Пятніца, 19.04.2024, 23:36

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Іншае

Востраў любові
Родныя мясціны былі крыніцай натхнення для Міхася Рудкоўскага – самабытнага паэта з глыбінкі Палесся, лаўрэата прэміі імя Уладзіміра Калесніка (пасмяротна).

Міхась Рудкоўскі

Ha жаль, мне асабіста не давялося сустрэцца з Міхасём Рудкоўскім. Знаёмства з ім завочнае – па яго кнігах, успамінах сяброў, калег па пісьменніцкім цэху.

Дзякуй Богу, яшчэ жыве яго малодшая сястра. На просьбу ўспомніць самы яркі эпізод свайго жыцця, звязаны з братам, Ірына Міхайлаўна расказала гісторыю пра сінія чаравічкі:
– Я была маленькай, яшчэ ў школу не хадзіла, ды вельмі марыла пра сінія чаравічкі. Я іх і не бачыла ніколі – гэта маці расказала, што прадаюцца такія ў горадзе, у краме. Купіць, праўда, не змагла – адкуль грошы ў беднай сялянкі ў той час? Пра гэту маю мару неяк даведаўся Міхась. Ён ужо вучыўся ў Ганцавічах у педвучылішчы. I ў адзін са сваіх прыездаў у вёску падарыў мне сінія чаравічкі, хоць сам хадзіў у старых бацькавых чобатах. Добрай душы ён быў чалавек...

А для ганцаўчаніна, заслужанага журналіста ГА "Беларускі саюз журналістаў" Канстанціна Мохара Міхась быў сябрам, добрым дарадцам, першым літаратурным настаўнікам:
– Мы пазнаёміліся з Міхасём недзе ў 1958 годзе, калі ён толькі пачаў працаваць у Ганцавіцкай раённай газеце "Сялянская праўда". Я тады яшчэ ў школе вучыўся, прыносіў у рэдакцыю свае вершы. Рудкоўскі іх чытаў і рэдагаваў. Аднак рабіць гэта ўмеў надзвычай інтэлігентна, каб не пакрыўдзіць аўтара. Так мы з ім і пасябравалі потым. Добрым Міхась быў чалавекам, сціплым, гаварыў заўсёды ціхім голасам...

А вось які эпізод, звязаны з Міхасём Рудкоўскім, успомніў вядомы берасцейскі паэт Алесь Каско:
– Калі я ў 1968 годзе паступіў на філалагічны факультэт Брэсцкага педінстытута, асабіста з Міхасём Рудкоўскім знаёмы не быў, хоць мы і землякі. Ён у той час карыстаўся вялікай папулярнасцю ў Брэсце, асабліва ў моладзі – напэўна, большай, чым некалі Сяргей Ясенін у Маскве... Дык вось, мне далі накіраванне ў інтэрнат, у пакой, дзе жылі старшакурснікі. Іх першае пытанне да мяне: ці ведаю паэта Рудкоўскага? Адказваю, што ведаю, ён жа мой зямляк. "Чытай верш на памяць!" – кажуць. А я, на жаль, ніводнага не ведаў. Давялося ісці ў іншы пакой. Пазнаёміўся з Міхасём Міхайлавічам на пасяджэнні абласнога літаратурнага аб'яднання, мы з ім доўгі час сябравалі...

Міхась Рудкоўскі нарадзіўся 17 красавіка 1936 года ў вёсцы Востраў Ганцавіцкага раёна, у тым мілым куточку Палесся, які да скону дзён быў самым дарагім і блізкім яго душы месцам у гэтым свеце. Тым родным куточкам, які сілкаваў яго цела і душу ўсё жыццё, праз любоў да якога прыйшла вялікая любоў да Радзімы, яе гісторыі, трагічнай і гераічнай, да людзей, да чалавецтва, да ўсяго жывога на зямлі. I ў радасці, і ў смутку, дзе б ні быў Міхась, сэрца яго цягнулася да бацькоўскага дома, да родных палёў і лугоў, да шчымлівамілай рачулкі Начанкі...

Бацькі Міхася – Міхаіл Іванавіч і Марыя Юльянаўна – звычайныя сяляне. Дзед па бацькавай лініі, Іван Францавіч Рудкоўскі, родам са Случчыны, славіўся як знакаміты на ўсю акругу каваль. Кузня дзеда Яся стаяла на Мястэчку (завулак з 6-7 хат, аддзелены ад вёскі Востраў ручайком-рачулкай без назвы). Міхась часта назіраў за працай свайго дзеда. Пазней, стаўшы ўжо даволі вядомым паэтам, ён ушануе памяць дзеда ў вершы, які стаў класічным – "Мой дзед быў сельскім кавалём".


Менавіта ад дзеда, а потым і ад бацькі Міхась атрымаў у спадчыну такія якасці, як працавітасць, шчырасць, непрымірымасць да фальшу. А тонкасць, паэтычнасць, эмацыянальнасць натуры – ад маці. Нягледзячы на тое, што мела толькі чатыры класы адукацыі, Марыя Юльянаўна вельмі любіла літаратуру. Дзецям сваім чытала па памяці вершы Пушкіна, "Канька-гарбунка" Яршова...

У тыя часы на вёсцы самым паважаным чалавекам лічыўся настаўнік. Таму Марыя Юльянаўна настаяла на тым, каб сын пасля заканчэння ў 1951 годзе Востраўскай сямігодкі паступіў вучыцца ў Ганцавіцкае педвучылішча, якое неўзабаве было пераведзена ў горад Пінск. Скончыўшы яго ў 1955 годзе, некаторы час Міхась працаваў у Ганцавіцкай дапаможнай школе-інтэрнаце, а потым настаўнічаў у Кукаўскай сямігодцы, выкладаючы там беларускую і нямецкую мовы. Гады працы ў школе ён паспяхова спалучаў з вучобай на завочным аддзяленні філалагічнага факультэта Брэсцкага педінстытута.

Спробу складаць вершы будучы паэт зрабіў у чацвёртым класе. Некаторыя з іх былі надрукаваны на старон-ках газеты "Піянер Беларусі". А ў 1958 годзе ў Ганцавіцкай раённай газеце "Сялянская праўда" з'явіліся яго вершы "Успаміны", "Восень" і іншыя. Захапленне паэзіяй прывяло Міхася на работу ў рэдакцыю гэтага выдання. У газеце поруч з ім працаваў галоўным рэдактарам вядомы журналіст і пісьменнік Васіль Праскураў. Менавіта тыя гады сталі для Міхася сапраўднай літаратурнай школай. Ён да скону дзён з удзячнасцю і найвялікшай пашанай успамінаў гэтага чалавека. Ды і Васіль Фёдаравіч з увагай і задавальненнем назіраў за паэтычным ростам свайго малодшага сябра.

Міхась Рудкоўскі

Калі Рудкоўскі атрымаў дыплом настаўніка беларускай мовы і літаратуры, у 1962 годзе пераехаў у Брэст, дзе ён працяглы час узначальваў рэдакцыю літаратурна-драматычных і музычных перадач абласной студыі тэлебачання. За гэты час Міхась Рудкоўскі стварыў шэраг дакументальных фільмаў, мноства літаратурных і краязнаўчых перадач, якія былі высока ацэнены сучаснікамі, паўплывалі не на адзін лёс.

У Брэсце лёсу было заўгодна звесці яго з выдатным чалавекам і літаратуразнаўцам, выкладчыкам Брэсцкага педінстытута Уладзімірам Андрэевічам Калеснікам, які адразу вылучыў паэта з Ганцаўшчыны. Міхась заўсёды з цеплынёй узгадваў літаратурныя чацвяргі – пасяджэнні абласнога літаратурнага аб'яднання пры газеце "Заря", якое ўзначальваў слынны Уладзімір Андрэевіч.

Два чалавекі – Васіль Праскураў і Уладзімір Калеснік – зрабілі вельмі многа для юнака з глыбінкі Палесся. Першы дапамог паэту раскрыцца, другі – каб той моцна стаў на крыло.

Нягледзячы на вялікую занятасць на асноўнай працы на тэлебачанні, Міхась Рудкоўскі працягваў пісаць свае вершы – самабытныя і непадобныя на творы іншых паэтаў. А потым пачаў выдаваць адзін за адным паэтычныя зборнікі, якія прыхільна сустракала чытацкая публіка не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі.

Апошні, пасмяротны, зборнік "Гарынь" датаваны 1992 годам. Аднак сігнальны экзэмпляр ужо цяжкахворы паэт усё ж пабачыў. Яго прыслалі з выдавецтва "Мастацкая літаратура", калі Міхась гартаць і чытаць ужо не мог. "Ён трымаў у руках свой апошні зборнік, – успамінае яго сястра Ірына Міхайлаўна, – і, паднёсшы да твару, удыхаў пах свежай друкарскай фарбы".

Памёр Міхась Рудкоўскі купальскай ноччу 1991 года, калі на беларускай зямлі чаравала цудоўнае свята і родная Нача несла ў паўнаводную Прыпяць дзявочыя вянкі спадзяванняў і надзей. Пахавалі паэта на могілках роднай вёскі Востраў, якую ён апеў у сваіх вершах:

Ёсць Востраў у мяне.
3 нягод і скрух
Я да яго лячу,
як да святыні:
Ён даў дыханне мне,
і зрок, і імя...

Міхась Рудкоўскі быў сапраўдным майстрам паэтычнага слова. Улюбёны ў сваю зямлю, яе людзей, большасць сваіх твораў Міхась Міхайлавіч прысвяціў Брэсцка-Пінскаму рэгіёну. Аднак лірыка паэта выходзіць далёка за межы родных мясцін, і яе можна смела аднесці да агульнанацыянальнай, а ўся каштоўнасць яе заключаецца ў тым, што яна – пра нас з вамі, пра нашу родную маці, Беларусь...

Перачытаўшы творы самабытнага пісьменніка, міжволі прыйшоў да высновы: наўрад ці можна назваць яшчэ нейкага паэта, які б столькі вершаў прысвяціў роднаму краю, Палессю, Белавежскай пушчы, Берасцейшчыне. Пацвярджэннем таму служаць самі назвы яго кніг: "Першыя вёрсты" (зразумела, першыя вёрсты – гэта заўсёды на радзіме); "Сінія Брады" (сімвалічная назва роднага палескага краю, дзе цячэ казачная жывая вада, што асвятляе вочы, робіць шчырым сэрца, не дазваляе рукам рабіць брудныя справы, мясціна, якая ў свядомасці паэта з'яўляецца своеасаблівым эталонам маральнасці і хараства); "Позвы" (пазыўныя бацькоўскага дома, вачэй маці, каханай жанчыны, Радзімы); "У краі тым...", "Векавечная Бацькаўшчына" – без лішніх слоў усё зразумела; "Трыгор'е" (паэт сам у аднайменным вершы растлумачыў: Трыгор'е... Тры гары і тры даліны, Дубы – як вежы, травы – да калень. Так што тут таксама зразумела, якое "Трыгор'е" меў на ўвазе паэт); "Засцярога" – гэтая кніга 1984 года заслугоўвае ўвогуле асобнай размовы. Міхась Рудкоўскі назваў яе так, папярэджваючы нас аб тым, што бесцырымонныя адносіны да роднай зямлі, да прыроды могуць абярнуцца вялікай бядой. А атрымалася... He прайшло і двух гадоў, як "выбухнуў" Чарнобыль. Вось і кажы пасля гэтага:

Няма прарока ў сваёй Айчыне...
Маім барам звінець – не адзвінець,
Маім крыніцам ліцца – не праліцца.
Ёсць пад карой і ў каранях жывіца –
Жыць будзе дрэва: лесу – зелянець!
Хаця вятры ў няласкавых стагоддзях
Зямлю маю астуджваюць-халодзяць,
He прападу я – ўнукам прарасту,
Як поле жытам, як застолле песняй,
– Упаду – ўстану, згіну – ўваскрэсну.
Як колас, я жыву начыстату.

Дарэчы, у Міхася Рудкоўскага шмат сапраўды прарочых вершаў, радкоў. У невялічкім, у чатыры радкі, вершы "Як запавет” ён здолеў выказаць столькі, што іншыя паэты ў велізарных паэмах сказаць не могуць:

Запомнілася гэта як святыня,
Як бацькі запавет: кім ты б ні стаў –
Адной рукой гайдай калыску сына,
Другой – магілу дзедаву папраў...

Усё-такі невыпадкова вядомы беларускі пісьменнік Валерый Грышкавец напісаў: "Чытайце Міхася Рудкоўскага, ганарыцеся: у нас ёсць ПАЭТ!"

Міхась Рудкоўскі

Заўчасна згарэў паэт. Ужо мінула 24 гады. Але ён не забыты.

На малой радзіме яго імя носіць Востраўская сярэдняя школа. Дзве вуліцы, у роднай вёсцы і горадзе Ганцавічы, названы імем Міхася Рудкоўскага. На доме №332 па вуліцы Маскоўскай у Брэсце, дзе жыў паэт, устаноўлена мемарыяльная дошка ў яго гонар.

У Востраўскай школе з 1995 года дзейнічае літаратурны музей, прысвечаны знакамітаму выпускніку. У музейных экспазіцыях прадстаўлены асабістыя рэчы паэта, фотаздымкі, зборнікі вершаў, успаміны родных і сяброў Міхася Рудкоўскага. Сабраны таксама матэрыялы аб іншых паэтах-земляках. Цяпер тут налічваецца больш за 150 арыгінальных экспанатаў.

Гасцямі музея бываюць многія пісьменнікі з Брэста і Мінска, творчыя калектывы, вядомыя журналісты, школьнікі. На яго базе працуюць літаратурна-творчы, драматычны гурткі, гурток выразнага чытання, ансамбль народнай песні "Шчабятушкі", выходзіць літаратурны часопіс "Пралеска". Тут ладзяцца сустрэчы з пісьменнікамі-землякамі, святы паэзіі, літаратурныя чытанні, прэзентацыі кніг.

Жыве памяць пра знакамітага земляка. Жыве і яго паэзія!
Катэгорыя: Іншае | Дабавіў: admin (28.06.2015) | Аўтар: Вячаслаў БУРДЫКА-«Народная трыбуна»
Праглядаў: 2872 | Рэйтынг: 0.0/0
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 3
Гасцей: 3
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.