Пятніца, 26.04.2024, 08:16

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Іншае

Палескі валацуга
Менавіта так вядомы беларускі літаратар Уладзімір Андрэевіч Калеснік назваў Міколу Купрэева. I было за што: амаль усю Беларусь, а найперш – Палессе таленавіты пісьменнік абышоў пехатою са сваёй вернай спадарожніцай – кульбай.

Такога жыцця, якое пражыў Мікола Сымонавіч, і такой смерці, якой завяршыў сваю вандроўку па гэтым свеце, пэўна, ворагу не пажадаеш...

Мікола Купрэеў
Мікола Купрэеў

Нарадзіўся ён 25 мая 1937 года ў вёсцы Ямнае Рагачоўскага раёна, што на Гомельшчыне, у сям'і настаўніка. Дзяцінства выпала на ваеннае ліхалецце. Яно пакінула ў сэрцы незагойную рану. У час арышту бацькі, які быў звязаны з партызанамі, фашысты паранілі маці, а потым – яшчэ жывую! – на вачах у пяцігадовага хлопчыка закапалі ў зямлю. Вось праз такі боль, праз такое жорсткае выпрабаванне яму давялося прайсці ў самым пачатку свайго жыцця.

I потым з гэтым болем жыць і пісаць чыстыя, светлыя, шчырыя, жыццесцвярджальныя вершы:

Калі расцвітаюць кветкі –
вы іх не тапчыце,
калі жаўранак у горле нясе зару –
вы лепш памаўчыце,
калі вас абдымаюць, цалуюць і шэпчуць –
любіце, любіце, любіце!
Калі душа перапоўніцца шчасцем –
вы песняй крычыце!

Як гэта ў ім сумяшчалася? Адзін Бог ведае, які і даў Міколу талент.

Пасля смерці Купрэева адзін з беларускіх пісьменнікаў сказаў: калі б Мікола Сымонавіч пражыў сваё жыццё па-іншаму, не марнаваў яго на розныя вандроўкі – дык напісаў бы значна больш. Катэгарычна не згодны з такім меркаваннем! Па-першае, больш – не значыць, што лепш. А па-другое, кожны чалавек можа зрабіць за сваё жыццё роўна столькі, колькі ён паспеў зрабіць. Аднаму лёсам наканавана пабудаваць дыхтоўны дом, другому – пасадзіць квітнеючы сад, трэцяму – напісаць Кнігу... Далёка не заўсёды ўсё гэта можа спалучацца ў адным чалавеку. Напэўна, Мікола Купрэеў быў кепскім сем'янінам. Ды і добрым садоўнікам яго не назавеш... Затое яго вершы (і проза) будуць жыць вечна.

3 гэтай нагоды ўспамінаецца такая гісторыя. Пасля выхаду ў свет у 1995 годзе другой кнігі паэзіі Міколы Сымонавіча «Правінцыйныя фантазіі» яе адразу намінавалі на Дзяржаўную прэмію. Аднак па нейкіх прычынах яе Купрэеву не далі, хоць чуткі аб маючай адбыцца падзеі ўжо дайшлі і да самога "будучага лаўрэата" і той нават размеркаваў чакаемыя грошы ("аддам даўгі, адзначу з сябрамі, а на рэшту куплю... шкарпэткі").

Да сённяшняга дня ў літаратурных колах чуюцца розныя версіі. Выкажу сваю, рызыкуючы наклікаць непаразуменне асобных "добразычліўцаў". Для лаўрэата Дзяржаўнай прэміі ўсёткі мала толькі таленавітых твораў. Прэтэндэнт на вышэйшую ўзнагароду краіны павінен мець і свядомую грамадзянскую пазіцыю, і высокія маральныя, чалавечыя якасці, быць прыкладам для падрастаючага пакалення. Адпавядаў усім гэтым патрабаванням Купрэеў? Паклаўшы руку на сэрца, нават самыя блізкія сябры паэта наўрад ці захацелі б, каб іх дзеці паўтарылі яго жыццёвы шлях. Hi кала, ні двара... Пастаянныя застоллі... Сумніўныя кампаніі... Бадзяжніцтва... Некаторыя "свядомыя" пісьменнікі абвінавачваюць у гэтым уладу: яна, маўляў, давяла яго да такога жыцця. Я ж так мяркую: прычым тут улада, калі нават бацька Міколы Купрэева, Сымон Іванавіч, адрокся ад сына і на парог сваёй хаты не пускаў да самай смерці! Можна спрачацца, ці правільна гэта – ганарыцца сынам, калі ён набыў шырокую вядомасць напачатку сваёй літаратурнай дзейнасці, і адрачыся ад яго, калі той пайшоў па "крывой сцяжынцы" і не спраўдзіў бацькавых надзей. Тым не менш, факт застаецца фактам. Як успамінае вядомы беларускі пісьменнік, які жыве цяпер у Маскве, Алесь Кажадуб, толькі незадоўга да смерці Сымон Іванавіч хацеў запрасіць Міколу на сваё 90-годдзе, каб памірыцца з сынам, аднак не паспеў, не дажыў...

А ўлада, між іншым, зрабіла для Купрэева нямала. У 1996 годзе ён атрымаў літаратурную прэмію імя Аркадзя Куляшова – найвышэйшую адзнаку пісьменніцкай працы ў рэспубліцы, а яшчэ – бясплатную аднапакаёвую кватэру ў Пружанах, што для бяздомнага паэта, думаю, было значна важней за любую грашовую ўзнагароду. Дарэчы, з гэтай кватэрай звязана яшчэ адна гісторыя. Ініцыятыву і настойлівасць у "выбіванні" хоць нейкага жылля для Купрэева праявіў рэдактар Пружанскай газеты «Раённыя будні», паэт Мікола Антаноўскі. Яго падтрымалі ў аблвыканкаме. Аднак у раёне гэтую ідэю ўспрынялі, мякка кажучы, без вялікага энтузіязму: маўляў, і чалавек не надта дастойны, валацуга нейкі, ды і аб яго пісьменніцкіх здольнасцях ходзяць розныя меркаванні... I ўсё ж кватэру паэту выдзелілі. Мікола Сымонавіч радаваўся, як дзіця. I сапраўды, упершыню ў сваім неўладкаваным жыцці паэт атрымаў уласны дах над галавой.

Праўда, пажыць у сваёй кватэры яму ўжо практычна не давялося. Цяжкая хвароба – сухоты, набытая за гады "палескіх вандровак", усё часцей напамінала пра сябе. Ды і ногі ўжо амаль не трымалі, нават з кульбай не мог нармальна рухацца. I ўсё часцей лячыўся то ў туберкулёзных, то ў псіханеўралагічных, то ў звычайных раённых бальніцах, а скончыў свой жыццёвы шлях у доме састарэлых у Баранавіцкім раёне.

Мы часта з вядомых людзей самі ствараем нейкі ідэал: калі чалавек таленавіты, творчы, дык ён ужо ледзь не святы, як бы і права не мае на памылкі, недарэчныя ўчынкі, чалавечыя слабасці. Чаму гэта робім? Ці не таму, каб і свае грахі заадно спісаць: раз ТАКІ талент ішоў па жыцці "кульгаючы", дык і нам даравальна... А як жа быць з праўдай? Так, таленавіты. Так, творчы. Так, геніяльны... Але ж і не святы. I памыляўся. I грашыў. I гаспадаром не быў. I не сем'янін... Супярэчлівая асоба, як і кожны, заўважу, жывы чалавек. I замоўчваць гэта, напэўна, не варта. Што было – тое было...

Здавалася б, перажыўшы такое вялікае гора ў дзіцячым узросце, як смерць маці, звычайнаму чалавеку ўжо немагчыма акрыяць. Аднак з цягам часу Мікола пакрыху ажыў. Пасля вайны сям'я Купрэевых – бацька з новай жонкай Марыяй і сынам – пераязджае на Брэстчыну, у вёску Пескі Бярозаўскага раёна, а ў 1953 годзе – у вёску Міхнавічы, што на Івацэвіччыне, дзе Сымон Іванавіч да самага выхаду на пенсію працаваў дырэктарам пачатковай школы. У 1957 годзе Мікола скончыў сярэднюю школу ў Івацэвічах, паступіў на філалагічны факультэт Брэсцкага педінстытута. Атрымаўшы дыплом, настаўнічаў у Ляхавіцкім, Ганцавіцкім, Пінскім і іншых палескіх раёнах, ажаніўся з аднакурсніцай Таццянай, у іх нарадзілася дачка Святлана.

Выдатна напачатку складваўся і яго літаратурны лёс. Яшчэ ў гады вучобы ў школе, а потым і ў інстытуце ён піша вершы, актыўна публікуецца ў абласным і рэспубліканскім перыядычным друку. Ужо ў 1967 годзе ў 30-гадовага правінцыйнага паэта ў сталічным выдавецтве выходзіць першая кніга вершаў «Непазбежнасць», якая была цёпла ўспрынята крытыкай. I раптам... Што здарылася потым? Чаму малады талент, які падаваў вялікія надзеі, знік? Вядомасць, слава моцна ўдарылі ў галаву? He хапіла вытрымкі, працавітасці, настойлівасці? Нездарма ж кажуць, што самае складанае ў жыцці кожнага чалавека – выпрабаванне не цяжкасцямі, не агнём, не вадой, а поспехам, славай, меднымі трубамі.

Сёння некаторыя лічаць, што правінцыйнага паэта "адсунулі" ад Саюза пісьменнікаў, не далі магчымасці праявіць сябе, загучаць ва ўсю сілу... Але ж гаварыць можна, што заўгодна. Толькі чаму нехта некаму нешта павінен даваць? Талент таксама вымагае працы. Напружанай, пастаяннай, штодзённай. I за месца пад сонцам трэба біцца, напэўна, тым спосабам, на які здольны – стварэннем новых твораў. Што, у іншых не менш таленавітых паэтаў жыццёвы шлях быў лягчэйшы? Без церняў? Можна дзясяткі прозвішчаў назваць, хто і турмы, і ссылкі перажыў, аднак не зламаўся, пад цяжарам выпрабаванняў не сагнуўся, а, сцяўшы зубы і сціснуўшы волю ў кулак, пісаў, пісаў і пісаў...

Міколa Купрэеў на два доўгія дзесяцігоддзі – з 1967-га па 1986-ы – выпаў не толькі з літаратурнага працэсу, а, як сам потым прызнаваўся, "...знік – не з паэзіі, не са старонак газет і часопісаў – з самога сябе... Знік у нетры Палесся..." Дзе ён бадзяўся, як жыў, Мікола амаль нікому не расказваў. Лягчэй сказаць, праз якія толькі вёскі і гарадкі на Палессі яго шлях у той час не пралягаў. Часам уладкоўваўся на працу – быў настаўнікам і журналістам, бібліятэкарам і загадчыкам клуба, вартаўніком і качагарам. Але доўга на адным месцы нідзе не затрымліваўся. Ехаў, а часцей – ішоў, далей па нязведаных шляхах-дарогах. Недзе гасцінна сустракалі, шчыра прывячалі, па поўнай налівалі... Лепш бы не прывячалі...

Гаспадарам здавалася, што робяць яны гэта ад усёй шчодрасці душы, ды і прыемна было "з самім Купрэевым, з сапраўдным Паэтам" кульнуць чарку-другую. Але дзе яны дзеліся потым, тыя гасцінныя гаспадары і шчырыя налівальнікі, калі "сам Купрэеў, сапраўдны Паэт" цяжка захварэў, а пасля паміраў адзін, забыты і закінуты, у доме састарэлых? Калі яго цела праводзілі ў апошні шлях толькі некалькі чалавек – сапраўды самых блізкіх і родных, хто заставаўся з ім да канца, канкрэтна дапамагаючы вырашаць многія праблемы?

Пры жыцці ў Міколы Купрэева выйшлі ў свет усяго два паэтычныя зборнікі. Пасля дэбютнага «Непазбежнасць» амаль праз тры дзесяцігоддзі, у 1995-м, ён "выйшаў з нябыту" з кнігай «Правінцыйныя фантазіі». Ды і то гэта здарылася дзякуючы Леаніду Галубовічу, які літаральна па крупінках сабраў шчодра раскіданыя па розных правінцыйных рэдакцыях паэтычныя радкі, падрыхтаваў іх да друку і давёў справу да лагічнага завяршэння. Затое гэта падзея натхніла Міколу Сымонавіча на далейшую працу. Ён раптам адкрыўся перад чытачом з новага боку – пачаў пісаць прозу. Адна за адной, быццам з нейкага чароўнага мяшка, высыпаліся-выйшлі ў беларускіх часопісах выдатныя аповесці пісьменніка "Дзіцячыя гульні пасля вайны", "Імгненне светлае...", "Лісты з млына", "На вуліцы Карла Маркса з Паэтам", "Палеская элегія", "Рэчкаю плывём, плывём...". Прычым яго празаічныя творы падобныя на вершы – яны чытаюцца на адным дыханні, узахлёб, яны поўныя прыгажосці, хараства, да таго ж – у многім аўтабіяграфічныя...

Вось і зноў задумваешся: калі б не тыя "палескія вандроўкі", ці напісаў бы Купрэеў так рэалістычна і разам з тым гэтак узнёсла сваю прозу? Пра голад і холад – калі б сам не быў галодным і халодным? Пра ліха і бяду – калі б сам не бедаваў? Ці намаляваў бы так яскрава партрэты палешукоў – калі б з імі не сустрэўся ў палескай глухамані? Але і пісьменнікам-рэалістам Купрэева, напэўна, нельга назваць. Той жа Леанід Галубовіч так ахарактарызаваў яго творчасць: "ён не песіміст і не аптыміст, больш таго, нават не рэаліст. Купрэеў... як загнаны воўк, упарта мкне па цаліку".

Трэцяя кніжка Міколы Купрэева – проза. «Палеская элегія» вышла ў 2007 годзе, пасля смерці пісьменніка. Над ёй парупіліся ўсё той жа Леанід Галубовіч ды іншыя сапраўды блізкія Міколу Сымонавічу людзі. Менавіта за гэты зборнік аповесцей Купрэеў у 2007 годзе ўдастоены абласной літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Калесніка.

He буду ні пераказваць змест кнігі, ні аналізаваць яе літаратурныя якасці. Да Міколы Купрэева кожны мусіць дайсці сам, пабыць з ім, услухоўваючыся ў "задуменна-самотную мелодыю", што гучыць у душы. Прывяду толькі адну цытату, якая хоць крышачку прыадкрывае таямніцу яго болю, пранесенага праз усё жыццё:

"Пра што я не сказаў на гэтых старонках, а хацелася ж сказаць?..

Пра тое, якімі ўсе мы былі добрымі, спагадлівымі, чуйнымі адразу пасля вайны, мы – малыя дзеці, і дарослыя, і зусім старыя, людзі ля Дняпра на Усходзе і ў Чорных Пясках на Захадзе. Але вайна была такая балючая, такая крывавая, што людзі пастараліся як найхутчэй аддаліцца ад яе, забыцца на яе і на шмат што іншае, у тым ліку й на саміх сябе..."

"Палескі валацуга"... "Загнаны воўк"... Ды толькі сапраўды – дыямент у літаратуры! Неўладкаваны, нязручны, непрыстасаваны... Мо, ад таго, што не ставала яму людской дабрыні, спагады і чуйнасці, пра якія Купрэеў пісаў да самага апошняга ўздыху...
Катэгорыя: Іншае | Дабавіў: admin (21.02.2015) | Аўтар: Вячаслаў БУРДЫКА-«Народная трыбуна»
Праглядаў: 2302 | Тэгі: Мікола Купрэеў, Літаратурная Ганцаўшчына | Рэйтынг: 4.0/4
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 6
Гасцей: 6
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.