Субота, 27.04.2024, 00:42

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Іншае

“Мой выток – у нетрах Беларусі”
Ha Беларусі ўсталявалася добрая традыцыя штогод адзначаць Дзень беларускага пісьменства. Сёлета, ужо ў 18-ы раз, гэтае свята будзе адзначацца ў г.Ганцавічы, і гэта не выпадкова. Ганцаўшчына, маляўнічы куточак Беларускага Палесся, з даўніх часоў славіцца майстрамі беларускага мастацкага слова.

На гэтай дабрадатнай зямлі стваралі свае цудоўныя казкі мясцовыя казачнікі Дудар, Кулеш і іншыя. Паданні, легенды, казкі, прымхі Ганцаўшчыны ляглі ў аснову напісання твораў вядомага беларускага этнографа, фалькларыста Аляксандра Сержпутоўскага. У вёсцы Люсіна беларускі класік Якуб Колас пачынаў свой творчы шлях: тут ён напісаў першую кнігу "У палескай глушы" вядомай трылогіі "На ростанях". Ганцавіцкая зямля ўзгадавала і такіх цудоўных майстроў роднага слова, як Міхась Рудкоўскі, Уладзімір Марук, Алесь Каско, Іван Кірэйчык і іншых, выпесціла і цяпер гадуе цэлае маладое пакаленне тоyнкіх знаўцаў паэтычнага слова. Сапраўды, ганцавіцкі край можна без памылкі назваць Беларускім Парнасам.

У сузор'і таленавітых паэтаў і празаікаў Ганцаўшчыны яркай зоркай вылучаецца паэт, празаік, перакладчык Віктар Канстанцінавіч Гардзей, аўтар многіх зборнікаў вершаў, раманаў, апавяданняў. Нядаўна мне пашанцавала сустрэцца з Віктарам Гардзеем у рэдакцыі "ЛіМ'а" , дзе ён працуе, і пісьменнік паведаміў мне некаторыя старонкі сваёй біяграфіі, расказаў аб сваёй творчасці.

Виктар Гардзей

Нарадзіўся Віктар Гардзей 19-га жніўня 1946-га года ў вёсцы Малыя Круговічы, што на Ганцаўшчыне, у простай працавітай сялянскай сям'і. Жыццё яго, як і ў большасці дзяцей цяжкага пасляваеннага часу, было няпростым: дзяцінства было галодным, а ў дапаўненне да ўсяго Віктар Гардзей рана страціў маці. Але аднавяскоўцы і родныя не далі хлапчука ў крыўду. Прытулак ён атрымаў у свайго дзеда Сцяпана, а выхаваннем займалася ягоная цётка Альжбэта, ды настаўнікі Круговіцкай сельскай школы. Цяга да літаратурнай творчасці ў малога Віктара праявілася рана, са школьных гадоў. Свой першы твор, апавяданне "Памылка", Віктар Гардзей напісаў у 1963-м годзе. З цягам часу яго творчыя задаткі ўсё часцей выяўляліся ў паэзіі. На працягу перыяду 1970-90-х гадоў Віктар Гардзей выдаў шмат зборнікаў паэзіі, такіх як "Незабудкі азёр", "Касавіца", "Засевак Радзімы" ды іншых. Працаваў пісьменнік спачатку ў Ляхавіцкай раённай газеце, a потым — у сваёй роднай, Ганцавіцкай "раёнцы". Тут на развіццё яго здольнасцяў як пісьменніка, вялікі ўплыў аказаў яго літаратурны настаўнік пісьменнік, журналіст Васіль Праскураў, які ў той час быў галоўным рэдактарам гэтай газеты. Назапасіўшы досведу ў "раёнках", Віктар Гардзей паступае на факультэт журналістыкі Белдзяржуніверсітэта, пасля заканчэння якога пераязджае ў Мінск. У сталіцы ён працаваў у часопісах "Родная прырода", "Вожык", "Маладосць", у выдавецтве "Мастацкая літаратура". У 1979-м годзе Віктар Гардзей быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў СССР.

У мяне на стале ляжыць нядаўна выдадзены паэтычны зборнік Віктара Гардзея "Трыадзінства". Чытаю яго вершы і не магу адарвацца ад чытання, настолькі ўражвае мяне яго лірыка. З такой жа смагай я "паглынаю" і вершы выдатнай паэткі Ларысы Геніюш. Многія творы паэта напісаны на рэгіянальным матэрыяле Берасцейшчыны і яго роднай Ганцаўшчыны. У сваіх вершах Віктар Гардзей выказвае сваю замілаванасць краявідамі роднай зямлі, аб чым сведчаць нават назвы іх: "Зялёны гай, і цень вярбы самотнай", "Кветкі роднай зямлі", "Пушча". Лірычнаму герою вершаў паэта прыемна слухаць перапёлачку ў "зялёнага жыта разлівах", прылёт буслоў нясе землякам шчаслівыя імгненні. Многія вершы Віктара Гардзея прасякнуты непакоем за экалагічны стан роднага Палесся ("Прадчуванне пустыні", "Родная зямелька журыцца ў бядзе..."). На душы ў паэта горыч ад спасцігнуўшай нашу краіну бяды — радыяцыйнага забруджвання.
"Чорны Роджар да свайго крушэння,
На агні Чарнобыля плыве"
— піша паэт. Віктар Гардзей занепакоены таксама станам роднай беларускай мовы, якая паступова знікае. У сваім цудоўным вершы "Матчына слова" ён падае беларускую мову ў выглядзе бездапаможнай птушкі кнігаўкі, а руская мова ў яго вершы — драпежны двухгаловы арол. Вось радкі з гэтага верша:
"Без крывінкі матчынае слова:
Кнігаўку чужы дзярэ арол ".
He забывае Віктар Гардзей і пра маленькіх чытачоў:
"Брудным быць не хоча коцік:
Мые спінку і жывоцік",
— піша ён ў сваім дзіцячым вершы "Коцік". Вядомы ён і як аўтар казак для дзяцей. Новымі фарбамі талент пісьменніка заззяў пасля з'яўлення ў друку такіх празаічных твораў як трылогія "Аселіца ў басейне Чорнага мора", раман "Бедна басота", зборнікі прозы "Карані вечнага дрэва", "Уратуй ад нячыстага". Пісьменнік вядомы і як выдатны перакладчык.

Неабходна падкрэсліць, што героямі яго твораў з'яўляюцца простыя людзі Ганцаўшчыны, роднай вёскі пісьменніка Малыя Круговічы. Сваю любоў да роднага краю, да шматпакутнай маці-радзімы Беларусі пісьменнік выказвае ў многіх сваіх вершах. У адным з вершаў ён піша:
"Мой выток — на сонечных палях.
Мой выток у нетрах Беларусі".
Любяць і шануюць землякі Віктара Гардзея, аб чым сведчыць наступны факт: неяк жыхары вёскі Малыя Круговічы на патаемным сходзе вырашылі пераіменаваць вясковую вуліцу імя Суворава ў вуліцу імя Віктара Гардзея. Яны сабралі шмат подпісаў, і, хаця з вялікімі цяжкасцямі, але дамагліся свайго. Гэта на Беларусі рэдкі выпадак, калі пры жыцці пісьменніка яго імя носіць вуліца. Ці ж гэта ні яскравая адзнака прызнання насельніцтва таленту творчасці пісьменніка? Паэт, празаік, перакладчык Віктар Гардзей не аблашчаны сённяшнімі ўладамі, ён не мае ні ганаровых званняў, ні высокіх узнагарод, але ён сапраўдны Народны пісьменнік!

Віктар Гардзей, Малыя Круговічы
Вуліца Віктара Гардзея ў Малых Круговічах

19-га жніўня Віктару Канстанцінавічу спаўняецца 65 год з дня нараджэння. Ад імя яго землякоў, ад шматлікіх прыхільнікаў яго таленту, ад родных і сяброў пісьменніка хочацца ад усяго сэрца пажадаць яму моцнага здароўя! Трэба спадзявацца, што паважаны Віктар Канстанцінавіч парадуе ўсіх нас яшчэ не адной кнігай шчырых, высокамастацкіх вершаў і прозы, таму што
"He пагасне язычніцкі Зніч-
Яркі бляск асвятляе загоны.
На пагорках маіх Кругавіч
Дабравестам царкоўныя звоны".
Катэгорыя: Іншае | Дабавіў: admin (18.08.2011) | Аўтар: Лявон ЦЕЛЕШ, газета “Наша Слова”
Праглядаў: 2580 | Тэгі: Літаратурная Ганцаўшчына, газета Наша Слова, Віктар Гардзей, Лявон Целеш, Малыя Круговічы | Рэйтынг: 5.0/5
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.