Чацвер, 18.04.2024, 09:46

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Анатоль Трафімчык

Паўстанне Кастуся Каліноўскага і нашы землі
Кастусь КаліноўскіСёлета адразу некалькі краін адзначала 150-гадовы юбілей падзеі, у нас вядомага як паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Яно не абмінула наш край. Да яго наўпрост спрычыніліся і некаторыя нашы землякі.

Баі ля Хатыніч і Борак

Тэрыторыя сучаснага Ганцавіцкага раёна аказалася на маргінезе баявых дзеянняў. Тым не менш языкі паўстанчага полымя дацягнуліся і да яе. Само паўстанне прыйшло на Беларусь толькі ў лютым: ужо 1 чысла 1863 года Літоўскі правінцыяльны камітэт выдаў да суайчыннікаў маніфест аб паўстанні. Адразу з цяперашняй тэрыторыі Польшчы ў Беларусь пачынаюць пранікаць першыя паўстанцкія атрады. Неўзабавае з’явіліся яны і на тэрыторыі, якая сёння ўваходзіць у Ганцавіцкі раён.

Гэта былі паўстанцы на чале з Раманам Рагінскім (нар. 29 лютага 1840 г. у Ловічы, Польшча – пам. 15 лютага 1915 г. у Сеняве, Украіна). 7 лютага яны былі на галаву разбіты: ім нанеслі жорсткі ўдар пад Сямятычамі (цяпер тэрыторыя Польшчы, побач з сённяшняй беларускай мяжой). Ад тысячнага атрада засталося не болей за паўтары сотні. Напэўна, інсургенты былі вымушаны імкліва манеўраваць, бо неўзабаве атрад Рагінскага з 85 байцамі падыйшоў да Пінска. Але, аслаблены адыходам аддзелаў Рыльскага і Сангіна, горад браць не рашыліся. Два дні стаялі непадалёку. Чакалі падтрымкі, якой усё ж не атрымалі, і рушылі на паўночны ўсход ад Пінска.

У задачу атрада ўваходзіла і прыцягненне палескіх сялянаў да ўзброенай барацьбы: перад гэтым удалося нечаканым нападам на Пружаны захапіць каля 200 карабінаў. Тым больш што Палессе было ідэальным асяродкам для партызанкі. Поспех нібыта зноў павярнуўся тварам да абаронцаў сваёй радзімы: 14 лютага паўстанцкія атрады разбілі царскія войскі генерала Івана Носціца пад Хатынічамі. Як гаворыцца ў кнізе "Памяць" па Ганцавіцкім раёне, "сотні хатынаўцаў аказалі паўстанцам узброеную падтрымку". Прычым тутэйшы люд насуперак патрабаванням уладаў па-хрысціянску пахаваў паўстанцаў Кастуся Каліноўскага, якія загінулі ў бітве з расійскімі карнікамі.

Урэшце яго атрад перадыслакаваўся на хутар Боркі. Побач з ім 26 лютага 1863 г. адбыўся яшчэ адзін з баёў. Там інсургенты сутыкнуліся з атрадам царскіх карнікаў пад камандаваннем Альбертава, які складаўся з трох рот пяхоты і сотні казакоў. Спадзяванні камандавання паўстанцаў, заснаваныя на добрым прыёме сялян пружанскіх вёсак, натыкнуліся на індэферэнтнасць сялянскай масы Піншчыны. Больш таго, некаторыя з сялянаў, спакушаныя ўзнагародай у некалькі рублёў, выдавалі паўстанцаў прадстаўніклом царскай улады. Не знайшоў падтрымкі з боку палешукоў і Р.Рагінскі, хоць валодаў неабыякімі вайсковымі ўменнямі і якасцямі. Прыведзены ў "Памяці" выпадак з хатынаўцамі варта разглядаць як выключэнне, якое тым больш трэба верыфікаваць.

Адзін з афіцэраў падраздзялення графа Носціца пісаў пра Р.Рагінскага: «Этот ловкий предводитель всегда действовал как опытный партизан, быстро формируя шайки, он, несмотря на то, что был три раза последовательно разбит, держался довольно долго, все время волнуя уезды Пинский, Брестский и в особенности Кобринский». Сам Носціц таксама адзначаў выключныя якасці свайго смяротнага ворага: «Отвага, энергия и предприимчивость всегда творили чудеса на войне и этими качествами вполне обладал Рогинский».

Войцех Бехоньскі і Раман Рагіньскі (здымак зроблены ў 1863 г. генералам Носціцам пасля захопу Р.Рагінскага ў палон)
Войцех Бехоньскі і Раман Рагіньскі (здымак зроблены ў 1863 г.
генералам Носціцам пасля захопу Р.Рагінскага ў палон)


Тым не менш асабістага таленту воіна без народнай падтрымкі аказалася замала. Варожыя сілы перавышалі паўстанцкія ў сем разоў. Першая рота непрыяцеля лучнымі стрэламі паўстанцаў была добра прарэджаная, але гінулі і паўстанцы. Іх царскія войскі праследавалі і знішчалі. Ганцаўскія старажылы распавядалі, што аднаго з паўстанцаў, удзельніка бою пад Боркамі, казакі праследавалі аж да в.Дзяніскавічы. Ва ўрочышчы Конік яго дагналі і забілі. Не маючы магчымасці паспяхова абараняцца, Р.Рагінскі, сфармаваўшы аддзел у клін, пачаў адыход. Інсургентам удалося праз балоты дайсці да Турава, дзе 3 сакавіка ён быў мясцовымі сялянамі схоплены і здадзены маскалям (так часта называлі не толькі расійцаў, але і салдат расійскай арміі). Смяротны прыгавор Р.Рагінскаму па просьбе аднаго з ворагаў – генерала Носціца – быў заменены 20 гадамі катаргі.

Нашых б’юць

Як ужо было сказана, палескія сяляне ў асноўным не падтрымалі паўстання. Аднак вельмі перажывалі за зыход супрацьстання прадстаўнікі прывілеяванага саслоўя ці, прасцей кажучы, паны. Прычым не толькі перажывалі, але прымалі ўдзел у барацьбе: хто дапамагаў матэрыяльна, а нехта – удзельнічаў у гарачых сутычках. І гэта былі не толькі прадстаўнікі гарачай моладзі, але і такія, што казалі насупраць рэальнасці пра шансы перамогі, бо, маўляў, сяляне з упэўненасцю пойдуць са шляхтай. У іх шэрагу называецца Напалеон Абуховіч, уладальнік маёнткаў Новы Двор і Круговічы (думаецца, матэрыяльнага багацця па маладосці ён фармальна не меў, бо ўсё насамрэч належала бацьку).

З кнігі ўспамінаў Якуба Гейштара 1827 – 1865 гг., выдадзенай у Вільні 100 гадоў таму, даведаліся, што Н.Абуховіч прыслаў ліст, дзе расказаў пра звязаныя з паўстаннем падзеі свайго жыцця. Гэты аповед у кнізе падрабязна пераказваецца. Скарыстоўваючыся з таго, што аўтарскія правы з прычыны мінулага часу ўжо не дзейнічаюць, мы вырашылі перакласці з польскай мовы фрагмент пра нашага земляка, які далей і прадастаўляецца вашай увазе.

З успамінаў паўстанца-кругаўца

Абуховіч Напалеон, сын Яна і Паліны Аскерчанкі, роднай сястры Баляслава Аскеркі… Нарадзіўся ў 1840 годзе. Дзяцінства ён правёў з бацькамі ў іх маёнтках у Навадворцах і Круговічах, каля Клецка. Затым быў адданы ў Слуцкую гімназію. Потым вучыўся ва ўніверсітэце ў Маскве. А пры першай звестцы пра паўстанне паспяшаўся ў Круговічы, якія перад яго прыбыццём ледзь пазбеглі катастрофы, так як ледзь не сталі месцам сутычкі невялікага атрада Рагінскага (разбітага ўжо ля Сямятычаў) і пераследуючага яго расійскага войска.

Паколькі арандатар і высакародны сусед бацькі пана Напалеона Абуховіча, былы вайсковец Уладзіслаў Машэўскі, атрымаў распараджэнне ад Народнага Ураду ствараць атрад, таму Напалеон Абуховіч быў у колькасці пяцідзесяці з нечым кепска ўзброеных маладых людзей, якія на чале з Машэўскім скіравалі, каб аб’яднацца з атрадам Свентажэцкага (а хутчэй Ласкоўскага), які дзейнічаў у Ігуменскіх лясах. Па дарозе Машэўскі меўся сустрэцца з іншым атрадзікам і атрымаць грошы і маршрут, што б яму спрасціла паход да Свентажэцкага. Урэшце рэшт не спаткаўся.

"Тады без аніякіх указанняў, – распавядае п.Абуховіч у ласкава прысланым рэдакцыі "Бібліяграфіі помнікаў" лісце, – пайшлі мы далей і на трэці дзень паходу 1 мая 1863 года, нагнала нас войска (2 ці 3 роты і сотня казакаў). У гэты час мы былі акружаны і засыпаны градам кул. Я стаяў побач з Маршэўскім. Пасля некалькіх нашых стрэлаў Машэўскі упаў падкошаны куляй у сэрца. Таксама упаў Міларэўскі, студэнт Кіеўскага ўніверсітэта, які стаяў побач. Упаў шляхціч Асіеўскі і некалькі іншых. Я атрымаў кулю каля пляча, якая і сёння недзе сядзіць у маім целе, хоць мне не дакучае. І мы забілі некалькі салдат, але, натуральна, гэта не перашкодзіла нас акружыць, звязаць і прыспешыць да бліжэйшай вёскі. Адбылося ўсё гэта ў Ігуменскім павеце, каля вёскі Азёрнае. Вязняў прывялі, а паколькі былі параненыя, то і завезлі ў Слуцк, аддаленага на некалькі міляў. Варта аддаць належнае, што абыходжанне з намі было людскім, параненых узяў пад сваю апеку лекар з нашага атрада, высакародны Кернажыцкі".

У Слуцку, пасля следства, падчас якога ўдзельнікі атрада нікога не скампраментавалі, яны былі асуджаны (як нежадаючыя пагадзіцца на выражэнне пакаяння з прычыны ўдзелу ў паўстанні) усе да цяжкай працы, у тым ліку і Н.Абуховіч на чатыры гады катаргі. Пасля пяцімесячнага знаходжання ў Слуцку ў кастрычніку 1863 г. Н.Абуховіч разам з іншымі быў пераведзены ў Бабруйск (дзе ўжо знаходзіліся ўдзельнікі горыгорыцкага атрада). Вясной 1864 г. прыйшло пацверджанне выраку ад Мураўёва. Асуджаныя на катаргу былі адпраўлены ў Вільню, а адтуль звычайным шляхам праз Ніжні Ноўгарад, Перм – этапам у Цюмень, Томск праз Краснаярск, Іркуцк у Сівакоў (некалькі вёрст ад Чыты). Быў гэта пачатак 1865 г.

У шэрагу недзе каля 200 асуджаных Н.Абуховіч быў сасланы на так званыя Нерчынскія заводы (цяпер сяло Нерчынскі Завод – адміністрацыйны цэнтр, 658 км на паўднёвы ўсход ад Чыты. – А.Т.), дзе быў закуты ў кайданы і распачаў катаргу (на так званым Александраўскім заводзе). На весну 1866 г. быў вернуты зноў пад Чыту і прычакаў маніфест 1867 г., які скарачаў тэрмін катаргі. З больш чым дзясяткам іншых таварышаў Абуховіч знаходзіўся ў лютым 1868 г. на пасяленні ў Іркуцку. Тут пачалося для яго новае жыццё. Ён займаўся выкладаннем лекцый па музыцы. Жыў са сваім суседам Ежым Магільніцкім. Спаткаўся з дзядзькам Эмілем Дубоўскім (дасюль жывым). Таемна рабіў наведванні Усола (напэўна, маецца на ўвазе горад Усолле-Сібірскае ў Іркуцкай вобласц.і – А.Т.), дзе, акрамя іншых, сустракаўся з Якубам Гейштарам (аўтарам цытуемай кнігі. – А.Т.). "Заўсёды адчуваў да яго багата сімпатыі і шанавання, – піша да нас пан Н.Абуховіч. – Абураўся толькі яго адносінамі да Антона Яленскага, якога судзіў вельмі сурова" (успамінаем пра гэтае меркаванне з пункту погляду на тое, што "помнікі" Гейштара ўтрымліваюць не адно строгае меркаванне пра Антона Яленскага. У сілу Вежбалоўскага маніфесту (маніфест ад 17 мая 1867 г., які ахопліваў усіх ссыльных. – А.Т.), у 1871 г. атрымаў вяртанне праў і па прыбыцці ў Вятку так званага выгнанцамі "еўрапейскага каранціну" (дзе зноў сустрэўся з Якубам Гейштарам, Балеславам Аскеркам, сваім блізкім прыяцелем Каралем Станкевічам і пазнаёміўся з біскупам Красінскім) вярнуўся ў свае любімыя Круговічы, у якіх да гэтага часу пражывае.

Напалеон Абуховіч
Напалеон Абуховіч

Мы ведаем падрабязнасці дзякуючы Напалеону Абуховічу.

На завяршэнне

З іншых крыніц можна дадаць, што атрад Машэўскага ішоў прыкладна з боку Круговіч на ўсход, пабываўшы ў Слуцку, а затым у в.Савічы (цяпер Капыльскі раён. – А.Т.). Мясцовы памешчык Э.Вайніловіч, вядомы сёння па будаўніцтве Чырвонага касцёла ў Менску, успамінаў: "…На мое счастье, меня не было дома, когда в Савичи из Слуцка пришла партия во главе с достойнейшим полковником Машевским. Забрали мою винтовку, шесть лошадей и писаря, которого мать благословила и проводила. Маневрировали недолго, были разбиты на границе Игуменской волости. Машевский был убит, Наполеон Обухович ранен. Остальных я встретил в Слуцке – их вели в тюрьму".

Калі Н.Абуховіч адбываў ссылку, ён быў пазбаўлены праў і маёмасці. Адзін з яго знаёмцаў (нехта А.Іваньскі) спамінаў круговіцкага паніча як "энтузіаста, выкшталцонага, вельмі сціплага і непрактычнага". У 1871 г. Н.Абуховічу былі вернуты правы двараніна. Вядома таксама, што нейкая прычна вымусіла паніча пакінуць улюбёныя Круговічы і змяніць месцажыхарства. Прынамсі, як паведамляюць крыніцы, у 1913 г. ён жыў у Кракаве.

Звестак пра заключны перыяд жыцця і год смерці Н.Абуховіча нам адшукаць не ўдалося.

Такім чынам, дзякуючы прадстаўленым матэрыялам абноўлена яшчэ адна старонка мінулага нашага рэгіёна, звязаная са славутай падзеяй нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863 г.
Катэгорыя: Анатоль Трафімчык | Дабавіў: admin (30.12.2013) | Аўтар: Анатоль ТРАФІМЧЫК
Праглядаў: 3834 | Рэйтынг: 5.0/6
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 3
Гасцей: 3
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.