Аўторак, 23.04.2024, 17:08

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Анатоль Трафімчык

Роднага краю пясняр
Водгук на чарговую кнігу земляка
Гардзей В. Бедна басота. Мн.: Мастацкая літаратура, 2003. 189 с.

Вобразы мілыя, вобразы смутныя,
Родныя вёскі і люд,
Песні цягучыя, песні пакутныя!..
Бачу і чую вас тут.
Што ні твары і як ні дзей – 
А лепш не зробіш, як Гардзей.


Менавіта так выказаўся Мікола Трафімчук пра свайго калегу па пяру і па палескім паходжанні Віктара Гардзея. А такая ацэнка, калі ўлічваць часта вельмі складаныя ўзаемаадносіны творцаў наогул, ці не найлепшае прызнанне не проста таленавітасці і прафесійнасці пісьменніка, а вылучэнне яго за шчырасць, добрасумленнасць і працавітасць на літаратурнай глебе.



Не так даўно выйшла чарговая кніга Віктара Гардзея. "Ой, сабралася бедна басота..." Хто не чуў гэтае сумнае, скрушнае песні? Менавіта яна і дала назву раману, які пісаўся больш як дзесятак гадоў таму і пабачыў свет яшчэ ў 1995 г. у часопісе "Маладосць", а толькі цяпер выйшаў асобнай кнігай. Гэтая песня, трэба адзначыць, ужо станавілася своеасаблівым ключом, можна сказаць, момантам ісціны для творчага натхнення і, мусіць, зусім не выпадкова – яшчэ для аднаго літаратурнага рупліўца з Ганцаўшчыны: трохі раней у Уладзіміра Марука нарадзіўся невялікі, але пранізлівы вершык:

Сабралася бедна басота...
З народнай песні

П’ём нашу долю
з гноем і потам,
Доўга яшчэ баляваць.
"Сабралася бедна басота...” –
Нельга адрэдагаваць.

Песню не ўтоіш,
песню не ўтопіш,
Песню – не прап’еш...
Даўнія раны песняй акропіш,
Ды – 
не перажывеш.

Дый эпіграф для гэтай рэцэнзіі выбраны не толькі дзеля абазначэння канцэптуальнае скіраванасці аўтарскае думкі, але і з пэўнай алюзіяй: улічваючы, што на Ганцаўшчыне засталіся два гады настаўніцкае маладосці нашага класіка, можна з поўным правам дапусціць факт яго знаёмства з песняй беднае басоты, якое пазней дзякуючы сіле мастацкага ўздзеяння тае песні спрычынілася да стварэння хрэстаматыйнага верша Якуба Коласа. Такім чынам, можна скласці цэлы ланцужок твораў, навеяных словамі песні, вынесенымі ў загаловак рэцэнзуемага выдання.

Пра раман жа Віктара Гардзея, дарэчы, у рэспубліканскім друку ўжо трохі выказваліся. Прычым – толькі ў станоўчым эмацыйным тоне. Таму ў чарговы раз займацца шырокім пералічэннем вартасцей твора, відаць, не варта (пералічэнне не заменіць прачытання, а толькі сапсуе яго; хіба лепей будзе адно падштурхнуць да прачытання). А казаць пра недахопы таксама не выпадае – настолькі па-мастацку выверана ўжываецца кожнае слоўца. Мусіць, лепей распавесці пра атрыманае ўражанне (а яно пры ўспрыманні будзь-якой з’явы ці не заўсёды з’ўляецца першасным) і не забыць сказаць традыцыйных колькі слоў пра змест твора.

Ад самага пачатку і да заканчэння "Беднае басоты", як зрэшты і іншых твораў Віктара Гардзея, мне як чытачу было прыемна плыць па рацэ чысцюткае беларускае мовы з дамешкам дыялектызмаў, што стварала свой непаўторны каларыт у панараме сюжэтнае канвы. Дасціпнасць, гнуткасць мовы на пару з веданнем палескае глыбінкі (не толькі прыроды, але і людзей, іх псіхалогіі, іхняе долі і, калі хочаце, этнаграфіі свайго часу) робіць твор настолькі па-беларуску нацыянальным, што яго з поўным правам можна заносіць у шэраг "візітовак" беларускае нацыянальнае літаратуры, ставячы аўтара поруч з такімі наскрозь нацыянальнымі мастакамі слова другой паловы ХХ стагоддзя, як Я.Брыль, У.Караткевіч і М.Стральцоў. 

Як земляку, раман Віктара Гардзея мне было прыемна і цікава чытаць яшчэ з аднае прычыны: ён створаны на матэрыяле, прадастаўленым рэальнымі падзеямі на нашай малой радзіме, на Ганцаўшчыне – у ваколіцах вёсак Вялікіх і Малых Круговіч, якія ў творы называюцца адпаведна проста Круговічы і Малое Сяло, дарэчы, менавіта так, як завуцца сёлы сваімі жыхарамі. Больш таго, знаёмай у творы з’яўляецца не толькі геаграфія з мікратапаніміяй, але і за персанажамі ўгадваюцца рэальныя людзі.

Падзеі ў рамане разгортваюцца ў перыяд пасляваеннае арганізацыі калгасаў на заходнебеларускіх землях, а гэта значыць, на самым пачатку 1950-х гг., калі людзі яшчэ не адыйшлі ад знішчальнае вайны, а ім ужо стварылі новае выпрабаванне на жыццяўстойлівасць. Сапраўды, як сказана ў анатацыі, гэты матэрыял літаратурай яшчэ не асвоены. І, думаецца, да яго варта прыгледзецца іншым: тагачассе на Беларусі (асабліва на заходняй яе частцы) сталася драматычным перыядам, з якім тут можа паспрачацца толькі ваенны час. У свой час "творы пра пасляваенную рэчаіснасць пакінулі толькі нейкае агульнае ўражанне штучнасці, прыхарошанасці, неадпаведнасці рэальнаму стану рэчаў, якое мы тады бачылі ў сваім жыцці... "Сухавей эстэтыкі бесканфліктнасці, штучнай ідэалізацыі жыцця", "ілюстратыўная паэтызацыя жыцця калгаснага раю", "выключэнне духоўнага фактару, забарона на агульначалавечыя канфлікты", паводле вызначэння А.Яскевіча, сталі прычынай невысокай мастацкай вартасці твораў пра тагачасную рэчаіснасць". Вось такое адбывалася тады, калі насамрэч беларуская вёска, задушаная сістэмай, не магла выскрабціся з перманентнае нэндзы. Нічога дзіўнага, што чарапічны дах сельскіх дамоў Заходняе Еўропы выклікаў у беларусаў-франтавікоў у 1945 г. здзіўленне і захапленне, а гэта непакоіла "ўладу галадранцаў" (дэфініцыя, успомненая старажыламі), бо ўбачанае на Захадзе зусім не стасавалася з вобразамі мілымі роднага краю: "Фядорына хата з падслепаватымі акенцамі і ўвагнутай, як сядло, саламянай страхой туліцца на водшыбе Малога Сяла пры самым лесе. Нічога кідкага, за што хоць вомельгам зачапілася б прагнае зладзейскае вока, на падупалай сядзібе няма: плот вакол садка часткова згарэў у печы, часткова лёг прасламі на мяжу, а хлеў усімі чатырма вугламі паехаў у зямлю, і калі яшчэ не ўпаў, не рассыпаўся, то гэта вялікае дзіва. Гаспадыня, ідучы ў краму ці на калгаснае поле, хату не замыкае, бо ўсяго там і багацця – венік, вілкі ды качарга" (с. 13). На жаль, як бачым, "сухавей эстэтыкі бесканфліктнасці" ў мастацкай ліатартуры адносна пасляваеннага перыяду беларускае вёскі быў прагнаты вятрамі перамен толькі зусім нядаўна, дагэтуль жа, за савецкім часам, казаць пра безгаспадарчасць і бязглуздасць калгаснае сітэмы лічылася паклёпніцкай крамолай. І ў справе праўдзівага адлюстравання тае рэчаіснасці Віктар Гардзей стаў ці не піянерам, тым самым падказваючы даследчыкам навейшай гісторыі белыя плямы нашай гістарычнай навукі, – у каторы раз літаратура становіцца авангардам у пераасэнсаванні мінулага.

Ёсць такі выраз – "мастацкая выдумка". Ён як бы апраўдвае творцу, які спісвае нешта, падглядаючы дэталі ў жыцця, не стрымліваючы, аднак, палёту сваёй творчай фантазіі. "Беднай басоце" такая літаратуразнаўчая адвакатура, калі і патрэбна, то ў самай мінімальнай ступені. Людзі сталага веку, якія прачыталі "Бедну басоту", нягледзячы на змененасць імёнаў, лёгка пазнавалі падзеі і жыхароў абедзвюх вёсак часоў сваёй маладосці, настолькі трапна былі выпісаны яны, прычым без ахвяравання мастацкасцю. Напрыклад, прататып Аляксея Хамутовіча, па раману зуха-бабніка, і ў сваім сталым узросце быў не супраць, каб да яго ў госці наведваўся жаночы пол. Цікавай атрымалася Ядзюня – адна з галоўных персанажаў рамана. У рамане яна, як гаворыцца, дзеўка на выданне. Віктар Гардзей неяк прызнаваўся, што ў беларускай літаратуры яму бліжэй ад многіх гераінь "вобраз дзёрзкай, свавольнай Ядвісі Баранкевіч", якая на пачатку ХХ стагоддзя жыла ў Цельшыне/Люсіне. Гэты факт, думаецца, можна аднесці да адной з прычын выбару (можа, зусім і не свядомага) імя для прадстаўніцы маласельскае басоты. Чамусьці згадваецца яшчэ адна маладая паляшучка, не менш няўрымслівая і прывабная, чым абедзьве Ядвісі, – мележаўская Ганна, вобраз якой ярка высвечваецца свайго роду прамежкавым звяном паміж трансфармацыяй жаночых постацей маладых сялянак першай паловы ХХ ст. Праводзячы паралелі паміж Ядвісямі Коласа і Гардзея, карэктна, відаць, казаць, што сучасны пісьменнік рэпрэзентаваў нам сваё бачанне пасляваеннае палескае Ядвісі. Назіраецца, так бы мовіць, эвалюцыя літаратурнага вобразу. Да таго ж, калі пашукаць у нашай літаратуры яшчэ падобных паралелей (а яны, як той суслік у траве, ёсць), ствараецца глеба для меркаванняў пра архетыпічнасць.

Чытачу, незнаёмаму з апісваемай у рамане мясцовасцю, можа падацца, што яго аўтар у пэўнай ступені ідэалізуе яе маляўнічасць (прычым гэта тычыцца і ранейшай прозы Віктара Гардзея). Але вельмі лёгка пераканацца ў адваротным, паехаўшы ў ваколіцы Малога Сяла нават хоць бы сёння, калі "дзякуючы" чалавечаму "клопату" прырода прыкметна збяднела. Па геаграфіі твора можна і ў рэальнасці лёгка зарыентавацца, тым больш, што некаторыя куточкі, бадай, не змяніліся абліччам. Такімі самымі застаюцца балацяністы Імшэчак, усеяная каменнем Горская, увенчаная пракаветным дубам Маліцкая гара, а ў Кудасе і ў нашыя дні страчаюцца бабры. Мастаку слова заставалася толькі не сапсаваць свой твор няўмелым выбарам палітры ды неасцярожнымі мазкамі – і з гэтым "нашчадак беднай басоты" (аўтарскае азначэнне) у каторы раз спраўляецца так філігранна і віртуозна, што, шчыра кажучы, нават не верылася б без асабістага знаёмства з раманам у магчымасць пісьменніцкай тэхнікі пейзажа на такім, кангеніяльным узроўні ў час, які адольвае мастацтва урбаністычнасцю, камп’ютэрызацыяй, глабалізацыяй і – як вынік – дэгуманізацыяй. Хоць яшчэ сорак гадоў таму было зроблена прароцкае папярэджанне: "Надо гуманизироваться или погибнуть". І літаратура менавіта праз такіх пісьменнікаў, як Віктар Гардзей, працягвае сваё падарожжа ў часе жыццёсвярджальнаю сцежкаю. 

У рамане, як можна бачыць ужо па назве, падзеі выпісаны не тое што цёмнымі фарбамі (хапае і светлых таноў), ды агульная палітра выяўляецца сумнай, сінанімічнай настроям згаданай народнай песні. Таму абсалютна лагічным і арганічным было завяршэнне песні, прабачце, рамана ў прозе словамі пра самую змрочную пару года – канец восені. Але аптымістычныя ноткі (хутчэй за ўсё незалежна ад аўтара) і тут змаглі прабіцца скрозь беспрасветнасць сялянскае долі сталінскіх часоў:

"Змрочным і непрыглядным Імшэчак будзе да першага снегападу, пакуль нацянькі цераз гаці і брады на святое Увядзенне сюды не прыблытаецца расхрыстаны, басаногі Зюзя. Валадар холаду сярдзіта зачмыхае ў сівую бараду, і снежаньскія мяцеліцы аж да вясны схаваюць пад белай коўдрай жахлівую і злавесную чарнату лясной балацявіны" (курсіў мой – А.Т.). Такім чынам, вясна, як спяваюць нашы ўкраінскія суседзі з вядомага музычнага гурта "Воплі Відаплясава", прыйдзе! Вясна – не толькі як прыродная з’ява, але і як абнаўленне сацыяльнае, якога зачакалася бедна басота.
Катэгорыя: Анатоль Трафімчык | Дабавіў: admin (18.09.2010) | Аўтар: Анатоль ТРАФІМЧЫК
Праглядаў: 2654 | Тэгі: Бедна басота, Літаратурная Ганцаўшчына, Віктар Гардзей, Анатоль Трафімчык | Рэйтынг: 5.0/2
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 5
Гасцей: 5
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.