Чацвер, 25.04.2024, 10:54

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Анатоль Трафімчык

Самародак зямлі Круговіцкай: Штрыхі да творчага партрэта Віктара Гардзея
Віктар Гардзей
Творчасць Віктара Гардзея заслугоўвае высокай ацэнкі. Не сказаць, каб яго набыткі заставаліся зусім абмінутымі ўвагай крытыкаў і літаратуразнаўцаў, пісьменнік атрымаў некалькі ўзнагародаў: Літаратурную прэмію імя Івана Мележа за кнігу прозы "Уратуй ад нячыстага" (1993), "Залаты Купідон" за працы ў галіне літаратурнай крытыкі (2007). Беларускі літаратар мае ці не самую высокую ўзнагароду ад землякоў: на пяцідзесяцігоддзе яго імя было нададзена вуліцы, на якой ён вырас.

Віктар Канстанцінавіч нарадзіўся 19 жніўня 1946 г. у вёсцы Малыя Круговічы Ганцавіцкага раёна. Пасля заканчэння Круговіцкай сярэдняй школы працаваў у калгасе. Быў карэспандэнтам ляхавіцкай, з 1966 г. ганцавіцкай раённай газеты. Завочна закончыў факультэт журналістыкі БДУ (1984). Пасля пераезду ў Мінск працаваў у часопісах "Беларусь", "Родная прырода”, "Маладосць", "Вожык", выдавецтве "Мастацкая літаратура". Закончыў працоўны шлях толькі летась – у газеце "Літаратура і мастацтва".

Першыя літаратурныя творы надрукаваў у 1963 г. яшчэ школьнікам. Пачынаючы з сярэдзіны 1970-х гг. выдаў больш чым два дзясяткі кніг прозы і вершаў. Дыяпазон таленту В. Гардзея надзвычай шырокі: паэт, празаік, дзіцячы пісьменнік, крытык і журналіст.

Парнаская вышыня была ўзятая В. Гардзеем досыць рана. Ужо ў 15-гадовым узросце голас малосенца (так па-дыялектнаму называюць аднавяскоўцаў паэта) гучаў вельмі ўпэўнена. З-за сціпласці і адсутнасці прабіўной жылкі Віктар Гардзей публікаваў не ўсё. Нешта было дастана з шуфляды адносна нядаўна. Так, у № 8 за 2008 г. у часопісе "Полымя" змешчана падборка вершаў пад назвай "Божай ласкай ураджаю быць!..". У ёй аўтар арганічна спалучыў свае першыя крокі па краіне Паэзіі і даробак сталасці.

Адкрывалася публікацыя вершам таго ж года "Шукаю героя…". У ім, кінуўшы пагляд на пройдзены творчы шлях, паэт дэкларуе:

Не выдумка гэта, не мроя –
З тых дзён, калі быў малады,
Свайго я шукаю героя,
Ды нават згубіў і сляды.

Лірычны канфлікт вырашаецца двухсэнсоўна. З аднаго боку, герой паэта "з хаты абжытай пайшоў”, "схаваўся ў зялёнае жыта, і вось усе звесткі аб ім”. З іншага боку, паэт усведамляе, што падобных герояў нямала.

Наступныя вершы рэпрэзентуюць шырокі тэматычны спектр, які, трэба адзначыць, быў характэрны для В. Гардзея адпачаткава. Так, думкі школьніка з палескай глыбінкі сягаюць касмічных маштабаў ("Космас"), вяртаючыся тут жа да родных "Баравікоў", асэнсоўваюць надзённасць ("У вучнёўскай брыгадзе") і часы даўно мінулыя ("Дрыгавічы"). А сталаму паэту зусім не чужыя тэмы "Чэрвеньскага сну":

Дзіўна ўскінуліся бровы
Пры сустрэчы за смугой.
Сон, з дзяўчынкай, каляровы
Сніўся чэрвеньскай парой.
Хоць і ўздыхаецца ў канцы:
Гэты сон – як падарунак
Мне, прабегламу ў жыцці.

Віктар Гардзей амаль у кожнай публікацыі прысвячае радкі роднаму куту, Малому Сялу і яго ваколіцам:

Лясы, сухадолы, пагоркі,
І скрозь пералескі відны.
Бараціна, Горская, Боркі –
Багата што кажуць яны…
Імшэчак, Прасека, Дадаткі –
Назовы дайшлі праз вякі…

У вершах апошняга часу можна пачуць мінорную танальнасць. Так, "Успамін пра кросны" хоць і прасякнуты цёпла-настальгічным сумам, выпісвае зусім не сонечную агульную палітру: "Бо ткуць і ткуць у мройным часе кросны / Усё такое ж чорнае сукно”.

Затое змешчаныя побач "Зімовы эцюд" і "Камертон", народжаныя маладосцю, нясуць цалкам адваротны настрой: "Гук струны ўзахліпку / Пастаяў і знік. / Гэта ладзіць скрыпку / Месяц сакавік".

Калі б не адзінае выключэнне з шэрагу новых вершаў "Рабінавая ноч", то падалося б, што паэт перажывае нейкі перыяд упадку жыццёвых сілаў, дэкадансу. Аднак той факт, што менавіта гэты верш даў назву ўсёй нізцы, паказвае яго знакавасць і для нізкі, і для жыццёвага перыяду творцы, які зусім не збіраецца паддавацца змрочным настроям:

Назаўтра – сонца, вылет галубіны.
Араць і сеяць, страх начны забыць.
Даспеюць рана ягады ў рабіны,
Дык Божай ласкай ураджаю быць!

Галоўныя героі В. Гардзея – Радзіма і жыццё чалавечае. Абедзве тэмы атрымалі паэтычна-філасофскае асэнсаванне, пачатак якому быў закладзены амаль паўвека таму – у галаве, а хутчэй у сэрцы вясковага хлапчука, надзеленага немалым літаратурным талентам і найлепшымі чалавечымі якасцямі. А схільнасць да філасафічнага мінору ў большасці новых твораў заканамерная: яе навейвае сталасць. Таму "Калінавы мост" можна разглядаць як метафару жыццёвай дарогі:

Бераг левы гудзе пад нагамі,
Бераг правы вядзе на пагост.
Неўпрыкмет над сівымі вірамі
Захістаўся калінавы мост.

Паэт зноў робіць аглядку на пройдзенае, заўважае мімалётнасць жыцця ("Там не хопіць якойсьці хвіліны азірнуцца на буйства зары…”), адзначае неспакой аднаго берага і няўтульнасць другога (прычым у берагах бачацца і прыхаваныя вобразы двух асноўных месцаў пражывання паэта – роднай вёскі і сталіцы) і, тым не менш, не закрывае вочы на цвет каліны і на нечы плач у зялёных лугах (алегорыя супярэчнасцей чалавечага жыцця).

Гэтай палымянскай публікацыяй В. Гардзей нібы закальцаваў свой паўвекавы жыццёва-паэтычны адрэзак. Яшчэ ў савецкі час выйшлі кнігі паэзіі "Касавіца" (1975), "Верасное палясоўе" (1978), "Засевак Радзімы" (1983), "Незабудкі азёр" (1985), "Узрушэнне" (1988), "Дзікая пчала" (1994) і выданні вершаў для дзяцей "Чырвоны грабеньчык" (1976), "На арэхавай палянцы" (1982), "Коцікі на вярбе" (1988), "Мой тата – трактарыст" (1989) і інш. Падсумаваннем у 2010 г. стала кніга паэзіі, якую можна назваць анталогіяй: у серыі "Залатое пяро" выйшаў зборнік выбранага "Трыадзінства". Аўтар уключыў у яго найлепшыя паэтычныя творы як апошніх часоў, так і перыяду юнацтва, што раскрывае прыроджанасць таленту адоранага тонкай душой і інтэлектуальным густам да слова палешука.

Душэўныя інтанацыі вершаў выклікаюць у чытача давер. Некалі сямнаццацігадовым юнаком В. Гардзей стварыў паэтычную замалёўку вясновага лесу пад назвай "Камертон". А сёння ўжо пяро самога аўтара, якое столькі дзясяткаў гадоў ходзіць без фальшу па белых клавішах аркушаў, можна смела называць так. Інтанацыі нават ранніх яго вершаў нярэдка сугучныя з творамі найлепшых паэтаў свету. У "Зімовым эцюдзе" юнак Гардзей пераклікаецца з юнаком Ясеніным. Параўнайма:

П’е запоем ранак барадаты
Малако бярозак-маладзіц (В. Гардзей).

Клененочек маленький матке
Зеленое вымя сосет (С. Ясенін).

Можна было б казаць пра ўплыў рускага паэта, але, магчыма, юнакі, улюбёныя ў родныя сумёты і дахі, падобным чынам адкрывалі для сябе касмічныя маштабы Сусвету, знаходзілі між імі цесную повязь, і потым у рытме паэтычных памераў нараджалася мелодыя захаплення жыццём – ад зямных драбніц да недасягальных фізічна, але не метафізічна, велічыняў. Вось як перадае В. Гардзей імпрэсіянізм пацалунку ў аднайменным вершы:

Адно імгненне – вочы, вусны
Адчайна ў вечнасць адплылі,
Сучок пад яблыняю хруснуў,
І – ціха, ціха на зямлі.

Павеў салодкі, хмельны, горкі,
І – захістала, павяло.
Відаць, святло звышновай зоркі
Да нас у гэты міг дайшло.

На жаль, жыццё не заўсёды песціць. І гэта асабліва востра адчуваюць паэты. Нездарма кніга В. Гардзея названа трыадзінствам – Бяды, Журбы і Віны. Яны – як рэверс медаля, на аверсе якога трыяда Веры, Надзеі, Любові. Такая дыялектыка. Але – парадокс! – мы не знойдзем нараканняў на жыццё, толькі прыманне. Паэт усведамляе, што "няма цяпла без дзён самотных”. Таму і "не трэба, аднак, спачування: / Напісаны боль на раду”, бо "непастаянны дзень асенні, / І стогн, і ўздых, што рвецца часу ніць. / Ды ўсё ж цудоўныя імгненні, / Калі яшчэ душа баліць”.

Паэзія В. Гардзея традыцыйная – і па форме, і па тэмах. Здавалася б, нічога новага. Але дзякуючы яскравай індывідуальнасці аўтара лірычны свет вершаў непаўторны і адначасова блізкі, зразумелы. Піша паэт пра прыроду, паглыбляецца ў філасафічныя нетры быцця, адлюстроўвае боль абпаленага вайной пакалення, спавядаецца ў нечым асабістым – усё грунтуецца на вялікай шчырасці.

Дзяцінства і вобраз рана страчанай маці перадаюцца ў вершах В. Гардзея з тонкім трымценнем, без гучнага надрыву, на ўзроўні малітоўнага шэпту; каб пачуць такі напоўніцу, трэба мець адпаведна далікатнае, чулае сэрца:

Забудзецца вобраз сірочы
І час, што мільгнуў паміж траў.
Успомніць бы матчыны вочы.
Згадаць бы, хто хлеба даваў.

За смугой суму ды болю бачыцца тое, што не дае апусціць рукі, тое, што мацуе жыццёвыя сілы. Вобраз матулі паўстае тоесным анёлу-ахоўніку:

З белай завеі ты горкай часінай
Выйдзеш у белым, і мне ласкавей
Свет усміхнецца ў самоце адзінай
Воблакаў снежных і шумных завей.

У цэлым кніга пакідае мажорны, аптымістычны настрой, бо іншага і не магла навеяць, напрыклад, "Навагодняя паштоўка землякам", размешчаная, напэўна ж, не выпадкова ў кнізе на прыканцы:

Не пагасне язычніцкі Зніч –
Яркі бляск асвятляе загоны.
На пагорках маіх Кругавіч
Дабравестам царкоўныя звоны.

Рана В. Гардзей здружыўся і з прозай. Апавяданні з-пад яго пяра выйшлі яшчэ ў юнацкую пару. Але першая празаічная кніга з’явілася ледзь не праз дзясятак гадоў пасля паэтычнай, называлася яна "Дом з блакітнымі аканіцамі" (1984). Сталасць выспеліла творы буйнейшага жанру. Паказчыкам іх якасці можна лічыць перавыдаванне.

Адно з апошніх выданняў В. Гардзея – зборнік аповесцей і апавяданняў "З мінулага не вяртаюцца…", які ўбачыў свет у серыі "Беларуская проза ХХ стагоддзя”. Як і папярэднія тэксты празаіка, новаапублікаваныя творы абудзяць у чытача ўспаміны пра дзяцінства і родны куточак, перанясуць туды, па чым сумуецца з узростам усё больш ды больш. Усе тры аповесці – "Дом з блакітнымі аканіцамі", "Жыта ганьбу не заслоніць", "Па Сеньку і шапка" – паказваюць свет вачыма дзяцей. У многім менавіта іх інтэрпрэтацыю атрымліваюць падзеі, часавыя рамкі якіх зводзяцца да пасляваеннага жыцця палескіх вяскоўцаў. Але не абавязкова быць народжаным у другой палове 1940-х гг., як аўтар, каб перажыць далёкія часы свайго дзяцінства. Проста В. Гардзей апавядае пра тое, што яму вядома найлепей, апавядае так, што можна знайсці агульныя рысы з дзяцінствам любога чалавека, перадусім таго, хто стаў "сенам на асфальце”.

Прыём рэтрансляцыі нейкага сюжэта праз свядомасць дзіцяці не новы ў літаратуры. Дый В. Гардзей ніколі не прэтэндаваў на наватарства, свядома прытрымліваючыся класічных канонаў прыгожага пісьменства – як у прозе, так і ў паэзіі. Аднак пранікнёнасць і шчырасць яго аповедаў непадробная, кангеніяльная беларускаму менталітэту, нацыянальнай культуры. Пісьменнік да драбніц трапна перадае дзіцячую псіхалогію. Напрыклад, дашкольнік Слаўка з "Дома…" неўпрыкмет для сябе злізаў схаваную ад яго мачыхай каву: "Вось яна ў руках, тая горка-салодкая атрута, напалову перасыпаная цукрам!.. Пакуль не растане цукар, кава салодкая, а потым яна і праўда гаркаватая. Ды нічога, Слаўкаў язык любіць яе і такую. Трэба было ўжо даўно паставіць пачак на месца, трэба было не даваць такой волі языку, але Слаўка не мае сілы што-небудзь зрабіць з сабой. Апамятаўшыся, ён суне амаль пусты пачак у пячурку, закрывае анучкамі. Але ад таго, што Слаўка дрыжыць ад страху, кавы ў пачку не пабольшае. Цяпер адно выратаванне: трэба ўцякаць да бабулі”.

Сюжэты ў В. Гардзея лірычна-эпічныя. Перавага лірычнага спрыяе інтымнай задушэўнасці ў зносінах чытача і кнігі. Апісанне Насцінага агароду з "Жыта…" плаўна перайшло да ўспамінаў пра яе мужа, закатаванага падчас вайны паліцаямі, таму што аўтар, нібы нечакана для самога сябе, поглядам натыкнуўся на тытунь-самасей, па якім "можна прасачыць колішнія Сямёнавы сцежкі-дарожкі”. Непатрэбную цяпер расліну ўдава дарэшты не знішчала – як памяць пра каханага. Ні напышлівых слоў, ні прыгожых, дарагіх прадметаў-сімвалаў – узвышанасць дасягаецца сродкамі прыземленымі, будзённымі. Тое, што называецца паэтызацыяй будзёншчыны і што так цяжка даецца пісьменнікам, у В. Гардзея знаходзіцца – як некаму можа падацца – нават з лішкам.

Творы В. Гардзея з поўным правам могуць выступаць крыніцай для некалькіх навук.

Гісторыя. Сёння ў модзе аналізаваць і канструяваць паўсядзённасць нашых продкаў, часта недалёкага мінулага. Пасляваенны час беларускай вёскі добра раскрыты ў творах В. Гардзея, у тым ліку – у новай кнізе. Якім быў сацыяльны кантэкст, чым жыў селянін, чытач даведаецца дзякуючы нетаропкаму аповеду.

Этнаграфія. Яна цесна пераплятаецца з паўсядзённай гісторыяй. В. Гардзей не шкадуе апісанняў, у што апраналіся, як вялі гаспадарку, што елі, што пілі і самае галоўнае – як і калі. Прычым робіць гэта адначасова з адлюстраваннем перажыванняў чалавека. Цікава, што нават жаночы бок гаспадаркі аўтар малюе з тонкім веданнем: "Насця была цярплівай кабетай, і доўга ці мала мінула часу, а масла памаленьку збівалася. Гэта адчулася па тым, што калатоўка ўперлася ў тугі камяк і далей ёй няма ніякага ходу. Насця паднялася з парожка, пайшла з бойкай у хату, вычарпала жоўтую груду ў міску з халоднай вадой. Пакуль масла не зацвярдзела, скатала яго ў круглую галку. Пайшла ў агарод, нарвала бурачнага лісця і абкруціла ім масла. У бурачніку яноне растае, не ялчэе, можа доўга ляжаць свежанькае, як толькі што збітае”.

Дыялекталогія. Без гэтай галіны навуковых ведаў немагчыма было б адэкватна адлюстраваць дзве папярэднія. Слоўныя залацінкі аўтар чэрпае ў народных гаворках, звычайна круговіцкіх: "Адстань, не лезь сляпіцаю ў вочы, – прастагнала Барабаніха і, ужо адбегшыся, пагразіла: – Пачакай жа, галетніца! Прыйдзе коза да воза. Скулу ў бок, а не грошай я табе пазычу!”.

Ці не найлепшым творам В. Гардзея прызнаецца яго адзіны пакуль раман. "Ой, сабралася бедна басота…” – хто не чуў гэтае сумнае, скрушнае песні? Менавіта яна і дала назву раману, які пісаўся больш як дзесяць гадоў таму і ўбачыў свет яшчэ ў 1995 г. у часопісе "Маладосць", выйшаў жа асобнай кнігай адно праз восем гадоў. Дасціпнасць, гнуткасць мовы, веданне палескай глыбінкі (не толькі прыроды, але і людзей, іх псіхалогіі, іхняе долі) дазваляюць аднесці твор да візітовак беларускае нацыянальнае літаратуры, ставячы аўтара поруч з такімі мастакамі слова другой паловы ХХ ст., як Янка Брыль, Уладзімір Караткевіч і Міхась Стральцоў.

Падзеі ў рамане разгортваюцца ў перыяд пасляваеннай арганізацыі калгасаў на заходнебеларускіх землях – на самым пачатку 1950-х гг., калі людзі яшчэ не адышлі ад знішчальнай вайны, а ім ужо стварылі новае выпрабаванне на жыццеўстойлівасць. Сапраўды, як сказана ў анатацыі, гэты матэрыял літаратурай яшчэ не асвоены. І, думаецца, да яго варта прыгледзецца. У свой час «творы пра пасляваенную рэчаіснасць пакінулі толькі нейкае агульнае ўражанне штучнасці, прыхарошанасці, неадпаведнасці рэальнаму стану рэчаў, якое мы тады бачылі ў сваім жыцці… "Сухавей эстэтыкі бесканфліктнасці, штучнай ідэалізацыі жыцця”, "ілюстратыўная паэтызацыя жыцця калгаснага раю”, "выключэнне духоўнага фактару, забарона на агульначалавечыя канфлікты”, паводле вызначэння А. Яскевіча, сталі прычынай невысокай мастацкай вартасці твораў пра тагачасную рэчаіснасць». Беларуская вёска, задушаная сістэмай, не магла выбрацца з галечы. Нядзіўна, што дахоўка на сельскіх дамах у Заходняй Еўропе выклікала ў беларусаў-франтавікоў у 1945 г. здзіўленне і захапленне, што непакоіла "ўладу галадранцаў”, бо ўбачанае на Захадзе зусім не стасавалася з вобразамі мілымі роднага краю: "Фядорына хата з падслепаватымі акенцамі і ўвагнутай, як сядло, саламянай страхой туліцца наводшыбе Малога Сяла, пры самым лесе. Нічога кідкага, за што хоць вомельгам зачапілася б прагнае зладзейскае вока, на падупалай сядзібе няма: плот вакол садка часткова згарэў у печы, часткова лёг прасламі на мяжу, а хлеў усімі чатырма вугламі паехаў у зямлю, і калі яшчэ не ўпаў, не рассыпаўся, то гэта вялікае дзіва. Гаспадыня, ідучы ў краму ці на калгаснае поле, хату не замыкае, бо ўсяго там і багацця – венік, вілкі ды качарга”. За савецкім часам казаць пра безгаспадарчасць і бязглуздасць калгаснае сістэмы лічылася паклёпам. І ў справе праўдзівага адлюстравання рэчаіснасці В. Гардзей стаў ці не піянерам, тым самым падказваючы даследчыкам найноўшай гісторыі белыя плямы, – літаратура зноў становіцца авангардам у пераасэнсаванні мінулага.

Людзі сталага веку, якія прачыталі "Бедну басоту", нягледзячы на мастацкую выдумку, змененасць імёнаў, лёгка пазнавалі падзеі і жыхароў абедзвюх вёсак часоў сваёй маладосці, настолькі трапна былі выпісаны яны, прычым без ахвяравання мастацкасцю. Цікавай атрымалася Ядзюня – адна з галоўных гераінь рамана. В. Гардзей неяк прызнаваўся, што ў беларускай літаратуры яму найбліжэйшы "вобраз дзёрзкай, свавольнай Ядвісі Баранкевіч”, якая на пачатку ХХ ст. жыла ў Цельшыне / Люсіне. Гэтым фактам, думаецца, можна патлумачыць выбар імя для прадстаўніцы маласельскае басоты. Чамусьці згадваецца яшчэ адна маладая паляшучка, не менш няўрымслівая і прывабная, чым абедзве Ядвісі, – мележаўская Ганна…

Чытачу, незнаёмаму з апісанай у рамане мясцовасцю, можа падацца, што аўтар ідэалізуе яе маляўнічасць (гэта датычыцца і ранейшай прозы В. Гардзея). Але лёгка пераканацца ў адваротным, паехаўшы ў ваколіцы Малога Сяла нават сёння, калі "дзякуючы" чалавечаму "клопату” прырода прыкметна збяднела. Па геаграфіі твора можна і ў рэальнасці лёгка сарыентавацца, некаторыя куточкі, бадай, не змяніліся. Такімі самымі застаюцца балацяністы Імшэчак, усеяная каменнем Горская, увянчаная пракаветным дубам Маліцкая гара, а ў Кудасе і ў нашыя дні страчаюцца бабры. Мастаку слова заставалася толькі не сапсаваць свой твор няўмелым выбарам фарбы ды неасцярожнымі мазкамі – і з гэтым "нашчадак беднай басоты” (аўтарскае азначэнне) спраўляецца філігранна і віртуозна.

У рамане хапае і цёмных фарбаў, і светлых тонаў, ды агульная палітра выяўляецца сумнай. Але аптымістычныя ноткі (хутчэй за ўсё незалежна ад аўтара) змаглі прабіцца скрозь беспрасветнасць сялянскае долі сталінскіх часоў: "Змрочным і непрыглядным Імшэчак будзе да першага снегападу, пакуль нацянькі цераз гаці і брады на святое Увядзенне сюды не прыблытаецца расхрыстаны, басаногі Зюзя. Валадар холаду сярдзіта зачмыхае ў сівую бараду, і снежаньскія мяцеліцы аж да вясны (вылучана намі. – А. Т.) схаваюць пад белай коўдрай жахлівую і злавесную чарнату лясной балацявіны”. Вясна ўсё-такі прыйдзе, не толькі як прыродная з’ява, але і як абнаўленне сацыяльнае, якога зачакалася бедна басота.

"Што ні твары і як ні дзей – / А лепш не зробіш, як Гардзей” – менавіта так выказаўся Мікола Трафімчук пра калегу па пяры і земляка па палескім паходжанні В. Гардзея. Такая ацэнка, калі ўлічваць часам складаныя ўзаемаадносіны творцаў, – ці не найлепшае прызнанне таленавітасці і прафесійнасці пісьменніка, яго шчырасці, добрасумленнасці і працавітасці на літаратурнай глебе. З прататыпамі герояў мастацкіх твораў В. Гардзея і сёння можна сустрэцца на вясковых вулках, можна сёння прайсціся тымі мясцінамі, якія апісваюцца ў апавяданнях, аповесцях, раманах, а таксама вершах.

Пісьменніцкі голас Віктара Гардзея нягучны, някідкі, ненавязлівы. Але – упэўнены і прыгожы. Яго мастацкія здабыткі значна ўзбагачаюць нацыянальную літаратуру. Па іх будуць вывучаць Беларусь: апісаныя мастацкім словам часы, побыт людзей, нацыянальны характар. Таму і творы пісьменніка маюць высокую вартасць не толькі для землякоў самага вядомага ўраджэнца Малых Круговічаў. Паспалітыя чытачы ўсёй краіны здольныя ацаніць вартасці высокамастацкага слова.
Катэгорыя: Анатоль Трафімчык | Дабавіў: admin (16.10.2016) | Аўтар: Анатоль ТРАФІМЧЫК
Праглядаў: 2272 | Тэгі: часопіс Роднае слова, Вялікія Круговічы, Літаратурная Ганцаўшчына, Ганцавічы, Віктар Гардзей, Ганцавіцкі раён, Малыя Круговічы, Анатоль Трафімчык | Рэйтынг: 5.0/5
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.