Пятніца, 29.03.2024, 00:54

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Віктар Гардзей

Падарожжа ў Цельшына
За акном вагона ўжо ад самых Баранавіч замільгалі знаёмыя краявіды: чэзлыя ўздоўж чыгункі, пакурчаныя хвоі, мізэрныя сваёй беднасцю пасёлачкі тых, яшчэ першых, дачнікаў, густа зарослае чаратамі рэчышча ціхаплыннай Шчары, але чым далей, то ўсё выразней прыкметы сапраўднага Палесся. Абапал двухпуткі часцей і часцей трапляюцца белыя бярэзнікі, адзінокія ў полі дубы, неасушаныя гразкія балацявіны, а ў прамежку паміж імі на сухіх пагорках вабяць зрок гонкія грыбныя ды ягадныя бары. Прыгарадны дызель-поезд, мерна пагрукваючы коламі на стыках рэек, пачынае замаруджваць імклівы бег і нарэшце спыняецца на бязлюдным паўстанку ў вядомай мне змалку вёсцы, чыгуначным палатном раздзеленай на дзве неаднолькавыя палавіны.

Дзень добры, Цельшына!

Пасажыры, найбольш хлопцы і дзяўчаты, выкульваюцца на пясчаны насып, што служыць тут перонам, бягуць на пераезд, а мне чамусьці мроіцца: у іхнім гаманкім, вясёлым натоўпе матлянуўся на момант і знакаміты паношаны «лапсярдак» маладога настаўніка Андрэя Лабановіча. Але раптоўная мроя знікла, як і прыйшла, вочы паступова звыкаюцца з даўно не бачанымі палескімі малюнкамі, якія набываюць першапачатковы, рэальны сэнс. Так, гэта не Цельшына. Гэта славутая вёска Люсіна, дзе ў мясцовай школцы працаваў Якуб Колас, і нават цяпер, на размежжы двух стагоддзяў, яго тут любяць і помняць, бо вось і сціплы паўстанак, дзе спыніўся наш дызель-поезд, ужо даўным-даўно носіць імя народнага Песняра Беларусі.

Што ні кажы, а ўсё ж прыемна сам-насам прайсціся па тых сцежках і дарожках, па якіх у такой жа скрушнай адзіноце калісьці блукаў галоўны герой трылогіі «На ростанях», вялікі праўдашукальнік і рамантык Андрэй Лабановіч. У першай частцы твора — аповесці «У палескай глушы» — Якуб Колас надзвычай маляўніча і сакавіта апісаў побыт і звычкі палешукоў, іх гаротнае жыццё ў часы царызму, a многія жыхары Люсіна сталі прататыпамі непаўторных персанажаў кнігі — тутэйшай інтэлігенцыі і сялян. Даўнія з’явы і малюнкі выразна паўсталі ў вачах, і ўжо на пераездзе, паблізу невялічкай пачакальні з акенцам касіра і раскладам руху цягнікоў, нешта змушае прыцішыць крок, азірнуцца вакол сябе.

Вунь тая вуліца, што справа ад чыгункі, напрыканцы вёскі злучаецца з лясным гасцінцам, які праз надта грыбное ўрочышча Пакамерава прывядзе ў былую воласць Хатовічы, а па-сапраўднаму — у вялікую вёску Хатынічы, зноў жа не адзін раз згаданую ў аповесці. Недзе там, далей па гэтай дарозе, вам трапяцца і Завітанкі, дзе жыў пан каморнік з дачкой-прыгажуняй, і знакамітая Яшукова гара, дзе паміж дзвюх асін сяляне павесілі свайго прыгнятальніка, лютага пана Яшука. Тут жа, на водшыбе Люсіна, у пачатку стагоддзя махалі велізарнымі крыламі два ветракі, стаяла заняпалая карчма «з пакрыўленымі сценамі і пагнутым дахам», а наўсцяж чыгункі на аднолькавай адлегласці ад раз'езда разбягаліся чатыры хаткі, у якіх жылі будачнікі. Толькі дарэмна шукаць у часе і прасторы нейкія адзнакі даўніны: сёння нічога гэтага няма — ні жоўтых будак, ні ветракоў, ні старой карчмы, бо ўжо і тады адзінокі нямоглы шынкар дажываў свае апошнія дні. Па кнізе помніцца яшчэ, што за вярсту адсюль чыгунка рабіла залом, але зноў жа таго залому не відаць: каляю выпрамілі ці то за польскім панаваннем, ці то пасля вайны, і цяпер па абодва бакі ад пераезда рэйкі бягуць імкліва і роўна, як страла. Яно і не дзіўна: у суседняй Цне сплыло багата вады, у Люсіне змянілася не адно пакаленне палешукоў, і пра колішні час напамінаюць хіба што назвы ўрочышчаў — Сяльцо, Татарка, Яшукова гара, Целяшоў дуб.

Дызель-поезд, пакуль я таптаўся на пераездзе, адгукнуўся ўжо аднекуль здалёк, з-пад самых Малькавіч (у аповесці — Маневічы), з-за рэдкіх хмурынак выглянула пяшчотнае сонейка, і вёска Люсіна ажыла, засвяцілася ва ўсёй першароднай вераснёўскай прыгажосці — з пажоўклымі старасвецкімі прысадамі ўздоўж вуліц, з новымі мураванымі дамамі і прыземістымі старымі хаткамі ўперамежку, з адчайна маркотнымі прагаламі там, дзе раней стаяла чыёсьці жытло. Вядома, гэта не першае маё падарожжа па мясцінах, дзе пачынаў свой працоўны і творчы шлях назаўсёды любімы ў беларускім народзе Якуб Колас. Сюды, у Люсіна, калісьці, пакуль не асушылі і не ўзаралі балота, што мела дзіўную назву Чмелішча, з маіх родных Малых Круговіч можна было ці праехаць, ці прайсці нават нацянькі: спачатку гацямі і грэблямі, затым ляснымі гасцінцамі цераз урочышчы Княжое і Чорнае, а там, далей, за віхлястай рачулкай Цною, выразна бачыліся ў летняй смузе густыя люсінскія гаі і бары.

Але, як часта бывае, пра вёску Люсіна я ўпершыню даведаўся з трылогіі «На ростанях», якую яшчэ ў дзяцінстве прагна ўхапіў у вясковай хаце-чытальні, таму што ўжо на першай старонцы ўбачыў такія знаёмыя назвы вакольных вёсак. Малады настаўнік, ён жа «панічыку» Андрэй Лабановіч хваліць школьную старожку Мар'ю: «О, не, бабка, веру, веру! Аб тваім знахарстве ўсюды кажуць: у Хатовічах, у Малкавічах, у Ганцавічах — усюды!» У тым дзесяцігадовым узросце было вельмі дзіўна, што нашы глухія палескія мясціны так хораша апявае славуты пісьменнік, і таму выдатная кніга была прачытана на адным дыханні, што называецца, за адзін прыхватак. I, напэўна, менавіта з таго самага часу перад вачыма неадступна стаяць непаўторныя вобразы палешукоў — цельшынскага старасты Рамана Круглага, рыбака дзеда Мікіты, возніка Сцяпана Рылкі, святых айцоў Мадэста і Кірылы, цэлая галерэя жаночых партрэтаў — паненак-прыгажунь Ядвісі, Габрынькі, Людмілы, Марыны, той жа вельмі чуйнай да чужога болю знахаркі бабкі Мар'і.

Там, у маленстве, іменна па трылогіі «На ростанях», калі можна так сказаць, адбылося завочнае знаёмства з «самавітымі, простымі малюнкамі Палесся, поўнымі невыразнага хараства і жыцця», але пазней, ужо ў юнацкім узросце, было і рэальнае знаёмства з гэтай дзіўнай вёскай Люсіна. Першы раз сюды, на коласаўскія сцежкі-дарожкі, я прыехаў дзесьці ў сярэдзіне шасцідзесятых ХХ ст. у якасці карэспандэнта раённай газеты, каб напісаць рэпартаж пра догляд пасеваў у тутэйшым калгасе. Тагачасны люсінскі старшыня Фадзей Паўлоўскі на траскучым матацыкле доўга вазіў мяне па калгасных палях, дзе толькі ўзыходзілі бульба, буракі, лён, знакамітая «хрушчоўская» кукуруза. Асушаных тарфянікаў тады яшчэ не было, і палеткі невялікімі астраўкамі ці палянкамі параскідаліся то сярод лесу, то дзесьці паміж балотцамі і пясчанымі выдмамі. У той жа дзень я пабываў на ферме, потым самахоць, з вялікім інтарэсам заглянуў і ў прасторную драўляную школу, ведаючы, што адразу пасля вайны яна пабудавана на грошы Якуба Коласа.

Прайшло некалькі дзесяцігоддзяў, і пейзаж у вёсцы істотна змяніўся: на месцы старых кароўнікаў, цялятнікаў, стайні тырчаць адны цагляныя шулы, паміж якімі закладваліся прасценкі з бярвенняў. Няма і школы: чарнее яшчэ свежае котлішча, на шырокім пляцы асенні ветрык аскубае жоўтае лісце з адзінокіх, самотных дрэў. Шкада: сённяшнія калгасныя і сельсавецкія кіраўнікі не змаглі ацаніць як след памяць народнага Песняра. Праўда, у другім канцы вёскі, направа ад вуліцы, што вядзе з пераезда, стаіць мураваны школьны будынак, узведзены па тыпавым праекце. Увесну 1982 года мы, маладыя сябры літаб'яднання «Заранка» пад старшынствам Уладзіміра Калесніка, прыязджалі сюды на адкрыццё літаратурна-этнаграфічнага музея, які, гэтак жа, як і школа, быў названы імем Якуба Коласа.

Люсіна
Музей Якуба Колас ў мясцовай школе

Помніцца, першы раз у Люсіна я наведаўся па камандзіроўцы ляхавіцкай раённай газеты, але пазней, калі ў Ганцавічах аднавілі раён, паездкі па рэдакцыйных справах у гэтую слаўную вёску былі такія частыя, што зрок перастаў успрымаць многія характэрныя, цікавыя дэталі з жыцця і побыту палешукоў. Ды ўжо ў зусім іншым святле паўстаў глыбінны палескі кут сёння — пасля амаль дваццацігадовай разлукі з ім. Самае дзіўнае: бязлюдны не толькі чыгуначны паўстанак, але і вясковая вуліца, што гнуткім выкрунтасам стрэльнула ад пераезда. Стаіць верасень, не імжыць дожджык, а ў такое сухое надвор'е, як пісаў наш класік, добра капаць бульбу. Дарослае насельніцтва, мабыць, гне спіны дзесьці за вёскай, на асушаных тарфяніках, вось таму і ціха навокал. Старасвецкія прысады — не то карагачы, не то ясакары — пазнаць цяжка, бо лістоты на дрэвах ужо няма, — уздоўж вуліцы цягнуцца да скрыжавання, дзе леваруч на нізкім, ледзь заўважным печышчы прытуліліся два камерцыйныя шапікі. Яны, як і ў горадзе, гандлююць рознай драбязой: жавальнымі гумкамі, «снікерсамі», майкамі ды пральным парашком. Аднак ліслівыя позіркі мясцовых гандляроў і іх рынкавы прынцып «купіць дзешавей — прадаць даражэй» мяне зусім не цікавяць. Справа ў тым, што камерцыйныя шапікі прымасціліся на падмурку невялікай школкі, дзе калісьці настаўнічаў малады Якуб Колас.

Захапляючыя падзеі, якія адбываліся ў палескай глушы на пачатку веку, зразумела, захоўваюць сваю таямніцу, але сёе-тое ўсё ж можна ўявіць. Мроі як хутка прыходзяць, так хутка і знікаюць. Там, удалечыні, за тоўшчаю часу, над Цельшынам вісіць панурая асенняя ноч, а на ўсю вёску ў цемры блішчыць толькі адно акенца. У цеcным пакойчыку гарыць лямпа пад светлым абажурам, на стале перад Андрэем Лабановічам ляжыць разгорнутая кніга. Вось ён, стомлены за дзень, моцна заснуў, і над ім клапатліва схілілася старожка бабка Мар'я. Знахарка шэпча пацеры і замовы, каб у «панічыка» перастала балець галава. Па кнізе Якуба Коласа вядома, што паблізу стаяў і дом пана падлоўчага, абнесены высокім плотам з пералазам, цераз які ўпотай скакаў малады настаўнік, каб пабачыць вясёлую і задзірыстую Ядвісю. Вельмі шкада, што іх гарачае і яшчэ кволае каханне скончылася зусім не па-людску. Ядвіся раптоўна выехала з Цельшына, бо зараўнавала саперніцу — «цікавую» панну Людмілу, дачку каморніка з Завітанак. Ды зноў жа тут, на гістарычным скрыжаванні, з'яўляецца нечаканая думка. I ў школьных падручніках, і ў крытычных артыкулах да гэтага часу чытаем: Ядвіся ды Ядвіся, і ні разу, прынамсі, мне яе імя не сустрэлася ў спалучэнні з прозвішчам. Можа, наогул яго няма? He, ёсць — Ядвіся Баранкевіч. Менавіта такое прозвішча меў яе бацька пан падлоўчы. Родам дзесь з Гродна і паходжаннем са старога дваранства, ён размаўляў добраю беларускай мовай і пры кожным выпадку падкрэсліваў сваю прыналежнасць да ліцвінаў, гэта значыць беларусаў.

Пляц, дзе даўней стаяў дом пана Баранкевіча, спатрэбіўся іншым людзям, і, бадай, ужо немагчыма знайсці хоць бы якія сляды колішняй, увогуле заможнай, сядзібы. У памяці застаўся толькі вобраз незвычайнага чалавека з яго моцнымі бакамі і ягонымі слабасцямі. У бацькі панны Ядвісі быў цяжкі характар і круты нораў: як ссупяцца бровы і абвіснуць вусы — чакай буры. У той жа час, калі мераць нашу беларускасць строгімі меркамі пана падлоўчага, то можна смела сцвярджаць: у Люсіне і цяпер жывуць самыя сапраўдныя, шчырыя «ліцвіны». У вёсцы шануюць звычаі і абрады дзядоў, захоўваюць «традыцыі сялянскай старажытнасці», у нядзельку, не кажучы пра Вялікдзень ці Каляды, барані Божа, ніхто не возьмецца за нейкую грэшную справу. Палешукі размаўляюць на мілагучнай беларускай мове, тут і напрыканцы стагоддзя ўдаецца «пачуць няўмысля ўроненае сакавітае слова, прыказку або цікавае параўнанне». Ёсць у люсінцаў і ўласныя вясельныя песні. Напрыклад, жаласлівая і пяшчотная: «Ад Люсіна да Макава Хрысцініну нявестачку...» Ці яшчэ. Кабеты дзе-небудзь на гулянцы бадзёра запяваюць: «Ой, што гэта за зелле, чырвонае карэнне?» Мужчыны, усе як ёсць за сталом, гуртам падхопліваюць: «Гэй, буракі!» Пераказаць песню, ды яшчэ такую самабытную, проста немагчыма: трэба самім наведацца ў палескую глыбінку і пасядзець з людзьмі ці то на вяселлі, ці то на хрэсьбінах.

Што ж да цяжкага характару і крутога нораву, «калі ўжо ссупяцца бровы», як у пана падлоўчага, то і гэта ў Люсіне мае месца. Успомніце хаця б бойку Лявона Шкурата і Кандрата Куксы з аповесці «У палескай глушы». Аднаго такога гарачага «ліцвіна», Піліпа Цялушку, я ведаў асабіста. Як ні дзіўна, ён быў першым вучнем Якуба Коласа і героем Грамадзянскай вайны. Падчас наступлення белапалякаў люсінскі юнак арганізаваў атрад самаабароны і на подступах да станцыі сустрэў захопнікаў дружным кулямётным і ружэйным агнём. Тыя адступілі і доўга ў вёску не патыкалі нават носа. Пра партызанства Піліпа Цялушкі часта апавядала наша раённая газета, і ён у адказ дужа паважаў журналістаў. Сустрэўшы на вуліцы, гераічны дзед, з белай акладзістай барадой і ордэнам Чырвонай Зоркі на пінжаку, любым манерам стараўся залучыць у сваю хатку і хоць чым-небудзь пачаставаць.

Увогуле ветлівасць і гасціннасць ці не самая характэрная рыса жыхароў Люсіна. А яшчэ Якуб Колас справядліва пісаў: «...палешукі — людзі паважныя, сталыя, асцярожныя, не адразу і не кожнаму расчыняюць сваю душу, бо ўжо, мусіць, сама прырода Палесся палажыла на іх сваю адзнаку. Бясконцыя балоты вучылі іх мудраму разважанню, мора лясоў выхоўвала ў іх засцярогу...» Напэўна, акурат гэтым і тлумачацца калючыя, не вельмі дружалюбныя позіркі, якімі на адыход незнаёмага прыблуду надзялілі дзяўчаты з камерцыйных шапікаў. Як жа! Доўга таптаўся паблізу, штосьці думаў, разважаў, нават прыцэньваўся да іхняга няхітрага тавару, а купіць нічога не купіў.

На гандляроў, аднак, крыўдаваць не трэба, а як па-людску, то і іх можна зразумець. Няма пакупнікоў — няма прыбытку. Пасажыры з дызель-поезда даўно разбегліся хто куды, не бачна нават дзяцей, не снуюць сюд-туд сівыя бабулькі. Люсінцы капаюць бульбу. Раптам аднекуль наляцеў віхор, закружыўся ўздоўж папярэчнай ад скрыжавання вуліцы, дзе-нідзе выхапіў з паштовых скрынак свежыя газеты і параскідваў іх па апусцелых агародах. Падняць газеты да вечара не будзе каму. Непадалёк за сельскай крамай, дзе таксама ні разу не бразнулі дзверы, кароткі завулак вільнуў улева, на поплаве злучыўся з прасёлкам, а той у сваю чаргу нырнуў у густы мяшаны лес. Што і казаць: колькі разоў я хадзіў і ездзіў па гэтай самай дарозе! Вунь там, з краю поплаву, шэрагам цягнуцца двары яшчэ не вельмі старой забудовы. У канцавой хаце, акурат цераз канаву, жыве мой даўні знаёмы Уладзімір Паўлавіч Жалезны. З юнацкіх гадоў ён працаваў у калгасе трактарыстам, цяпер на пенсіі, але як дазваляе здароўе, то часам бярэцца за сякерку і робіць цяслярскую справу даволі адмыслова. Углядаюся ў той бок, і вось дзіва! Гаспадар дома: стаіць пад яблыняй каля весніц і, здаецца, таксама кагосьці чакае. Лёгкі ўздых, спорны крок, і я ўжо тут, пад яблыняй. Карабатае дрэва ад моцных парываў ветрыку-скавышу хіснулася, затрэсла голлем, як быццам працягваючы запыхканаму і нязванаму госцю чырванабокія яблыкі, а сам Жалезны, па сённяшнім часе, дык старажыл вёскі, пачуўшы ў размове імя Якуба Коласа, цікаўна і дапытліва, нават хітравата паглядзеў на мяне.

— Як жа! Ведаем мы Якуба Коласа. I раман яго чыталі. Нашу вёску Колас апісаў так праўдзіва і складна, як бы з чаго перамаляваў. Узяць таго ж старасту Рамана Круглага. He ўмеў ні чытаць, ні пісаць, ды як спраўна служыў у воласці. Але ж, ведаем мы Якуба Коласа. I дзеці яго любяць. А стараста Раман Круглы — гэта мой родны дзед...

Вось жа неспадзяванка! Стаю, разгублена лыпаю вачыма. Аказваецца, адзін з цікавейшых персанажаў аповесці «У палескай глушы» не меў свайго прататыпа. Якуб Колас выхапіў з жыцця і па-майстэрску апісаў зусім канкрэтнага і рэальнага чалавека. Той, кніжны, стараста Раман Круглы, як і сапраўдны, быў непісьменны і, каб не памыліцца ў службовых справах, выпрацаваў для сябе цэлую навуку. Беручы ў воласці казённыя паперы, дасціпны паляшук складваў «павесткі з павесткамі, лісты з лістамі, нядоімкі з нядоімкамі», а дома, у Цельшыне, усе гэтыя квіткі і канверты, нічога не пераблытаўшы, раздаваў дакладна па адрасу. Раман Круглы гучна трубіў носам, насіў чырвоны кажух з шырокім, як засланка, каўняром ды, апроч таго, меў здаравецкі склад і заўсёды расхлістаную грудзіну. Але, скажыце, якіх дзівосаў не бывае на свеце! За два крокі ад мяне стаіць немалады ўжо ўнук знакамітага цельшынскага старасты. Нашчадак колішняга асілка апрануты па-сучаснаму, шчуплейшы ў плячах і, зразумела, трубіць носам так, як дзед, ён не ўмее. Толькі ў вачах усё тая ж палеская хітрынка: ну што, браце, здзівіў я цябе! I праўда, навіна здзівіла, моцна ўразіла. Бянтэжыць хіба што відавочнае несупадзенне прозвішчаў: Круглы і Жалезны. Аднак такое бывае, прозвішчы могуць мяняцца і ў другім і ў трэцім пакаленні, асабліва калі сваяцтва вядзецца па мацярынскай лініі.

Стоячы пад прыціхлай яблыняй, адразу яшчэ цяжка ацаніць і асэнсаваць пачутую навіну, што нясе ў сабе адзнакі і жыццёвай былі, і прыгожай легенды, як, скажам, рамантычнае каханне Андрэя Лабановіча і Ядвісі Баранкевіч. Можа, таму лезці да чалавека з лішнімі роспытамі не хочацца, ды і часу бракуе. Сонца ўвачавідкі падае на шэры лес, удалечыні за поплавам, дзе неспакойна стрыжэ вушамі адзінокі вараны конік, гусцее вечаровая смуга. Трэба спяшацца: хутка прыгарадны дызель-поезд. На гэтай па-асенняму самотнай яблыні, аднак, вельмі сакавітыя і смачныя яблыкі.

Ужо каля знаёмага скрыжавання, ледзь толькі ўляглося хваляванне ад сустрэчы з унукам Рамана Круглага, выразней убачыліся многія, незаўважаныя раней, праявы сённяшняга жыцця палешукоў. Якуб Колас пісаў пра «невялічкую вёску ў адну вуліцу», якая выглядала непрыкметна і непрытульна, тапілася ў густой і чорнай, як дзёгаць, гразі. Цяпер вуліц у вёсцы шмат, і ўсе яны падсыпаны гравіем, a дзе-нідзе нават заасфальтаваны. Непралазнай калатушы, мабыць, не бывае і ў веснавое разводдзе, бо навакольныя бясконцыя балоты асушаны і прыносяць хоць нейкую карысць. Каналізавана ці, дакладней, знявечана аж да самага вусця і рака Цна. Цікава, што рабіў бы сёння дзед Мікіта, зацяты цельшынскі рыбак? Няма вялікай вады — няма ні рыбы, ні ўюноў, якіх тут мяхамі валачылі з балотных азерцаў і канаў.

Люсіна
Мемарыяльная дошка на сцяне Люсінскай школы

To было даўно, у пачатку стагоддзя, але і на яго заканчэнні ў Люсіне ўсё яшчэ трапляюцца прыкметы непахіснага і стойкага характару палешукоў. Зноў жа чытаем у Коласа: «Амаль што не каля кожнай хаты ляжалі кучы бярвенняў...» Такія ж кучы бярвенняў, праўда, абрэзаных на пілараме, высокія штабялі свежых дошак дзе-нідзе на падворках ляжаць і зараз. Вёска пакрысе будуецца, і колькасць жыхароў амаль не зменшылася, нягледзячы на эканамічны заняпад мясцовага калгаса ў выніку бяздарнай гарбачоўскай перабудовы і развалу вялікай краіны. Самастойна вылузацца з прорвы гаспадарка не мае сілы — нават у механізатараў аплата працы зусім мізэрная, і, каб зарабіць трохі грошай, людзі, асабліва моладзь, ездзяць ці то ў Ганцавічы, ці то ў Лунінец, дапяльваюць і ў Баранавічы: раніцай туды, вечарам — дахаты. Як і сто гадоў таму назад, як і пасля вайны, так і сягоння вёску Люсіна ад бядноты ратуе чыгунка.

З крутога завароту вуліцы, калі старасвецкія прысады застаюцца позаду, ужо як на далоні відны пераезд, пачакальня і — цераз насып — прасёлак, што вядзе ў Завітанкі. Лаўлю сябе на думцы: гэта ж я іду па той самай вуліцы, дзе з кіпай павестак, нядоімак, белых і сініх канвертаў кожны дзень шастаў цельшынскі стараста Раман Круглы. Ну, добра — няхай менавіта яго Якуб Колас спісаў, як кажуць, з «натуры». Аднак не выключана, што знойдуцца патомкі і іншых арыгінальных персанажаў аповесці «У палескай глушы». Нездарма ў творы ўжыты адвечныя прозвішчы палешукоў: Жалезны, Яська, Цялушка, Рылка, Занька, якія і зараз пераважаюць у Люсіне. He мела ўласнага прозвішча адна хіба добрая і чулая знахарка бабка Мар'я. Ды вось яно — боскае наканаванне. З крайняй хаты насупраць выбегла сухарлявая, чарнявага воласу кабеціна. Чым не школьная старожка? Толькі сагнёная згрызотамі жыцця, ды сваім немаладым узростам. У руцэ яна трымае лазовы кошык, але пераходзіць вуліцу з пустым не хоча, стаіць і нізка кланяецца чужому чалавеку.

— Мусіць, дзетачкі, вам трэба ехаць? To спяшайцеся. Чуеце — рэйкі гудуць. To шчаслівай вам дарогі, дзетачкі!

Трывожным дзвынканнем азваўся чыгуначны пераезд: прыгарадны дызель-поезд на падыходзе. Тым часам сонца яшчэ больш апусцілася над Пакамераўскім лесам. Па прасёлку з поля вяртаюцца першыя капальніцы, паказаліся вазы з бульбай, шлейфам пылу ахутаўся калгасны грузавік. Вёска пачынае ажываць. Але на паўстанку імя Якуба Коласа, як і ўдзень, пуста і бязлюдна: куды ж ехаць нанач? Яно і лепш. Hi гармідару, ні таўкатні пры пасадцы. За вагонным акном уздоўж чыгункі спорна пабеглі тэлеграфныя слупы з туга нацягнутымі дратамі і такімі ж, што і на пачатку стагоддзя, белымі «гугачкамі». Усё часцей і часцей мільгаюць прыдарожныя бярозы, шырокія прагалы, сялянскія гасподы з рыжымі стагамі сена на падворках — дызель-поезд набірае разгон. Бывай, Цельшына! I да новай сустрэчы!

* * *

Добрыя пажаданні збываюцца. I няхай ажно праз доўгія пяць гадоў — наступная паездка ў былую палескую глуш не была падобнай на марныя бадзянні адзінокага вандроўніка. Ад шаноўных землякоў сталічнаму жыхарству прыйшла паштоўка за подпісам старшыні райвыканкама У.М. Столяра: «З нагоды святкавання 120-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа маем гонар запрасіць Вас на коласаўскае свята «Песняй вітаю я вас», якое адбудзецца 20 кастрычніка 2002 года ў г.Ганцавічы — в.Люсіна». I мы ўдвух з Уладзімірам Маруком, расчуленыя да слёз такой шчырай зямляцкай увагай, едзем у родныя і мілыя нам мясціны. З раённай газеты «Савецкае Палессе» я ўжо ведаў: як толькі дзяржава ўзяла курс на адраджэнне і абнаўленне вёскі, жыццё люсінцаў змянілася ў лепшы бок. Тутэйшая гаспадарка ўсё ж вырвалася з эканамічнай прорвы, увачавідкі павысіўся дабрабыт вяскоўцаў, істотна парадзелі натоўпы маладых «шабашнікаў» на чыгуначным паўстанку. Нельга назваць беднай вёску, дзе ходзяць на пашы тлустыя статкі, рохкаюць у хлявах кормныя вепрукі, а ў глыбіні двароў і тут, і там адсвечваюць фарамі гожыя «іншамаркі». Якуб Колас, несумненна, парадаваўся б гэтым добрым пераменам, тым болей што, ствараючы новую гаспадарку на рэштках заняпалага калгаса, людзі не думалі, як яе назваць: зазірнулі ў сваю, «люсінскую», аповесць «У палескай глушы», і назва прыйшла адпаведная — сельска-гаспадарчы вытворчы кааператыў «Цельшына». Вось так нечакана народны Пясняр прычыніўся да сённяшняга побыту палешукоў.

На Коласаўскае свята мы едзем не ў кніжны свет прыдуманых персанажаў і мастацкіх вобразаў, а да рэальных, жывых і па-ранейшаму задзірыста-вясёлых цельшынцаў. На дварэ, лічы, сярэдзіна восені, кастрычнік толькі размяняў трэцюю дэкаду — сама б пастаяць цяплу, але надвор'е — хай яго кадук! Холад, сырасць, халепа. З нізкіх свінцовых хмар то сеецца калючы дождж, то падае мокры і густы снег. Ці збярэцца народ у такую плюхоту на каласавіны? I тым не менш цуг машын з прадстаўнічай ганцавіцкай дэлегацыяй упарта прабіваецца скрозь непагадзь. Уперадзе, як і належыць у гэтым выпадку, шуруе міліцэйскі аўтамабіль з «мігалкай», затым, не дужа прытрымліваючыся ранжыру, едуць кіраўнікі раёна, прадстаўнікі гарадскіх арганізацый і ўстаноў, настаўнікі і медыкі, работнікі культуры: бібліятэкары, спевакі і музыкі, журналісты з газет і тэлебачання. Толькі што ў Ганцавічах адбылося ўрачыстае адкрыццё раённага краязнаўчага музея, дзе нямала экспанатаў прысвечана жыццю і працы маладога Якуба Коласа ў вёсцы Люсіна, таму бадзёры настрой і ўзрушанасць, яшчэ зранку перадаўшыся шафёрскаму гурту, заўважаецца нават у імклівым і спорным руху аўтамабільнай калоны.

Абапал шашы, якая стралой імкне ўздоўж чыгункі, людскіх селішчаў мала, ды і тыя пахаваліся ў лясах, а да самага гасцінца падступаюць густыя бары з нечастымі балотнымі і палявымі прагалкамі. Вось праваруч мільгнула паваротка на возера Дубаўское. Пацвярджаючы сваю «лясную» назву возера і сягоння славіцца чысцінёй вады і багатымі рыбацкімі ўловамі, а якім жа яно было на пачатку мінулага стагоддзя? Паводле адной легенды, на Дубаўскім невыпадкова любіў адпачываць малады люсінскі настаўнік. З таго часу тут захаваліся дзевяць дубоў, пад якімі ён думаў свае думы, складаў першыя вершы. Увогуле дубоў было дзесяць, але адзін, недапільнаваны, трапіў пад сякеру парубшчыка. Да слова сказаць, у 1982-м, і таксама ўжо далёкім, годзе пасля адкрыцця ў вёсцы Люсіна літаратурна-этнаграфічнага музея сустрэча берасцейскага літаб'яднання «Заранка» з мясцовым жыхарствам працягвалася менавіта пад коласаўскімі дубамі, па традыцыі — з зыркім вечаровым вогнішчам і наварыстай «каралеўскай» юшкай.

Менш як за вярсту ад гэтай павароткі, але ўжо з левага боку, лічы, на самай станцыі Люсіна, толькі перайсці масткі цераз рэйкі, плешчацца ў нізкім катлаване яшчэ адно невялікае лясное азерца. Якуб Колас, робячы шпацыр пад свае любімыя дубкі, не мог яго абмінуць. Акурат па ўзбярэжку азярца на станцыю выходзіць старая люсінская дарога, якая стрэміцца напрасткі цераз балотцы, пясчаныя выдмы і ўсё тыя ж густыя грыбныя і ягадныя хвойнікі. Цяпер сюдой ездзяць і ходзяць мала, хіба хто заверне фурманкай надраць свежага моху на зруб, а што да заўзятых грыбнікоў і рыбаловаў, то іншага шляху для іх навокал няма. Як бы і распанела мясцовае жыхарства: насустрач нам па шашы імчацца спрэс адны легкавушкі. Нават і свята ім не перашкода, хоць і нам, гасцям і ўдзельнікам Коласаўскага фэсту, мокрая дарога да святыні няўзнак і не ў прыкрасць. Яшчэ колькі хвілін шпаркай язды, і вось ужо ўзнік перад вачыма паўстанак імя Якуба Коласа, а за чыгуначным пераездам адразу пачынаецца першая люсінская вуліца, нягледзячы на дождж і снег, сёння па-асабліваму святочная і мнагалюдная. Праехаўшы ўздоўж мокрых платоў і хат з заснежанымі дзе-нідзе дахамі, у другім канцы вёскі цуг машын спыняецца насупраць сучаснага будынка сярэдняй школы з мемарыяльнай дошкай у гонар нашага вялікага Песняра.

Разам з усім гуртам, адчуваючы ў грудзях зразумелую радасць і хваляванне, пераступаю парог літаратурна-этнаграфічнага музея Якуба Коласа. Гэта даволі прасторная зала, дзе з вялікай дакладнасцю ўзноўлена атмасфера жыцця і побыту сялян на пачатку мінулага стагоддзя. Вось прыземістая паляшуцкая хата з усёй сваёй няхітрай абстаноўкай. Увагу прыцягваюць кросны і самаробны зэдлік, стол з махрыстым настольнікам, да бэлькі падвешана дзіцячая калыска, і ўсюды: над падслепаватымі вокнамі, на покуці і на лаўках — зачароўваюць позірк прыгожыя вышываныя ручнікі, а мастацкай вышыўкай люсінскія кабеты славіліся даўней, славяцца і сягоння. Уздоўж сцен раскладзены сувеніры, падарункі, кнігі гасцей, у тым ліку і берасцейскіх літаратараў, ды, вядома ж, большасць экспанатаў прысвечана жыццю і творчай дзейнасці Якуба Коласа на люсінскай зямлі. Ганаровае месца ў экспазіцыі займаюць творы Песняра, краязнаўчыя матэрыялы, якія сабраны бібліятэкарамі і ўдзельнікамі вучнёўскага аб'яднання «Юны краязнаўца». Сярод экспанатаў шмат цікавых дакументаў з часу настаўніцкай працы пісьменніка ў Люсіне, ёсць звесткі аб яго вучнях і іх нашчадках. Так, прыкметны след у гісторыі вёскі пакінулі першыя вучні маладога Кастуся Міцкевіча — М.В. Занька, С.I. Цялушка, С.Ф. Сенюковіч, П.В. Цялушка, I.А. Занька. Фотаздымкі былых школьных неслухаў і гарэзнікаў, якія ўдалося адшукаць, змешчаны навідавоку перад партрэтам любімага настаўніка.

Пакуль мы, выслухаўшы вітальныя словы ў гонар Коласаўскага свята, аглядалі гістарычныя экспанаты, наш гід, хтосьці з настаўнікаў, пахваліўся, што за два дзесяцігоддзі Люсінскую школу наведалі тысячы людзей, і сярод іх былі госці з Амерыкі, Германіі, Польшчы, Расіі і многіх іншых краін. Наплыў экскурсантаў узрастае асабліва перад юбілеямі, едуць сюды і зараз — з Мінска і Брэста, з далёкіх і блізкіх гарадоў і раёнаў. Беларусы едуць у Люсіна, каб яшчэ раз прайсціся жыццёвымі шляхамі Якуба Коласа, аддаць яму сваю любоў і пашану. Між іншым, галоўная падзея, ці, як сёння сказалі б, брэнд свята, чакаецца не тут, у сценах музея, а на невялікім вясковым пляцы, утвораным перакрыжаваннем дзвюх вуліц, дзе калісьці стаяла пачатковая школа. Тады, як сведчаць дадзеныя «Памятной книжки Минской дирекции народных училищ, за 1902 — 1903 учебный год», Люсінскае вучылішча наведвалі 35 хлопчыкаў і дзве дзяўчынкі. Калі па шчырасці, то і нямала для такой забітай палескай вёскі, якім было на пачатку веку знакамітае Цельшына. Сам Якуб Колас гэты цікавейшы вясковы кут малюе сакавіта і каларытна:

«Цельшынская школа стаяла на рагу дзвюх вуліц. Адна вуліца, прасторная, роўная, шырокая, ішла на чыгунку, другая, невялічкая, бегла ў поле і зараз жа канчалася, перайшоўшы ў дарогу. На перасеку гэтых вуліц, каля саменькай школы, стаяў высачэзны крыж. Ён заўсёды прыцягаў увагу настаўніка і рабіў на яго моцнае ўражанне. Гэты высокі пануры крыж і гэта закінутая сярод палескіх трушчобін школа стаялі, як сіраты, і, здавалася, цесна туліліся адно да другога, як бы і ў іх была адна доля».

Што і казаць, пра той даўні малюнак «палескіх трушчобін» сёння нічога ўжо не нагадвае. Высачэзны драўляны крыж, зразумела, не мог выстаяць на ветравеях часу больш як стагоддзе — падгніў, упаў альбо, што верагодней, знеслі крыж тайком непрымірымыя атэісты. Даўжэй трымаўся прыземісты будынак школы, пакуль і яго струхлелыя сцены не разабралі дзесьці ў шасцідзесятых гадах. Ацалела толькі скрыжаванне вуліц, маючы цяпер зусім іншы выгляд, чым калісьці, ды яшчэ доўга мазоліў вочы зарослы бур'яном школьны пляц, аблюбаваны першымі люсінскімі прадпрымальнікамі для сваіх гандлёвых шапікаў. Вось тут, у гэтым гістарычным месцы вёскі, адбывалася галоўная падзея Коласаўскага фэсту «Песняй вітаю я вас».

Напярэдадні юбілею памяць слаўнага Песняра беларускага народа мясцовыя ўлады вырашылі ўшанаваць досыць арыгінальна. На пляцы былой Цельшынскай школы, дакладна па яе перыметры, будаўнікі выштукавалі новы падмурак ды паклалі вянец з круглых бярвенняў, і вось сюды на ўрачыстае адкрыццё памятнага знака разам з незлічонымі гасцямі прыйшлі і старыя, і маладыя жыхары вёскі. У цэнтры ўвагі — раённае і люсінскае начальства. Яшчэ хвіліна, і крыльцамі спуджаных снегіроў затрапяталіся канцы перарэзанай чырвонай стужкі. Гучыць адпаведная моманту музыка, з усіх бакоў чуюцца дружныя воплескі прысутных. Як на тое, слотнае надвор'е не мяняецца: мокры снегапад, імжысты дождж, парывісты вецер. Тулячыся ў каўняры, захінаючыся ад непагадзі хто чым можа, людзі ціснуцца бліжэй да эстрады. Пасля ўсіх неабходных афіцыйных цырымоній Коласаўскае свята шырыцца, расце, убіраецца ў сілу, узлятаючы высока ў неба на крыллях чароўных паляшуцкіх мелодый.

Люсіна
Памятны знак на месцы школы, дзе працаваў Якуб Колас

Герой аповесці «У палескай глушы» Андрэй Лабановіч дужа любіў цёплыя цельшынскія вечары, калі паўсюль у хатах свяціліся вокны і «ў адным канцы сяла, ад пераезда, спявалі вясковыя дзяўчаты, і водгулле іх аднатоннай песні, адбіваючыся дзесь каля чыгункі, даносілася сюды цэлымі хвалямі мяккіх жалобных гукаў». Зразумела, новы час — новыя песні. Запруджанымі вуліцамі святочнага Люсіна марудна прабіваецца вясельны картэж, і вяскоўцы расступаюцца перад легкавушкамі, расквечанымі каляровымі шарамі, кланяюцца і жадаюць маладым згоды і кахання. Якуб Колас трапна заўважыў, што ветлівасць і гасціннасць палешукоў не мае сабе раўні. Пасярэдзіне вуліцы, па якой у цесным натоўпе сунемся і мы, з дакладнасцю па адным насупраць кожнага двара, стаяць багатыя святочныя сталы. Сялянская каўбаса, сала, усялякая смажаніна і печыва — якіх толькі прысмакаў тут няма, а пасярод бялюткага настольніка выцягвае шыю ці то «паўтарачка», ці то «гусак» з моцным трункам, выціснутым на злобу дня якімсьці тэхнічна дасканалым «бульбулятарам». Яшчэ ў школе прыезджы люд далікатна папярэдзілі: люсінцы пакрыўдзяцца, калі будзем рабіць выгляд, што нам не хочацца іхніх шчодрых пачастункаў і, помнячы гэты своечасовы наказ, мы з Валодзем Маруком гасцінных цельшынцаў стараемся не крыўдзіць. Узбоч на раўнюткіх платах развешаны напаказ прыгожыя рэчы традыцыйных народных рамёстваў: абрусы, посцілкі, сурвэткі, паясы, наміткі, і па тым, з якой любасцю то адна, то другая гаспадыня запрашае паглядзець яе шэдэўры, становіцца зразумелым, што без люсінскага вышыванага ручніка ў падарунак дадому не прыедзеш. Тым часам і эстрада не дае замаркоціцца: хораша спяваюць люсінскія дзяўчаты, даюць дыхту заезджыя артысты: музыкі, танцоры, спевакі, дэкламатары, гумарысты.

Коласаўскае свята «Песняй вітаю я вас» удалося на славу, і так будзе заўсёды, бо народнага Песняра Якуба Коласа ў старажытнай палескай вёсцы Люсіна шануюць і любяць, беражліва захоўваюць памяць аб ім.
Катэгорыя: Віктар Гардзей | Дабавіў: admin (01.11.2011) | Аўтар: Віктар ГАРДЗЕЙ
Праглядаў: 5665 | Тэгі: Люсіна, Віктар Гардзей, Ганцавіцкі раён, Якуб Колас | Рэйтынг: 0.0/0
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.