Пятніца, 29.03.2024, 08:52

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Анатоль Трафімчык

Сілавыя органы польскай улады ў заходнебеларускай сельскай мясцовасці (на прыкладзе прымежнай Круговіцкай гміны)
Пасля сацыяльных катаклізмаў Першай сусветнай і польска-савецкай войн вёска Вялікія Круговічы (зараз Ганцавіцкі раён Брэсцкай ваобласці) з кастрычніка 1920 года апынуліся пад польскім панаваннем і з заключэннем 18 сакавіка 1921 года Рыжскага мірнага дагавора ўвайшла ў склад Польскай Рэспублікі.

Населены пункт захаваў свой статус сярод навакольных вёсак. Сяло стала цэнтрам даволі прадстаўнічай, мяркуючы па колькасці населеных пунктаў (больш васьмі дзясяткаў), гміны. Яна была самай паўночнай у Лунінецкім павеце (пасля выключэння з яго ў 1926 годзе Заастравецкай гміны). Ад мяжы населены пункт раздзяляла каля 30 км. Хаця названая тэрытарыяльная адзінка і не мела судакранання з дзяржаўнаю мяжою, гэты факт стаў важным чыннікам вясковага жыцця.

Улада, што натуральна, удзяляла больш пільную ўвагу прымежнай тэрыторыі. Гэта адбівалася на забеспячэнні аховы правапарадку, канструкцыя чаго і прапануецца ў дадзенай рабоце.

Цывільная ўлада звычайна грунтуецца на ахове правапарадку ўзброенай сілай. Традыцыйна яе прадстаўляе перш за ўсё паліцыя. Але ў выпадку з Круговіцкай гмінай яшчэ дадавалася частка пагранічнікаў. Усё ж мясцовасць знаходзілася зусім блізка ад самай варожай для Польшчы дзяржавы — СССР. З асяродку цывільнага насельніцтва таксама далучылі шэраг памочнікаў.

Паліцыя

Тым не менш пачнём разгляд з паліцыі. Яна структуравалася сеткай пастарункаў. Іх у Круговіцкай гміне на 1925 год налічвалася чатыры. Яны размяшчаліся ў такіх населеных пунктах, як мястэчка Ганцавічы, вёскі Вялікія Круговічы, Дзяніскавічы, Нача. На кожным з іх служыла па некалькі чалавек на чале з камендантам. У Круговічах, напрыклад, чатыры.

Cупрацоўнікі праўлення гміны Круговічы і пастарунка 4 кастрычніка 1934 года на фоне будынка гміннага праўлення. Паводле архіўных матэрыялаў паліцыі, намі ўстаноўлены прозвішчы паліцэйскіх, якія служылі ў сярэдзіне 1930-х гадоў: камендант Войцех Юркевіч, старэйшыя пастарунковыя Станіслаў Кашковяк, Лукоўскі, пастарунковы Баран. На жаль, суаднесці іх з асобамі на картцы не ўяўляецца магчымым

Пастарунак з’яўляўся аўтаномнай дзяржаўнай установай. У сувязі з гэтым ён меў свае атрыбуты, перадусім пячаць. Прычым існавалі розныя віды пячацей.

Пячаці пастарунка дзяржаўнай паліцыі ў Круговічах і подпіс каменданта Войцеха Юркевіча

Пячаці пастарунка дзяржаўнай паліцыі ў Ганцавічах і подпіс каменданта

Паліцыянты былі пакліканы быць узорным элементам улады. Аднак на практыцы іх служба праяўлялася адваротным бокам. Выкананне іх службовых абавязкаў нярэдка характарызавалася бесцырымоннасцю і шматлікімі парушэннямі свайго ж заканадаўства. Іх выяўлялі палітыкі, якія змагаліся за ўладу. Толькі Антоні Кардоўскі, дэпутат парламента першага склікання ад разглядаемай мясцовасці, па Круговіцкай гміне сабраў інфармацыю пра шэраг парушэнняў з боку паліцыі. Так, 1 кастрычніка 1922 года ў жыхара вёскі Лактышы Васіля Мышкаўца камендант круговіцкага пастарунка Камінскі самавольна, беспадстаўна канфіскаваў 20 пудоў сена, якое везлася на кірмаш у Ганцавічы. Другім разам 10 лістапада таго ж года гэты ж паліцыянт, пагражаючы рэвальверам, выцяў кругаўца Спірыдона Аскерку па галаве. Адзначыліся і нехта Хылінскі з калегам па службе ў паліцыі Хыбам, якія таксама прымянілі рукапрыкладства стасоўна круговіцкага жыхара Антона Студэнта. Акрамя таго, былі іншыя парушэнні.

Паліцыя набіралася не з мясцовых жыхароў — прысылалася з этнічнай польскай тэрыторыі. "Крэсы” для паліцыянтаў былі чужымі. Кепскае знаёмства з краем, няведанне псіхалогіі тутэйшых адзначалася ў дакументацыі чыноўнікаў Круговіцкай гміны 1924 года.

Разам з тым паліцыю на Крэсах не лічылі надзейнай. Асабліва ў першай палове 1920-х гадоў. Так, аднойчы, паводле паведамлення пра падзеі ў Круговіцкай гміне, сышло ў СССР адразу 35 паліцэйскіх са зброяй і рыштункам (не сказана, аднак, ці былі сярод іх служачыя пастарункаў названай гміны). Як гаварылася ў дакладной аднаго мікашэвіцкага чыноўніка палескаму ваяводзе пра дзейнасць на тэрыторыі Лунінецкага павета дэпутата Сейма сацыяліста Станіслава Валіцкага (1923), "увогуле ж на Усходніх Крэсах падарванне аўтарытэту польскай дзяржаўнасці з’яўляецца справаю дзяржаўнай паліцыі, якая хіба толькі і паклікана, каб узрушваць мясцовы люд, вынікам чаго ўтварыліся партызанскія атрады, якія перыядычна дзейнічаюць без каардынацыі сваіх акцый, знішчаюць і забіваюць паліцыю і войтаў” (паліцыя прыцягвалася да барацьбы супраць партызан, але не грала тут ключавой ролі).

Маральнае аблічча паліцыянтаў таксама не з’яўлялася належным. У польскай гістарыяграфіі гаворыцца пра "ўсеагульнае п’янства” і хабарніцтва, а таксама самаўпраўства сярод праваахоўнікаў. Гэта каталізавала недавер да іх боку тутэйшых.

У 1931 годзе медыйную прастору Польскай Рэспублікі ўскалыхнуў няшчасны выпадак, звязаны з камендантам пастарунка дзяржаўнай паліцыі ў Круговічах. Яго жонка Уладыслава Срачынска была застрэлена з рэвальвера. Прычым зрабіла гэта сястра ахвяры. Крыніца, аднак, не паведамляе, ці гэта выпадковае здарэнне ці праднамеранае (у сувязі, напрыклад, з нейкаю сваркаю).

У той жа час галоўнае, дзеля чаго была паклікана паліцыя, — захаванне парадку сярод насельніцтва — пакідала жадаць лепшага: злачынстваў адбывалася параўнаўча шмат. Галоўным чынам — крадзяжоў. Хіба на другім месцы знаходзіліся бойкі з прычыненнем цялесных пашкоджанняў. Яны адбываліся рэгулярна. Пра гэта сведчыць хаця б кароткі, трохмесячны адрэзак пачатку 1939 года. Назавём выпадкі, зарэгістраваныя мясцовай паліцыяй (несумненна, акрамя іх, заставаліся і бойкі, пра якія ахоўнікі правапарадку не ведалі; прычым такіх звычайна бывае болей):
— 9 студзеня, Еськавічы: пабіліся Васіль Пішч, Яўхім, Ян і Сяргей Швайкі ў стане алкагольнага ап’янення, у выніку чаго першы атрымаў цяжкія пашкодданні; 
— 15 студзеня, Востраў: падчас танцаў Аляксандр Бобка нанёс цяжкія пашкоджанні цела Міхалу Лойку за тое, што той выкінуў яго;
— 15 лютага, Дзяніскавічы ІІ: на вяселлі з прычыны зайздрасці з-за дзяўчыны Васілём Зялёнкам быў пабіты Пракоп Карпеня:
— 19 лютага, Агарэвічы: падчас танцаў на мясцовым хутары з-за дзяўчыны быў пабіты Антон Мініч жыхаром таго ж хутара Аляксандрам Хрушчакам ды іншымі мясцовымі;
— 19 сакавіка, Дзяніскавічы І: падчас танцаў з прычыны спрэчкі з-за музыканта узнікла бойка паміж Андрэем Глебам, Юрам Глебам, Тамашам Зялёнкам, Алексам Зялёнкам, Нікадымам Зялёнкам і Давідам Галузам, падчас якой апошниі трое былі цяжка паранены нажамі. Падазраваныя (першыя два) былі затрыманы. Недзе праз тыдзень Нікадым Зялёнка памёр у бальніцы;
— 25 сакавіка, Будча: Гайцюкевіч Сяргей 46 гадоў пачаў сварку з Акулінай Чычка, схапіўся за сякеру і кінуў у жанчыну. Сякера адскочыла ад зямлі і цяжка параніла маці Акуліны Матрону Чычка ў правую нагу;
— 26 сакавіка, Дзяніскавічах ІІ: солтыс гэтай вёскі, выконваючы рэкамендацыю лекара ветэрынарыі ў Лунінцы і войта Круговіцкай гміны аб прафілактыцы пашырэння яшчуру, быў цяжка пабіты калком па руках Тодарам Рулінскім.

Гэтакі стан рэчаў, несумненна, не задавальняў уладу. Асабліва непрымальны ён быў на прымежнай тэрыторыі. Таму становішча імкнуліся выправіць.

Як ужо было сказана, такая рэгулярнасць назіралася напрыканцы польскага панавання. Адпаведна няма сумнення, што і да таго часу было як мінімум не лепей.

Пагранічнікі

Дапамагалі паліцыянтам у Круговіцкай гміне вайскоўцы. Блізкасць ад польска-савецкай мяжы абумовіла знаходжанне тут яе ахоўнікаў. Першыя месяцы польскай улады (з восені 1920 года) гэта былі звычайныя вайсковыя часкі, для якіх толькі-толькі закончыліся баявыя дзеянні. Ім на змену прыйшлі структуры пад назвай "Мытныя батальёны”. Праз няпоўны год, у канцы вясны 1922 года на іх месца прыйшла Памежная ахова, а яшчэ праз год з нечым — Памежная паліцыя. Яны не маглі справіцца не толькі навядзеннем парадку на тэрыторыі гміны, але і ў галоўнай сваёй справе — аховы мяжы, якая некалькі гадоў заставалася даволі празрыстай.

Усе пералічаныя сілавыя структуры, натуральна, не задаволілі дзяржаўнае кіраўніцтва. Таму неўзабаве Варшава вырашыла стварыць грунтоўную памежную ахову, якая б, акрамя сваёй галоўнай функцыі, дапамагала паліцыі. Новапаўсталая Польская Рэспубліка была склеена з зямель, якія ўваходзілі ў тры розныя дзяржавы. Непрыяцеляў адроджанай Польшчы заставалася нямала, асабліва на ўскрайках дзяржавы. Заходняя Беларусь увогуле характарызавалася тым, што яна некалькі разоў пабачыла бальшавікоў і яны знайшлі тут ідэйных сімпатыкаў. З гэтым трэ было неяк спраўляцца. Так паўстала сістэма Корпусаў аховы памежжа (КАП, па-польску KOP — Korpus Ochrony Pogranicza).

У межах Круговіцкай гміны такі корпус узнік пазней за ўсіх — адно ў 1925 годзе. Размяшчаўся корпус ажно ў двух населеных пунктах. Галоўная база знаходзілася ў Людвікова. Там дыслакаваўся батальён. У канцы 1936 года яго склад крыху не даходзіў да 700 жаўнераў, з якіх 20 было афіцэраў, 64   падафіцэры, больш за 600 — радавых і сяржантаў. Акрамя таго, у Ганцавічах (да 1933 ці 1934 года — у вёсцы Навасёлкі на поўдзень мястэчка) распалагаўся эскадрон (Szwadron Kawalerii KOP "Hancewicze”) з 78 уланамі і 13 афіцэрамі ці падафіцэрамі. Па Круговіцкай гміне ад 6 лістапада 1924 года (фармальна) пагранічнікі асіставалі (тэрмін з польскай дакументацыі) праваахоўным органам з наступным падзелам зон: 
— у раёне Ганцавічы — Малькавічы (заходняя частка Круговіцкай гміны, участак уздоўж чыгункі Баранавічы — Лунінец) — эскадрон уланаў,
— у раёне Дзяніскавічы — Чудзін — Лактышы (усходняя частка гміны) — 15-ы батальён "Людвікова”.

Да апошняга быў прымацаваны пастарунак жандармерыі КАП. Яны прызначаліся галоўным чынам для дысцыплінізацыі саміх пагранічнікаў.

Наогул памочнікаў у паліцыі было больш чым салідна — ледзь не 800 пагранічнікаў, прычым у тым ліку з эскадронам кавалерыі. Апошняя акалічнасць спрыяла мабільнасці і аператыўнаму рэагаванню на падзеі.

Як і ў паліцыі, у пагранічнікаў былі праблемы з маральнасцю паводзін. Так, найперш адзначаецца злоўжыванне алкаголем. Службоўцы Круговіцкай гміны не былі тут выключэннем. На той глебе здараліся крывавыя інцыдэнты. Так, адзін з іх адбыўся недзе ў апошнія дні 1938 года ці першыя 1939 года. Тады ў мястэчку п’яныя службоўцы КАП у Ганцавічах Піскаж і Зялінскі на свяце, што арганізаваў касцёл, усчалі бойку на нажах з Янам Пэлянам і нанеслі яму цяжкія цялесныя пашкоджанні. Болей за тое, следчы па гэтай справе Явароўскі праз некалькі дзён у пастарунку ў Ганцавічы быў удараны два разы кулаком па галаве вахмістрам Кэндзюрам са швадрона КАП "Ганцавічы”, а старшы пастарункавы Блашчык быў піхануты капралам Піскажам так моцна, што упаў на зямлю. Следства ўзяўся праводзіць пастарунак жандармерыі КАП у Людвікове . Як бачым, за паўтара дзясятка гадоў дысцыпліна ў КАП заставалася праблемнай. Мяркуем, што гэта не магло не адбівацца адмоўна і на стасунках вайскоўцаў з тутэйшымі, што, аднак, прапаганда імкнулася падаваць пад іншым соўсам — у святле прыязных узаемадачыненняў і дапамогі абарыгенам з боку пагранічнікаў (у газетах, найперш саміх пагранічнікаў, расказвалася, як шмат прыкладаецца службоўцамі намаганняў дзеля ўпарадкавання мясцовай занядбанай тэрыторыі, выхавання культуры і асветы сярод цёмнага насельніцтва, клопату яго падрастаючага пакалення і інш.).

Перад адным з парадаў КАП "Людвікова”. Адбітак фотаздымка з газеты

Камандзір батальёна "Людвікова” (верагодна, маёр Адам Ляшук – mjr Adam Laszuk) размаўляе са старою, якая лічыць сабе 106 гадоў. Адбітак фотаздымка з газеты.

Частка асабовага складу пагранічнага эксадрона Ганцавічы (з гасцямі-паліцыянтамі)

Апора сілавікоў сярод цывільнага насельніцтва

Акрамя афіцыйных і адкрытых сілавых структур, была арганізавана вярбоўка вяскоўцаў паліцэйскімі – стварэнне так званай тайнай экспазітуры. У 1925 годзе на ўвесь Лунінецкі павет, у склад якога ўваходзілі Круговічы, было 39 тайных агентаў (іх называлі канфідэнтамі). Але ў наступныя гады лічба гэтая мела тэндэнцыю да росту. У саміх жа Круговічах, паводле дадзеных 1935 года, было чатыры агенты ва ўзросце 24—32 гадоў. Для параўнання: у Хатыніцкім паліцэйскім пастарунку (суседняя гміна) налічвалася 18 канфідэнтаў. Рэкордную колькасць па вёсках Круговіцкай гміны далі Дзяніскавічы — 31 агент. Адваротны прыклад — пра наяўнасць тайных агентаў з суседняга Чудзіна не паведамляецца, то, магчыма, іх і не было. Лунінецкі краязнавец Васіль Туміловіч піша, што "ў адной з вёсак цяперашняга Ганцавіцкага раёна таксама нікога не завербавалі! Тады паліцыя запісала ў даносчыкі настаўнікаў мясцовай школы і прыгразіла, што калі тыя не будуць дакладваць пра мясцовы люд, то страцяць працу. Дайшло да цынізма, бо гмінны пастарунак аб сваім «поспеху» шчыра пахваліўся ў дакладзе вышэйшай інстанцыі”.

Лягчэй за ўсё завярбоўвалі тых, хто баяўся страціць працу, — паштальёнаў, настаўнікаў, солтысаў... Многія ішлі на такую таемную службу добраахвотна. Натуральна, калі іх погляды былі праўладнымі. Або (пры апалітычнасці) — дзеля грошай ці адчування ўлады над людзьмі.

Прозвішчы некаторых трохі пазней стануць вядомымі праз іх выкрыццё савецкай уладай. Так, адным з іх быў колішні афіцэр царскай арміі жыхар вёскі Будча Герасім Майсеевіч Міхнюк.

Акрамя таго, існавалі і тыя, хто не быў прыняты афіцыйна на такую службу, але звесткамі дапамагаў паліцыі. Іх называлі інфарматарамі.

Агенты павінны былі дакладваць пра нядобранадзейных асоб і пэўнага плану падзеі ў паліцыю. Самі паліцэйскія службоўцы адзначалі дастатковую эфектыўнасць павятовай сеткі сваіх тайных агентаў. Хоць польскія гісторыкі гэта схільны лічыць выгадным для паліцыі перабольшваннем, сцвярджаючы, што насамрэч эфекту ад завербаваных агентаў было не столькі, на колькі разлічвалі.

Дапамагалі паліцыі ў справе кантролю (асабліва над палітычнай добранадзейнасцю) таксама асаднікі. Іх палітычная лаяльнасць да польскай дзяржавы была наймацнейшай. Яны мелі зброю і ўвогуле сталі адным з важнейшых апірышчаў адміністрацыі. Да іх належалі тыя, хто атрымаў зямельныя надзелы і нават маёнткі за ўдзел і гераізм у польска-савецкай вайне. Звычайна на гміну такіх было па некалькі гаспадароў. Але не трэба блытаць з імі жыхароў населеных пунктаў, што называліся асадамі: не кожным з іх валодаў прыбылы з этнічнай Польшчы герой вайны. Таму наяўнасць 13 асадаў у Круговіцкай гміне не азначае, што ўсе яны былі заселены польскімі каланістамі. Колькасць асад з такімі перасяленцамі намі не ўстаноўлена, але, згодна з логікай, меншая за лічбу асадаў. Па нашых ацэнках, у Круговіцкай гміне магло быць 2—4 асады. У сярэднім на адну асаду па Лунінецкім павеце прыпадала 9 асаднікаў. У Палескім ваяводстве наогул іх налічвалася 1146.

Асадніцтва можна лічыць яшчэ адной формай, метадам каланізацыі краю. Гэта было падобным за раздачы беларускіх зямель ды іншай нерухомасці расійскім ваеннаслужачым, якія падаўлялі паўстанні на Беларусі. Цікава, што ў савецкіх дый многіх сучасных падручніках і кнігах па гісторыі Беларусі такая ацэнка сустракаецца толькі адносна польскага асадніцтва. Хоць для беларусаў яно было параўнаўча тоесным расійскай каланізацыі.

Акрамя таго, існавала лясная ахова (таксама ўзброеная). Круговіцкая гміна была даволі лясістай. Таму не дзіва, што ў ёй было нямала леснічовак. Толькі ў 1921 года іх налічвалася сем-восем. За паўтара дзясятка гадоў іх сетка пашырылася ў разы тры і дасягнула 23.

За стражнікаў (леснікоў) ці егераў бралі толькі добра правераных асоб. Нярэдка гэта былі прысланыя з этнічна польскіх зямель. Іншым разам да службы дапускаліся і мясцовыя. Начальнікамі тут выступалі хіба толькі этнічныя палякі. Усё гэта відаць на прыкладзе адміністрацыі і стражнікаў разглядаемага рэгіёна на самым пярэдадні Другой сусветнай вайны. Сярод лясной аховы быў высокі працэнт афіцыйна аформленых канфідэнтаў.

Ляснічы Адам Бугала з жонкай і дзецьмі падчас працы ў Круговіцкай гміне (1899, пад Чанстаховам –1961, Ольштын). З мая 1932 года да верасня 1939 года працаваў надляснічым у Дзяніскавічах у ардынацыі Радзівілаў

***

Такім чынам, сілавыя органы ў Польскай Рэспубліцы сталі важнейшым сродкам ажыццяўлення ўлады. Прычым у Круговіцкай гміне прысутнічала не толькі сетка паліцэйскіх пастарункаў, але і вайсковыя часткі пагранічнікаў. Яны таксама прыглядалі за парадкам. Сетка назірання над заходнебеларускім насельніцвам, яго прававога кантролю была створана даволі шчыльная. З улікам наяўнасці вайскоўцаў Круговіцкая гміна ўвогуле трапляла пад нагляд сілавых органаў Польскай Рэспублікі багата больш пільны, чым гэта было ў гмінах, размешчаных далей у глыб дзяржавы. Усяго, па нашых ацэнках, актыўная апора ўлады ўключала да 1000 чалавек — пагранічнікаў, паліцэйскіх, чыноўнікаў, памешчыкаў, стражнікаў і ўвогуле палякаў (па саматоеснасці). Для зручнасці завярбоўваліся даносчыкі. Важнай падтрымкай улады былі асаднікі. Гэта на гміну з агульным насельніцтвам каля 15 тысяч.

Прававыя калізіі і канфлікты пры немагчымасці разабрацца на месцы вырашаліся ў судах. Такія інстанцыі ніжэйшага ўзроўню — міравыя суды — мелі не надта густую сетку. Адзін з судоў, напрыклад, быў у Ганцавічах. Ён быў разлічаны на дзве гміны — Круговіцкую і Хатыніцкую. Вышэйшы суд — акруговы — быў у Пінску.

Як бачна на прыкладзе Круговіцкай гміны, польская ўлада арганізавала даволі моцную базу. У ёй сапраўды была неабходнасць. Заходнебеларускае насельніцтва ў асноўным не ўспрымала Польскую Рэспубліку як сваю дзяржаву.
Катэгорыя: Анатоль Трафімчык | Дабавіў: vitalis (13.10.2021) | Аўтар: Анатоль ТРАФІМЧЫК - часопіс БГЧ
Праглядаў: 887 | Рэйтынг: 5.0/1
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 5
Гасцей: 5
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.