Субота, 27.07.2024, 03:56

ПАЛЯВЬІЯ ЭТНАГРАФІЧНЫЯ ДАСЛЕДАВАННІ

Галоўная »
ПАЛЯВЫЯ ЭТНАГРАФІЧНЫЯ ДАСЛЕДАВАННІ — збіранне этнаграфічных матэрыялаў шляхам непасрэдных кантактаў з насельніцтвам і вывучэння на месцы народнай культуры і побыту.

Такая форма даследаванняў вядомая з часу далучэння ў канцы XVIII ст. Беларусі да Расійскай імперыі (экспедыцыі І. Ляпехіна ў 1773 г., краязнаўча-этнаграфічныя апісанні беларускіх мясцінаў А. Меера ў 1786 г., В. Севергіна ў 1803 — 1804 гг.). У XIX ст. народныя вераванні, звычаі і абрады, побыт і вусную народную творчасць даследавалі 3. Даленга-Хадакоўскі, Ю. Крашэўскі, У. Сыракомля, Я. Тышкевіч, П. Шпілеўскі, М. Косіч і інш. Планамерныя даследаванні звязаныя з дзейнасцю Рускага геаграфічнага таварыства (РГТ), заснаванага ў 1845 г. у Пецярбургу. Яно распрацавала і разаслала па ўсёй краіне «Інструкцыю этнаграфічную». Пазней праграмы для збірання этнаграфічных звестак па беларускіх губернях распаўсюджваў у асноўным Паўночна-Заходні аддзел Рускага геаграфічнага таварыства, часам — асобныя збіральнікі. Гэта спрыяла актывізацыі палявых этнаграфічных даследаванняў, уключэнню ў іх мясцовай, пераважна сельскай, інтэлігенцыі. Вялікую колькасць палявых фальклорна-этнаграфічных запісаў атрымалі ад сваіх карэспандэнтаў Мітрафан Доўнар-Запольскі, А. Дэмбавецкі, Е. Раманаў, П. Шэйн і інш. У 1860 — 1870-я гг. РГТ накіравала на тэрыторыю Беларусі этнаграфічныя экспедыцыі на чале з М. Дубенскім, С. Максімавым, П. Чубінскім, якія збіралі звесткі пра побыт, нацыянальны і канфесійны склад насельніцтва, запісвалі песні, казкі, абрады. Актывізацыі палявых этнаграфічных даследаванняў спрыяла дзейнасць Расійскай AН і Таварыства аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі (створанае ў 1864 г. пры Маскоўскім універсітэце). У 1880 — 1890-я гг. экспедыцыямі Доўнар-Запольскага і М. Янчука даследаваўся побыт і духоўная культура сялянаў Мінскай і Гродзенскай губерняў. Збіральніцкай працай у палявых умовах займаліся М. Нікіфароўскі на Віцебшчыне, У. Дабравольскі на Смаленшчыне, іншыя этнографы. Раманаў разам са шматлікімі фальклорна-этнаграфічнымі звесткамі сабраў на Магілёўшчыне і Віцебшчыне калекцыю сельскагаспадарчых прыладаў, рыбалоўных снасцяў, народнага адзення, хатняга начыння, якую перадаў у этнаграфічны аддзел Рускага музея ў Пецярбургу. Этнаграфічныя даследаванні на поўдні Беларусі, асабліва на Палессі, сістэматычна праводзілі Iсак Сербаў і Аляксандр Сержпутоўскі. Асноўную ўвагу яны звярталі на вывучэнне традыцыйных формаў гаспадаркі і матэрыяльнай культуры, грамадскага побыту сялянаў; зрабілі шмат фотаздымкаў і замалёвак. У заходняй Беларусі плённа працаваў М. Федароўскі, які амаль за 30 гадоў сабраў больш за 200 тысяч этнаграфічных і фальклорных запісаў.

Асабліва інтэнсіўна этнаграфічныя даследаванні праводзіліся ў 1920-я гг., калі да збірання матэрыялаў былі прыцягнутыя краязнаўцы. Вялікую ролю ў гэтым адыграў часопіс «Наш край» (пазней «Савецкая краіна») — орган Цэнтральнага бюро http://www.gants-region.info/index/krajaznawstva/0-1278. У ім друкаваліся праграмы, інструкцыі, рэкамендацыі па апісанні і вывучэнні населеных пунктаў, матэрыяльнай культуры, промыслаў і рамёстваў, сямейнага, грамадскага і вытворчага побыту, гаспадаркі, разглядаліся тэматыка і методыка даследаванняў. Прафесійныя даследаванні праводзілі этнографы Інбелкульта, якія адначасова накіроўвалі аматарскую дзейнасць у гэтай галіне краязнаўчых арганізацыяў і этнаграфічных ячэйкаў пры музеях Мінска, Віцебска, Магілёва, Бабруйска і інш.

У 1930-я гг. у сувязі з ліквідацыяй краязнаўчага руху і вульгарна-сацыялагічным падыходам да ацэнкі дзейнасці беларускіх этнографаў палявыя экспедыцыйныя даследаванні скараціліся. 3 1931 г. галоўную ролю ў гэтай працы адыгрывала секцыя этнаграфіі Інстытута гісторыі АН БССР, аб'яднаная пазней з фальклорнай камісіяй. Супрацоўнікі секцыі ў складзе комплексных і фальклорна-этнаграфічных экспедыцыяў перыядычна праводзілі даследаванні ў розных рэгіёнах Беларусі. Аднак многія пытанні побыту і культуры вывучаліся, зыходзячы з памылковых метадалагічных установак тых часоў. Усяго да Вялікай Айчыннай вайны ў АН БССР было назапашана звыш 70 тысяч адзінак этнаграфічных апісанняў і фальклорных тэкстаў, да 10 тысяч здымкаў і 2 тысячы этнаграфічных экспанатаў (знішчаныя ў час вайны).

У даваенны перыяд палявыя этнаграфічныя даследаванні на тэрыторыі Беларусі праводзілі таксама Цэнтральны музей народазнаўства (Масква), этнаграфічны аддзел Рускага музея (пазней Музей этнаграфіі народаў СССР, Ленінград). У Заходняй Беларусі іх праводзілі Я. Арынжына, У. Галубовіч, 3. Дмахоўскі і інш. Этнаграфічныя экспанаты збіралі супрацоўнікі Беларускага музея ў Вільні, музеяў Гродна, Пінска.

Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў сектар этнаграфіі і народнай творчасці Інстытута гісторыі АН БССР аднавіў этнаграфічныя даследаванні на Палессі, паступова ахопліваючы і іншыя рэгіёны. Збіраліся параўнальныя звесткі і ў сумежных раёнах РСФСР, УССР, Латвійскай ССР. Асноўная ўвага аддавалася вывучэнню традыцыйных земляробчых прыладаў працы, жылля, народнага адзення, а таксама новых з'яваў у побыце калгаснай вёскі. Тэматыка палявых працаў прыкметна пашырылася пасля стварэння ў 1957 г. Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР з асобным сектарам этнаграфіі (з 1986 г.— аддзел), супрацоўнікі якога планамерна вывучалі матэрыяльную культуру, сучасны побыт і культуру сельскага і гарадскога насельніцтва, народныя веды, звычаі і абрады, промыслы і рамёствы, сям'ю і сямейны побыт.

На сістэматычных палявых этнаграфічных даследаваннях у 1960 — 1980-я гг. спецыялізаваліся I. Браім, Н. Буракоўская, В. Бялявіна, М. Грынблат, У. Гуркоў, У. Іваноў, Г. Каспяровіч, А. Курыловіч, Т. Кухаронак, М. Лобач, Л. Малчанава, С. Мілючэнкаў, Л. Мінько, Э. Сабаленка, В. Цітоў, С. Цярохін і інш.

У 1965 — 1970 гг. выкананая спецыяльная праграма даследаванняў у сувязі з падрыхтоўкай рэгіянальнага атласа Беларусі, Украіны і Малдовы. Абследаваныя звыш 140 населеных пунктаў БССР, у кожным з якіх дэталёва вывучаліся народныя жыллё, сельскагаспадарчая тэхніка і адзенне. Былі складзеныя 1234 адзінкі этнаграфічных апісанняў, назапашаны багаты ілюстрацыйны матэрыял.

У 1977 г. этнографы АН БССР і музейныя работнікі пачалі праграму палявых этнаграфічных даследаванняў у сувязі са стварэннем Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту. На першым этапе (завершаны ў 1980 г.) выяўлялі, фіксавалі і ўлічвалі жыллёвыя, гаспадарчыя і грамадскія драўляныя пабудовы музейнага значэння, збіралі калекцыі прадметаў побыту, матэрыялы для этнаграфічнага занавання экспазіцыі і складання тэматычна-экспазіцыйных планаў. На другім этапе ўдакладняліся помнікі народнай архітэктуры для музейнага экспанавання, праводзіліся іх абмеры, разборка і транспартаванне ў музей. Працягваецца вывучэнне традыцыйнага побыту і культуры сялянаў, збіранне экспанатаў.

У пасляваенны час палявыя этнаграфічныя даследаванні ў Беларусі эпізадычна праводзіў Інстытут этнаграфіі AH СССР. Этнаграфічныя калекцыі тады пачалі збіраць (і працягваюць у наш час) краязнаўчыя і мастацкія музеі Мінска, Брэста, Гродна, Віцебска, Магілёва, Маладзечна, Пінска і інш. Даследаванні праводзяцца паводле спецыяльнай методыкі. У залежнасці ад тэматыкі і задачаў праца арганізаваная ў стацыянарнай і экспедыцыйнай формах. Стацыянарная форма выкарыстоўваецца для працяглага (ад 2-3 месяцаў да некалькіх гадоў) усебаковага вывучэння параўнальна невялікай групы насельніцтва. Яна прадугледжвае доўгатэрміновае пражыванне даследчыка сярод мясцовых жыхароў (прымянялася ў 1951 — 1952 гг. пры вывучэнні калгаса «Бальшавік» Хойніцкага раёна).

Экспедыцыйная форма выкарыстоўваецца для правядзення даследаванняў цягам некалькіх тыдняў і збірання звестак у некалькіх населеных пунктах. Гэта дазваляе за кароткі тэрмін атрымаць матэрыялы з вялікай тэрыторыі. Такая форма найбольш падыходзіць для даследавання адзення, жылля, прыладаў працы, начыння і інш. Асноўныя метады экспедыцыйнага абследавання — куставы (вылучаюцца базавыя населеныя пункты для збірання матэрыялаў па поўнай праграме з наступным удакладненнем звестак у навакольных паселішчах) і маршрутны (кожны населены пункт вывучаецца ў аднолькавай ступені). Апошні метад у 1970 — 1980 гг. дамінаваў. Паселішчы вывучаюць шляхам суцэльнага або выбарачнага абследавання. Візуальныя назіранні і вусныя звесткі пра культуру і побыт заносяцца адпаведна ў палявы дзённік і палявы сшытак. Для збірання масавага матэрыялу выкарыстоўваюць рознага роду апытальнікі і анкеты, прадметы і з'явы матэрыяльнай культуры фіксуюць і пры дапамозе фотаздымкаў, замалёвак, рысункаў і малюнкаў. Часам вядзецца адбор этнаграфічных прадметаў для музеяў. Асноўныя крытэрыі іх адбору — аўтэнтычнасць, тыповасць, канструкцыйна-мастацкая выразнасць.

Матэрыялы палявых этнаграфічных даследаванняў зберагаюцца ў архівах розных установаў і ведамстваў. Асноўныя дарэвалюцыйныя фонды знаходзяцца ў архівах РГТ і Расійскай АН (Санкт-Пецярбургскае аддзяленне) рукапісным аддзеле бібліятэкі Віленскага ўніверсітэта, Расійскім этнаграфічным музеі (Санкт-Пецярбург; былы Музей этнаграфіі народаў СССР); матэрыялы пасляваеннага перыяду — у архіве ІМЭФ НАН Беларусі (у ім больш за 3 тысячы адзінак этнаграфічных апісанняў, 8,5 тысяч малюнкаў і каля 6 тысяч фотаздымкаў). На падставе сабраных у час палявых этнаграфічных даследаванняў звестак апублікаваная амаль сотня зборнікаў этнаграфічных матэрыялаў, манаграфічных даследаванняў, альбомаў і інш.

Крыніца: «Краязнаўчая газета» №20 (661) май 2017 год;
«Краязнаўчая газета» №21 (662) чэрвень 2017 год;
«Краязнаўчая газета» №22 (663) чэрвень 2017 год
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [38]
Спорт [1411]
Здарэнні [480]
Грамадства [482]
Эканоміка [37]
Транспарт [148]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Ліпень 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 38
Гасцей: 38
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.