Пятніца, 19.04.2024, 14:49

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Анатоль Трафімчык

Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 г. і нашы вёскі
Адзін з захаду груган,
А другі з усходу
Прыляцелі на сяло,
На чужую шкоду.
Янка Купала. Груганы

З двух бакоў айцы дубінай
Заганялі нас у рай. 
Кроў лілася ручаямі,
Здрада чорная расла,
Што папамі і ксяндзамі
Ў сэрцы кінута была.
...Толькі-ж, брацця, край ні згінуў,
Ні пагнуўся яго стан.
Ды із нас душы ні вынуў
Ні маскаль, ні польскі пан.
Якуб Колас. Сымон-музыка

кастрычніцкая рэвалюцыяРэвалюцыйны 1917 г. аказаўся бурхлівы не толькі для самых вялікіх гарадоў. Гарачыя падзеі дакаціліся да непраходных мясцін беларускага Палесся, дзе, здавалася б, жыццё нібыта застыла. Лозунгі бальшавікоў ускалыхнулі прасторы ўсёй Расійскай Імперыі, кранулі сэрца самага забітага батрака. "Фабрыкі – рабочым!" "Зямля – сялянам!" Але самае галоўнае, бальшавікі абяцалі ўстанавіць мір. Гэта было асабліва актуальна для прыфрантавых пасяленняў. Вёскі сённяшняга Ганцавіцкага раёна на той час ужо два гады знаходзіліся пад пагрозай апынуцца ў эпіцэнтры баявых дзеянняў: расійска-германскі фронт праходзіў якраз па заходнім ускрайку раёна. Лозунгі бальшавікоў, аднак, аказаліся толькі тактычным крокам дзеля захопу ўлады. Доўгачаканага міру саветы не прынеслі. Наадварот, ваенная барацьба завіравала яшчэ мацней, распаўсюдзіўшыся ад Беларусі да Далёкага Усходу, дацягнуўшыся языкамі свайго полымя да самых глухіх куточкаў. Не абмінула ліхалецце і нашы вёскі.

Бальшавіцкая ўлада ў нашай мясцовасці пасля кастрычніцкага перавароту ў Петраградзе панавала нядоўга. 4 лістапада 1917 г. (па старым стылі) на салдацкім сходзе ў Ганцавічах яна была абвешчана. Каб кіраваць тэрыторыямі, бальшавікі пачалі арганізоўваць рэвалюцыйныя камітэты. Разгарнуцца яны не паспелі: ужо на пачатку 1918 г. вёскі апынуліся пад акупацыяй кайзераўскай Германіі. Бальшавікі, якія разлажылі царскую армію сваёй прапагандай, уцякалі, без бою пакідаючы тэрыторыю ў спадзяванні, што надыдуць для іх лепшыя часы.

Немцы хоць і разглядалі занятыя землі ў якасці калоніі, пайшлі на некаторыя саступкі беларускім нацыянальным сілам і дазволілі ім заняцца стварэннем беларускай дзяржаўнасці, абмежаваўшы іх дзейнасць сферай культуры і адукацыі. Аднак пра нейкае разгортванне ў нашай мясцовасці дзейнасці органаў Беларускай Народнай Рэспублікі, незалежнасць якой была абвешчана 25 сакавіка 1918 г., звестак не захавалася, відаць, да глыбінкі тыя падзеі так і не паспелі дакаціцца. Тым не менш некаторыя нашы землякі адчулі подых імклівага нацыянальнага развіцця, пра што сведчыць "Пасьведчаньне Народнага Сакратарыяту БНР Рычарду Сьвяжынскаму за 25 ліпеня 1918 г. у тым, што ён беларус Менскай губэрні, Слуцкага павету, Круговіцкай воласці, вёскі Агарэвічы едзе вучыцца ў Варшаўскі ўніверсытэт". Незалежнай дзяржаве беларусаў патрэбны былі людзі з еўрапейскай адукацыяй і кіраўніцтва БНР, нягледзячы на цяжкасці жыццёвага характару, спрыяла здольным асобам нават з глыбінкі, накіроўваючы іх на вучобу ў лепшыя заходнія ўніверсітэты, пра што за царскай уладай, а неўзабаве за польскай, а потым за саветамі людзі і марыць не маглі.

У той жа час да Палескага рэгіёна праяўляла прэтэнцыёзную цікавасць маладая ўкраінская дзяржава, якая адстойвала сваю незалежнасць у барацьбе супраць польскіх і расійска-бальшавіцкіх акупанатаў: на перамовах з расійскімі дыпламатамі ўкраінская дэлегацыя праводзіла сваю паўночную мяжу якраз па Круговічах, хоць украінскасцю тут і не пахла. Вёскі (за выключэннем толькі самых паўночных), такім чынам, маглі ўвайсці ў Рэчыцкі павет Кіеўскай губерні. Паўночная мяжа Украінскай Дзяржавы, паводле тэорый украінскіх палітыкаў, праходзіла па лініі Выганашчанскае возера – ЛюбашаваМельнікіЛактышы і г.д.

Не хацелі страчваць гэту тэрыторыю і бальшавікі, таму пад канец 1918 г. супраць далучэння да незалежнай Украіны шэрагу раёнаў Берасцейшчыны і Гомельшчыны арганізавалі ўзброенае выступленне накшталт партызанскай барацьбы, вядомае пад назвай "Палескае паўстанне".

У пачатку 1919 г. рэгіён зноў заняла Чырвоная Армія, распачаўшы ў хуткім часе барацьбу з адроджанай паводле Версальска-Вашынгтонскай сістэмы польскай дзяржавай. Войскі апошняй на чале з Язэпам Пілсудскім (беларусам, дарэчы, па паходжанні) вясною 1919 г. занялі нашу мясцовасць.

Аднак і на польскай акупацыі часы ваеннага ліхалецця для кругаўцоў не скончыліся. Летам 1920 г. Чырвоная Армія прадпрыняла магутнае наступленне і дайшла да Варшавы. Бальшавікі марылі пра сусветную рэвалюцыю, пра панаванне па ўсёй Еўропе. Але яны не разлічылі сваіх сілаў. Да таго ж Чырвоная Армія адарвалася ад тылоў. У выніку ўдала праведзенай палякамі аперацыі бальшавіцкае войска было разгромлена. Фронт ізноў імкліва перасунуўся на ўсход ад нашай мясцовасці і спыніўся за Слуцкам. Знясіленыя бакі 12 кастрычніка 1920 г. заключылі перамір’е, паводле якога паміж войскамі ўтваралася зона размежавання шырынёй каля 30 кіламетраў. Менавіта на ёй у лістападзе ўспыхнула беларускае паўстанне пад лозунгамі БНР. Слуцкі збройны чын канца 1920 г. хоць і не меў разгортвання ў нашай мясцовасці, аднак, мяркуючы па існуючых матэрыялах, не выключаецца магчымасць удзелу ў ім нашых землякоў, бо ў Ганцавічах фарміраваўся Беларускі полк у 1000 чалавек. Сілы ўсё адно былі няроўныя, і паўстанне было лёгка падаўлена Чырвонай Арміяй.

У якасці падагульнення перыяду смуты можна падлічыць, колькі разоў змянялася ўлада ў нашай мясцовасці за кароткі адрэзак часу. Сістэматызуем інфармацыю.

Змены ўлады ў нашых вёсках у перыяд 1917 - 1921 гг.
Час
Улада
Заўвагі
Да 4 лістапада
1917 г.
(па старым стылі)
Царская / Часовы ўрад
(ад лютага
1917 г.
па старым стылі)
У складзе Расіі: Северо-Западный край
4 лістапада 1917 г. -
пачатак 1918 г.
Савецкая ўлада
У складзе Савецкай Расіі: Заходняя вобласць
Люты 1918 г. -
канец 1918 г.
Нямецкая ўлада
Паралельна дзейнічала БНР, якая, аднак,
пасля сыходу нямецкай арміі не ўтрымалася.
Украінскія палітыкі праводзілі паўночную мяжу Украіны
па Любашаве, Мельніках, Лактышах
Студзень –
красавік 1919 г.
Савецкая ўлада
1.01.1919 г. адбылося першае абвяшчэнне ССРБ
(Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі),
якая неўзабаве была пераўтворана
ў Літоўска-Беларускую ССР (ЛітБел)
Красавік 1919 г. – ліпень 1920 г.
Польская ўлада
Агулам землі называліся Kresy Wschodnie
(Усходнія Ускраіны)
Ліпень – канец верасня 1920 г.
Савецкая ўлада
31.07.1920 адбылося другое абвяшчэнне ССРБ (11.04.1927 г. перапраўлена на БССР)
Ад канца верасня 1920 г.
Польская ўлада
Вёскі ўвайшлі ў склад
ІІ Рэчы Паспалітай (Польшчы).
Становічша захавалася да 17 верасня 1939 г.

Як бачна, за тры гады ўлады змяняліся шэсць разоў. Ніводная з іх не была сваёй для беларускага селяніна. Таму ён і не хацеў ваяваць, марачы пра той час, калі яго пакінуць у спакоі. Таму ён і не любіў рэвалюцыю, якая ваеннае ліхалецце расцягнула яшчэ на некалькі гадоў. Таму тая рэвалюцыя для нашага насельніцтва ў той час была не святам, а вялікай трагедыяй і горам.
Катэгорыя: Анатоль Трафімчык | Дабавіў: admin (17.11.2011) | Аўтар: Анатоль ТРАФІМЧЫК
Праглядаў: 2892 | Рэйтынг: 4.5/17
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 5
Гасцей: 5
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.