Пятніца, 19.04.2024, 11:27

НАРОДНЫЯ МАСТАЦКІЯ ПРОМЫСЛЫ

Галоўная »
НАРОДНЫЯ МАСТАЦКІЯ ПРОМЫСЛЫ — адна з форм народнай творчасці, звязаная з вырабам прадметаў дэкаратыўна-прыкладнога характару на продаж; галіна народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва; арганічная частка матэрыяльнай і духоўнай культуры народа. Вытокі народных мастацкіх промыслаў у хатніх промыслах, якія з цягам часу ператварыліся ў дробную таварную вытворчасць.

Існавалі звычайна як невялікія саматужныя майстэрні з выкарыстаннем ручной працы, у выглядзе хатняй вытворчасці (працавала адна сям’я), радзей як арцелі майстроў, што пераходзілі з вёскі ў вёску. У формах, расфарбоўцы, арнаментацыі вырабаў народных мастацкіх промыслаў яскрава выяўляюцца эстэтычныя густы народа, яго шматвяковыя культурныя традыцыі. Залежнасць ад патрабаванняў рынку вымушала майстроў прытрымлівацца мясцовых традыцый, аператыўна адгукацца на патрабаванні і густы спажыўцоў (чужое, безгустоўнае не прыжывалася).

Вядомы ўсім народам свету. У некаторых краінах развіццё капіталістычных адносін, пашырэнне прамысловых вырабаў прывяло народныя мастацкія промыслы да заняпаду або поўнага выраджэння (ЗША, краіны Заходняй Еўропы). У некаторых краінах, дзе капіталістычныя таварна-грашовыя адносіны не набылі развітога характару (пераважна Азія і Афрыка), шырока бытуюць і ў наш час. У канцы 19 — пачатку 20 ст. пачалося іх адраджэнне як важнай часткі нацыянальнай культуры. Шырока вядомы сярэднеазіяцкае дыванаткацтва, апрацоўка каштоўных і каляровых металаў у народаў Каўказа, бурштыну і скуры ў Прыбалтыцы, косці і футра ў народаў Далёкага Усходу, у Расіі філігрань, фініфць, выраб карункаў, кераміка, размалёўка па дрэве і метале, лакавая мініяцюра і інш.

На Беларусі асноўнымі відамі народных мастацкіх промыслаў здаўна былі ганчарства, розныя віды мастацкага пляцення (пераважна з лазы), такарнае рамяство, набіванка, пернікарства, выраб мэблі, часткова — ткацтва, вышыўка. Найбольш пашырыліся народныя мастацкія промыслы ў канцы 19 — 1-й паловы 20 ст., хоць насычэнне рынку адносна таннымі прамысловымі вырабамі прывяло некаторыя іх віды да заняпаду (набіванка, пернікарства). У сувязі са зменамі ў канструкцыі, паляпшэннем знешняга і ўнутранага выгляду народнага жылля пашырыліся віды народных мастацкіх промыслаў, звязаныя з дэкаратыўным аздабленнем інтэр’ера: размалёўка па дрэве, шкле, палатне (гл. Агоўская размалёўка, Агоўскія куфры, Давыд-Гарадоцкія куфры, Нарачанска-Дзісенскія дываны), саломка мастацкая. 3 мэтаю падтрымкі народных мастацкіх промыслаў у асяродках іх традыцыйнага развіцця земствы арганізоўвалі школы і майстэрні: ткацкія — у Севасцянавічах (Магілёўшчына) і Лепелі, лозапляцення — у Магілёве і Гомелі і інш. Было арганізавана Таварыства дапамогі хатняму рамяству, якое дапамагала народным майстрам у паляпшэнні якасці вырабаў, узбагачэнні форм і дэкору, арганізацыі збыту прадукцыі. У 1920-30-я г. майстры-саматужнікі аб’ядноўваліся ў арцелі (ганчарныя, ткацка-вышывальныя і інш.). У 1938 г.створаны Беларускі мастацкі-прамысловы саюз, які аб’яднаў іх у адзіную сістэму.

У час Вялікай Айчыннай вайны і пасляваены перыяд адбудовы вёскі ў сувязі з недахопам прамысловых утылітарна-дэкаратыўных вырабаў аднавіліся традыцыйныя народныя мастацкія промыслы, пераважна ганчарства, ткацтва, пляценне з саломы і лазы, аплікацыя саломай па дрэве і палатне, размалёўка. Многія асяродкі традыцыйных народных мастацкіх промыслаў паслужылі асновай для стварэння вытворчых аб’яднанняў і фабрык мастацкіх вырабаў з апорнымі пунктамі па рабоце з майстрамі-надомнікамі ў навакольных вёсках. У 1965 г. яны былі далучаны да Упраўлення мастацкай прамысловасці Міністэрства мясцовай прамысловасці Беларусі. У 1988 г. упраўленне рэарганізавана ў Беларускае вытворча-гандлёвае аб’яднанне «Белмастпромыслы», у 1991 г. — у асацыяцыю «Беларускія народныя мастацкія промыслы», з 1993 г. — у Беларускі дзяржаўны канцэрн мастацкіх промыслаў.

У канцы 1980-х г. уздым цікавасці да нацыянальнай беларускай культуры і прыняцце закона аб індывідуальнай працоўнай дзейнасці (1987) адрадзілі традыцыйныя народныя мастацкія промыслы і пашырылі новыя формы іх арганізацыі (кааператывы, дамы рамёстваў і інш.). У 1999 г. прыняты закон «Аб народным мастацтве, народных промыслах (рамёствах) у Рэспубліцы Беларусь».

Аўтар: Я.М.Сахута
Крыніца: Беларуская энцыклапедыя
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1389]
Здарэнні [464]
Грамадства [468]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 7
Гасцей: 7
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.