Пятніца, 29.03.2024, 14:01

МІЦКЕВІЧАЎ МУЗЕЙ-СЯДЗІБА «ЗАВОССЕ»

Галоўная »
МІЦКЕВІЧАЎ МУЗЕЙ-СЯДЗІБА «ЗАВОССЕ» — філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Заснаваны 11.11.1997 у в.Завоссе Баранавіцкага раёна паводле Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб святкаванні 200-годдзя з дня нараджэння паэта А.Міцкевіча». Адкрыты для наведвальнікаў 08.09.1998 г.

Гісторыя Завосся пачалася ў сярэдзіне 17 ст., у той час гэтыя землі належалі Радзівілам. Напрыканцы 18 ст. ў Завоссі нарадзіўся сусветнавядомы паэт-рамантык А.Міцкевіч. Паводле інвентару 1846 г. і плана фальварка 1842 г. сядзіба Міцкевічаў Завоссе месцілася ў трохкутніку дарог: паміж навагрудскім шляхам (з паўночнага ўсходу), дарогамі да Стачавіч (з захаду) і да Бартнікаў і Міра (з усходу). Падчас археалагічнага даследавання, у 10 — 12 м ад абеліска, што пазначаў месца сядзібы, на глыбіні 0,3 — 0,5 м былі знойдзены падмурак жылога дома, рэшткі печаў, у развалах якіх выяўлены фрагменты тэракотавай і зялёнапаліванай кафлі, і керамічнага посуду 18 — пачатку 19 ст., галандская белагліняная люлька 17 — 18 ст., фрагменты керамічных і бронзавых падсвечнікаў, аконнае і сталовае шкло.

Вынікі раскопак у сукупнасці з архіўнымі матэрыяламі дазволілі ажыццявіць праект аднаўлення сядзібы, у аснову якога лёг малюнак аднаго з сучаснікаў А.Міцкевіча, літаратара і мастака Э.Паўловіча.

Музейны комплекс узнавіў планіроўку шляхецкага фальварка 18 — пачатку 19 ст.: у цэнтры знаходзіцца дом, насупраць якога невялікі двухпавярховы свіронак, паабапал — абора і гумно, ёсць калодзеж-журавель, склеп і лазня. З 2006 г. загадчык музея-сядзібы А.І. Еўмянькоў.

Экспазіцыйная плошча 491,2 м². У 11 залах дома-музея разгорнута літаратурна-дакументальная экспазіцыя «Вяртанне пана Тадэвуша» (аўтар навуковай канцэпцыі А.Сташкевіч, мастак У.Капшай).

Яна знаёміць наведвальнікаў з вобразамі паэмы А.Міцкевіча «Пан Тадэвуш» — створанай у 1832-34 гг. ліра-эпічнай энцыклапедыі маляўнічага старапольскага побыту. Літаратурныя вобразы арганічна ўзаемадзейнічаюць з рэальнымі гістарычнымі падзеямі, якія мелі месца ў фальварку Завоссе на пачатку 19 ст.

Экспазіцыя пачынаецца ў сенях, дзе дэманструюцца паляўнічыя трафеі гаспадара дома, ражок, сядло, паляўнічая зброя і некаторыя прадметы гаспадарчага побыту. У сталовым пакоі, дзе збіралася сям'я і шматлікія госці, экспануюцца партрэты Т.Касцюшкі, Т.Рэйтана, Я.Ясінскага, падлогавы гадзіннік, абедзенны стол з крэслам і лавамі, буфет.

Наступны раздзел экспазіцыі — «Пакой Адама», дзе літаратурны вобраз змяняецца рэальнымі дакументамі пра сям'ю Міцкевічаў: дэманструюцца радаслоўнае дрэва, партрэты Адама і яго бацькоў, лісты маці і некаторыя іншыя атрыбуты гісторыі сям'і. Прадстаўлены аналаг куфра А.Міцкевіча, абраз Маці Божай Вастрабрамскай, камода, чарніліца і кнігі. Наступнае значнае звяно шляхецкага дома — аптэчка, спецыяльная кладоўка, у якой захоўваліся лекавыя травы, настоі з іх і наліўкі. Сярод экспанатаў куфар, збанок, макацёр, аптэчныя бутэлькі і інш.

Спальны пакой адпаведна сюжэту паэмы «Пан Тадэвуш» мае выгляд жаночага пакою: дэманструюцца фісгармонія, шкатулкі, люстэрка, канапка, веер, сукенка і інш. На кухні экспануюцца глякі, збанкі, жароўня, сальніца, конаўкі, ступка, паднос, дзежка і інш.

Заканчваецца экспазіцыя дакументальнай залай. У ёй прадстаўлены матэрыялы археалагічных раскопак — фрагменты збанкоў, шкляных бутэлек, фаянсавага посуду, керамічных гаршкоў 18 — пачатку 19 ст., копіі дакументаў, якія адносяцца да гісторыі фальварка.

He меншую цікавасць уяўляюць і іншыя пабудовы сядзібы. Сярод іх свіронак, на другім паверсе якога адпачываў юны Адам пад час школьных і студэнцкіх вакацый: дэманструюцца пісьмовы стол, дарожны куфэрак, рукамыйнік, канапа, падсвечнікі, чарніліца. На першым паверсе свіронка адноўлены традыцыйны інтэр'ер для такога тыпу памяшканняў: бочкі, плеценыя корабы, кошыкі, сіта, сукала, меры ёмістасці і інш.

У сядзібны комплекс уваходзяць таксама абора і гумно. У музеі адбываюцца літаратурныя сустрэчы, чытанні і музейныя святы. На аснове экспазіцыйных матэрыялаў праводзяцца лекцыі для школьнікаў.

Адрас: 225315, Баранавіцкі раён, в.Завоссе
Тэл.: +375-1634-325-10
Крыніца: Музеі Беларусі Музеи Беларуси / [рэдакцыйны савет: Г.П. Пашкоў,
Л.В. Календа, М.Г. Нікіцін]. - Мінск : Беларуская Энцыклапедыя, 2008. - 559 с.
Аўтар: І.Б. Лапцёнак
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1380]
Здарэнні [462]
Грамадства [465]
Эканоміка [36]
Транспарт [141]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Сакавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 6
Гасцей: 6
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.