Пятніца, 29.03.2024, 03:17

ГРОДЗЕНСКІ КАСЦЁЛ ЗВЕСТАВАННЯ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ДЗЕВЕ МАРЫІ І КЛЯШТАР БРЫГІТАК

Галоўная »
ГРОДЗЕНСКІ КАСЦЁЛ ЗВЕСТАВАННЯ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ДЗЕВЕ МАРЫІ І КЛЯШТАР БРЫГІТАК размяшчаецца на захад ад гістарычнага цэнтра горада Гродна, сярод забудовы 19 — пачатку 20 ст. Кляштарны комплекс брыгітак і брыгітан заснаваны ў 1632—42 гг. Пабудаваны ў 1634—42 гг. з цэглы па фундацыі К. і А. Весялоўскіх. Комплекс уключае касцёл, жылы корпус, што ўтварае квадратны ўнутраны двор, драўляны лямус, высокую мураваную агароджу з пластычнымі брамамі (захаваліся часткова) і вуглавымі васьміграннымі вежамі. Касцёл асвячоны ў 1651 г. віленскім біскупам Е.Тышкевічам. А.Сабеская адпісала кляштару мястэчка Крамяніца, фальваркі Князева, Мартынаўшчына, Вузлаўцы, Шылавічы, Задвор'е, Рагозніца, вылучыла грошы на шпіталь.


Першай ігуменняй у 1640 г. была люблінская ваяводзіна Г.Сабеская. Звычайна пры кляштары пражывала 20—30 манашак магнацка-шляхецкага паходжання, духоўнікамі і капеланамі былі мясцовыя ксяндзы-бернардзінцы, ад паслуг якіх адмовіліся ў 1752 г. У 1842 г. кляштар скасаваны, у яго будынках пасялілі манашак з закрытых кляштараў бенедыкцінак у Нясвіжы, брыгітак у Луцку, дамініканак у Навагрудку; у канцы 19 ст. засталося 5 манашак. Адлюстраваны на малюнку Н.Орды (другая палавіна 19 ст.). У 1908—40-я гг. кляштар належаў ордэну назарэтанак. 3 1909 г. пробашчам пры кляштары быў Ф.Грынкевіч (1884—1933 гг.) — беларускі рэлігійны і культурны дзеяч. Пасля Вялікай Айчыннай вайны ў кляштары размяшчаліся медыцынскія ўстановы. У 1990 г. касцёл перададзены рымска-каталіцкай царкве. 02.06.1992 г. асвячоны архібіскупам Т. Кандрусевічам.

Кaсцёл — помнік архітэктуры ранняга барока. Размешчаны ў паўночнай частцы комплексу. Аднанефавы двухвежавы храм з паўцыркульнай апсідай накрыты агульным высокім чарапічным дахам. Фасады расчлянёны паўцыркульнымі высокімі аконнымі праёмамі і крапаваны ў прасценках карынфскімі пілястрамі, аб'яднанымі агульным антаблементам. Франтальны фасад храма вырашаны плоскасцю, якая ў складаным рытме крапуецца карынфскімі пілястрамі, трымя ярусамі складанапрафіляваных антаблементаў, арачнымі праёмамі і нішамі для скульптуры. Фасад завяршае шчыт з трохвугольным франтонам, які бакавымі вітымі валютамі аб'ядноўваецца з чатырохграннымі ярусамі бакавых вежаў з партатыўнымі сігнатуркамі. Дэкор фасаднага фрыза выкананы ў тэхніцы сграфіта (раслінны арнамент у спалучэнні з выявамі міфалагічных істот). Сіметрыю кампазіцыі падкрэслівае лучковы франтон, запоўнены ляпнымі пуцці і раслінным арнаментам, які працягнуты і па фрызе фасада.

Зала храма перакрыта цыліндрычным скляпеннем, умацаваным падпружнымі аркамі і прарэзанымі над вокнамі распалубкамі. Апсіда аддзелена ад залы бакавымі пілонамі і перакінутай паміж імі аркай. Над уваходам — узнятая на два гранёныя слупы і трайную аркаду шырокая галерэя хораў, якая злучана з кансольным бакавым балконам з вітой лесвіцай. Архітэктурная пластыка інтэр'ера, як і фасада храма, заснавана на крапоўцы сцен пілястрамі стылізаванага карынфскага ордэра. Адсутнасць алтара кампенсуецца пазалочаным табернаклем. Па бакавых нефах і пад хорамі размешчана 14 гарэльефных сюжэтна-скульптурных пано на тэму Крыжовага шляху. У глыбокай арачнай нішы бакавой сцяны размешчана скульптурная кампазіцыя «Засмучаны Хрыстос і Марыя». У касцёле захоўваліся рэліквіі святога Клімента — заступніка горада.

Жылы корпус — помнік архітэктуры барока. Далучаны да паўночна-заходняй сцяны касцёла. Вырашаны двухпавярховымі карпусамі вакол унутранага двара-карэ. Фасады рытмічна члянёны маленькімі прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў простых ліштвах, аб'яднаных шырокім карнізам. У паўднёва-ўсходнім вугле кляштарнага комплексу — асобная прыбудова, на першым паверсе якой была трапезная, на другім — бібліятэка. Невялікія скляпеністыя памяшканні традыцыйна аб'яднаны ўнутранымі калідорамі-галерэямі па перыметры будынка.

Кляштарны корпус акаймаваны мураванай агароджай з вуглавымі гранёнымі вежамі і чатырмя брамамі. Найбольш манументальная з іх размешчана перад касцёлам і арганічна суадносіцца з ім сваёй ідэнтычнай барочнай архітэктурнай трактоўкай.


Лямус — помнік народнага дойлідства эпохі барока. Пабудаваны ў 1630-я гг. ў двары кляштара. Прамавугольны ў плане двухпавярховы зруб накрыты вальмавым дахам. Франтальны фасад вырашаны двух'яруснай слуповай галерэяй, дугападобныя падкосы надаюць ёй характар аркады.

Крыніца: Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін;
фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл.

Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1380]
Здарэнні [462]
Грамадства [465]
Эканоміка [36]
Транспарт [141]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Сакавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.