Чацвер, 28.03.2024, 11:33

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Анатоль Трафімчык

Чым першыя савецкія выбары ўразілі нашых землякоў
У другой палове верасня 1939 г. Заходняя Беларусь стала савецкай. Каб легалізаваць сваю ўладу, бальшавікі правялі некалькі выбараў. Наколькі яны былі справядлівымі, пра гэта засталіся ўспаміны людзей. Прычым намі адшуканы ў архівах аповеды жыхароў арганізаванага саветамі Ганцавіцкага раёна.

Новая ўлада на прыдбаных землях правяла наступныя выбары: 1) у Народны сход Заходняй Беларусі (29 кастрычніка 1939 г.), 2) у саветы розных узроўняў – ад дэпутатаў Вярхоўных Саветаў СССР і БССР (24 сакавіка 1940 г.) да дэпутатаў саветаў мясцовых – абласных, раённых і сельскіх (15 снежня 1940 г.).

Парадоксы гісторыкаў і палітыкаў

Нелігітымнасць, недэмакратычнасць выбараў на той сход, пра што сведчаць многія сёння лёгка даступныя матэрыялы, як і потым у саветы розных узроўнеў, выклікаюць сумненні сёння хіба адно ў немалое часткі беларускіх гісторыкаў, якія засталіся ў палоне савецкіх ідэалагічных установак. Дзіўна і нават смешна становіцца пры суаднясенні абгрунтаванняў такіх навукоўцаў, якія з аднаго боку сцвярджаюць пра мала ні 100-адсоткавую актыўнасць электарату, а з іншага (хочучы паказаць катастрафічна нізкі ўзровень адукацыі "заходнікаў") – кажуць (прычым у дадзеным выпадку цалкам слушна) пра тое, што непісьменнасць пры панскай Польшчы даходзіла да 70 % (прынамсі на Палессі). Якім жа чынам, хочацца запытаць у тых даследчыкаў, змаглі прайсці працэдуру выбараў людзі, што й чытаць не ўмеюць? Адказ у дадзеным выпадку адзін: іх рукою настойліва вадзіла ўлада.

У свой час У.Ленін таму і задумваў палітыку поўнай ліквідацыі непісьменнасці, абгрунтоўваючы гэта неабходнасцю палітычнай асветы масаў, бо разумеў, што іначай іх не ахапіць бальшавіцкім уплывам і тым больш не дабіцца суцэльнае падтрымкі. Але ён жа і папярэджваў, што "скачками здесь завоевать можно меньше всего, особенно среди масс, стоящих на низком культурном уровне", што «мы ни в коем случае не должны спешно нести коммунистические идеи напрямую в деревню», «поспешность и размашистость наиболее вредны». Такім чынам, нават логіка савецкага правадыра абвяргае магчымасць створаных на паперы паказчыкаў падтрымкі савецкае ўлады на выбарах у Заходняй Беларусі.

Першыя ўражанні "заходнікаў" ад "выбараў"

Цытуемыя далей успаміны, як правіла, не звяртаюць увагі на змест выбараў. Гэта значыць, для ўдзельнікаў ён быў не галоўны. (Думаецца, найбольшыя ўражанні ва ўспамінах датычацца восені 1939 г. Перманентныя арышты з прыходам бальшавікоў, хвалі дэпартацый лютага 1940 г. значна скарацілі колькасць сведкаў, якія маглі пакінуць такія ўспаміны.) Затое апісваецца безальтэрнатыўнасць выбараў, прымус галасаваць, увогуле ненармальнасць і маразм таго, што адбывалася. Гэтыя рысы нашы продкі ўбачылі яшчэ пры арганізацыі часовых камітэтаў – органаў улады, якія былі створаны адразу пасля 17 верасня 1939 г.

выбары
Агітацыйны плакат

"Выдалі пастанаўленне выбраць камітэт. Камітэты тыя былі выбраныя з такіх людзей, якія былі толькі-толькі пасля турмаў, якія не мелі добрай характарыстыкі за Польшчай", – гаворыць селянін з вёскі Сукач Язэп Бальцэвіч, чый прыклад паказвае, што не сацыяльнае паходжанне было вызначальным у ацэначных адносінах да тагачасных палітычных працэсаў, а элементарны розум: калі чалавек хоць збольшага мысліў, то ён добра разумеў, што адбывалася.

Улічваючы, што звычайны селянін выказаўся нелаяльна да новай улады, то тым больш ёй не сімпатызавалі інтэлігенты. Арганіст з мястэчка Ганцавічы, які схаваўся за крыптонімам К.К., успамінае: "...часова на нізшых пасадах былі пакінуты ранейшыя польскія супрацоўнікі, паступова, аднак, на ўсе органы ўлады пастаўлены былі людзі, якія прыехалі з Савецкага Саюза, ці тыя з мясцовых, якія мелі давер акупацыйнай улады, як колішнія крыміналісты ці вядомыя дзеячы на карысць Савецкага Саюза (так часта казалі пра шпіёнаў – А.Т.). Паступова, аднак, усе органы ўлады запоўнілі людзі, прысланыя з Савецкага Саюза, а польскія служачыя былі арыштаваны ці высланы ў глыб Расіі".

Дапаўняе карціну дзяніскавец, як пазначана, без прафесіі (хутчэй за ўсё селянін) Барыс Глеб: "У кастрычніку 1939 г. быў у вёсцы Дзяніскавічы-1 (да яе адносілася цэнтральная частка сучасных Дзяніскавіч – А.Т.) Лунінецкага павета Палескага ваяводства 17 верасня 1939 г. Чырвоная Армія ўвайшла ў нашую вёску. Пасля свайго ўваходу знялі усіх з пасадаў і пасадзілі на тыя пасады такіх, якія не хацелі працаваць, а толькі абкрадалі гаспадароў, хацелі, каб гаспадары аддалі збожжа. Арыштоўвалі і садзілі ў турму ўсіх надляснічых, ляснічых і гаёвых і такіх, якія нешта казалі супраць іх жаданняў. У вёсцы цэлы час сядзеў палітрук, праводзіў сходы і падгаворваў людзей да калхозаў. Пасля пастанаўлення праводзіць выбары казалі ўсім, каб кожны меў чырвоную стужку".

Перадвыбарчая агітацыя і яе метады

Падрыхтоўка да выбараў адзначалася прэсінгам насельніцтва з боку рознага роду агітатараў, палітрукоў і прадстаўнікоў рэпрэсіўнага апарату НКУС. Па некаторых звестках толькі ў такім невялікім раёне, як Ганцавіцкі дзейнічала больш чым 300 агітатараў. "Перадвыбарчую агітацыю праводзілі спецыяльна прыбыўшыя з Расіі, на кожную вёску па два. (Пасля выбараў тыя самыя, якія праводзілі агітацыю, знаходзіліся ў раённым камітэце партыі.) Спіс насельніцтва складваўся мясцовымі, але пад строгім кантролем членаў камуністычнай партыі. Сходы адбываліся штодзень па некалькі разоў", – інфармуе кваліфікаваны рабочы, токар Сымон Карпеня з вёскі Дзяніскавічы-2 (ёю з’яўлялася частка сучасных Дзяніскавіч, размешчаная паміж цэнтрам і Еськавічамі). Хочацца звярнуць увагу на пралетарскае ці сялянскае паходжанне некаторых інфарматараў, якія па разліках бальшавікоў павінны былі выступіць на іх баку, аднак, расчараваныя ў новай уладзе, не сіматызавалі саветам.

Многія выказванні гучаць ва ўнісон. Са слоў жыхара Вялікіх Круговіч Мікалая Блінкоўскага, "у хуткім часе прыступілі да правядзення перадвыбарных сходаў. Такія сходы адбываліся амаль штодзённа і заўсёды пад надзорам палітрукоў. На тыя сходы мусілі хадзіць усе, бо пагражалі жорсткімі рэпрэсіямі".

Нярэдка гучалі простыя пагрозы. Прычым не толькі за адмову галасаваць за прызначанага кандыдата (ён жа быў адзіным!), але нават за канстытуцыйна дапускаемую адсутнасць на выбарах, гэта значыць чалавека маглі рэпрэсіраваць толькі за тое, што ён выбары праігнараваў. Малькавец Карп Сенюковіч так апісаў тыя працэсы: "Каля двух тыдняў перад галасаваннем прыехала НКВД і пачалі намаўляць, як будзеце галасаваць, каго вам камісія пакажа выбраць, то будзьце дома, а як не будзеце за ўказанага галасаваць, то ваша месца будзе на поўначы". Паспрабуй пасля гэтага не прагаласуй!

"Перадвыбарчая агітацыя праводзілася некалькі тыдняў перад выбарамі шляхам арганізацыі саветаў і сходаў, на якіх прадстаўнікі кампартыі вылучалі кандыдатаў, гарантуючы іх лаяльнасць адносна Савецкага Саюза. Сходы і саветы адбываліся ў прысутнасці найменш некалькіх асоб з НКВД. У такой атмасферы, канешне, не магло быць і гаворкі пра выказванне нават асабістых заўваг. Усе галасавалі за аднаго кандыдата, абы не нарвацца на "апеку" з боку абсалютных акупантаў. Тыя, якія не былі на зборышчах лічыліся контррэвалюцыянерамі", – гэтая апісаная ганцаўскім бухгалтарам Уладзімірам Махцевічам карціна, як бачым, паўтараецца з папярэднім успамінам, што пацвярджае тыповасць дзеянняў улады ў яе агітацыйных захадах.

Як вылучаліся кандыдаты

"Заходнікаў" вельмі здзівіла, што кандыдатаў на выбары прызначала ўлада. Значная іх частка, нярэдка больш за палову, была людзьмі прыезджымі – "васточнікамі". Самі людзі мелі такое права толькі на паперы, і калі даходзіла да вылучэння ад сялян, то такіх кандыдатаў адхілялі, не рэгістравалі. А найбольш уразіла тое, што выбіраць можна было толькі… з аднаго чалавека! Альтэрнатывы, канкурэнцыі не прадугледжвалася аніякай.

"Кандыдат у кожнай акрузе быў устаноўлены толькі адзін і то прапанаваны агітатарамі. У складзе выбарчай камісіі у першым радзе сядзелі ўсе агітатары і іншыя імі пастаўленыя", – канстатуе ўпамянуты ўперад С.Карпеня.

"У якасці кандыдата быў вылучаны адзін Дмітровіч Даніла, упарты неплацёжнік падаткаў у казну польскай дзяржавы, які не плаціў належнага за выпас скаціны на тэрыторыі надлясніцтва Малькавічы. У красавіку 1939 г. падчас пасадкі дубняку на паляне дзяржаўных лясоў мясцовымі супрацоўнікамі, за якімі наглядаў я і гаёвы (егер ці ляснік – А.Т.) Кашаноўскі Міхал, <Дмітровіч Д.> кінуўся на мяне і Кашаноўскага з віламі, крычучы і клічучы свайго сына Уладзіміра: "Валодзя, бяры сякеру, мы ім пакажам, тым лясным сабакам, чаго яны тут прыйшлі і садзяць дрэвы, бо гэта мая паляна". Падкрэслю, што паляна, вышэй згаданая, належыць да дзяржаўнага лесу".

Да гэтага ўспаміну малькавіцкага гаёвага Юрыя Чайкоўскага можна дадаць яшчэ некалькі фрагментаў прадстаўнікоў іншых сацыяльных статусаў (на той гістарычны момант): "Кандыдаты былі зверху прызначаныя, і былі гэта два бальшавікі і адзін быў турэмшчык (бандыт)", – сведчыць Мечыслаў Крукоўскі з Людвікова, тады вучань гімназіі. "Кандыдатам быў непісьменны цёмны вясковец, які быў асуджаны польскай уладай за напад на польскіх салдатаў", – кажа Уладзімір Махцевіч з Ганцавіч, бухгалтар.

Шырокая геаграфія цытуемых згадак сведчыць, што іх тоеснасць не выпадковая і тым больш людзі з розных, часта адасобленых лясамі і балотамі вёсак не маглі згаварыцца паміж сабою, – так, як падаюць успаміны, рабілася насамрэч. І выглядае гэта на ўзроўні тэндэнцыі: вылучалі мала таго, што аднаго, дык і яшчэ далёка не самага лепшага, дастойнага, хутчэй наадварот – такога чалавека, які не меў пашаны ў народных масах, якога лічылі за злыдня ці бандыта.

Прымус галасаваць

"Не галасаваць ці не падпісваць карткі ніхто не мог, бо ведаў добра, што чакае яго. Пагражала за гэта турма або высылка", – меркаваў тагачасны школьнік Тадэвуш Блажэвіч з Малькавіч. І ён быў не адзіны ў такім меркаванні: "На тое галасаванне мусіў кожны падпісацца ад 18 гадоў, нават такія старыя, якія былі сляпыя, то пасылалі машыны. І прыходзілі пад прымусам, кожнага забіралі з дому да таго галасавання", – сведчыць вышэй згаданы Б.Глеб.

Даходзіла да пагрозаў зброяй. Такі выпадак здарыўся з цытаваным ужо М.Блінкоўскім: "У дзень выбраў з’явіўся ў мяне ў хаце ўзброены забраным у мяне папярэдне наганам Купайчык Станіслаў у таварыстве Зайца Андрэя, загадваючы мне пайсці на галасаванне".

Іншыя расказвалі і пра недарэчнасці, якіх, напэўна, зусім не чакалі ад новай улады: "Здараліся выпадкі, што хворыя ці старыя не маглі прыйсці сваімі сіламі, тады прывозілі машынай, толькі б галасаваць. Так прывезлі Рымашэўскага Баляслава, які быў хворым прыкаваны да ложка. Наступную Манцэвіч Марыю, кабету 76 гадоў, яна сказала, што зусім старая, гэтак сама пасадзілі на машыну і прывязлі, такіх выпадкаў магу прывесці больш", – паведамляе голыя факты ў вёсцы Малькавічы гаёвы Юрый Чайкоўскі.

Абстаноўка на выбарчых участках

Не менш дзіўным бачылася нашым землякам тое, што адбывалася на самім выбарчым участку. "Пры ўваходзе ў выбарачае памяшканне ў першым пакоі граў грамафон і ўваходзячым на галасанне давалася яблыка, зрабаванае з маёнтка", – прыводзіць з памяці карцінку кругавец М.Блінкоўскі. Яе прыклад сведчыць, што савецкая ўлада не толькі заганяла на выбары бізуном, але і прыманьвала пернікам. Але бізун усё-такі займаў першаснае месца. Гэта вынікае і з далейшых слоў М.Блінкоўскага: "У другім пакоі заўважыў некалькі палітрукоў і прадстаўнікоў НКВД. Уручылі мне там картку, задрукаваную незнаёмымі зусім прозвішчамі і сказалі кінуць яе ў скрынку, якая стаіць на зэдліку ля сцяны. Падчас галасавання прыехалі на дзвюх машынах некалькі прадстаўнікоў НКВД, якія былі ўзброеныя. Адны з іх засталіся на месцы правядзення выбараў, іншыя выязджалі па такіх жыхарах, якія ў выніку старасці ці хваробы не маглі прыбыць да выбарчага ўчастка. Галасвалі амаль усе, бо былі папярэджаны пра жорсткія рэпрэсіі, якімі пагражылі перад выбарамі".

выбары
На выбарчым участку

У лаканічным паведамленні колішняга паліцыянта, на той час пенсіянера, які пражываў у вёсцы Шашкі Андрэя Ставера адлюстроўваецца ўвесь працэс выбараў, пачынаючы ад агітацыі: "Выбары ў Народны сход Заходняй Беларусі суправаджаліся папярэдне вялікай агітацыяй, а падчас выбараў міліцыя і ўсе сімпатыкі савецкага ладу выцягвалі людзей да галасавання, галасуючы атрымліваў картку, на якой былі ўжо выстаўлены невядомыя кандыдаты і тыя карткі і пад наглядам уручалі да ўрны, якая стаяла на стале. Камісія выбарчая складалася пераважна з асобаў незнаёмых і асуджаных за польскім часам".

Неаднаразова ва ўспамінах звяртаецца ўвага на тых, хто прадстаўляў савецкую ўладу, з’яўляўся кандыдатам ці членамі выбарчай камісіі. Пра апошніх у расказе Барыса Глеба: "У склад той камісіі ўваходзіў Зялёнка Даніла, які не хацеў плаціць падаткаў пры Польшчы, залез у доўг і чакаў на Чырвоную Армію, ён стаў камендантам міліцыі, Дзенісеня Мікалай, які сядзеў цэлы час у турме і г.д., і два савецкія камісары. У дзень галасвання пабудку насельніцтва рабілі званком, які быў для пажарнай трывогі, я не галасаваў, з увагаю на гады мяне не маглі да таго прымусіць (адсюль можна зрабіць выснову, што быў маладзей 18 гадоў – А.Т.). Пасля таго галасавання праходзілі праз вёску са сваімі сцягамі. І калі нас вывезлі 10 лютага 1941 г. (тут, па ўсёй верагоднасці, памылка: першая хваля дэпартацый адбылася 10 лютага, але 1940 г. – А.Т.), не ведаю, што далей рабілася".

Высновы

Успаміны – рэч вельмі суб’ектыўная. Таму да іх трэба ставіцца асцярожна, звяртаючы ўвагу на факты, пераправяраючы іх і адкідваючы эмоцыі, якія могуць скажаць рэчаіснасць. Аднак нават душэўны стан – гэта таксама факт, бо з’яўляецца паказчыкам успрымання той рэчаіснасці. Свае настроі некаторыя не баяліся выяўляць і тады, што адразу бралася на ўлік сілавымі органамі. Па Ганцавіцкім раёне такія выпадкі таксама зафіксаваны. Яны яшчэ раз, але з іншага боку пацвярджаюць праўдзівасць прыведзеных у гэтым артыкуле ўспамінаў.

Прыведзеныя звесткі ўтрымліваюць шмат фактаў, якія выкрываюць сапраўды варварскае аблічча савецкай улады ў вачах многіх "заходнікаў". На прыкладах правядзення дэпутацкіх выбараў відаць фарс і выбарчай кампаніі, і саветаў. Людзі бачылі, што адбываецца насамрэч: панавала несправядлівасць, жорсткасць, знявага. Таму і пакінулі ўспаміны, каб у будучым нашчадкі – мы з вамі – не памыляліся і адрознівалі нармальныя выбары ад здзекаў і падману пад такой назвай.
Катэгорыя: Анатоль Трафімчык | Дабавіў: admin (22.09.2012) | Аўтар: Анатоль ТРАФІМЧЫК
Праглядаў: 1178 | Тэгі: Ганцавічы, Ганцавіцкі раён, Анатоль Трафімчык | Рэйтынг: 5.0/12
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 13
Гасцей: 13
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.