Чацвер, 28.03.2024, 17:33

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Віталь Герасіменя » Іншае

Мястэчка Ганцавічы ў турысцкіх даведніках 1930-х гадоў
У 1935 годзе ў Варшаве пабачыла свет кніга «Даведнік па Польшчы» («Przewodnik po Polsce»), якая была выдадзена Саюзам польскіх турысцкіх таварыстваў. Складалася яна з чатырох тамоў, а ў першым з іх пад назваю «Паўночна-ўсходняя Польшча» («Polska północno-wschodnia») ёсць невялікі артыкул, які прысвечаны мястэчку Ганцавічы і прылягаючай да яго мясцовасці.

Вокладка кнігі «Даведнік па Палессю» («Przewodnik po Polesiu»), што была выдадзена ў 1935 годзе ў Брэсце

Сама кніга была аздоблена мапамі і планамі гарадоў, а таксама пэўнай колькасцю фотаздымкаў. У гэтым жа 1935 годзе ў Брэсце за аўтарствам Міхаіла Маршака была выдадзена кніга «Даведнік па Палессю» («Przewodnik po Polesiu»), дзе быў надрукаваны той жа самы артыкул.

Дык давайце ж звернемся да гэтай кнігі і пабачым, якім у турыстычным плане было прадстаўлена мястэчка Ганцавічы і частка тэрыторыі сучаснага Ганцавіцкага раёна.

*  *  *

Ганцавічы – лясістая мясцовасць, да апошняга часу тут у мястэчку знаходзіўся шкляны завод (размяшчаўся на месцы цяперашняга хлебазавода, яго уладальнікамі былі знакамітыя прамыслоўцы Вільгельм Краеўскі і Юліус Столе – заснавальнікі знакамітага зараз прадпрыемства па вытворчасці шкла «Нёман» у горадзе Бярозаўка Гродзенскай вобласці), які на сённяшні дзень не працуе. Ад Ганцавіч у бок Дзяніскавіч і Людвікова пракладзена вузкакалейка. Ганцавічы разам з Хатынічамі уваходзяць у комплекс уладанняў Шывошынскіх (па ўсёй бачнасці тут маецца на ўвазе Крывошынскіх; зараз – вёска Крывошын у Ляхавіцкім раёне), якія належаць графу Яраславу Патоцкаму. Агульная плошча земляў складае 100 тысяч гектараў. У вялікіх лясах дастаткова часта можна сустрэць ласёў. Дарогі адсутнічаюць, страшнае бездарожжа, глеба вельмі ўбогая, неўрадлівая, народ вельмі абмежаваны, асноўным сродкам яго існавання з’яўляюцца лясныя промыслы, якія ў сённяшні час вельмі запушчаныя. Тыповасць насельніцтва, да яго адзення і культуры, можна прыглядзецца ў мястэчку Ганцавічы ў базарны дзень у кожны чацверг (невялікі базарчык размяшчаўся на месцы сённяшняга кінатэатра «Маладосць» па вуліцы Кастрычніцкая).

Святочная працэсія вернікаў-каталікоў у мястэчку Ганцавічы ў 1930-я гады

У Ганцавічах знаходзіўся каталіцкі прыход, драўляны касцёл быў пабудаваны ў 1921 годзе і згарэў з большаю часткаю мястэчка ў 1934 годзе (размяшчаўся на месцы сённяшняга гарадскога Дома культуры, адбудаваны новы ў 1936 годзе). Праваслаўнае насельніцтва распараджаецца вялікаю царквою, ёсць дзве сінагогі, пошта, тэлеграф, паліцэйскі пастарунак, доктар і фельчар. Маюцца гасцініцы: Сачалава, Слуцкага, Ганцэвіча, Ліса і Вшэравіцкага. Кошт пакоя ў суткі складае 1 злоты і 50 грошай. Ёсць рэстаран Красінскага, абед – 1 злоты, кафейня Грамбецкага.

Цягнікі з боку Баранавіч на чыгуначную станцыю прыбываюць ў 0 гадзін 39 хвілін і 13 гадзін 35 хвілін, з боку Лунінца ў 5 гадзін 50 хвілін і 16 гадзін 43 хвіліны. Рух па вузкакалейцы не рэгулярны і залежыць ад колькасці сабраўшыхся людзей. Летам па вузкакалейцы цягнічок ад Ганцавіч да Дзяніскавіч і Людвікова і ў зваротным накірунку ходзіць адзін раз у суткі. Хоць дабірацца туды цяжка, але варта пабачыць гэтыя месцы. Праяжджаеш вялікія агромістыя старыя лясы ў верхнім цячэнні ракі Цна, бачны велізарныя балоты.

Касцёл Звествавання Дзеве Марыі ў мястэчку Ганцавічы, што быў пабудаваны ў 1936 годзе

Затрымаемся ў Дзяніскавічах. Тут можна пабываць на вялікім лесапільным прадпрыемстве, а таксама зайсці ў цікавую бібліятэчку дэкана (святара) Івана Вернікоўскага. У ёй можна знайсці вельмі старыя кнігі, што з’яўляецца вялікай рэдкасцю ў такой запушчанай мясцовасці. У Дзяніскавічах маецца драўляная царква, якая была пабудавана за некалькі гадоў да вайны (верагодна маецца на ўвазе Першая сусветная вайна). Каб даведацца, дзе пераначаваць можна звярнуцца ў адміністрацыю кіраўніка маёнтка князя Альбрэхта Радзівіла альбо да дырэктара школы. Канчатковым пунктам вузкакалейкі з’яўляецца мясцовасць Людвікова, што знаходзіцца ад Дзяніскавіч на адлегласці 24 км, а ад Ганцавіч – 40 км. Яна размяшчаецца над ракою Лань, якая на некаторай сваёй адлегласці з’яўляецца польска-савецкаю мяжою. Тут у Людвікова знаходзіцца гарнізон батальёна памежных войскаў, пошта і доктар. Маюцца гасцініцы Бувангера і Бярэзіна, а таксама карчма Ралецкага, дзе можна атрымаць абед за 1 злоты. З дазволу ваенных уладаў тут можна скарыстацца спартыўнаю пляцоўкаю і пабываць на памежнай заставе.

Па грунтовай дарозе з мястэчка Ганцавічы да Вялікіх Круговіч паміж вёскаю Нача і польска-каталіцкім Ясянцом, што знаходзяцца ва ўласнасці шляхецкага рода Абуховічаў, размяшчаецца цэлая шарэнга старых курганоў, пад назваю Шведскіх (на самой справае старажытныя курганы знаходзяцца менавіта ў межах трохкутніка Ясянец – Вялікія і Малыя Круговічы, яны складаюцца з некалькіх групаў, а агульная колькасць дасягае больш за 100. Па часе ўзнікнення яны датуюцца 11-12 стагоддзямі і належаць славянскім плямёнам дрыгавічоў). У самім Ясянцы на могілках размяшчаецца каталіцкая капліца з сямейнымі трунамі Абуховічаў (акрамя гэтага на дадзеных могілках ёсць каплічкі-пахавальні прадстаўнікоў шляхецкіх родаў Вендорфаў і Яленскіх).

Плошча мястэчка Ганцавічы да пажару 1934 года

Аб гэтай мясцовасці можна знайсці шмат цікавага, напрыклад шмат падрабязнасцей у сваіх успамінах-мемуарах Евы Фелінскай (паходзіць з роду Вендорфаў; удзельніца нацыянальна-вызваленчага руху на Беларусі, пісьменніца, мемуарыстка).

*  *  *

Дзякуючы такім ужо архіўным выданням мы маем магчымасць паглядзець на добра знаёмыя для нас мясціны праз больш чым 80 гадоў пасля таго, як была напісана і выдадзена кніга. А таксама зрабіць для сябе выснову, наколькі змяніўся наш край за гэты адрэзак часу.
Катэгорыя: Іншае | Дабавіў: vitalis (23.07.2017) | Аўтар: Віталь ГЕРАСІМЕНЯ
Праглядаў: 1832 | Тэгі: Ясянец, Дзяніскавічы, Людвікова, Вялікія Круговічы, Ганцавічы, Віталь Герасіменя, Ганцавіцкі раён | Рэйтынг: 5.0/1
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Хрысціянскія святыні Ганцаўшчыны [9]
Падарожжа-параўнанне па гораду Ганцавічы [7]
Гісторыя пажарнай службы Ганцавіцкага раёна [3]
З гісторыі чыгункі [2]
Музейны архіў [9]
Літаратурная карта Ганцавіцкага раёна [6]
Іншае [14]
Хто тут?
Анлайн усяго: 3
Гасцей: 3
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.