Пятніца, 19.04.2024, 05:38

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Іншае

Ён любіў Радзіму – не фанфары… Да 80-годдзя паэта Міхася Рудкоўскага
Вядомы паэт Берасцейшчыны і Беларусі Міхась Рудкоўскі выйшаў з літаратурнага пакалення шасцідзясятнікаў, якое ўзбагаціла беларускую літаратуру нацыянальна-патрыятычным, антываенным і гуманістычна-філасофскім пафасам.


Пра гэта пакаленне творцаў арыгінальна і трапна выказаўся вядомы даследчык літаратуры Уладзімір Калеснік: "…Халодны бог вайны Марс як бы знямогся і адумаўся, пакінуў столькі даравітых, чулых сэрцам дзяцей, прызваннем якіх стала асуджэнне вайны, тварэнне новага свету без войнаў і сябе ў тым свеце, дзе творчасць прызнаецца адзінаю мэтай і сутнасцю". Паэзія Міхася Рудкоўскага вызначаецца менавіта нацыянальнай, рэгіянальна-палескай каларытнасцю. Сярод свайго "філалагічнага" пакалення ён быў адметнай, пазнавальнай і чымсьці загадкавай постаццю крыху самотнага "думанніка"-палешука.

Паэт паходзіў з глыбіннага беларускага Палесся – з Ганцаўшчыны. Ён нарадзіўся ў вёсцы Востраў, недалёка ад якой знаходзіцца Люсіна, дзе працаваў малады Якуб Колас. Уладзімір Калеснік, высока ацэньваючы паэзію Міхася Рудкоўскага, выказаў меркаванне, што ён, "бадай, першы па часе прафесійны паэт Ганцаўшчыны".

У беларускай літаратуры другой паловы ХХ стагоддзя Міхась Рудкоўскі займае адметнае месца як паэт-лірык, таленавіты майстар слова, аўтар дзевяці кніг паэзіі, многіх публікацый у перыядычным друку, які рэалізаваў свой паэтычны дар у многіх жанрах – верлібра, балады, санета, вянка санетаў, элегіі, трыялета, раманса... Акрамя таго, ён быў перакладчыкам з рускай, украінскай, польскай моў, выступаў у друку і як крытык, рэцэнзент. Ён пакінуў прыкметны след і ў тэлежурналістыцы Берасцейшчыны. Вершы Міхася Рудкоўскага перакладзены на рускую, украінскую, грузінскую, англійскую і некаторыя іншыя мовы, асобныя з іх пакладзены на музыку.

Нарадзіўся Міхась Рудкоўскі 17 красавіка 1936 года ў сялянскай сям’і Марыі Юльянаўны і Міхася Іванавіча Рудкоўскіх. Акрамя Міхася, у сям’і былі сёстры Ірына і Лідзія. Сястра паэта Ірына Рудкоўская ўспамінае: "З братам Міхасём я заўсёды адчувала роднасць душ. Казалі, што мы з ім падобныя і абое ўдаліся ў бацьку. Можа, у асобных рысах і так… Міша ж меў знешнасць інтэлігента: высокі, танклявы, рукі з вузкай далонькай і доўгімі пальцамі. Правільныя рысы твару, вельмі прыгожыя карыя вочы. Пагляд яго разумных і ўважлівых вачэй адлюстроўваў натуру адкрытага, добрага, праўдзівага чалавека…”

Маленства будучага паэта праходзіла ў прыгожых мясцінах на беразе рэчкі Начы. Ён любіў лес і рэчку, любіў хадзіць на рыбалку і па грыбы. Згадваючы пазней свой радавод, паэт з прыемнасцю ўспамінаў дзеда Яся, які быў умелым і вядомым у ваколіцы кавалём (верш "Мой дзед быў сельскім кавалём", прысвечаны Уладзіміру Калесніку).


Пасля вызвалення Берасцейшчыны ад фашыстаў, у 1944 годзе, Міхась Рудкоўскі пачаў вучыцца ў Востраўскай школе. Ён быў старанным і дапытлівым, вучоба прыносіла радасць, задавальненне, адкрывала перад падлеткам новыя, нязведаныя гарызонты будучыні. Пасля школы ён паступіў у Ганцавіцкае педагагічнае вучылішча, якое потым было пераведзена ў Пінск. У 1955 годзе будучы паэт паспяхова заканчвае вучобу, атрымлівае дыплом настаўніка.

На працу ён вярнуўся ў свой раён: працаваў выхавальнікам Ганцавіцкай дапаможнай школы, настаўнікам беларускай і нямецкай моў, настаўнікам малявання. Першыя публікацыі Міхася Рудкоўскага з’явіліся ў друку яшчэ ў яго школьныя гады. Гэта былі нататкі на розныя тэмы школьнага і вясковага жыцця ў беларускія дзіцячыя газеты і часопісы. У час вучобы ў педвучылішчы ён пачаў пісаць і вершы, якія таксама друкаваліся ў мясцовых і рэспубліканскіх выданнях.

Жаданне пісаць, удасканальваць прафесійнасць, імкненне звязаць сваё будучае жыццё з літаратурна-мастацкай дзейнасцю прывяло юнака на завочнае аддзяленне філалагічнага факультэта Брэсцкага педагагічнага інстытута. Хутка Міхась Рудкоўскі стаў сталым супрацоўнікам Ганцавіцкай раённай газеты "Сялянская праўда", якую тады ўзначальваў таленавіты журналіст-літаратар, улюбёны ў Палессе, душэўна багаты і шчодры чалавек – Васіль Праскураў. У роднай "раёнцы" яшчэ ў 1958 годзе былі надрукаваны першыя вершы маладога паэта Міхася Рудкоўскага "Успаміны", "Восень" і іншыя. Менавіта Васіль Праскураў стаў першым літаратурным настаўнікам і аўтарытэтным дарадцам не толькі Рудкоўскаму, а таксама іншым таленавітым маладым людзям Ганцаўшчыны – Віктару Гардзею, Уладзіміру Маруку, Івану Кірэйчыку, Алесю Каско, Галіне Савеня... З канца 1950-х творы Міхася Рудкоўскага ўжо рэгулярна друкаваліся ў часопісе "Маладосць", рэспубліканскай газеце "Чырвоная змена", Брэсцкай абласной газеце "Заря".

У 1962 годзе Міхась Рудкоўскі пераехаў у Брэст і стаў працаваць на Брэсцкай студыі тэлебачання: старшым рэдактарам, рэдактарам літаратурна-драматычных і музычных перадач, займаўся літаратурна-паэтычнай творчасцю.

Першую кнігу паэзіі М. Рудкоўскі назваў "Першыя вёрсты" (1963).

Яе з цікавасцю сустрэлі чытачы, прыхільна заўважылі старэйшыя пісьменнікі, сярод якіх быў і Піліп Пястрак. Большасць крытыкаў хвалілі паэта за свежасць і арыгінальнасць вобразаў, зычылі творчых здзяйсненняў, а іншыя папракалі паэта за лёгка пазнавальныя літаратурныя ўплывы. Сапраўды, як слушна пісаў праніклівы даследчык Уладзімір Калеснік, "Рудкоўскаму імпанавалі рамантычная парывістасць Уладзіміра Караткевіча і шырыня погляду на свет, арганічная народнасць Максіма Танка". Арыгінальныя творчыя філасофска-эстэтычныя "перазовы" з Купалам, Багдановічам, Танкам, Куляшовым, Караткевічам, іншымі класікамі і сучаснікамі сведчылі аб пошуках уласнай індывідуальнасці, творчай непаўторнасці, аб сцвярджэнні свайго бачання жыцця, яго сэнсу, аб паэтавай прысутнасці ў свеце людзей і эстэтычных ідэй.

Гэта з усёй відавочнасцю засведчана ў кнігах "Сінія Брады" (1967), "Позвы" (1971), "У краі тым" (1975), "Векавечная Бацькаўшчына" (1976), "Трыгор’е" (1971), "Засцярога" (1984), выбранай лірыкі "Залатазвон" (1986), "Гарынь" (1992). Апошняя кніга паэзіі Міхася Рудкоўскага выйшла пасля яго смерці.

Яго не стала летам 1991 года. Паэт пахаваны, як ён і хацеў, у роднай вёсцы Востраў. "Міхась Рудкоўскі ляжыць у той зямлі, па якой басанож бегаў маленькім хлапчуком, пад тымі роднымі яму бярозкамі, якія помнілі гэтага хлапчука, якія люлялі яго ў дзяцінстве і раслі разам з ім, пад тымі самымі хвойкамі, пад якімі ляжаць яго бацькі, пад якімі ён сядзеў не раз і пад пошум якіх вёў маўклівыя дыялогі з роднымі яму людзьмі; ляжыць на тых кладах, з якіх добра відаць яго Сінія Брады і Высокі Бераг – да скону дзён любімыя і так хораша і цёпла апетыя ім куточкі яго векавечнай Бацькаўшчыны", — кранаюча напісала яго сястра Ірына.

У роднай вёсцы паэта сёння створаны літаратурны музей Міхася Рудкоўскага, а Востраўская сярэдняя школа носіць імя пісьменніка-земляка. На доме ў Брэсце, дзе жыў паэт, устаноўлена памятная мемарыяльная дошка ў яго гонар.

Перагорнем старонкі паэта-вых кніг…

Радкі сведчаць, што Міхась Рудкоўскі натхняўся "запаветна-светлай" зямлёй бацькоў, красой родных мясцін – "краю бярозаў і гонкіх соснаў, лугоў і заток азёрных", красой роднага Палесся, духоўна-этычнай прыгажосцю яго працавітых, мудрых і мужных людзей. Шчыра і ўзнёсла, без гучнага штучнага пафасу паэт пісаў аб сваёй адданасці вольналюбівай "зямлі Скарыны”, "краю Купалы", называў Беларусь "светлай радасцю і скрухай". Аўтабіяграфічны лірычны герой Міхася Рудкоўскага – патрыёт і верны сын Беларусі, пераемнік роду працаўнікоў і сейбітаў. Так, звяртаючыся да Бацькаўшчыны-Беларусі, паэт кажа:

Ў тваіх кузнях мой дзед
гартаваў і сярпы, і нарогі,
У палях тваіх –
бацькі, што крочыў з сяўнёю,
сляды;
Я звіваў у сувой
і дарогі твае і трывогі…

Паяднанасць лірычнага героя з лёсам Беларусі ўвасабляецца ў балючым і глыбока асобасным пераасэнсаванні мінулай вайны, яе вялікіх страт, ахвяр, незагойных ран, што жывуць у памяці і ў сэрцы кожнага, і нават тых, хто ў вайну былі дзецьмі. У вершы "Памяць", лірычны герой якога радуецца квітнеючаму бэзу, ад імя свайго пакалення паэт узгадвае "бэзавы чэрвень", драматычны пачатак вайны і варожай акупацыі, калі "Успыхнула наша дзяцінства трывожнае / Любові і гневу калючымі іскрамі". Этычны і патрыятычны ідэал паэт увасабляе ў вершы "Балада пра мужнасць" праз вобраз партызанскага разведчыка, які, паранены, сцякаючы крывёю, знаходзіць сілы і дабіраецца да партызанскага лагера, каб выратаваць сяброў, папярэдзіць аб здрадзе. У вершы "Бабіна лета" паэт гаворыць аб лёсе салдацкай удавы, якая многа год жыве самотна, бы вярба над ракою. Усе гады жанчына чакае свайго салдата з вайны, не аднаго свата яна адправіла з хаты. Доўга салдатка верыла картам, цыганкам і снам, якія абяцалі, што вернецца любы дадому. Самоту яна заглушала цяжкай і нястомнай працай, "зберагала сябе праз гады / Ціха і горда, бы ў полі сасна": "Ў нас на сяле ў кожнай хаце дзясятай / Не прычакала жанчына салдата…" Балючая памяць вайны пранізліва гучыць у вершах "Балада пра маіх аднагодкаў", "Закладзены ў кроплі акіяны", "Яны са мной, яны жывуць ва мне", "Майданак", "Балада пра палаючы ліст", "Каменні цытадэлі", "Была ў хлапчука свая казка", "Начны эскіз" і іншых.

Міхась Рудкоўскі адным з першых у беларускай паэзіі адкрываў непаўторнае хараство і абаянне Палесся, эстэтызаваў рэгіянальна-адметнае, паляшуцкае як прыгожую і каштоўную частку нацыянальнага свету беларусаў. Эстэтычнае ўзвышэнне, паэтызацыя родных мясцін бачыцца ў вершах "Над Начанкай-ракою ночы", "Залаты Бераг", "Нараўка", "Сімфонія пчаліная", "У краі сасновым", "У ночы борам хадзілі ліўні" і многіх іншых.

Яго паэзія набывала філасофскую і быційную глабальнасць: прырода ў вершах Міхася Рудкоўскага – калыска і захавальніца жыцця чалавека, яна ж – крыніца гармоніі і хараства, якая робіць чалавечую душу жывой, прыгожай, чулай; прырода выхоўвае пачуццё жыццястойкасці ў чалавека, дае ўзор бясконцага абнаўлення, адраджэння, прагі жыць, расці, красавацца, нястомна пазнаваць неспазнанае. Паэт ідзе шляхам інтэлектуальна-філасофскай эстэтызацыі жыцця чалавека, сваёй сям’і, роду, свету, прыроды роднага краю, Палесся, пра што сведчаць вершы "Сінія Брады", "Мой дзед быў сельскім кавалём", "Лось", "Кладуся. Засынаю. Сплю…", "Такі круты, высокі бераг…", "Рву звычных дзён зачараваны круг", "Дажджы”, "Трыпціх дрэў" і іншыя.

Эстэтычна-філасофскаму асваенню свету спрыяла жыццё паэта ў Брэсце, дзе нардзіліся яго сыны Алесь і Сяргей, яго праца на абласной студыі тэлебачання, шматлікія творчыя камандзіроўкі, берасцейскае літаратурна-творчае асяроддзе, дзе прызнанымі аўтарытэтамі і патрабавальнымі літаратурнымі настаўнікамі былі Мікола Засім і Уладзімір Калеснік. У паэтычным свеце Міхася Рудкоўскага важнае месца займаюць звароты да каларытных мясцін роднага краю – Прыпяці, Піны, Гарыні, Давыд-Гарадка, Берасця, Ганцавіч, роднай вёскі Востраў, яе ваколіц з рэкамі Нача, Цна, Лань, Нарайка… Яму радасна было вяртацца сюды пасля далёкіх і блізкіх дарог, бо меў духоўную патрэбу ў тым, каб пабыць у родных сценах, убачыць і пачуць дарагіх сямейнікаў і аднавяскоўцаў, працавітых і мудрых землякоў. Сярод іх было хораша адчуваць сябе паэтам, перажываць шчаслівыя хвіліны прызнання ("просяць людзі на сяле паэта / прачытаць надрукаваны верш"). У вершы "Ганцавічы" Міхась Рудкоўскі не толькі выказвае любоў да родных мясцін, але і ўдзячнасць лёсу за шчасце быць паэтам і выказацца ў родным слове, бо без гэтага "не такой была б Айчына і песня б незакончанай была". Думка паэта ластаўкай ляцела да родных вокнаў бацькоўскай хаты, якую ён пакінуў зусім хлапчуком. Шчыра і ўзнёсла паэт выказваў у вершах падзяку сваёй сям’і – дзеду-кавалю, бацьку, сёстрам і асабліва матулі, якая заўсёды перажывала за яго здароўе, бо ў маленстве сын цяжка перахварэў. Мацярынская трывога сталася прадчуваннем цяжкага лёсу сына. Маці для паэта была ўвасабленнем святасці ў жыцці, перад сілай мацярынскай любові, быў перакананы паэт, адступае нават смерць.

З нязменнай узнёсласцю і пяшчотай лірычны герой Міхася Рудкоўскага ставіцца да каханай, якая ўвасабляе красу і хараство жыцця. Жанчына ў лірыцы паэта нагадвае багдановічаўскую Мадонну, прышэсце якой лірычны герой чакаў "цэлую вечнасць" з верай і надзеяй:

У тысячы воч
пазіраў я з надзеяй,
Тысячы рук 
паціскаў я з надзеяй,
дыханне тысяч вуснаў лавіў я
з надзеяй адзінай – 
спаткаць твае шэрыя вочы,
спаткаць твае ціхія рукі,
спаткаць твае губы-каліны…

У вершы-прызнанні "Я не любіў і не люблю фанфар" паэт тлумачыць, што яму больш даспадобы ціхі, са светлым смуткам голас флейты. У яго творах часам гучыць стрыманая, але трапная іранічнасць, асабліва калі паэт піша аб дэфіцыце дабрыні ў міжлюдскіх адносінах, аб усемагутнасці і хамстве "бюракратаў экстракласа". Болем душы напоўнена іранічнае выказванне свайго расчаравання ў сябрах, для якіх у паэта "былі адчынены ўсе дзверы / Ў кішэню і ў душу, нібыта ў храм" (верш "Урок"). Але адчуваннем паўнаты жыцця, шчасця жыць паэта ратавала "пачуццё радзімы", матуліна малітва-замова ад пошасці, нягод.

У кнігах паэзіі "Трыгор’е", "Засцярога" і апошняй – "Гарынь", якой паэт не дачакаўся, часта гучала спроба падсумавання жыццёвых і творчых набыткаў. Паэт услаўляў стан творчага натхнення, які прыносіць ні з чым не параўнанае шчасце. Прыходзіла ўсведамленне высокага прызначэння жыцця, у тым ліку жыцця творцы, які павінен жыць "шыракакрыла”, а калі надыдзе час – таксама "шыракрыла ўзняцца ў неба жураўлём… Ад сонца ўзяць глыток і ўпасці / На курганы дзядоў сваіх". Ведаючы, што будучыні няма ў тых, хто цураецца свайго мінулага і выракаецца родных каранёў, у адным з вершаў апошняга перыяду "Як запавет" Міхась Рудкоўскі пісаў:

Запомнілася гэта як святыня,
Як бацькі запавет:;
кім ты б ні стаў –;
Адной рукой гайдай
калыску сына,
Другой – магілу дзедаву;
папраў…
Катэгорыя: Іншае | Дабавіў: admin (18.04.2016) | Аўтар: Зоя МЕЛЬНІКАВА-Народная трыбуна
Праглядаў: 1849 | Тэгі: Ганцаіцкі раён, Міхась Рудкоўскі, Літаратурная Ганцаўшчына, Ганцавічы, Востраў, газета Народная трыбуна | Рэйтынг: 5.0/3
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.