Субота, 27.07.2024, 05:45

МАГІЛЁЎСКІ КАСЦЁЛ СВЯТОГА СТАНІСЛАВА І КЛЯШТАР КАРМЕЛІТАЎ

Галоўная »
МАГІЛЁЎСКІ КАСЦЁЛ СВЯТОГА СТАНІСЛАВА І КЛЯШТАР КАРМЕЛІТАЎ размяшчаецца ў цэнтры горада Магілёў, на вуліцы Камсамольскай (у былым Шклоўскім прадмесці Старога города праз роў ад Каралеўскай брамы). Пабудаваны ў 1738—52 (67) гг. з цэглы на месцы драўлянага касцёла кармелітаў 1636 г. (згарэў у 1708 г.).


Першы драўляны касцёл кармеліты пабудавалі ў 1633—36 гг. па фундацыі польскага караля Жыгімонта III Вазы (на яго месцы існаваў храм 1594 г.). Гэта падзея адлюстравана на адной з фрэсак касцёла. Заснаваны як філіял Бялыніцкага кляштара кармелітаў. Кароль Рэчы Паспалітай Уладзіслаў IV прывілеем ад 10.09.1633 г. дазволіў бялыніцкім манахам купляць дамы і пляцы ў Магілёве для пабудовы касцёла і кляштара. На 1687 г. налічвалася ўсяго шэсць манахаў. У 1738—52 гг. на месцы згарэлага ў 1708 г. драўлянага храма пабудаваны мураваны касцёл, асвячоны ў 1765 г. віленскім біскупам Ф.Зянковічам у гонар Спачыну Найсвяцейшай Дзевы Марыі. У 1774 г. пры кляштары існавала друкарня, заснаваная біскупам С.Богуш-Сестранцэвічам. У 1783 г., які перадаў касцёл Магілёўскай архікафедры, і ён стаў кафедральным саборам Магілёўскай рымска-каталіцкай архіепархіі, названым у гонар святога Станіслава. Пры касцёле быў зацверджаны капітул (сабор) у складзе 12 канонікаў. У 1784 г. пры касцёле была адкрыта семінарыя, двухпавярховы корпус якой быў прыбудаваны да храма ў 1788 г. Пасля пажару 1810 г. касцёл перабудаваны. У 1831 г. кляштар скасаваны. Пасля 1860 г. касцёл стаў парафіяльным. 3 1935 г. ў ім размясціўся гістарычны, у 1964—86 гг. — Дзяржаўны архіў Магілёўскай вобласці. 13.07.1990 г. адбылася ўрачыстая перадача касцёла вернікам. Рэстаўрыраваны ў 1986—94 гг. сіламі Беларускай каталіцкай грамады. 3 1991 г. — кафедральны сабор Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Пры касцёле дзейнічае хор, штогод адбываюцца міжнародныя фестывалі духоўнай музыкі.


Першапачаткова касцёл быў вырашаны ў стылі позняга барока і ракако, галоўны фасад упрыгожваў фігурны франтон з гербавым картушам. У 1810 г. пачалася перабудова касцёла ў стылі класіцызму. Касцёл пабудаваны па каноне трохнефавай двухвежавай шасціслуповай базілікт з трансептам і паўцыркульнай апсідай з бакавымі сакрысціямі. Да галоўнага фасада прыбудаваны чатырохкалонны іанічны порцік, да паўднёвай апсіды далучаны памяшканні семінарыі і друкарні. Галоўны фасад пашыраны бакавымі прыбудовамі з васьміграннымі барабанамі пад сферычнымі купаламі. Ад першапачатковага дэкору захаваліся шматслойныя пілястры, складанапрафіляваныя карнізы, фігурныя ліштвы аконных праёмаў.


У інтэр'еры два рады магутных слупоў-пілонаў і аркада паміж імі падзяляюць прастору на тры нефы: бакавыя з нізкімі скляпеннямі ў спалучэнні з стромкім сярэднім нефам; апсіда вылучана вялікай аркай з ракайльным арнаментальным роспісам. У залу выступае арганная галерэя, якую падтрымліваюць чатыры драўляныя слупы і перакінутыя праз іх аркады. Сцены крапаваны падвойнымі шырокімі пілястрамі з ракайльнымі залачонымі капітэлямі, складзенымі з С-падобных звіваў і руж, апяразаны арнаментальным ракайльным фрызам. На плоскасцях ілюзорным фрэскавым роспісам створаны манументальныя аркі, калоны, пілястры, разарваныя карнізы, складаныя картушы, валюты, якія нібы вырастаюць з рэальных пілястраў і карнізаў, рэальная і ілюзорная прастора зліваюцца ў адно, што надае кампазіцыі дынаміку і эмацыянальную патэтыку. Скляпенні працягнуты ўверх ілюзорнымі архітэктурнымі формамі. Інтэр'ер упрыгожваюць тры ракайльныя алтары, вырашаныя карынфскай каланадай і насычаныя драўлянай скульптурай. На правым слупе прэсбітэрыя навешаны каваны ракайльны амбон, кафедра якога вырашана трыльяжнай сеткай з картушамі. Над тонкапрафіляваным антаблементам, які апяразвае неф, змешчаны прамавугольныя фрэскавыя пано, скляпенні пакрыты размалёўкай. Паводле інвентара 1692 г. меўся цудатворны абраз «Маці Божай».


Інтэр'ер касцёла ўпрыгожвае адзін з найбольш разгорнутых фрэскавых біблейскіх цыклаў на Беларусі — выдатны помнік манументальнага мастацтва. Фрэскавы жывапіс выкананы ў 1765—67 гг. і ў 1780-я гг. Аўтарамі размалёвак, што пакрываюць скляпенні, сцены, алтар, былі Чайкоўскі, выкладчык жывапісу Магілёўскай духоўнай семінарыі А.Главацкі, мастак П.Пятроўскі. Прозвішча апошняга пазначана ў мемарыяльным лацінскім надпісе на правай сцяне нефа: «Гэты кармеліцкі касцёл быў багата і маляўніча ўпрыгожаны ў бытнасць шаноўнага айца Паўла Пятроўскага, святой тэалогіі доктара». Главацкі працаваў у Магілёўскай духоўнай семінарыі і ў тэатры Богуш-Сестранцэвіча ў 1794—1802 гг. выкладчыкам жывапісу, і таму верагодна, што частка роспісу выканана і ім самім, і пад яго кіраўніцтвам. У стварэнні роспісаў удзельнічалі вучні-манахі кляштара Пётр, Лук'ян, Рыгор. У 1860-я гг. размалёўкі паднаўляліся і дапаўняліся мастаком Фёрстам (чатыры кампазіцыі ля алтара).

На скляпенні цэнтральнага нефа ад конхі апсіды да хораў размешчаны тры вялікія фрэскавыя кампазіцыі на евангельскія сюжэты: «Пераўтварэнне», «Уручэнне ключоў апосталу Пятру» і «Унебаўзяцце Марыі». У архітэктурных кулісах — выявы з сімваламі евангелістаў і айцоў заходняй царквы Ераніма, Аўгусціна, Клімента, алегорый Веры, Надзеі, Любові і гледачоў на ілюзорных балконах. Ніжэй вокнаў па перыметры сцен галоўнага нефа ў прамавугольных нішах сюжэты «Уваскрасенне Лазара», «Цуд святой Тэрэзы», «Хрышчэнне», «Наданне граматы каралём Сігізмундам манахам-кармелітам» і інш. Паніжаныя бакавыя нефы падзелены на асобныя капліцы, скляпенні якіх упрыгожаны размалёўкамі «Спас Нерукатворны», «Святы Себасцьян», «Страшны суд», «Падарожжа ў карэце», «Смерць святога Юзафа» і «Аўтапартрэт». На скляпенні нартэкса дзве сцэны — «Каін забівае Авеля» і «Ахвярапрынашэнне Аўраама». У паўднёва-заходняй частцы храма, на скляпенні правага нефа выява манаха-мастака з палітрай у руцэ. На хорах геральдычныя выявы. Паблізу алтара ў паўночна-ўсходняй частцы храма чатыры кампазіцыі, выкананыя мастаком Фёрстам падчас паднаўлення размалёвак у 1860-я гг. Былі размаляваны і памяшканні кляштара (забелены).


Авальную апсіду запаўняе галоўны алтар, вырашаны двумя паўкалонамі і слаістымі пілястрамі карынфскага ордэра з пазалочанымі капітэлямі, на якія абапіраецца тонкапрафіляваны, інтэнсіўна крапаваны і лучкова выгнуты па цэнтры, дэкарыраваны залачоным акантавым арнаментам антаблемент. Над ім фігурны шчыт з ракайльнай рамай і бакавымі валютамі. Галоўны алтарны абраз «Укрыжаванне». На хорах меўся унікальны арган з керамічных труб, які ў рэестры Ватыкана лічыўся пад другім нумарам (падобныя меліся ў Рыме, Варшаве, Мехіка).

Крыніца: Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін;
фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл.

Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [38]
Спорт [1411]
Здарэнні [480]
Грамадства [482]
Эканоміка [37]
Транспарт [148]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Ліпень 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 2
Гасцей: 2
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.