Кірэйчыка, Віктара Гардзея, Алеся Кажадуба... У сузор'і літаратурных імёнаў Ганцаўшчыны яркай зоркай вылучаецца паэт, эсэіст, перакладчык Алесь Канстанцінавіч Каско, якому сёлета споўнілася 60 гадоў.

Алесь Каско
Сустрэча з Алесем Каско ў Чудзінскай сярэдняй школе

Нарадзіўся Алесь Каско 10 снежня 1951 года ў вёсцы Чудзін, што на Ганцаўшчыне, дзе стваралі свае цудоўныя казкі чудзінскія казачнікі Дудар і Кулеш. Недалёка ад вёскі на хутары жыў і працаваў беларускі этнограф і фалькларыст Аляксандр Сержпутоўскі. Бацька паэта Кастусь Рыгоравіч славіўся на ўсю акругу як майстар на ўсе рукі. У часы вайны змагаўся з ворагам у партызанскім атрадзе, a затым на фронце. Маці Аксеня працавала ў мясцовым калгасе трактарысткай і паспявала выхоўваць шасцярых дзяцей. Алесь рос цікаўным, дапытлівым хлопчыкам, захопліваўся чытаннем кніг. Цудоўная палеская прырода, багата насычанае фальклорам асяроддзе роднай вёскі паспрыяла таму, што Алесь пачаў пісаць вершы вельмі рана: першы яго друкаваны верш «Пралескі» з'явіўся ў ганцавіцкай раённай газеце «Савецкае Палессе» ў 1968 годзе.

Галоўным рэдактарам газеты ў той час працаваў таленавіты журналіст, пісьменнік Васіль Праскураў, пры якім у «раёнцы» была выпеставаная цэлая літаратурная кагорта. Літаратурнае аб'яднанне «Рунь», якое існавала пры газеце, узначальваў паэт Віктар Гардзей. Алесь Каско згадвае, што і Васіль Праскураў, і Віктар Гардзей, сталі яго першымі дарадцамі на пачатку шляху ў паэзію. На добрых настаўнікаў Алесю Каско шанцавала і тады, калі ён вучыўся на філалагічным факультэце Брэсцкага педінстытута, дзе на яго вялікі ўплыў аказаў таленавіты педагог, вядомы пісьменнік, прафесар, загадчык кафедры беларускай літаратуры Уладзімір Калеснік. У часы вучобы Алесь пасябраваў са студэнтамі-паэтамі А.Разанавым, В.Жуковічам, М.Пракаповічам. У студэнцкія гады вершы Алеся з'явіліся і ў рэспубліканскім друку (газета «Чырвоная змена» і інш). Пасля заканчэння педінстытута, вучобу ў якім перапыняла служба ў войску, ён восем гадоў працаваў карэспандэнтам жабінкаўскай раённай газеты «Сельская праўда», затым быў рэдактарам на Брэсцкай абласной студыі тэлебачання. У 1984 годзе Алеся Каско прынялі ў Саюз пісьменнікаў, а з 1991 года ён узначальваў Брэсцкае аддзяленне пісьменнікаў. Вынікам яго плённай працы на паэтычнай ніве з'явіліся паэтычныя зборнікі «Скразная лінія», «45 вершаў», «Трохкроп'е», а за кнігу «Час прысутнасці» паэт быў адзначаны Літаратурнай прэміяй імя А.Куляшова. У 2001 годзе Алесь Каско запісаў казкі землякоў-чудзінцаў і выдаў іх у зборніку «Чыстага ўсё нячыстае баіцца». Ён таксама лаўрэат прэміі У.Калесніка, і быў першым, хто атрымаў уведзенную на Брэстчыне незвычайную літаратурную мядовую прэмію, – пуд мёду. Прэмію гэтую заснаваў паэт і пчаляр з Пружанаў Мікола Папека. Дарэчы, яму Алесь Каско прысвяціў верш «Забыты вулей». Памятае паэт і пра малых чытачоў: для іх ён напісаў кнігу «Два сонцы». Алесь Каско вызначыўся таксама як перакладчык: шмат вершаў на беларускую мову пераклаў з польскай, нямецкай, рускай, украінскай, македонскай моваў.

Алесь Каско
Сустрэча з Алесем Каско ў Чудзінскай сярэдняй школе

Сёлета яго вершы надрукавала найстарэйшае у Расіі выданне — мастацкі часопіс «Сибирские огни». А зусім нядаўна ў брэсцкім выдавецтве «Альтэрнатыва» выйшаў новы паэтычны зборнік Алеся Каско – «Нічога больш». Уражвае верш «Не там», прысвечаны Максіму Багдановічу:
Ах, з Крыма вярнуць Максіма?
Баімся, што пустата
магільна жахне: зусім не яго
тлен вякуе там.
Глыбока кранае душу верш «Не сустрэцца...», які паэт прысвяціў самаму дарагому чалавеку на свеце — сваёй матулі:
Больш ніколі не сустрэцца.
Ты, вядома ж, за той брамай,
за якую з цяжкім сэрцам
не пускаюць, мама.
Алесь Каско непакоіцца за лёс Радзімы, пагрозу яе незалежнасці ён бачыць з усходу:
Што край мой на іхняй карце?
Абшару малюсенькі ўскраек.
Яшчэ не ўтаптаны ў дарогу хлеба акраец.
Паэт шануе родную мову, размаўляе толькі на ёй. Наказ Францішка Багушэвіча «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!» — для Алеся Каско святы. Вось радкі з верша «Мужная мова»:
Мая родная мужная мова,
ты ўвесь век бараніл а сябе.
Алесь Каско
Сустрэча з Алесем Каско ў Чудзінскай сярэдняй школе

Талент паэта не застаўся незаўважаны: яго прозвішча, як і прозвішчы іншых таленавітых пісьменнікаў Ганцаўшчыны, увекавечанае на адным з скульптурных завіткоў, усталяваных у цэнтры горада на Алеі паэтаў. Зараз Алесь Каско жыве разам са сваёй надзейнай спадарожніцай жыцця Людмілай Канстанцінаўнай у Жабінцы, працуе ў раённай газеце «Сельская праўда», дзе на грамадскіх пачатках узначальвае літаратурную старонку «Плынь». Пры Жабінкаўскай раённай бібліятэцы Алесь Каско з'яўляецца куратарам літаратурнай студыі маладых. Ён часты госць у сярэдніх школах Жабінкі і раёна, у ліцэі. He забывае ён і сваіх зямлякоў: сустракаецца з вучнямі Чудзінскай школы, з аднавяскоўцамі. Памятае Алесь Каско і аб тых паэтах Ганцаўшчыны, якіх няма зараз з намі. Шмат ён зрабіў па ўпарадкаванні месцаў пахаванняў Міхася Рудкоўскага, Івана Кірэйчыка. З яго дапамогай выйшла ў Брэсце пасмяротна кніга Васіля Праскурава «Наўсцяж вясковай вуліцы».

Віншуем паважанага Алеся Канстанцінавіча з юбілеем і спадзяемся, што ён парадуе нас новымі творамі. Жадаем таксама спадарожнага ветру ў паэтычныя ветразі, моцнага здароў'я, сямейнага дабрабыту.
Катэгорыя: Іншае | Дабавіў: admin (13.12.2011) | Аўтар: Лявон ЦЕЛЕШ - Краязнаўчая газета
Праглядаў: 2616 | Тэгі: Краязнаўчая газета, Літаратурная Ганцаўшчына, Лявон Целеш, Алесь Каско | Рэйтынг: 5.0/4
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.