Нядзеля, 19.05.2024, 05:06

ГНЕЗНАЎСКІ КАСЦЁЛ СВЯТОГА АРХАНГЕЛА МІХАІЛА

Галоўная »
ГНЕЗНАЎСКІ КАСЦЁЛ СВЯТОГА АРХАНГЕЛА МІХАІЛА размяшчаецца ў цэнтры вёскі Гнезна Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці. Пабудаваны ў 1524 (1527 ?) г. з цэглы ўладальнікамі маёнтка Янам Шамятовічам і яго жонкай Альжбетай на месцы драўлянага храма.


На ўтрыманне касцёла ў фундушы быў замацаваны маёнтак, з якога давалася «штогод з двух двароў дзесяціны ўсялякага збожжа на вечныя часы». У 1555 г. пратэстант Геранім Хадкевіч пераабсталяваў касцёл у кальвінскі збор, якім ён быў да 1643 г. У часы Контррэфармацыі пасля судовай справы храм вернуты католікам. У 1718 г. рамантаваўся арандатарам маёнтка Я.Трапінскім і старостам касцёла С.Гарбоўскім. Паўночная вайна пачатку 18 ст. і вайна 1812 г. пакінулі на ім меткі — на галоўным фасадзе ўмуравана ядро, ёсць і сляды гарматнага абстрэлу. Касцёл пацярпеў ад пажару 1838 г. (згарэла ўсё драўлянае абсталяванне). У 1844 г. намаганнямі ўладальніка маёнтка Г.Тарасевіча храм адбудаваны. Адлюстраваны на малюнку Напалеона Орды 1877 г., які адзначае выціснутую на цагліне дату «1121». На пачатку 20 ст. касцёл зведаў шэраг перабудоў. У 1901—02 гг. падлога выкладзена тэракотавымі пліткамі, замураваны ўваход у крыпту. У 1924 г. быў створаны камітэт па рэстаўрацыі касцёла. Работы расцягнуліся на восем гадоў: у 1925 г. капітальна адрамантавана мураваная агароджа (узведзена ў пачатку 19 ст.), у 1926 г. адноўлены дзве брамы — з боку галоўнага фасада і ад плябаніі. На працягу наступных трох гадоў устаноўлены новыя кроквы, перакладзена дахоўка, пабелены сцены, пафарбавана столь, дабудаваны верхні ярус вежы. У 1930—32 гг. рэстаўрыраваны паводле праекта архітэктара Т.Плюцынскага з прыўнясеннем рыс неагатычнага стылю. У 1989 г. перададзены вернікам. На цвінтары захавалася некалькі скляпоў-пахавальняў мясцовай знаці — Тарасевічаў, Ельскіх, Калупаяў.

Храм — архітэктурны рарытэт беларускай позняй готыкі з элементамі рэнесансу. Прамавугольны прысадзісты асноўны аб'ём пераходзіць у трохгранную апсіду і накрыты агульным чарапічным дахам. Шатровая вежа-званіца, прыбудаваная пазней на фасадзе, сугучная традыцыйнаму васьмерыку на чацверыку праваслаўных храмаў, але ўвасабляе вертыкальны гатычны рух. Тарэц даху на галоўным фасадзе закрыты ступеньчатым атыкам. Сцены ўмацаваны контрфорсамі, завершанымі ступеньчатымі кансолямі. Такія ж кансолі завяршаюць архітэктурныя элементы на верхнім ярусе вежы. Галоўны фасад аздоблены плоскімі нішамі і аркамі рознага абрысу. Уваход аформлены арачным парталам, абапал якога плоскія стральчатыя аркі. Верхняя частка прытвора і сцен асноўнага аб'ёму прарэзаны дзвумя радамі невялікіх квадратных праёмаў-прадухаў. Вежа завершана тонкапрафіляваным карнізным поясам. У яе аснове — тры паўцыркульныя аконныя праёмы з плоскімі кілепадобнымі аркамі. На бакавых фасадах паміж гранёнымі контрфорсамі размешчаны высокія стральчатыя аконныя праёмы, фланкіраваныя двумя плоскімі прамавугольнымі нішамі. У 1787 г. з паўднёвага боку да нефа была прыбудавана сакрысція, у 1876 г. — яшчэ адна. У дэкаратыўным аздабленні спалучаюцца формы позняй готыкі (плоскія нішы ў выглядзе кілепадобных і вісячых арак, стральчатыя аркі парталаў і аконных праёмаў) і элементаў рэнесансу (прафіляваныя карнізы, паўцыркульныя завяршэнні праёмаў вежы).

У інвентары 1679 г. адзначана, што ўнутры храм быў перакрыты плоскай драўлянай столлю на 12 слупах. Інтэр'ер упрыгожвалі чатыры алтары: святога Міхаіла, святога Яўстафія, Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, святой Ганны. Галоўны алтар выкананы ў 1890-я гг. ў стылі неаготыкі, гранёнымі контрфорсамі расчлянёны на тры часткі і завершаны фрызам з круглымі люкарнамі. Па цэнтры ў стральчатай арцы размешчаны абраз «Мадонна з дзіцем» — копія «Сіксцінскай Мадонны» Рафаэля, выкананая мастаком В.Ясінскім. Бакавыя аркі запоўнены скульптурамі святых. Драўляныя хоры з арганам у 1901—02 гг. заменены цаглянымі, узнесенымі на два «прыгожыя візантыйскія калоны з аркамі», над дзвярамі ў сакрысцію навесілі амбон. Пад храмам скляпеністая крыпта, у якой хавалі спачатку кальвіністаў, потым католікаў і вядомых шляхціцаў. Склеп меў два уваходы — у цэнтры залы і за алтаром.


Капліца. У бутавай агароджы касцёла. Пабудавана ў пачатку 20 ст. з цэглы. Помнік архітэктуры гістарызму. Вырашана кампактным прамавугольным у плане павільёнам пад двухсхільным дахам. Франтальны фасад прарэзаны шырокім арачным перспектыўным прасветам на тонкіх калонках (візантыйская рэмінісцэнцыя), бакавыя фасады ўмацаваны адзінкавымі пілонамі-контрфорсамі (рудыменты рэтраготыкі). Унутры алтарная сцяна прарэзана крыжовым акенцам; на бакавых сценах дзве мемарыяльныя гербавыя дошкі («Фердынанд Калупайла. Жыў 47 год. Памёр у маі 1878 г. Юлія Талочка з Калупайлаў. Жыла 57 год. Памерла 12 красавіка 1897 г.», «Марыя з Калупайлаў Маньчынская. Жыла 50 год. Памерла 12 ліпеня 1907 г.»). Каля ўвахода пастаўлена скульптура жанчыны ў жалобе.

Капліца. У кутку бутавай агароджы касцёла. Пабудавана ў пачатку 20 ст. з цэглы. Помнік архітэктуры неакласіцызму. Вырашана кампактным прамавугольным у плане аб'ёмам пад двухсхільным дахам з крыжом над трохвугольным франтонам фасада. Плоскасныя сцены прарэзаны вертыкальна выцянутымі прамавугольнымі ўваходным і дзвумя бакавымі аконнымі праёмамі.


Капліца. На тэрыторыі касцёла. Пастаўлена ў канцы 19 — пачатку 20 ст. з цэглы на прамавугольнай пляцоўцы, акаймаванай парапетам з вапнавых квадраў і металічнай агароджай на слупах. Помнік мемарыяльнай архітэктуры неакласіцызму. Вырашана масіўным чатырохгранным абеліскам на прамавугольным у сячэнні п'едэстале, крапаванымі вуглавымі мармуровымі лапаткамі. У завяршэнні металічны крыж на шарападобнай «дзяржаве» (чыгуннае ліццё). На пляцоўцы надмагільныя пліты (лабрадарыт і пясчанік) 1898, 1903, 1911 і 1912 гг.

Крыніца: Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін;
фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл.

Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [38]
Спорт [1400]
Здарэнні [469]
Грамадства [472]
Эканоміка [37]
Транспарт [148]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Май 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.