Пятніца, 29.03.2024, 13:17

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Анатоль Трафімчык

Палітычныя інцыдэнты ў Круговіцкай гміне ў 1922 г. (на аснове скаргаў дэпутата)
Вялікія Круговічы
У Архіве новых актаў (Варшава) знаходзіцца шмат скаргаў дэпутатаў Сейма Польскай Рэспублікі, у якой народныя абраннікі заступаліся перад рознымі міністрамі ў справе адстойвання інтарэсаў. Многія скаргі датычацца парушэння правоў чалавека. Па адной толькі Круговіцкай гміне некалькі такіх дакументаў.

Пра тое, як жылося заходнім беларусам у Польшчы, спісана гара літаратуры. Са школьнай лаўкі ведаем: гэта быў прыгнёт – сацыяльны і нацыянальны. Але і перабольшваць яго не варта. Пры ўсёй антыбеларускасці польскага рэжыму трэба ўсведамляць ступень чужынскага ўціску.

Некаторыя ж моманты палітычнага жыцця "заходнікаў" здзіўляюць сваім дэмакратызмам. Што праўда, такія праявы характарызуюць толькі першыя гады існавання Заходняй Беларусі ў складзе Польскай Рэспублікі пасля Рыжскага дагавора 1921 г. У далейшым улады "закручвалі гайкі" і афіцыйна паскардзіцца, да таго ж на самым высокім узроўні ў беларускіх сялян магчымасці значна звужаліся.

Круговіцкая гміна

Такія скаргі называліся інтэрпеляцыямі. Гэта асаблівы від афіцыйнага запыту дэпутата парламента ўраду або якому-небудзь члену ўрада па вызначаным пытанні, права парламента афіцыйна задаваць пытанні ўраду.

У тагачаснай Польшчы парламент складаўся з дзвюх палат – Сейма і Сената. Апошні, аднак адыгрываў ролю меней значную. Адпаведна падзеі, звязаныя з Сеймам, станавіліся ў першы шэраг палітычнага жыцця.

У нашым выпадку правам на інтэрпеляцыю актыўна карыстаўся пасол (так у Польшчы называюць дэпутатаў) Антон Баніфацы Кардоўскі. Адзначым таксама, што А. Кардоўскі не быў мясцовым жыхаром.

Народжаны ў 1892 г. у Варшаве, ён быў абраны ў Сейм на першых пасляваенных выбарах у лістападзе 1922 г. ад выбарчай акругі № 60 "Пінск" па спісах Польскай сялянскай партыі "Вызваленне”, блізкай да камуністычных поглядаў, якая тым часам праходзіла пад №3 у спісе партый.

Гэта палітычная сіла, як і ўвогуле левыя, мела папулярнасць у Палескім ваяводстве і актыўна выкарыстоўвала парламенцкія рычагі ў абарону насельніцтва. Так, пасол Кардоўскі падаў 65 інтэрпеляцый. Мала хто з яго калег праяўляў большую актыўнасць.

Што датычыцца Круговіцкай гміны, народны абраннік некалькі разоў звяртаўся да Міністра ўнутраных спраў у сувязі з інцыдэнтамі, якія адбыліся з удзелам актывістаў "Вызвалення" – жыхароў названай мясцовасці. Што ж станавілася падставай для такіх высокіх зваротаў?

Агульна кажучы, галоўнай прычынай скаргаў з’яўлялася самавольства паліцэйскіх. Прычым два выпадкі парушэння закона з боку яго ахоўнікаў адбыліся на тэрыторыі згаданай гміны, а трэці – у Лунінцы, павятовым цэнтры. З прымяненнем цытат перакажам змест скаргаў і ахарактарызуем іх.

1. Інтэрпеляцыя дэпутата Антона Кардоўскага і таварышаў з фракцыі ПСП "Вазвыленне" Пану Міністру ўнутраных спраў па справе рабунку сена, здзейсненага камендантам пастарунку паліцыі ў Круговічах Лунінецкага павета Камінскім (люты 1923 г.).

1 кастрычніка 1922 г. жыхар вёскі Лактышы Васіль Мышкавец вёз 20 пудоў сена на кірмаш у Ганцавічы пры тагачасным кошце 1000 марак за пуд. Калі праязджаў праз круговіцкі пастарунак, выйшаў камендант Камінскі і загадаў пакінуць сена пры пастарунку, пры гэтым не заплаціўшы, а сказаўшы, што Мышкавец можа дабівацца сваіх праў у судовым парадку. На завяршэнне А. Кардоўскі ў дыпламатычных формах звяртаўся да Міністра, каб той дапамог аднавіць справядлівасць праз вяртанне селяніну адабранага сена і пакаранне паліцэйскага.

2. Інтэрпеляцыя дэпутата Антона Кардоўскага і таварышаў з фракцыі ПСП "Вазвыленне" Пану Міністру ўнутраных спраў па справе супрацьдзеяння выбарчай акцыі і гвалту, здзейсненага камендантам пастарунку паліцыі ў Круговічах Лунінецкага павета Камінскім датычна Спірыдона Аскеркі.

"16 кастрычніка 1922 г. на пасяджэнні акруговай выбарчай камісіі № 18 Лунінецкага павета ў Круговічах камендант мясцовага пастарунка Камінскі ў прысутнасці члена той жа камісіі Антона Германа (не выключана, што Гурмана, бо менавіта гэта прозвішча распаўсюджана ў Вялікіх і Малых Круговічах. – А. Т.) і іншых заявіў:
- Што тому сляпому шаўцу Купайчыку трэба? Я за яго вазьмуся па заканчэнні выбараў. (Купайчык быў кандыдатам на лісце № 3 партыі "Вызваленне"…)

10 лістапада таго ж года каля гміннага ўраду ў Круговічах праходзіў Спірыдон Аскерка ў таварыстве сваіх сяброў, з якімі размаўляў пра праграму ПСП (Польскай сялянскай партыі. – А. Т.) "Вызваленне" і пра выбары ў Сейм і Сенат. У той час наблізіўся да іх Камінскі (камендант пастарунка), які выйшаў з гміннага ўраду з рэвальверам у руцэ, падрыхтаваным да стрэлу, і з крыкам "Маўчаць, бандыты! Я вас застрэлю!" ударыў Аскерку некалькі разоў рэвальверам па галаве, у выніку чаго ў апошняга ўпала шапка, гэтаму ёсць сведкі".

У заключэнне ізноў-такі аўтар скаргі шляхам звароту да Міністра прагне справядлівасці праз пакаранне паліцэйскага.

3. Інтэрпеляцыя дэпутата Антона Кардоўскага і таварышаў з фракцыі ПСП "Вызваленне" Пану Міністру ўнутраных спраў па справе злачынства крадзяжу і гвалту, учыненых паліцыяй станцыі Лунінец адносна асобы Аляксандра Перапечкі, і па справе жорсткага парушэння паліцыяй дэкрэту Начальніка дзяржавы аб супрацьдзеянні выбарчай кампаніі.

23 кастрычніка 1922 г. а 2 гадзіне па поўдні жыхар хутара Кукава Круговіцкай гміны Лунінецкага павета Аляксандр Перапечка знаходзіўся на станцыі Лунінец па зваротнай дарозе з Пінска з акруговага з’езда ПСП "Вызваленне". У чаканні цягніка, які павінен быў адысці ў кірунку Баранавіч, Перапечка, карыстаючыся правам свабоднай выбарчай агітацыі, размаўляў з ляснымі работнікамі, якія ехалі да той жа, што і ён, станцыі, г. зн. да Ганцавіч.

Тэмаю размовы было галасаванне ў Сейм і Сенат. А Перапечка як правадзейны член ПСП "Вызваленне" агітаваў за № 3. Між іншым на пытанне работнікаў, якая ёсць работа ў лесе Дубнякі пад Ганцавічамі, Перапечка тлумачыў, што дрэвы трэба збіраць па ўсім лесе і што на працягу аднаго дня 2 работнікі могуць зрабіць заледзьве два сажні, а таксама, што месцамі работнікі атрымліваюць за такую працу прынамсі 20.000 марак за сажань.

Тую размову падслухаў адзін з лясных прадпрымальнікаў з таго ж лесу Дубнякі (Глінскі малодшы), які, бачачы, што работнікі, згодныя перад тым на меншы ў разы заробак, могуць адмовіцца ад прапанаванай ім працы, пабег на станцыйны пастарунак паліцыі і прапанаваў каменданту пастарунка затрымаць Перапечку ажно да прыбыцця цягніка ў Баранавічы.

У хуткім часе да Перапечкі камендант пастарунка (№ 932) падыйшоў у суправаджэнні 2 іншых паліцэйскіх, якія правялі яго (Перапечку) у канцэлярыю пастарунка. У канцылярыі камендант пажадаў ад Перапечкі прадставіцца.

У момант, калі Перапечка дастаў партфель з мэтаю прадстаўлення запатрабаваных дакументаў, камендант вырваў у яго партфель з рук і, выцягнуўшы 9.000 марак (асабістая ўласнасць Перапечкі), аддаў яму толькі 1.000 на начлег, затрымліваючы асатнія 8.000. У далейшым ён (Перапечка) быў абшуканы, асабіста паліцыянтам пастарунка № 932 было забрана і парвана пасведчанне даверанай асобы ПСП "Вызваленне" і Народнай лявіцы пры выбарчай камісіі, а таксама перадвыбарчая літаратура і праграмы ПСП "Вызваленне", якая мелася пры Перапечку.

Урэшце падчас двухгадзіннага ўтрымання Перапечкі на пастарунку здзекаваліся з яго нялюдзкім спосабам і збілі да страты прытомнасці, пасля чаго, ужо як адыйшоў цягнік, той жа камендант пастарунку са словамі: "Калі ты, мярзотнік, будзеш агітаваць людзей за тройку (пад гэтым нумарам па спісах ушла на выбары ПСП. – А. Т.), то усё роўна кулю ў лоб атрымаеш", – выгнаў Перапечку з канцэлярыі.

Перапечка па вяртанні дадому цягам 6 дзён ляжаў хворы. Адносна вышэйапісаных… супрацьпраўных паводзін прадстаўніка ўлад публічнай бяспекі падпісанты пытаюць пана Міністра ўнутраных спраў, ці вядомы яму вышэйапісаны факт, а калі не, то што пан Мінстр мае намер прадпрыняць, каб

1) неадкладна вярнуць атрымаўшаму пашкоджанні Перапечку зрабаваныя ў яго паліцыянтам пастарунка № 932 8.000 марак;

2) неадкладна ўзбудзіць дзейснае следства супраць выканаўцаў таго гвалту, г. зн. як паліцыянтаў, так і каменданта паліцыі ў Лунінцы і старасты павета, якія, будучы абавязаныя, не здолелі, як відаць, навучыць падуладных функцыянераў паліцыі паняццю пра падставовыя асновы свабоды перадвыбарчай агітацыі, іх незнаёмасць з асновамі стала, несумненна, адной з прычын злачынства крадзяжу і гвалту, здзейсненых паліцыянтамі пастарунка №932 стасоўна асобы дзеяча ПСП "Вызваленне" Перапечкі; а таксама ці пан Міністр не быў бы схільным аддаць паліцыянта пастарунка №932 у рукі Ураду вымярэння справядлівасці за здзейсненыя ім вышэйапісаныя злачынствы падчас выканання службы і за парушэнне прадпісанняў дэкрэта Начальніка дзяржавы ад … студзеня 1919 г. аб супрацьдзеянні выбарчай акцыі.

Дакументы 1923 г. дазваляюць зрабіць наступныя высновы.

У Круговіцкай гміне да арганізацыі (кастрычнік 1923 г.) КПЗБ дзейнічала іншая партыя і мела актывістаў.

Дэпутаты добрасумленна выконвалі свае абавязкі, ўскладзеныя на іх выбаршчыкамі.

Шэраговыя сяляне на Заходняй Беларусі ўдзельнічалі ў вялікай палітыцы і былі членамі палітычных партый.

Звычайныя вяскоўцы балатаваліся ў дэпутаты вышэйшых дзяржаўных органаў.

Дзякуючы дакументацыі мы ведаем імёны актывістаў (С. Купайчык потым стаў камуністам, а ў 1939 г. – дэпутатам Народнага схода).

За беларускіх сялян заступаліся на самым высокім узроўні – урадавым!

Заступніцтва здзяйсняў абраны па спісах дэпутат А. Кардоўскі. У выпадку яго неабрання хадайніцтва не адбылося б і факты парушэння закона хутчэй за ўсё засталіся б неразгледжанымі.

Многія моманты сведчаць пра элементы дэмакратычнай сістэмы ў адроджанай Польшчы. Некаторыя пункты сёння – у незалежнай Беларусі – практычна немагчымыя.

Пік інтэрпеляцый прыпаў на 1923 г. пачатак кадэнцыі першага Сейма Польскай Рэспублікі. У далейшым колькасць скаргаў імкліва зніжалася. Але не таму, што жыць станавілася лепей. Якраз наадварот. Польская ўлада ўмацоўвалася на тэрыторыях, дзе пераважалі нацыянальныя меншасці.

Таму дыктат павялічваўся, а магчымасці адстойвання сваіх спраў пагаршаліся. У прыватнасці па Круговіцкай гміне інтэрпеляцый больш не знаходзілася. А ў цэлым па Польскай Рэспубліцы колькасць такіх скаргаў за лічаныя гады зменшылася шматкроць.
Катэгорыя: Анатоль Трафімчык | Дабавіў: admin (10.10.2015) | Аўтар: Анатоль ТРАФІМЧЫК
Праглядаў: 1902 | Тэгі: Малыя Круговічы, Лунінец, Ганцавічы, Кукава, Вялікія Круговічы, Круговіцкая гміна, Дубнякі, Баранавічы, Лактышы, Анатоль Трафімчык | Рэйтынг: 5.0/7
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 3
Гасцей: 3
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.