Субота, 27.04.2024, 07:01

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Іншае

Дзівак з Чудзіна, або Чаму шчаслівыя вершаў не пішуць
Адзін з самых вядомых сучасных беларускіх паэтаў Алесь Каско атрымаў абласную прэмію імя Уладзіміра Калесніка ў 2008 годзе за сумесную з Міколам Пракаповічам і Міхасём Рудкоўскім кнігу вершаў "Трохперсце".


З Алесем я знаёмы больш за два дзясяткі гадоў. Шкадую, што не надта часта бачымся ў апошні час, але і тых рэдкіх сустрэч на гасціннай жабінкаўскай зямлі, якія амаль заўжды заканчваліся творчымі спрэчкамі, хапае для таго, каб прыйсці да цвёрдай высновы: Алесь Каско – гэта велічыня ў сучаснай беларускай паэзіі.

Маё сапраўднае прозвішча не Каско, а Казка, – удакладняе сваю біяграфію Алесь. – Ды я сам аб гэтым не ведаў да... 28-гадовага ўзросту. Уяўляеш? Толькі ў 1979 годзе, калі ўпершыню стаў адным з аўтараў калектыўнай кніжкі "Нашчадкі", мне бацька паведаміў. Ён пакруціў тады зборнік у руках, знайшоў там маё прозвішча і з папрокам спытаў: "Чаму ж ты не падпісаўся сваім прозвішчам?" Пакрыўдзіўся, значыць. А адкуль мне было ведаць, калі сам бацька ніколі мне пра гэта не казаў? А можа і казаў, толькі я не звярнуў увагі...

Нарадзіўся Алесь Канстанцінавіч Каско 10 снежня 1951 года ў драўлянай хатцы на ўскрайку вёскі Чудзін Ганцавіцкага раёна ў сялянскай сям’і.

Усіх уражанняў маленства не апішу, хоць і спрабаваў гэта неяк зрабіць у ганцавіцкай "раёнцы" ды потым у часопісе "Бярозка", – расказвае Алесь. – Памятаю з дзяцінства гушчэзны грыбна-ягадны бор, паводку на рэчцы Лань, што ўвесну зрывала маснічыны ў хаце; кніжкі, якія браў у трох бібліятэках адразу; "зялёную школу", у якую ўцякаў з занудлівых урокаў... А яшчэ запомніўся завуч Мікола Купрэеў, які напрарочыў мне – "...чалавека з цябе не будзе".

Выйшаў, можна сказаць, у свет з самага эпіцэнтра беларускай маці-прыроды…

Калі ў літаратурных даведніках пішуць, што я з сялянскай сям’і, – уносіць чарговае ўдакладненне ва ўласную біяграфію Алесь Канстанцінавіч, – дык гэта напалову праўда.

Вось і вер пасля гэтага афіцыйным даведнікам! Ці, можа, тут хітрасць нейкая? Не сакрэт жа, што ў апошні час многія "рабочыя і сяляне" сталі прымазвацца да шаноўнага дваранства. Заўважаў жа я ў характары Каско (ці Казкі?) пэўную шляхетнасць.

Ну, вялікіх паноў сярод маіх продкаў не было, – смяецца Алесь. – А ўсё сялянскае заключаецца ў тым, што Казкі першыя ў Чудзіне атрымалі зямлю і вольніцу пасля адмены прыгоннага права. Вось тут праўда пра маё сялянскае паходжанне і заканчваецца...

Алесеў дзед Рыгор быў гандляром коньмі, праз малазямелле нават свіней не трымаў, а купляў сала на базары. З той жа беднасці старэйшага сына Кастуся, Алесевага бацьку, аддаў у пастухі, а пасля – у шаўцы (у Чудзіне называлі "сапожнікі"). Маці Аксіння таксама была не з простых сялянак – першаю з дзвюх камсамолак у вёсцы і трактарысткаю, з-за чаго ўсю вайну хавалася ад немцаў і паліцаяў. Жыхары суседніх вёсак гаварылі, што "чудзінцы – дзівакі", маючы на ўвазе здольнасць да фантазіі, творчасці. А дзівакі, думаецца, па натуры павінны быць паэтамі.

Чудзін здаўна славіўся і сваімі выдатнымі казачнікамі. Недалёка ад вёскі, на хутары, некалі жыў слынны беларускі этнограф, фалькларыст Аляксандр Сержпутоўскі, які сабраў на Палессі, запісаў і ў 1911 годзе выдаў зборнік казак. Такое багата насычанае народнай творчасцю асяроддзе не магло не паўплываць на фарміраванне асобы Алеся Каско. Ён, як і яго знакаміты папярэднік, запісаў казкі землякоў і ў 2001 годзе выдаў кніжку "Чыстага ўсё нячыстае баіцца".

А ў час вучобы ў мясцовай сярэдняй школе Алесь адчуў на сабе ўздзеянне апальнага тады паэта-бадзяжніка Міколы Купрэева, які нядоўга спрабаваў выкладаць яму азы літаратуры… Як пісаў вядомы беларускі крытык Леанід Галубовіч, "з прыцягальнага балотнага паху, з хісткай багністай засцярожанасці, з прысушанасці і спрамленасці дарог і сцежак паляшуцкай долі – вось адкуль, засмоленае на сумленні і шчымлівай нервовай ноце, самотнае паэтычнае слова Алеся Каско".

У літаратуру Каско прыйшоў у 1968 годзе, 17-гадовым юнаком. Захапленне паэзіяй прывяло яго ў рэдакцыю Ганцавіцкай раённай газеты "Савецкае Палессе", на старонках якой убачыў свет Алесеў першы надрукаваны твор – верш "Пралескі". Галоўным рэдактарам газеты ў той час працаваў Васіль Праскураў, пры якім у "раёнцы" была выпеставана плеяда талентаў. Літаратурнае аб’яднанне "Рунь”, што існавала пры газеце, узначальваў паэт Віктар Гардзей. Алесь Каско згадвае, што і Васіль Праскураў, і Віктар Гардзей сталі яго першымі дарадцамі на шляху ў паэзію. Ён і цяпер сябруе з Віктарам, сваім старэйшым калегам па пяры. Сімвалічна, што прозвішчы іх змешчаны побач на адмысловай скульптурнай кампазіцыі, усталяванай у Ганцавічах на Алеі пісьменства.

1968 год стаў для Алеся Каско адметным яшчэ і тым, што ён паступіў на філалагічны факультэт Брэсцкага педагагічнага інстытута імя A.С. Пушкіна на аддзяленне беларускай мовы і літаратуры.

Чаму менавіта ў гэты інстытут? – успамінае Алесь. – Дык я лічыў сябе ўжо амаль "класікам". Нават пісьмова заявіў, што я паэт – верш у "раёнцы" надрукаваў... Сёння самому смешна, а тады думаў пра гэта ўсур’ёз. А калі шчыра, дык зараз разумею: той верш дарабіў Віктар Гардзей...

У студэнцкія гады лёс звёў яго з выдатным педагогам, вучоным, крытыкам і даследчыкам літаратуры, пісьменнікам Уладзімірам Калеснікам, які аказаў моцны ўплыў на маладога паэта, дапамог яму развіць творчыя здольнасці. I цяпер Алесь Каско лічыць яго сваім самым лепшым настаўнікам.

Ды не толькі яго. Пашанцавала Алесю – найпершым сябрам стаў Алесь Разанаў ды іншыя "цудоўныя" (сам так лічыць і сёння) хлопцы-паэты: Мікола Пракаповіч і Алесь Зайка, потым пазнаёміўся з Міхасём Рудкоўскім, Васілём Жуковічам... І Мікола Купрэеў (не спрарочыў!) начаваў нярэдка на ягоным студэнцкім ложку. Не проста так: чыталі разам вершы (асабліва Лермантава і Багдановіча) і абмяркоўвалі тое, што прачытвалі.

Больш за ўсё мне спадабалася манаграфія Івана Замоціна пра Максіма Багдановіча, – расказвае Алесь Канстанцінавіч. – Напэўна, пад яго ўздзеяннем я мяняў працу перыядычна (не падабалася доўга быць на адным месцы!). Рагазнянская васьмігодка – настаўнік беларускай мовы і літаратуры, Чудзінская дзесяцігодка – нават нямецкую мову там выкладаў. Нічога не памятаю – хіба што дзецям казаў "зітцен зі бітте, калі ласка, кто сегодня отсутствует?" Разумееш? На трох мовах у адным сказе!

З-за прызыву на службу ў Савецкую Армію ў 1971 годзе Алесь вымушаны быў перапыніць вучобу ў інстытуце. Калі вярнуўся з войска, зноў працаваў у Чудзінскай школе, працягваў вучыцца (ужо завочна) у педінстытуце. І зразумеў, што так нельга – якім жа ты будзеш спецыялістам з завочнымі ведамі?

Зайшоў да рэктара і кажу: альбо зноў на стацыянар, альбо ніяк. Дзякуй яму, зразумеў, ну і павінаваціў трохі. Ды і як ён мог мяне, амаль выдатніка, выключыць з інстытута за непаспяховасць? Вось так і пачаў вучыцца зноў, прытым на павышаную стыпендыю... Мог, калі моцна хацеў! І друкавацца пачаў яшчэ больш, чым раней, да войска.

У 1974 годзе Уладзімір Калеснік накіраваў Алеся на Рэспубліканскі семінар маладых літаратараў у Каралішчавічы.

Ах, якія гэта былі дні! – настальгічна ўзгадвае Алесь Каско. – Мікола Пракаповіч, Алесь Емяльянаў, Алесь Гаўрон, Люба Турбіна, Таіса Бондар, Іван Стадольнік... Баюся, усіх і не прыпомню, з кім тады пазнаёміўся, пасябраваў... А над намі – Вядзьмак Лысагорскі, Ніл Гілевіч, Рыгор Барадулін, Анатоль Вярцінскі... Дарэчы, менавіта Анатоль Ільіч Вярцінскі пакрытыкаваў мяне тады за "красывость", аднак аддаў адзін верш у "ЛіМ", нават з партрэтам змясцілі...

Студэнцкага жыцця пасля войска Алесь амаль не памятае. Адно толькі засталося. Закахаўся ў Людмілу. Яна і стала яго жонкаю на апошнім курсе. Жывуць і сёння разам. Між іншым, паэт працуе зараз, і ўжо не першы год, над складаннем анталогіі беларускага верша пра каханне "І сніў Адам..."

1984 год... Таксама адметная вяха на жыццёвым шляху. З Жабінкаўскай райгазеты перайшоў на абласное тэлебачанне. Тут працаваў яго добры сябра Мікола Пракаповіч, які і ўзяў паэта ў сваю рэдакцыю. У 1991 годзе выбралі сакратаром (ці старшынёй? – і сам не ведае, як яго пасада тады называлася) Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў, трэцім па пераемнасці пасля Уладзіміра Калесніка і Міколы Пракаповіча.

Што зрабіў на гэтай пасадзе? Ды так – тое-сёе... Пры мне ўступілі ў Саюз пісьменнікаў больш як 10 чалавек, ні за каго і сёння не сорамна... З Уладзімірам Базаном заснавалі літаратурную серыю "Берасцейскае вогнішча", у якой выйшла 10 кніжак... Рупіўся і руплюся, каб вартасна была ўшанавана памяць найвыдатнейшых папярэднікаў – Аляксандра Сержпутоўскага, Якуба Коласа, Уладзіміра Калесніка, Васіля Праскурава, Міхася Рудкоўскага... Гэта, калі казаць коратка і зважаць на сціпласць або нясціпласць (і першае, і другое – аднолькавая хвароба пісьменнікаў)...

Галоўнай сваёй кніжкай Алесь лічыць "Час прысутнасці". І дзякуе за яе Уладзіміру Паўлаву і Васілю Зуёнку, якія кіравалі тады Саюзам пісьменнікаў і вылучылі кнігу на Літаратурную прэмію імя Аркадзя Куляшова. Гэта было вельмі важна для Алеся, для якога імя Аркадзя Куляшова заўсёды стаяла побач з Максімам Багдановічам і Міхаілам Лермантавым – любімымі паэтамі.

...Свае першыя вершы ў рэспубліканскім друку Алесь Каско апублікаваў у 1970 годзе. Потым іх было шмат. Ён аўтар зборнікаў паэзіі "Скразная лінія", "Набліжэнне", "Час прысутнасці", "Сорак пяць", "Трохкроп’е", "Два сонцы", "Нічога больш"...

Рэдактарам паэтычнага зборніка "Нічога больш" Алесь прапанаваў быць мне. Я, вядома ж, пагадзіўся, палічыў такую прапанову за вялікі гонар, хоць і здагадваўся, з якімі цяжкасцямі давядзецца сутыкнуцца – ведаў прынцыповасць Каско ў адносінах да сваёй творчасці. Як у ваду глядзеў! Прачытаў я падрыхтаваны для выдавецтва тэкст і кажу Алесю: няправільная назва. Што значыць – нічога больш? Жыцця не будзе? Пісаць не будзеш? Ты няправільна зразумеў, кажа. Пісаць буду, проста лепш ужо не напішу. Вядома, думаю, Лермантаў у 27 загінуў, Багдановіча ў 24 не стала... А Алесю ўжо за 60... Што з гэтым рабіць? Тым не менш вершы ў зборніку "Нічога больш", на мой погляд, нашмат мацнейшыя, чым тыя, якія Каско пісаў у маладосці. Аб гэтым мне, дарэчы, гаварыў і вядомы берасцейскі паэт Васіль Дэбіш...

Так і не здолеў пераканаць Алеся змяніць назву кніжкі. Такі характар упарты... 

Не кожнаму творцу ўдаецца паказаць праўду жыцця роднага краю, прычым вобразна, маляўніча, ярка, прапусціўшы кожнае слова праз уласнае сэрца, праз свой душэўны і фізічны боль, выказаць тым самым і самога сябе...

Паэту Алесю Каско гэта ўдалося. Як сам сказаў у адным са сваіх інтэр’ю, "...я ніколі не крывіў душой у вершах і быў сумленны ў сваёй паэзіі".


***
Скончыш рупіцца, на ганку сядзеш:
дым – на бронхі, на нагу – нагу.
Зноў абжыты дом, і чыста ў садзе,
і сабака зноў на ланцугу...

Што за гэтым домам – неістотна,
душы продкаў тут, іх цень ты сам.
Ты чакаеш: восень і самота
падахвоцяць згадваць і пісаць.

Восень позняя, ды не скупая:
тлустая ралля, густая сінь,
і стае самоты… Не хапае
бацькі, маці… Не хапае ўсіх!

Стомаю забудзешся –  не лечыць,
воблака, бы звон, кранеш – маўчыць.
І ўвярэдзіць страхам не малечым
надыход бязлюднае начы.

Спадзяваўся ж: тут і зазімуеш,
спадкаемец, гаспадар і зух.
Але тыдзень, два – і засумуеш,
і – хоць да сабакі на ланцуг.
Катэгорыя: Іншае | Дабавіў: admin (17.10.2015) | Аўтар: Вячаслаў БУРДЫКА-«Народная трыбуна»
Праглядаў: 2144 | Тэгі: Чудзін, Вячаслаў Бурдыка, Літаратурная Ганцаўшчына, Алексь Каско, Народная трыбуна, Ганцавіцкі раён | Рэйтынг: 5.0/2
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 4
Гасцей: 4
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.