Аўторак, 16.04.2024, 14:01

НАРОДНАЕ ДЭКАРАТЫЎНА-ПРЫКЛАДНОЕ МАСТАЦТВА

Галоўная »
НАРОДНАЕ ДЭКАРАТЫЎНА-ПРЫКЛАДНОЕ МАСТАЦТВА — галіна народнай творчасці, якая ўключае выраб па-мастацку аформленых прылад працы, хатняга начыння, бытавога абсталявання, транспартных сродкаў, посуду і інш. Мае ярка выражаны нацыянальны характар, адлюстроўвае самабытнасць жыцця народа, яго эстэтычныя ідэалы і погляды. Гарманічна спалучае утылітарныя, практычныя функцыі вырабаў з дэкаратыўнымі, мастацкімі задачамі, што дасягаецца ўмелым выкарыстаннем дэкаратыўных магчымасцей матэрыялу, прастатой кампазіцыі, яснасцю мастацкай мовы. Дэкор, як правіла, толькі дапаўняе і падкрэслівае лагічную кампазіцыю і ўдала прадуманую форму, з'яўляецца сродкам рэалізацыі духоўных патрабаванняў народа. Характар яго вызначаецца пераважна асаблівасцямі матэрыялу і тэхналогіі вытворчасці (геаметрычныя матывы ў ткацтве і разьбе па дрэве, пластычнасць у кавальстве і ганчарстве і інш.). У многіх відах арнаменту праяўляюцца старажытныя вераванні, культ прыроды: салярныя знакі, зааморфныя і антрапаморфныя выявы і інш.


Ходнікі. Вёска Гарадная Столінскага раёна Брэсцкай вобласці. 1980-я гады

Асноўныя вызначальныя рысы народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва — традыцыйнасць (перадача з пакалення ў пакаленне лепшых здабыткаў у галіне форм прадметаў, дэкору, навыкаў апрацоўкі матэрыялу) і калектыўнасць (масавасць) творчасці. З народна дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва бярэ вытокі прафесійнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Яно таксама зазнала ўплывы прафесійнага мастацтва, брала ад яго тое, што адпавядала мясцовым густам і традыцыям.


Кошыкі. Віцебск. 1997 год

На Беларусі здаўна найбольш пашыранымі відамі народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва былі разьба па дрэве, ганчарства, ткацтва, вышыўка, пляценне мастацкае і інш. 3 часоў неаліту вырабляўся гліняны посуд, драўляныя і касцяныя прылады працы, аздобленыя выціснутым, ляпным, разным арнаментам сімвалічнага характару. 3 падзелам грамадства на класы вылучыліся рамеснікі-прафесіяналы, што абслугоўвалі патрэбы пануючых класаў; творчасць іх нярэдка была далёкай ад народных традыцый. Развівалася і традыцыйнае народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, як хатняя вытворчасць для ўласных патрэб ці ў выглядзе розных рамёстваў, якія з цягам часу развіліся ў народныя мастацкія промыслы.


Цацкі "Конікі". Гарадскі пасёлак Ружаны Пружанскага раёна
Брэсцкай вобласці. 1978 год


Асноўныя якасці беларускага народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва: глыбокая традыцыйнасць, яркая самабытнасць, выразнасць форм, спакойны, стрыманы дэкор, у якім пераважалі матывы сімвалічнага характару (ромб, круг, разетка, салярныя знакі, выявы раслін, жывёл і птушак). На працягу многіх стагоддзяў народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва ўплывала на характар цэхавага і мануфактурнага рамяства, праца прыгонных майстроў выкарыстоўвалася ў майстэрнях і мануфактурах у гарадах, феадальных маёнтках і манастырах. Пэўныя змены ў яго характары выявіліся ў канцы 19 — пачатку 20 ст. ў сувязі з новымі сацыяльна-эканамічнымі ўмовамі і адпаведнымі зменамі ў народным побыце. Развіццё капіталізму моцна паўплывала на тыя віды народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, што бытавалі ў выглядзе промыслаў з выхадам на рынак. Адны з іх (набіванка, перпікарства, медніцтва) не вытрымалі канкурэнцыі з прамысловасцю і заняпалі, іншыя (ганчарства, пляценне) прыстасаваліся да новых патрабаванняў рынку і змянілі характар прадукцыі. Узрасла іх дэкаратыўнасць, у тых яго відаў, што развіваліся ў сферы хатняй вытворчасцi. Разам са старажытнымі геаметрычнымі, салярнымі, зааморфнымі матывамі пашырыўся рэалістычны раслінны дэкор. Значнае месца пачалі займаць вырабы народнага мастацтва, звязаныя з надворным і ўнутраным упрыгожаннем жылля: разныя і па-мастацку ашаляваныя ліштвы, ганкі, франтоны; дэкарыраваная мэбля (асабліва куфры), дэкаратыўныя тканіны (посцілкі, дываны, у тым ліку маляваныя), выцінанка, саломка мастацкая, карцінкі на шкле і інш. Росквіту дасягнуў дэкор традыцыйнага народнага адзення. Пэўны ўплыў на характар народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва зрабілі мастацкія стылі прафесійнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, масавая прамысловая прадукцыя, але запазычаныя формы вырабаў і віды дэкору майстры перапрацоўвалі ў адпаведнасці з мясцовымі традыцыямі і ўласнымі патрабаваннямі.


Ганчарны посуд. Гарадскі пасёлак Івянец Валожынскага раёна
Мінскай вобласці. 1975 год


Найбольш значныя змены ў характары народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва адбыліся ў 2-й палове 20 ст. Насычэнне побыту масавай таннай прамысловай прадукцыяй абясцэніла многія традыцыйныя вырабы народных майстроў (самаробныя прылады працы, мэбля, даматканае адзенне, посцілкі, ручнікі і інш.). Працягваюць бытаваць тыя яго віды, у якіх пераважае дэкаратыўная функцыя. Вырабы народных майстроў задавальняюць больш эстэтычныя, чым практычныя патрэбы, выкарыстоўваюцца пераважна ў якасці твораў мастацтва і сувеніраў; павялічваецца іх дэкаратыўнасць, пашыраецца колеравая гама, развіваюцца новыя віды і матывы аздаблення. Бытуе архітэктурны дэкор, мастацкае ткацтва, вышыўка, карункапляценне, лозапляценне, працягваюць дзейнасць некаторыя асяродкі ганчарства. 3 ростам цікавасці грамадства да традыцыйнай нацыянальнай культуры на новым узроўні адрадзіліся некаторыя заняпалыя рамёствы: саломапляценне, аплікацыя саломай па дрэве і палатне, выцінанка, берасцяныя вырабы і інш.


Ручнікі. Пінскі раён Брэсцкай вобласці. Першая палова 20 ст.

Творы народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва захоўваюць Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту, Веткаўскі музей традыцыйнай творчасці, Дзінаўскі музей мастацтва і этнаграфіі, Дудзіцкі музей матэрыяльнай культуры, Заслаўскі гісторыка-культурны запаведнік, Мотальскі музей народнай творчасці, Музей беларускага народнага мастацтва, Крошынскі музей народнага мастацтва і рамёстваў і інш.; вялікую калекцыю зберагае Музей старажытна-беларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай АН Беларусі.

Ранейшы механізм пераемнасці традыцый (ад бацькоў да дзяцей) саступае месца арганізаваным формам навучання: школам, студыям, гурткам, дамам рамёстваў і інш.

Майстроў беларускага народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва аб'ядноўвае Саюз майстроў народнай творчасці Беларусі. Развіццё і захаванне народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва рэгулюе Закон «Аб народным мастацтве, народных промыслах (рамёствах) у Рэспубліцы Беларусь» (1999).

Аўтар: Я.М.Сахута
Крыніца: "Беларуская энцыклапедыя"
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1387]
Здарэнні [464]
Грамадства [467]
Эканоміка [36]
Транспарт [142]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 4
Гасцей: 3
Карыстальнікаў: 1

vitalis
Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.