Чацвер, 28.03.2024, 19:49

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Анатоль Трафімчык

Як узнікла Ганцаўшчына
Гістарычна скалалася, што ў нашым рэгіёне цэнтральнымі вёскамі былі Круговічы і Хатынічы. Першае ўпамінанне гэтых паселішчаў датуецца адпаведна 1445 і 1450 гг. Вёскі сталі цэнтрамі самых дробных адміністрацыйных адзінак у дзяржаве – валасцей. Такое становішча не змянілася ні пасля заключэння Люблінскай уніі ў 1569 г. і стварэння Рэчы Паспалітай, ні пасля захопу нашых зямель у 1793 г. Расійскай Імперыяй. 

Горада Ганцавічы ў той далёкі час не было. Ён зараджаецца побач з аднайменнай вёскай толькі пасля пракладання чыгункі і ўсталявання станцыі (чыгунку праклалі ў 1884 г., план будаўніцтва мястэчка Ганцавічы быў зацверджаны ў 1902 г.). Але яшчэ працяглы перыяд і вёска Ганцавічы, і чыгуначная станцыя, і мястэчка (так называлі маленькія гарады) з такой назвай уваходзілі ў Круговіцкую воласць. Становішча захавалася і пасля ўваходжання нашай мясцовасці ў склад Польшчы, што здарылася ў 1921 г. паводле Рыжскага мірнага дагавора (толькі воласць сталі называць гмінай). Гэта значыць не было і такога паняцця, як Ганцаўшчына. Якуб Колас, які настаўнічаў у Люсіне на пачатку ХХ ст., думаецца, вельмі здзівіўся б, калі б яму сказалі, што яго біяграфія звязана з Ганцаўшчынай. Паэт лічыў, што вёска Люсіна знаходзіцца на Піншчыне. Ганцавічы ж і нават з арганізацыяй чыгуначнай станцыі за паўстагоддзя да Другой сусветнай вайны максімум, чаго дасягнулі, дык статуса мястэчка. І то так адбылося хутчэй дзякуючы эканамічнай дзейнасці ўсюдыісных яўрэяў, якія займаліся гандлем і абіралі выгаднае для прафесійнага занятку месцажыхарства. Чыгуначная станцыя, такім чынам, для іх мела важнае значэнне.

Толькі ў 1940 г., пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР, Ганцавічы робяцца раённым цэнтрам. Дагэтуль яны ўваходзілі ў склад Лунінецкага павета. У новаствораны раён увайшлі дзве гміны цалкам – Круговіцкая і Хатыніцкая, а таксама частка Чучавіцкай гміны). Так сталася з той прычыны, што паветы (польская адміністрацыйная адзінка) былі большымі за раёны (савецкую адміністрацыйную адзінку), а кіраваць любой уладзе прасцей, канечне, адзінкамі меншымі па памеры. Вырашаючы праблемы замацавання на тэрыторыі, на якой існавалі моцныя антысавецкія настроі, савецкая ўлада здрабніла адміністрацыйны падзел, у выніку чаго надзяліла функцыямі рознага ўзроўню цэнтраў некаторыя населеныя пункты, якія да таго часу такімі не з’яўляліся. Але галоўным крытэрыям пры выбары падобных пунктаў для раённага цэнтра станавілася яго геаграфічнае размяшчэнне. Фактар знаходжання Ганцавіч побач з чыгункай стаў рашаючым.

У святле сказанага варта зазначыць, што намінацыя нашай мясціны Ганцаўшчынай гістарычна неправамерная і штучная. Тым больш што бальшавікі не звярталі ўвагу на тое, што сабралі ў межах аднаго раёна розныя кавалкі тэрыторыі з пункту гледжання іх культуры. Асабліва выразнае адрозненне бачыцца паміж паўднёвай часткай раёна, якая належыць да палескай субкультуры, і паўночнай, якая цягацее да сярэднебеларускай субкультурнай паласы. Больш таго, нават паўночная частка таксама мае ледзь прыкметнае на сённяшні дзень размежаванне: заходні яе бок (да Круговічаў і Начы, не ўключаючы іх) гістарычна адносіўся да Случчыны, а ўсходні (пачынаючы з Круговіч і Начы) – да Навагарадчыны (гл. карту). Каб гэта праверыць самому, варта звярнуць увагу, наколькі адрозніваюцца гаворкі жыхароў вёсак нашага раёна: кожная з трох частак мае свой рэгіянальны дыялект, які вылучае вяскоўцаў настолькі, што нават незнаёмаму з дыялекталогіяй чалавеку лёгка вызначыць, да якой часткі раёна належыць той ці іншы жыхар. Прычым гэта размежаванне датычыцца не толькі культурнага, але і гаспадарча-эканамічнага аспекту.

Ганцавіцкі раён, Ганцевичский район
Чырвонымі лініямі на карце абазначана размежаванне адрозных рэгіёнаў
у складзе Ганцавіцкага раёна


Гісторыя сведчыць, што палітыкі ў сваіх дзеяннях заўсёды найменш звяртаюць вагу на культурныя адрозненні. І чым меней дэмакратычная ўлада, тым меншая ўвага яе да рэгіянальных асаблівасцей. Ганцавічы сталі паказальным прыкладам. Неўзабаве, пасля захопу немецкімі акупантамі, мястэчка становіцца цэнтрам акругі, а калі даслоўна перакладаць з нямецкай на сённяшнія слоўныя адэкваты – вобласці (Gebiet). Як бачым, у справе павышэння адміністрацыйнага статуса Ганцавіч бальшавікі і нацысты былі аднадумцамі.

Пасля вайны пасёлак гарадскі пасёлак (паводле савецкай тэрміналогіі) Ганцавічы быў вернуты ў статус раённага цэнтра. Цікава, што за надыходам так званай хрушчоўскай адлігі пачалі праводзіць узбуйненне раёнаў. Ганцавіцкі раён у 1962 г. быў расфарміраваны: паўночная частка адышла Ляхавіцкаму, а паўднёвая – Лунінецкаму. Пры такой раскладцы вытрымлівалася этнакультурная тоеснасць. Аднак са згортваннем дэмакратычных працэсаў за Брэжневым тую рэарганізацыю адмянілі, вярнуўшы адпаведна і Ганцавічам у 1966 г. ролю раённага цэнтра, а ў 1973 г. надаўшы ім статус горада.

Такім чынам, Ганцаўшчына як геаграфічнае паняцце паўстае толькі ў сярэдзіне ХХ ст. у сувязі з наданнем Ганцавічам статуса раённага цэнтра. Рэгіён пад назвай Ганцаўшчына з такой лакалізацыяй не мае трывалых гістарычных і культурных традыцый. Таму само яго існаванне даволі хісткае, што пацвярджалася і гісторыяй, калі ў мястэчка адбіралі статус райцэнтра (1962 – 1966 гг.). Можна параўнаць з Туравам: колішні цэнтр княства даўно страціў былую веліч і сёння не з’яўляецца нават раённым цэнтрам, але па-ранейшаму навакольную мясцовасць называюць Тураўшчынай. Былая сталіца ВКЛ Навагрудак знізіў статус да райцэнтра, але паводле гістарычнай традыцыі пад Навагрудчынай часта маюць на ўвазе даволі вялікую тэрыторыю, уключна з такімі значнымі гарадамі, як Баранавічы і Слонім.

Тым не менш паняцце Ганцаўшчына існуе і пры ўсіх яго канцэптуальных недахопах паспяхова выкарыстоўваецца. Аднак застаецца адкрытым пытанне, наколькі працяглым па часе акажацца існаванне такога рэгіёна, як Ганцаўшчына. Гістарычная практыка схіляе да меркавання, што ў кантэксце дэмакратызацыі краіны Ганцавіцкі раён будзе скасаваны. А значыць і паняццю Ганцаўшчына прыйдзе канец. Гэты час зусім блізкі.
Катэгорыя: Анатоль Трафімчык | Дабавіў: admin (16.08.2011) | Аўтар: Анатоль ТРАФІМЧЫК
Праглядаў: 2690 | Тэгі: Ганцавічы, Ганцавіцкі раён, Анатоль Трафімчык | Рэйтынг: 4.7/14
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 6
Гасцей: 6
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.