Чацвер, 28.03.2024, 14:53

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Марыя Пашкевіч

Гістарычным маршрутам Ганцаўшчыны
Кожны чалавек не існуе сам па сабе: ён мае бацькоў, родных, сяброў. I, нарэшце, ва ўсіх нас ёсць месца, дзе мы нарадзіліся, выраслі і цяпер жывем. Для мяне гэта ганцавіцкая зямля. I самы любы куточак для мяне – самі Ганцавічы. Ганцаўшчына – край з багатым гістарычным мінулым, і я хачу, каб уся краіна даведалася пра гэты дзіўны куток Палесся!

Першыя звесткі аб Ганцавічах, цяпер даволі буйным палескім гарадку, адносяцца да XIX стагоддзя. У польскім геаграфічным слоўніку, выдадзеным у 1882 годзе, сказана: Ганцавічы – даволі вялікая вёска Слуцкага павета на рацэ Цна, спадчына графаў Чапскіх». Зыходзячы з гэтага, цяжка меркаваць аб узросце нашага горада, але з пэўнасцю можна сказаць, што яго гісторыя сваімі каранямі сягае ў глыбіню стагоддзяў.

Свой расповед я пабудавала ў выглядзе экскурсіі, што ўключае ў сябе восем прыпынкаў і ахоплівае ўсходнюю частку раёна.

Спачатку спыняемся ў Ганцавіцкім раённым краязнаўчым музеі. Супрацоўнікі музея паведамілі шмат цікавых фактаў з гісторыі горада. Напрыклад, на нашым гербе адлюстраваныя два буслы і пяціканцовая зорка, але замест пяціканцовай зоркі павінна быць шасціканцовая.


Ганцавіцкі раённы краязнаўчы музей

Далей мы трапляем у вёску Агарэвічы, што за 7 кіламетраў ад горада. Менавіта тут захаваўся сядзібна-паркавы ансамбль роду Свяжынскіх, які потым перайшоў да Апацкіх. Ён уключаў палац, мураваную стайню, гумно, парк, сажалкі і ўязную браму на двух мураваных слупах. У першай палове XIX стагоддзя Свяжынскія ўзвялі ў Агарэвічах драўляны палац, а новыя гаспадары ў 1911 годзе яго значна перабудавалі. У 1990-я гады пры правядзенні рэканструкцыі ансамбля адбыліся значныя змены ў яго ранейшай сістэме планіроўкі, што прывяло да парушэння кампазіцыі парку. Агарэвіцкая сядзіба з'яўляецца помнікам эклектычнай архітэктуры XIX стагоддзя і занесеная ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь.

Далей пад'язджаем да ўрочышча Юліна. Паміж вёскамі Агарэвічы і Шашкі раней размяшчалася сядзіба, якая, на жаль, да нашых дзён не захавалася. Засталіся толькі рэшткі пейзажнага парку плошчай 2,5 гектара, закладзенага ў другой палове XIX стагоддзя. Асноўны дрэвастой складаюць граб, бяроза, клён, каштан, шыпшына, бэз. На перыферыі парку існавалі каналы, якія былі звязаныя з сажалкай. Цяпер каналы абмялелі, сажалка зарасла. Захаваліся рэшткі ўязной мураванай брамы. Пасля вайны тут размяшчаўся школьны лагер, будынкі якога пазней былі аддадзеныя пад жыллё. Перад сядзібай каля дарогі можна ўбачыць старажытны курган і шматвяковы дуб.


Урочышча Юліна. Шматвекавы дуб побач з курганам

Наступным і самым старажытным аб'ектам маршруту з'яўляецца вёска Вялікія Круговічы, вядомая па пісьмовых крыніцах з XVI стагоддзя. У цэнтры вёскі ў XIX стагоддзі была пабудаваная Свята-Георгіеўская царква – помнік драўлянага дойлідства. За 500 метраў ад царквы захаваліся рэшткі капліцы Абуховічаў, а побач з ёю – 500-гадовы дуб. Род Абуховічаў быў адным з найстарых у Беларусі, існаваў амаль шэсць стагоддзяў. У канцы XVI стагоддзя шырока распаўсюдзіўся па Беларусі, валодаў маёнткамі, у тым ліку ў Сваятычах, Круговічах, Ліпе (Міншчына), Ясянцы і інш.


Капліца Абуховчаў у Вялікіх Круговічах

Захаваўся ад Абуховічаў і аднапавярховы палац – драўляны, прамавугольны ў плане будынак з гладкім чатырохсхільным дахам, пакрытым гонтай. Ён пабудаваны ў 2-й палове XIX стагоддзя. Галоўны фасад быў адметны невялікім ганкам на чатырох драўляных слупах. Пасля Другой сусветнай вайны тут размяшчалася сельская бібліятэка, якая ў сярэдзіне 1950-х гадоў згарэла (дакладней – згарэў палац).

Да палаца вяла доўгая таполевая алея (не захавалася). Цэнтральнае месца ў ансамблі займаюць тры сажалкі, размешчаныя на адной лініі ўздоўж уязной алеі. Адначасова з закладкай палаца пачаў фармавацца новы парк плошчай каля 5 гектараў. Маляўнічасць парку надае шэраг дубоў, узрост якіх сягае за 400 гадоў. Яшчэ ў парку растуцьтаполі, грабы, клёны, вязы, каштаны.

Але рушым наперад у вёску Лактышы. Тут існуе музей рыбы. У пакоі рыбалоўства можна пазнаёміцца з дазволенымі і забароненымі сродкамі рыбнай лоўлі. Тут побач знаходзяцца вуда (якой можа карыстацца кожны, каб злавіць сабе рыбы на юшку) і жорсткая прылада сучасных браканьераў – электравуда, ад дзеяння якой знішчаецца ўсё жывое ў вадзе. У акварыўмах прадстаўленыя розныя віды рыбаў, якія насяляюць мясцовыя вадаёмы. Недалёка ад вёскі ёсць рыбгас «Лактышы» – адзін з буйных у краіне.

У гады вайны ў раёне вёскі дзейнічала партызанская брыгада. За сувязь з партызанамі вёска была спаленая. У памяць жыхара Лактышоў, героя-разведчыка Паўла Зуйкевіча ў вёсцы дзейнічае музей.

За 4 кіламетры на паўночны захад знаходзіцца вёска Нач, дзе быў сядзібна-паркавы ансамбль роду Піляўскіх, закладзены ў сярэдзіне XIX стагоддзя. Пейзажны парк меў плошчу каля 5 гектараў. Ад яго засталася толькі прыгожая ліпавая алея даўжынёю каля 150 метраў. Пад час Другой сусветнай вайны сядзібны дом згарэў. Тэрыторыя парку практычна поўнасцю забудаваная. У сельскім доме культуры ёсць музей «Карчма», заснаваны ў 2004 годзе. Тут ладзяцца вельмі цікавыя экскурсіі, пад час якіх можна акунуцца ў побыт XIX стагоддзя.

Вёска Ясянец сустракае сваімі таямніцамі. Мала што засталося ад тога буйнога ў мінулым паселішча. Сёння гэта маленькая вёсачка, што спакваля памірае. Ад сядзібы Абуховічаў захаваліся толькі некалькі фрагментаў парку. Побач з сядзібай размешчаныя старадаўнія могілкі, дзе пахаваныя продкі Абуховічаў, Вендорфаў і Яленскіх. Надмагільныя помнікі, пастаўленыя прадстаўнікам гэтых заможных родаў, маюць гістарычныя, архітэктурныя і мастацкія якасці, але, на жаль, яны знаходзяцца ў вельмі занядбаным стане. Калі прайсці з кіламетр па лесе, то можна пабачыць курганы, што адносяцца да пахаванняў дрыгавічоў XI стагоддзя.


Пахавальная капліца Вендорфаў у Ясянцы на могілках

Заключным пунктам нашай вандроўкі з'яўляецца вёска Востраў – радзіма беларускага паэта Міхася Рудкоўскага. Літаратурны музей Востраўскай сярэдняй школы яго імя пачаў працаваць з кастрычніка 1993 года. У фондах музея захоўваюцца 200 экспанатаў, 185 з якіх арыгінальныя.

Нашая Ганцаўшчына – край прыгожы і непаўторны сваімі рэкамі і азёрамі, лясамі і балотамі, сцежкамі і дарогамі, гістарычнымі і прыроднымі каштоўнасцямі, знакамітымі продкамі і сучаснікамі. Прыязджайце да нас і вы ўбачыце ўсё гэта на свае вочы!
Катэгорыя: Марыя Пашкевіч | Дабавіў: admin (04.09.2010) | Аўтар: Марыя ПАШКЕВІЧ
Праглядаў: 2330 | Тэгі: Лактышы, Ясянец, Вялікія Круговічы, Ганцавічы, Марыя Пашкевіч, Ганцавіцкі раён, Нач, Агарэвічы, Востраў | Рэйтынг: 5.0/2
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 8
Гасцей: 8
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.