Субота, 20.04.2024, 15:21

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Галіна Снітко

Алесь Каско
Алесь КаскоСапраўднае прозвішча – Казка, пра што я не здагадваўся аж да 28-гадовага ўзросту, да 1979-га, калі ўпершыню стаў аўтарам кніжкі, дакладней, адным з аўтараў калектыўнага зборніка "Нашчадкі". Бацька пакруціў яго ў руках, знайшоў маё і з папрокам, а мо і з крыўдаю, спытаў: "Чаму ж ты не падпісаўся сваім прозвішчам?", і я, агалошаны, паўтарыў тое пытанне самому сабе... Ды Бог з ім, з прозвішчам, лепш – пра бацьку і пра маці.

Калі ў даведніках пішуць, што я з "сялянскай сям'і", дык напалову хлусяць. Праўда тое, што Казкі першыя ў Чудзіне атрымалі зямлю і вольніцу пасля адмены прыгоннага права. Тая праўда тут і заканчваецца. Дзед мой Рыгор быў гандляром коньмі, з-за малазямелля нават свіней не трымаў, а купляў сала на базары. З гэтай жа прычыны найстарэйшага сына Кастуся, майго бацьку, аддаў у пастухі, а пасля ў шаўцы ("сапожнікі", так у Чудзіне кажуць). Кім толькі бацька ні быў! Перш за ўсё "сапожнікам", бо шыць боты прыязджалі да яго і з Ганцавіч, і са Слуцка, але ён яшчэ і сталяр, і цясляр, і садоўнік (дасюль бабы Ганны грушы скрыпяць), і пчаляр, і кравец, і ў краме прадавец, і калгасны брыгадзір, і шорнік, і нават мастак. Шорнікам і мастаком зрабіўся ў сталінскім лагеры напачатку 50-х гадоў – ён, сын савецкага актывіста-паштара, забітага ў першыя дні вайны паліцаямі, былы партызан і франтавік, кандыдат у члены КПСС... Маці мая Аксеня была таксама не з простых – першаю (з дзвюх) у вёсцы камсамолкаю і трактарысткаю, з-за чаго ўсю вайну хавалася ад немцаў і паліцаяў. Абераглася, нарадзіла пяцярых дачок і чатырох сыноў. Шасцярых дзяцей выгадавала, хоць і жыла ой як цяжка, маючы мужа-лавеласа і атрымліваючы ў калгасе палачкі-"трудадні" за серпавае жніво з калыскаю на плячах, пра што я потым напісаў "Расінкаю для маці быў..."

А што пра сябе? Нарадзіўся ў драўлянай хатцы на ўскрайку Чудзіна Ганцавіцкага раёна 10 снежня 1951 года. Усіх уражанняў маленства не апішу, хоць і спрабаваў гэта зрабіць у ганцавіцкім "Савецкім Палессі" ды ў "Бярозцы". Памятаю дзяцінства гушчэзным, грыбным і ягадным, борам, паводкаю Лані, і што ўвесну зрывала маснічыны ў хаце, гульнёю "ў вайну" і футбол, кніжкамі, якія браў у трох бібліятэках, у дзвюх чудзінскіх і адной, за пяць-шэсць кіламетраў, пярэвалацкай, "зялёнаю школаю", у якую ўцякаў ад занудлівых урокаў, завучам Міколам Купрэевым, які напрарочыў мне – "чалавека з цябе не будзе", і дзяўчынкаю-суседкаю, якая нечага хацела ад мяне, а я не ведаў, чаго...

У 1968 годзе паступіў у Брэсцкі педінстытут, пісьмова заявіўшы, што я паэт, бо надрукаваў верш "Пралескі", дароблены Віктарам Гардзеем, у ганцавіцкай раёнцы. Вучыўся перш за ўсё ў Уладзіміра Калесніка, а яшчэ ў Ляшук, Карлава, Малажай, Майсейчыка. Сябраваў з "апальным" Разанавым ды з іншымі цудоўнымі хлопцамі-паэтамі: Пракаповічам, Зайкам, Гарбаруком, Цімошыкам. Пазнаёміўся пазней з Міхасём Рудкоўскім, Жуковічам, аддаваў нярэдка свой студэнцкі ложак бадзягам Купрэеву, Івану Кірэйчыку і менш вядомым тады. Любіў, як і яны... кніжкі, якія мы чыталі і абмяркоўвалі па начах, бо многія кніжкі былі пад забаронаю, напрыклад, найцудоўнейшая манаграфія пра Максіма Багдановіча рускага Івана Замоціна, рэпрэсіраванага за беларускасць. Здарыўся канфлікт, быў аддадзены ў салдаты. Дома не прызнаваўся, што выключаны (часова) з інстытута і працаваў спачатку ў Рагазнянскай васьмігодцы настаўнікам рускай мовы і літаратуры, а потым у Чудзінскай дзесяцігодцы (да і крыху пасля войска) настаўнікам беларускай, рускай і нямецкай моваў (часам казаў так перад класам: "Добры дзень, зэтцэн зі, кто сегодня отсутствует?").

З войска вярнуўся, здаецца, у 1973-м, папрацаваў у Чудзіне і зразумеў, што завочнае навучанне не для мяне. Зайшоў да рэктара Андраюка, добрага яму здароўя, потым да прарэктара Салохі, светлай яму памяці, і сказаў: або зноў на стацыянар, або ніяк. Дзякуй ім, зразумелі, паверылі, а мо і трошкі павінавацілі: як жа было мяне, амаль выдатніка, выключаць за "неуспеваемость"?

Пачаў зноў вучыцца, пры тым на павышаную стыпендыю. Пачаў друкавацца больш, чым да войска, і ў 74-м Калеснік і Пракаповіч накіравалі мяне на Рэспубліканскі семінар маладых літаратараў. Ах, якія гэта былі дні, дзесяць дзён! Мікола Пракаповіч, Алесь Емяльянаў, Алесь Гаўрон, Люба Турбіна, Таіса Бондар, Іван Стадольнік... Баюся, усіх не згадаць. А над намі Вядзьмак Лысагорскі, Ніл Гілевіч, Рыгор Барадулін, Анатоль Вярцінскі. Анатоль Ільіч якраз і падтрымаў нас, хоць пакрытыкаваў мяне за "красывость", аднак аддаў адзін верш з партрэтам у "ЛіМ".

Студэнцкага жыцця далей амаль не памятаю. Закахаўся, на апошнім курсе ажаніўся з Людмілаю. I пісаў вершы.

Пасля заканчэння інстытута, з жонкаю і немаўляткам-сынам, прыехаў у Жабінку. Жыў на прыватнай кватэры і працаваў карэспандэнтам "Сельскай праўды". Быў спачатку сакратаром, а пасля старшынёю раённага літаб'яднання "Плынь".

У 1984-м, адмовіўшыся ўступаць у КПСС, пайшоў працаваць на абласное тэлебачанне, у рэдакцыю Міколы Пракаповіча. Быў тэлерэдактарам да 1991-га. З гэтага года стаў выбраным сакратаром Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў, трэцім па пераемнасці: Калеснік, Пракаповіч, Каско...

Сакратаром, або старшынёю аддзялення тое-сёе зрабіў. Пры мне ўступіла ў Саюз пісьменнікаў не менш чым дзесяць чалавек. З Уладзімірам Базаном, светлай памяці сябрам, мастаком і адным з лідэраў нашай дэлегацыі на 1-м з'ездзе БНФ у Вільні, заснаваў літаратурную серыю "Берасцейскае вогнішча", у якой выйшла ўсяго дзесяць кніжак. Рупіўся і руплюся, каб вартасна была ўшанавана памяць найвыдатнейшых папярэднікаў – Аляксандра Сержпутоўскага, Якуба Коласа, Уладзіміра Калесніка, Васіля Праскурава, Міхася Рудкоўскага... Гэта калі казаць коратка і зважаць на сціпласць або нясціпласць (і першае, і другое – аднолькавая хвароба пісьменнікаў).

Пра ўласную творчасць. Першы верш, які ўжо згадваў, надрукаваў у 1968-м. Першы верш, які напісаў у шостым класе, такі:
Вася круціцца на ўроку,
не сядзіць ніяк:
то ўшчыпне суседку збоку,
то балбоча, як сарока,
то падскочыць, бы шчупак...
Памятаю яшчэ адзін верш, надрукаваны толькі ў студэнцкай насценцы "Станаўленне"... Яго завучвалі студэнткі і парадыравалі хлопцы. А мне ён дарагі.
Вынырне бліскучы месяц з-за гары,
пад пушыстым снегам бор засне стары,
і заплюшчаць вочы хаты ўсе,
адно доўга не патухне любае акно.
Гэта зноў дзяўчына не захоча спаць
і самотна будзе ў ночку пазіраць.
Да яе прыйду я - о, шчаслівы міг! –
прыкіпіць дзяўчына да грудзей маіх.
Сэрцы два сальюцца з жарам у адно,
вось тады й патухне любае акно.
Астатняе пра творчасць – у даведніках і артыкулах. Скажу толькі, што галоўнаю кніжкаю сваёю лічу "Час прысутнасці" і ўдзячны Уладзіміру Паўлаву і Саюзу пісьменнікаў, якім ён кіраваў тады разам з Васілём Зуёнкам, што заўважылі і адзначылі Літаратурнаю прэміяй імя Аркадзя Куляшова – імя Паэта, якога я любіў не менш, чым Багдановіча або Лермантава.

Чаго няма пакуль што ў даведніках, дык гэта – машынапіс зборніка выбраных вершаў "Кругабег", са скрыпам, марудна здадзены ў выдавецтва "Мастацкая літаратура", і зборнічак запісаных мною народных казак "Чыстага ўсё нячыстае баіцца", які сёлета выйшаў у выдавецтве "Юнацтва". Ім – задаволены.

Што напрыканцы? Ага, сямейнае становішча. Яно банальнае. Жонка тая самая. Мая любоў – дачка Вольга, якая цудоўна чытае верш (як казкі) "Адпяванне" з прысвячэннем: Волечцы на даросласць. А яшчэ сын Вадзім і ягоная дачка Ганначка, якую маці Таня прарочыць у мае пераемніцы…
(З А.Каско "Першая спроба аўтабіяграфіі", 2001)

Паэтычныя зборнікі Алеся Каско – "Скразная лінія" (1982), "Набліжэнне" (1982), "Час прысутнасці" (1994), "45 вершаў" (1996), "Трохкроп’е" (2001), "Два сонцы" (дзіцячы) (2004) і інш. – уяўляюць сабою своеасаблівыя кнігі-роздумы пра вечнае і мімалётнае, пра сутнасць жыцця і месца чалавека ў вялікім свеце. Многія творы з іх прысвечаны роднаму Палессю, найперш яго непаўторнай прыродзе і працавітым людзям (напрыклад, "Палессе, Паплавы. Паводка", "Ты, старонка – сама цішыня", "Буслоў ня ведаю бяздомных", "Выток", "Палескі трыпціх", "Жанчыны надвячоркам", "Маленства" і інш.). Палескі край – не толькі месца нараджэння паэта, але і выток яго творчасці. Выразна сведчыць пра гэта верш "Роднае", у якім аўтар прызнаецца:
Мне без радзімы,
як чайцы – без мора,
шэрай зязюлі – без сіняга бору;
як травам без ліўняў,
бярозам без соку,
як ручаю –
без вусця й вытоку.
Жыццёвы пачатак:
хата,
прысады,
запознены статак;
матчына песня на полі начуе...
Вочы заплюшчу –
I бачу, і чую.
Палеская тэма ў Алеся Каско знайшла сваё своеасаблівае вырашэнне. Калі раней гэты край лічыўся краем экзатычным, дзе чалавек жыў у суцэльнай гармоніі з прыродай, то цяпер прыроду тут "пакарылі" і атрымалі ад гэтага незваротныя страты. Экалагічная драма Палесся ў творчасці нашага земляка ўвязана з духоўнай трагедыяй усёй Беларусі, якая пастаянна пазбаўляецца нацыянальнай годнасці, роднай мовы і культуры. Вось чаму зямля, якая некалі, гаворачы словамі Уладзіміра Караткевіча, была "зямлёю пад белымі крыламі", цяпер Алесю Каско здаецца "зямлёй пад чорным крыжам" ("Палессем". Тым не менш, "які не ёсць, а родны край – святыня", лічыць паэт і ў вершы "Зноў я дома, дома…" выказвае сваё самае запаветнае жаданне – навечна супакоіцца ў роднай зямлі".
Чудзін

Ці не ад "цуду" – назва тваёй вёскі?..
Прыватнае пытанне

Калі не цуд, што мой выток, мой Чудзін – 
палескіх казак даўні чарадзей,
што першы зруб, прагнаўшы ўсіх чарцей,
паставіў ён на непадступным грудзе;

калі не цуд, што ў самы горкі будзень
не адымаў ён зброі ад грудзей 
да хат і ніў, да мацярок, дзяцей
шлях заказаў не аднаму прыблудзе;

калі не цуд – наўкол абсяг зямлі,
дзе ў рост мой жыта, травы параслі,
дзе лес і рэчка шчодрыя надзіва;

калі не цуд уся яго Радзіма,
чыёю мовай даражыць дзівоснай, –
тады мой Чудзін – проста нават вёска.
* * *
Зноў я дома, дома, дома.
I паўзмрок, і цішыня.
I матуля, як мадонна,
ля глыбокага акна.

Кола месяца за ёю,
задуменнай, маладой,
залаціцца чысцінёю,
быццам німб над галавой.

Цень кідаюць дрэваў шаты,
ды з таго яшчэ відней:
за сцяною гэтай хаты
мне ні трошкі не вальней.

Што за воля ў падняволлі
грэшных дум і сумятні
біцца, бы вятрыска ў голлі,
абрываць як лісце, дні?

Адно б доля захацела!
Хату загаддзя прашу,
каб адвеялі ад цела
толькі тут маю душу.

Толькі тут ёй будзе добра,
дзе паўзмрок і цішыня,
дзе матуля, як мадонна,
будзе вечна ля акна.
Катэгорыя: Галіна Снітко | Дабавіў: admin (09.12.2011) | Аўтар: Галіна СНІТКО
Праглядаў: 4524 | Тэгі: Літаратурная Ганцаўшчына, Алесь Каско, Галіна Снітко | Рэйтынг: 5.0/6
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 7
Гасцей: 7
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.