Субота, 27.07.2024, 03:27

ЗЕМБІНСКІ КАСЦЁЛ УНЕБАЎЗЯЦЦЯ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ДЗЕВЫ МАРЫІ І КЛЯШТАР ДАМІНІКАНЦАЎ

Галоўная »
ЗЕМБІНСКІ КАСЦЁЛ УНЕБАЎЗЯЦЦЯ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ДЗЕВЫ МАРЫІ І КЛЯШТАР ДАМІНІКАНЦАЎ размяшчаецца ў цэнтры вёскі Зембін Барысаўскага раёна Мінскай вобласці. Пабудаваны ў 1798 — 1809 гг. з цэглы пры кляштары дамініканцаў замест драўлянага храма, які згарэў у 1790 г.


У 1640 г. ашмянскі падкаморы і ўладальнік Зембіна Адам Мацей Саковіч і яго жонка Марыяна (з Тышкевічаў) заснавалі тут дамініканскі кляштар, ахвяраваўшы яму фальварак Паляны, навакольнае возера і права прапінацыі з абавязкам трымаць школу. Невялікі драўляны касцёл меў званіцу на фасадзе і сакрысціі па баках прэсбітэрыя, дах па сярэдзіне завяршаўся цыліндрычнай сігнатуркай. Інтэр'ер упрыгожвалі сем алтароў, на хорах меўся васьмігалосы арган. Комплекс акрамя касцёла ўключаў аднапавярховы крыжовы ў плане жылы корпус і гаспадарчыя пабудовы (свіран, лядоўня, кухня, стайня, адрына і інш.); усё было акаймавана бутавай агароджай. Пры кляштары дзейнічалі шпіталь і парафіяльная школа, мелася вялікая бібліятэка (знішчана французамі ў 1812 г.). У 1766 г. ўладар мястэчка Марцін Літавар Храптовіч вылучыў сродкі на будаўніцтва мураванага касцёла. У 1833 г. кляштар скасаваны і перайшоў да казны, касцёл да 1880 г. быў прыходскім. У 1888 г. парафіяне і мясцовая шляхта пад кіраўніцтвам Швенціцкіх і Рагоўскіх звярнулася з хадайніцтвам у Пецярбург, і ў 1902 г. ў Зембін прыбыў пастаянны святар Ваньковіч, пры якім касцёл аднавіўся. У пачатку 20 ст. адрэстаўрыраваны. У 1932 г. зноў закрыты і як спустошаны прыйшоў у заняпад. Паўзруйнаваны ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Кaсцёл — помнік архітэктуры барока і класіцызму. Манументальнае збудаванне (таўшчыня сцен 1,3 метраў) адносіцца да тыпу бязвежавых трохнефавых базілік з паўкруглай апсідай. Высокі двухсхільны дах на галоўным фасадзе прыхаваны фігурным франтонам, узнятым на магутны атык і фланкіраваны дэкаратыўнымі вазонамі, над алтарнай часткай завяршаўся двух’яруснай сігнатуркай. У арачнай нішы франтоннага тымпана ўстаноўлена скульптура Маці Божай. Рытм фасадаў ствараюць высока ўзнятыя арачныя аконныя праёмы і шырокія лапаткі ў прасценках. З класічнага дэкору выкарыстаны карніз простага профілю з сухарыкамі, які акаймоўвае будынак.

Прастора цэнтральнага нефа пераходзіць у апсіду, завершаную насценным стукавым алтаром з абразом Хрыста, які нясе крыж. Па яго баках, у завяршэнні бакавых нефаў, вылучаны прамавугольныя сакрысціі, сцены якіх раскрапаваны разнастайнымі нішамі. Бакавыя нефы аддзелены ад галоўнага чатырмя магутнымі слупамі, якія трымаюць распор крыжовых скляпенняў і падпружных арак. Над нартэксам на двух слупах размешчаны хоры, лесвіца на якія праходзіць у тоўшчы фасаднай сцяны.

Інтэр'ер храма падчас рэстаўрацыі пачатку 20 ст. ўпрыгожаны фрэскавым роспісам (не захаваўся; варшаўскі мастак Вебер). Новы алтар зроблены ў выглядзе ўвагнутай мураванай перагародкі з бакавымі арачнымі праходамі і невысокім калонным парталам па цэнтры (у ім стаяла скульптура Хрыста), завершаным скульптурнай постаццю Маці Божай, па баках на калонных устоях — выявы анёлаў, на фігурным завяршэнні перагародкі — постаці апосталаў Пятра і Паўла. Алтар быў распісаны пад каляровы мармур. Высунутая наперад да мяжы прэсбітэрыя архітэктурна-скульптурная кампазіцыя эфектна ўспрымалася ў контражурным асвятленні двух высокіх арачных аконных праёмаў апсіды. У алтары быў размешчаны абраз Хрыста работы Яна Дамеля. Меліся драўляныя бакавыя алтары: Маці Божай Шкаплернай і святога Юзафа (справа) і ўкрыжавання і святога Антонія (злева). Бакавыя сцены ўпрыгожвала серыя тэракотавых пано са сцэнамі Крыжовага шляху. Драўляны амбон перанесены з папярэдняга касцёла і быў навешаны на левым пілоне прэсбітэрыя. У касцёле былі ўстаноўлены арган, жырандолі.

Жылы корпус (не захаваўся) быў аднапавярховым, крыжападобным у плане пад гонтавым дахам. Меліся пяць келляў, памяшканне рэфектара.

Крыніца: Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін;
фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл.

Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [38]
Спорт [1411]
Здарэнні [480]
Грамадства [482]
Эканоміка [37]
Транспарт [148]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Ліпень 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 50
Гасцей: 50
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.