Субота, 27.04.2024, 03:42

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Іншае

Вёска Чудзін 1934 года вачыма даследчыка Рудольфа Ралецкага
Манаграфія Рудольфа Ралецкага "Чудзінвёска Лунінецкага павета. Грамадска-гаспадарчыя сувязі" напісана на польскай мове ў 1934 годзе і каля 65 гадоў была наогул невядома чытачу.

Чудзін
Уезд у вёску Чудзін з боку горада Ганцавічы

Як паведамляе гісторык Ежы Тамашэўскі (Варшава), спасылаючыся на архіў Школы Галоўнай Гандлёвай, дзе захоўвалася згаданае даследаванне, пра аўтара гэтай работы вядома нямнога. Аб цяперашніх родзічах Р.Ралецкага пакуль нічога не ведаем, а нарадзіўся Рудольф у 1905 г. у Ганцавічах, дзе вучыўся ў рускай школе. Быў сынам прадстаўніка адміністрацыі мясцовай гуты шкла Й.Столле. У час Першай сусветнай вайны сям'я эвакуіравалася ў глыб Расіі, адкуль вярнуліся ў 1921 г. З 1926 г. пражывалi ў Чудзіне, непадалек ад гміннай вёскі Чучавічы. Рудольф закончыў гімназію імя Уладзіслава Ягайлы ў Лунінцы. Працаваў у якасці практыканта на гуце шкла. У 1928-32 гг. вучыўся ў Вышэйшай Школе Гандлёвай у Варшаве (у хуткім часе змяніла назву на школу Гандлёвую Галоўную). Працу напісаў пад апекаю выбітнага вучонага і грамадскага дзеяча Людвіка Крывіцкага. Прынята была 30 красавіка 1934 г. У склад экзаменацыйнай камісіі ўвайшлі таксама вядомыя вучоныя і грамадскія дзеячы – як прафесар Канстанцы Крэчкоўскі і Эдвард Ліпіньскі. Дыплом аб заканчэнні вучобы Рудольф атрымаў 5 чэрвеня таго ж года.

Так як даследаванне пра Чудзін больш за паўвека праляжала ў архіве, то аб гэтай рабоце доўгі час ніхто не ведаў. Цяпер вёска Чудзін ужо за межамі Лунінеччыны і адносіцца да Ганцавіцкага раёна. Калі ж рыхтавалася кніга "Памяць. Ганцавіцкі раён", то на старонкі апошняй ніякія згадкі пра даследаванне Р.Ралецкага не трапілі, бо аб гэтым чалавеку і яго працы нічога не было вядома.

Паспрабуем даць навуковую ацэнку манаграфіі Ралецкага, якая зноў нарадзілася на свет – а на гэты раз і для беларускага чытача – дзякуючы клопатам польскіх вучоных і супрацоўнікаў бібліятэкі SGH: рэктару, праф. доктару габілітаванаму Адаму Будкоўскаму, доктару Марыі Рэкоўскай, доктару Вандзе Мруз і іншым.

Змест даследавання – тыповы для навуковай працы; маецца уступ, 20 раздзелаў і рэзюмэ. Інфармацыю аб Чудзіне дапаўняюць 6 няўдалых фотаздымкаў, 5 чарцяжоў, 3 схемы, 2 зямельныя планы і нямала статыстычных табліц. Раздзелы прысвечаны не толькі аналізу грамадскага-гаспадарчых сувязяў: тут самы шырокі спектр інфармацыі, як геаграфічнае знаходжаннне вёскі, гістарычныя звесткі, насельніцтва, падзел зямлі, гандаль, культура, пабудовы, адзенне, гігіена і г.д.

Уступ даследавання. Тут аўтар акрэслівае накірунак, задачы работы, дае кароткую характарыстыку Чудзіну. Пры гэтым уласных антыпатый да чудзінцаў пан Р.Ралецкі не хавае, калі піша, што "старана гэтая шэрая, дзікая і заселена такім жа чалавекам. Яго жыцце, адзенне, звычаі, ход яго думак здаюцца нам лагічнымi і зразумелымi толькі часткова..."

Як убачым далей, такая пазіцыя аўтара толькі адмоўна паўплывала на даследаванне, знізіла навуковую вартасць манаграфіі, падарвала давер да даследчыка. Ніжэй мы легка пераканаемся, што Р.Ралецкі вельмі старанна занатаваў самыя цёмныя бакі жыцця чудзінцаў, дабавіўшы як можна больш чорнай фарбы і вельмі старанна абыйшоў усё станоўчае, што было ў жыцці чудзінцаў – такіх жа грамадзян Польшчы, што і сам паважаны аўтар манаграфіі.

Пры гэтым вельмі прафесіянальна як даследчык ГРАМАДСКА-ГАСПАДАРЧЫХ СУВЯЗЯЎ праявіў сябе Р.Ралецкі пры напісанні тых раздзелаў, якія не датычаць побыту, этнакультурных аспектаў, – асабліва раздзелаў "Зямля і яе падзел", "Уплыў спадкаемства на раздрабленне гаспадарчых надзелаў", "Апрацоўка зямлі", "Догляд жывёлы", "Крыніцы заробкаў. Эміграцыя"...

Шэраг раздзелаў напісаны бегла ("Некалькі слоў аб гісторыі вёскі", "Культура вёскі"...)

Многія раздзелы адчуваюць на сабе суб'ектыўнасць падыходу аўтара.

Раздзел "Дамашнія промыслы" стварае ўражанне, што ў Чудзіне тыя самыя промыслы амаль не існавалі, што ўсё было вельмі "шэра". Але абдзіранне круп, біцце алеяў, шыццё кажухаў, валянне валенак, выраб посуду з дрэва, пляценне рыбалоўных прылад з нітак ці дубцоў, пляценне з саломы корабаў, карзін, сявенек – усе гэтыя промыслы прысутнічалі на вёсках у раёне Ганцавіч. Акрамя таго, у кожнай хаце – і Чудзін не выключэнне – гаспадыні ткалі, валодалі тэхналогіяй адбельвання палатна, вышывалі. Вышыўка "крыжыкам" упрыгожвала адзенне кожнай жанчыны, пры чым – адзенне не толькі святочнае. Матэрыялу для напісання гэтага раздзела было ў аўтара больш чым дастаткова, але ён быў мала выкарыстаны.

Заслугоўвае ўвагі раздзел "Будоўля дамоў і гаспадарчых пабудоў". Застаецца невядома: на чым узводзілі драўляныя будынкі чудзінцы? На каменных фундаментах, штандарах, ці абыходзіліся невядома як? Варта было б удакладніць, якім тыпам вуглавых замкоў змыкаліся бярвенні. А іх у цясляроў было нямала: ад зарэзак пад вугал "звычайны" – да складанага "англійскага". Тэрміны загатовак будаўнічага лесу і тэхналогія яго вымочвання, асаблівасці мясцовай абраднасці пры закладцы дома – усе гэта магло б дапоўніць чарговы раздзел шэрага жыцця чудзінцаў.

Недавер чытача можа выклікаць сцвярджэнне аўтара, што "ва ўсей вёсцы ні адзін гаспадар не мае... звычайных табурэтак". Што ж, занатаваны факт адмаўляць нельга, але вось як паверыць апісанню ложка, калі "няма на ім ніякай пасцелі, часам нават не хапае сянніка". Мякка кажучы, тут пан Ралецкі меў няшчырасць сказаць нешта, акрамя праўды. Калі б тут больш аб'ектыйнасці – даследванне Р.Ралецкага адразу заняло б адно з пачэсных месц сярод навуковых работ па гістарычнаму краязнаўству Ганцавіцкага раена.

"Харчаванне насельніцтва", "Адзенне" i наступныя раздзелы манаграфіі вартыя асаблівай увагі. Здзіўляе, што ў Чудзіне з насельніцтвам 1312 чалавек (1931 г.) прададзена 15.000 літраў гарэлкі у 1929 г. і 9.000 літраў у 1930 г. Гэта фантастычна вялікiя лічбы і не выключана, што завышаны разоў 20, а то і многа больш. Пакуль што гэта – адзіная статыстыка, не верыть ей нельга. Працяг тэмы спажывання алкаголю знаходзім у раздзеле "Народныя звычаі", дзе сцвярджаецца, што на вяселлі ў Чудзіне "заможныя гаспадары ў лепшыя часы бралі 100-150, нават 200 бутэлек паўлітровых. Цяпер абмяжоўваюцца да 70 або і 30".

І гэта – астранамічныя лічбы! У іх можна ўсумніцца таму, што такое набыцце алкаголю не вытрымаў бы сямейны бюджэт. Для параўнання прывяду сведчанні старажылаў населенага пункта таго ж павету – Кажан-Гарадка. Там "за часам польскім" заможныя гаспадары бралі на вяселле гарэлку не сотні і не дзесяткі бутэлек, а 3-4, а бедныя абыходзіліся 2 паўлітроўкам "манаполькі". Толькі адзін мясцовы багацей узяў неяк 5 паўлітровак, то гэта яму прыпамiналi ў Кажан-Гарадку гадоў трыццаць! Наогул у польскія часы Палессе было, як ніколі, вядома сваей цвярозасцю, і толькі пасля вайны сітуацыя рэзка змянілася ў горшы бок. Гэта вядома любому жыхару Палесся.

У раздзеле "Адзенне" абсалютна не адпавядае рэчаіснасці тое, што "летам мужчыны ходзяць у палатняных спадніцах". (Гэта вельмі нагадвае сведчанні Марка Пола, што недзе на свеце жывуць псагаловыя людзі).

Нацыянальныя строі на Беларусі ўжо добра вывучаны, ні адзін даследчык, акрамя Р.Ралецкага, пакуль што не занатаваў, што ў Чудзіне мужчыны хадзілі летам у спадніцах з палатна. І гэта піша чалавек, які сам жыве ў Чудзіне, які сам добра ведае аб'ект даследавання.

Найбольшую шкоду манаграфіі і яе аўтару прыносіць раздзел "Гігіена". Вось чарговыя "перлы" у характарыстыках Ралецкiм Чудзіна. "Падлога мяцецца вельмі рэдка, мыецца яшчэ радзей. Тое самае можна сказаць аб печах і аб посудзе. Усё гэта спрычыняе размнажэнню чарвей, якіх таксама ў кожным памяшканні есць мноства". Думаецца, тут зноў згушчаны чорныя фарбы, бо пры згаданым стане рэчаў насельніцтва проста вымерла б, не выратавала б людзей уся медыцына Польшчы! "Мноства чарвей" было б заўважана не толькі Р.Ралецкім, і не толькі ў Чудзіне, бо вёсак, падобных Чудзіну, нямала і каля Пінска.

Працягнем пераклад з мовы арыгінала. "Асабліва не гігіенічныя ёсць тыя чэпчыкі, што носяць жанчыны; пад кожным чапцом вельмі рэдка дагледжаны валасы".

І ў гэтым прыходзіцца сумнявацца, бо скурныя захворванні не прымусілі б сябе доўга чакаць; жанчына – хоча яна таго ці не – пачала б рэгуральна мыць валасы, паказала б у тым прыклад усім астатнім.

Толькі гэта яшчэ не ўсе! Аказваецца, што ў Чудзіне "дзяўчынкі, заплеўшы косы, носяць iх ледзь не паўгода, а то ш больш..."

Чамусьці даследчык вёскі не заўважыў у гігіене тое станоўчае, чаго не ведала ні этнічная Расія, ні этнічная Польшча: маецца на ўвазе, так званае "заленне" бялізны – вельмі вядомае як у Чудзіне, так і па ўсім Палессі. Гэта дададковая тэрмічная апрацоўка бялізны, пры дапамозе прасеянага драўніннага попелу і кіпятку; праводзілася паміж мыццём і паласканнем.

Наступныя раздзелы даследавання "Школа і іншыя ўстановы", "Палітычныя сувязі" напісаны цікава, змястоўна, аналітычна, на дастаткова высокім даследчыцкім узроўні, хаця асобныя вывады і не зусім беспярэчныя.

Большай увагі з боку крытыкі заслугоўвае раздзел "Характарыстыка насельніцтва", дзе прыйшоў "час збіраць камяні", кінутыя аўтарам у агарод чудзінцаў. Тут чудзінец часткова рэабілітуецца, прадстае перад намі як чалавек з добраю душою, як шчыры і чулы чалавек, што бачым з наступных слоў. "Нельга сказаць, каб насельніцтва вёскі было лянівым, бо працуюць ад ранняга ранку да позняе ночы... Злых інстынктаў гэтае насельніцтва, як гавораць, не мае. Люд, які не знае ніякае рэлігіі, які ёсць напалавіну язычніцкі, да якога асвета яшчэ не дайшла, не можа нават быць лепшым..."

Але аказваецца, "сабраныя камяні", кінутыя ў Чудзін, нястомны аўтар кідае далей, у палешукоў-суседзяў, насельнікаў Будчы і Дзяніскавіч, жыхароў, якіх агулам называе звычайнымі злачынцамі. Вось пераклад наступных радкоў даследавання. "З вялікай, аднак, прыемнасцю, магу падкрэсліць, што насельніцтва Чудзіна не з'яўляецца такім злым, як у навакольных вёсках. Насельнікі, напрыклад, Будчы, Дзяніскавіч ёсць проста злачынцамі. Усе дыверсійныя банды, што дзейнічалі на тэрыторыі Польшчы, камплектаваліся з эмісараў Расіі і насельнікаў тых вёсак. Гаспадары Будчы і Дзяніскавіч дзесяткамі былі расстраляны за бандытызм або пасаджаны ў турмы. У той ж час ні адзін чудзінец не належыў да тых банд".

Факты – рэчы ўпартыя. Але карэктней было б назваць злачынцамі канкрэтных, непасрэдных віноўнікаў, а не агулам усіх насельнікаў тых вёсак.

Апошні раздзел "Будучае вёскі" і "Рэзюмэ" завяршаюць даследаванне Чудзіна. У далёкім 1934 г. будучае Чудзіна Р.Ралецкі звязваў з неабходнасцю радыкальных эканамічных пераўтварэнняў.

І хто ведае? Можа, Р.Ралецкі, будучы добрым у душы, знарок сказіў вобраз палешука да непазнавальнасці, каб заінтрыгаваць чытача і змусіць усіх звярнуць увагу на тыя эканамічныя пераўтварэнні, якія ён прапаноўвае? Можа, такім шляхам даследчык хацеў, нарэшце, зацікавіць "моцных свету гэтага" ў неабходнасці рашучых рэформаў?

Чаму б і не? Паглядзім, якія слушныя прапановы для выпраўлення эканамічна цяжкай сітуацыі на Палессі падае гэты, нікім не пачуты, чудзінец.

Ён прапануе надзяліць сялян зямлёю па 20-30 дзесяцін; рассяліць чудзінцаў на хутары (бліжэй да апрацоўваемай зямлі); праводзіць навучэнне сялян праз інструктараў земляробства пры павятовых сейміках; асушаць балоты; правесці работу з сялянамі ў плане зацiкаўленасцi ў развядзенні высокапрадукцыйных жывёл (у паляпшэнні пародзістасці асаблівую неабходнасць меў малочны статак. У Чудзіне, часам, кароў трымалі не для атрымання малака, а толькі гною); у выкарыстанні хімічных угнаенняў – так званых "парашкоў"; у перайманні перадавога вопыту вядзення гаспадаркі і так далей.

У той жа час, Рудольф Ралецкі застаецца і на далей не толькі малавядомай асобаю, але і вельмі спрэчнаю. Рознага мы бачым Ралецкага: калі ён апісвае Палессе – гэта чалавек з толькі чорнымі фарбамі ў руках; калі ж ён паўстае ў якасці даследчыка грамадска-гаспадарчых сувязей ці як тэарэтык эканамічных рэформ сельскай гаспадаркі – яго мы ўспрымаем як прафесіянала сваёй справы.

Цяжка дапусціць думку, што манаграфія Р.Ралецкага пра Чудзін будзе зразумелаю ўсім чытачам Палесся. Але з назвы даследавання вынікае, што перад намі, перш за ўсё, даследаванне па ГРАМАДСКА-ГАСПАДАРЧЫМ СУВЯЗЯМ, а ўсё астатняе (гісторыя, гігіена...) – штучны антураж, стварэнне якога прадыктавана жорсткай рэчаіснасцю.
Катэгорыя: Іншае | Дабавіў: admin (28.03.2012) | Аўтар: Васiль ТУМІЛОВІЧ -Гістарычная брама
Праглядаў: 2249 | Тэгі: Дзяніскавічы, Чудзін, Будча, Ганцавічы | Рэйтынг: 5.0/5
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.