Пятніца, 19.04.2024, 14:01

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Віталь Герасіменя » Іншае

Вёскі Хатынічы і Раздзялавічы ў апісанні этнографа Ісака Сербава
У лютым гэтага года была прэзентавана кніга «Беларусы ў фотаздымках Ісака Сербава 1911 – 1912 гадоў», якая была выдадзена у серыі «Энцыклапедыя рарытэтаў». Ісак Сербаў – беларускі этнограф, фалькларыст і археолаг, які ўдзельнічаў у працы па зборы і ахове помнікаў мастацтва і гісторыі. Ён першым з беларускіх этнографаў стварыў вялікую фотатэку, у якой зафіксаваныя тыпы адзення жыхароў розных куткоў Палесся, жылля, гаспадарчых пабудоваў, вырабы рамёстваў.

Ісак Сербаў

У кнізе прадстаўлена 442 фотаздымкі, якія Ісак Сербаў зрабіў у 1911 – 1912 гадах у час навуковых экспедыцый па населеных пунктах Мінскай губерні, што цяпер уваходзяць у склад Мінскай, Брэсцкай, Магілёўскай, Гомельскай абласцей Беларусі, Валынскай і Ровенскай абласцей Украіны. Упершыню ў навуковы і шырокі грамадскі зварот уводзяцца каштоўныя візуальныя дакументы па беларускай этнаграфіі, гісторыі і культуры. Арыгіналы фотаздымкаў захоўваюцца ў аддзеле рукапісаў бібліятэкі Вільнюскага універсітэта.

Пад час сваёй экспедыцыі Ісак Сербаў наведаў вёскі Хатынічы і Раздзялавічы сучаснага Ганцавіцкага раёна, у той час яны ўваходзілі ў склад Пінскага павета, дзе ён рабіў этнаграфічныя запісы і актыўна фатаграфаваў.


Краявід. Пінскі тракт. Пінскі павет. 1912 г.
(Ганцавіцкі раён, Брэсцкая вобласць)


Прывядзём жа запісы і фотаздымкі зробленыя гэтым навукоўцам у нашых краях. Першай ён наведаў вёску Хатынічы.

«Палешукі мала чым адрозніваюцца ад сваіх супляменнікаў — сакуноў: у іх тыя ж самыя пабудовы, адзенні і іншыя прадметы хатняга побыту. Сярод асаблівасцей можна адзначыць хіба толькі тое, што жанчыны іх павязваюць сваю намітку шырокім нізкім турбанам і аздабляюць рукавы сарочкі падоўжным паласатым узорам, а мужчыны носяць спераду на рэмені цераз плячо вялікую скураную каліту, шчыльна ўнізаную бліскучымі гузікамі.


Палешукі на двары. Сяло Хатынічы Пінскага павета. 1912 г.
(в.Хатынічы, Ганцавіцкі раён, Брэсцкая вобласць)


Жывуць палешукі ў вялікім дастатку, маюць ладныя пабудовы, шмат жывёлы і дастаткова збожжа. Паміж імі ёсць багачы, якія маюць у сваім распараджэнні дзесяткі тысяч наяўных грошай. Той спецыфічнай копаці і бруду, з якімі звычайна звязваюць ўяўленні аб нашай вёсцы, на Палессі ўжо няма. Тут, наадварот, ва ўсім бачна гаспадарлівасць, ахайнасць, дастатковая чысціня. Увогуле, трэба аддаць належную справядлівасць палешукам: яны адстаялі на Палессі рускую народнасць, выпрацавалі сярод непрыязнай прыроды моцную загартаваную натуру жыхара багнаў, стварылі здаровы побыт і часткова сваю самабытную культуру.

У Хатынічах я пражыў каля 4 дзён; зрабіў неабходныя фатаграфічныя здымкі і адпаведныя запісы ўзораў народнай гаворкі і песень з мелодыямі».


Алена Крупеніч, 37 гадоў, 2 аршыны і 3 вяршкі (1,45 м);
Пракоп Амялеўскі, 38 гадоў, 2 аршыны і 7 вяршкоў (1,74 м);
Іван Кавальчук, 30 гадоў, 2 аршыны і 7 вяршкоў (1,74 м).
Сяло Хатынічы Пінскага павета. 1912 г.
(в.Хатынічы, Ганцавіцкі раён, Брэсцкая вобласць)


«Дрыгавічы – моцны здаровы народ. Яны пераважна смуглаватыя шатэны, сярэдняга росту, стройныя, але хударлявыя як мужчыны, так і жанчыны. Галава прадаўгаватая, з прамым высокім ілбом. Твар чысты, адкрыты, з правільнымі рысамі і лагоднай усмешкай на тонкіх губах. Вочы глыбокія, шэрыя, ці блакітныя, увесь час з усмешкаю. Валасы густыя, мяккія. Мужчыны пастрыжаны па-руску ў кружок, з прамым праборам па сярэдзіне; барады і вусоў не голяць. Сярэдні рост мужчыны 2,25 , а жанчыны 2,15 аршына (1,6 і 1,5 м - адпаведна). Хаця паміж дрыгавічамі сустракаюцца і асілкі, ростам 2 аршына і 13 вяршкоў (2 м). Паміж дрыгавічамі сустракаецца шмат стогадовых моцных старых і бабулек, якія выдатна захавалі памяць, зрок і слых. Такія старыя добра працуюць на полі і на лузе, лёгкія на бягу».

Затым на сваім шляху Ісак Сербаў наведаў вёску Раздзялавічы.


Хлеў з варотамі на галіне. Вёска Раздзялавічы Пінскага павета. 1912 г.
(в.Раздзялавічы, Ганцавіцкі раён, Брэсцкая вобласць)


«Тут выявілася тая ж самая цікаўнасць палешукоў, што і ў Хатынічах, але значна ярчэй і ў больш вялікіх памерах. Тут ужо ў вечары збеглася амаль уся вёска нібы на пажар. Бабы і дзеўкі ўтварылі натоўп на вуліцы і пад вокнамі, а мужчыны бітком набіліся ў памяшканне і так надымілі сваім ўласнаручна вырашчаным тытуням, што цяжка і горка зрабілася дыхаць. У агульным гомане звычайна губляецца ці заглушваецца членараздзельная гаворка, аднак пры гэтым сам характар размовы, яе своеасаблівая працяжная з гогатам дыкцыя, перадаецца выдатна. Гэтае палескае вымаўленне неабходна абавязкова запісаць пры дапамозе фанографа, бо яно знікае паўсюдна і захавалася толькі дзе-нідзе на балотах у самых захалусных паселішчах.

Мы агледзелі ўсю вёску, абышлі засеяныя палі, агароды і востравы. Тым часам я сфатаграфаваў апрацаваныя загоны і некалькі груп палешукоў, які прабіраліся з папірашкамі ў руках праз топкія балоты.

На зваротным шляху нам сустрэўся мясцовы паляшук, які ехаў з жонкай на кірмаш у Лагішын. Склалася выдатная група. Іхняе святочнае адзенне, пасадка на палукашы і сама запрэжка коней былі надзвычай тыповыя. Мне хацелася як-небудзь сфатаграфаваць іх. Стараста прыпыніў палешука і патлумачыў яму мой намер. Той спакойна выслухаў, але ледзьве толькі я навёў на яго фотаапарат, як паляшук з усёй моцы рвануў лейцы, сцебануў коней і без аглядкі паімчаў па пыльнай дарозе».


Поле. Пасевы на загонах. Вёска Раздзялавічы Пінскага павета. 1912 г.
(в.Раздзялавічы, Ганцавіцкі раён, Брэсцкая вобласць)


«З Раздзялавіч трэба было як небудзь прабрацца далей на захад да Выганашчанскага возера. Зімою тут праехаць 15-17 вёрст добрай саннай дарогай зручна і лёгка, але летам усялякі праезд па гэтым багнам зусім перапыняецца. Застаецца толькі невялікая пешаходка і тая без усялякіх гацей і кладак. Таму я меркаваў узяць 2 чалавек насільшчыкаў і перабрацца разам з імі праз балота. Але на шчасце знайшоўся тут прадпрымальны бойкі палешук Зміцер Варвашэвіч, які падрадзіўся перавезці мае рэчы на сваім кані ў Выганашчы. Пакуль ішлі зборы ў дарогу, Варвашэвіч запрасіў мяне да сябе адпачыць і выпіць квасу, які палешукі прыгатаўляюць вельмі добра. Заможнасць і гаспадарлівасць Варвашэвіча наўпрост уразілі мяне. Пабудовы добрыя, ў хаце чыста прыбрана, печка і сцены выбелены, у сенях і клеці шмат усялякага дабра. Але Варвашэвіч па-мясцоваму не лічыцца багатым, бо ў яго няма грошай у запасе і мала "гоўядзі"».
Катэгорыя: Іншае | Дабавіў: admin (12.04.2013) | Аўтар: Віталь ГЕРАСІМЕНЯ
Праглядаў: 5178 | Тэгі: Раздзялавічы, Хатынічы, Ісак Сербаў, Ганцавіцкі раён, Віталь Герасіменя | Рэйтынг: 5.0/7
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Хрысціянскія святыні Ганцаўшчыны [9]
Падарожжа-параўнанне па гораду Ганцавічы [7]
Гісторыя пажарнай службы Ганцавіцкага раёна [3]
З гісторыі чыгункі [2]
Музейны архіў [9]
Літаратурная карта Ганцавіцкага раёна [6]
Іншае [14]
Хто тут?
Анлайн усяго: 10
Гасцей: 10
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.