Пятніца, 19.04.2024, 12:33

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Анатоль Трафімчык

Пажары ў жыцці заходнебеларускіх вяскоўцаў пры Польшчы на прыкладзе гміны Круговічы Лунінецкага павета Палескага ваяводства
Агонь суправаджае чалавека з самага золку цывілізацыі. Аднак нясе ён не толькі выгоды. Страта кантролю над свавольным полымем пастаянна стварала праблемы для насельніцтва, часта экзістэнцыйнага парадку. На кожным этапе развіцця чалавецтва, у любы гістарычны перыяд, акрамя падабенства, мелася і спецыфіка ў коле тых праблем. У дадзенай рабоце хацелася б звярнуцца да часу ўваходжання заходнебеларускага рэгіёна ў склад Польшчы (1920 – 1939 гг.). Як цярпелі нашы землякі ад пажараў? Пра гэта захаваліся звесткі ў польскіх архівах, і сёння ёсць магчымасць заглянуць у той час на прыкладзе Круговіцкай гміны.

Найлепей захаваліся матэрыялы па 1930-х гг. Да гэтага часу тэрыторыя Круговіцкай гміны, якая складала блізу ўсёй паўночнай часткі цяперашняга Ганцавіцкага раёна, была пакрыта густой сеткай пажарных пунктаў. Іх колькасць у розны час даходзіла да 10 (нават больш чым сёння). У Вялікіх Круговічах Добраахвотная Пажарная Ахова (ДПА) афіцыйна ўзнікла ў 1926 г., але першыя (хоць і няпэўныя) звесткі пра "пажарку" адносяцца да 1922 г. (праз чатыры гады адбылася толькі яе так званая легалізацыя). У мястэчку Ганцавічы ДПА ўзнікла ў 1923 г.


Праходжанне ўрачыстым маршам пажарнай аховы
вёскі Вялікія Круговічы, 1928 г.



Кіраўніцтва і члены Добраахвотнай Пажарнай Аховы
мястэчка Ганцавічы, 1929 г.



Дабраахвотная пажарная ахова вёскі Вялікія Круговічы
з пажарным абсталяваннем на фоне пажарнага дэпо, 1933 г.



Удзел Добраахвотнай Пажарнай Аховы ў складзе
ўрачыстай калоны пры правядзенні дзяржаўных святаў.
Мястэчка Ганцавічы, 3 мая і 11 лістапада 1934 г.

Абсталяванай досыць проста (на воз ўсталёўвалі бочкі з вадой і ручныя помпы) пажарнай каманды было недастаткова для змагання з сур'ёзнымі пажарамі. Аператыўнасці таксама ніякай: хіба ж можна было імгненна паспець прыцягнуць канём бочку да палаючай хаты з саламянай страхою?

Хуткасці распаўсюджвання агню спрыяла блізкае размяшчэнне сялянскіх пабудоў – хатаў і хлявоў. Вузкую прастору паміж хатамі ці хлявамі розных гаспадароў называлі суткамі ці сутачкамі. Нават паміж суседскімі будынкамі адлегласць часта складала пару-тройку метраў. (Дарэчы, хоць прыбіральні сялянам польскай уладай прадпісвалася ставіць, вяскоўцы ў азначанай мясцовасці "шанавалі" дзедаўскую традыцыю і хадзілі ў сутачкі.) Па ўспамінах сведкаў, у прыватнасці круговіцкія хаты размяшчаліся часта зусім на адлегласці 1,5 м: стрэхі напускаліся недзе на 70 см, плюс паміж імі пакідаўся прагал да 10 см. Рабілася страха звычайна з куля – спецыяльна адабранай, выцягнутай адмысловым чынам за абмалочаныя каласы жытняй саломы (у вёсках, наваколле якіх было больш забалочаным, стрэхі рабілі з чароту). З часам саламяныя стрэхі засталіся толькі на гаспадарчых пабудовах (у прыватнасці такі хлеў Адама Трафімчыка, дзеда аўтара, прастаяў у карыстанні да 1980-х гг.)

У выніку карысць ад дзеянняў пажарных была невысокай. Пры пажары нават у суседняй вёсцы служачыя ДПА маглі прыехаць фактычна на галавешкі.

Вялікая ўвага польскай уладай удзялялася супрацьпажарнай бяспецы. Кожны двор павінен быў быць падрыхтаваны да пажару і мець вёдры, рыдлёўкі, пясок і г. д. Існаваў строгі кантроль канструкцый печаў і каміноў. Праводзілася адпаведнае інфармаванне. Пажарныя і прадстаўнікі ўлады гутарылі з людзьмі, прымянялі і заахвочванні, і штрафы. У газетах прадпісвалі правілы, як належыць будаваць хату і печ у ёй. Прыводзім некаторыя вытрымкі з ваяводскай газеты "Polesie" за 12 жніўня 1925 г.: "Od budynków sąsiednich winny być budynki nieognietrwałe odległe conajmniej o 12 m., zaś budynki ognietrwałe conajmniej o 3 m. przyczem od granicy sąsiedniej posesji budynki niegnietrwałe winny być odległe o 4 m. <...> Budynkami ognietrwałymi są te, których ściany zewnętrzne główne są wykonane z materjałów niezapalnych, jak kamień, cegła, beton, glina i t.p. i pokrytych dachem z blachy, dachówki, płytek cementowych lub łupkowych, papy i t. p. <…> Budynki dłuższe od 25 m. winny być podzielone murami ognioochronnemi. <…> Piece powinny być budowane z marerjałów niezapalnych, a od podłogi drewnianej muszą być oddzielone 15 cm. warstwą ogniotrwałą, podłoga przed ogniskami, lub pod nożkami piecyków żelaznych winna być pokryta blachą. Kominy muszą być stawiane na fundamencie i z cegły palonej, a grubość ich ścian wynosić ma conajmniej pół cegły. Kominy winny być wyprawione wewnętrz, oraz na zewnątrz na strychu i ponad dachem, nad którym wystawać winny conajmniej 30 cm. Części niegniotrwałe budynku muszą być odpowiednio oddalone zarówno od komina jak i od rur żelaznych, łączących paleniska z kanałami dymowemi. Przekroj poprzeczny kominów wynosić ma conajmniej 13 na 13 centymetrów, a odchylenie 30 stopni". Тым не менш у вёсках Круговіцкай гміны заставалася шмат сядзіб, якія не адпавядалі ўсім уведзеным прадпісанням (натуральна, хаты і печы, узведзеныя да новых патрабаванняў, пад гэтыя правілы не пераробліваліся). Таму ўберагчыся ад неўтаймаванага агню вельмі часта людзі проста не маглі.

Увогуле тэму пажараў у польскія часы можна падзяліць на дзве часткі: 1) пажары ў сялянскіх гаспадарках; 2) лясныя пажары (лясы ў асноўным належалі панам). Для прыкладаў абмяжуемся добра асветленымі ў архівах 1936 – 1939 гг.

Вясковыя пажары

Тэхніка пажарнай бяспекі на той час была значна горшай, чым сёння. Дый людзі часта спадзяваліся, што іх "пранясе". А агнём карысталіся тады штодзённа і паўсюдна. Таму вельмі часта ў зводках прычынай фігуруе "неасцярожнае абыходжанне з агнём". Так, 11.04.1936 згарэў хлеў Максіма Раманка, жыхара хутара Перадзел. Шкода склала 228 злотых. 6.06.1936 пайшла агнём стадола (гумно або ток) і розныя гаспадарскія прылады працы дзяніскаўца Новіка Нічыпара (на 392 злотых). Некаторыя сяляне майно страхавалі, таму страты цярпелі меншыя. Да прыкладу той жа Новік Нічыпар меў страхоўку на стадолу, якая складала 352 злотых.

Страшнейшы пажар адбыўся ў вёсцы Будча, дзе 19.09.1938 з-за неасцярожнага абыходжання з агнём Мацвеем Савенем згарэла яго стадола з ураджаем таго года. Прычым агонь перакінуўся на будынкі суседзяў (сядзібы, як ужо было сказана, некалі размяшчаліся вельмі блізка). Чатыры гаспадаркі ў выніку страцілі таксама стадолы з ураджаем. Агульныя страты склалі 5390 злотых. Ці былі застрахаваны пералічаныя будынкі не паведамляецца. Але пэўна, што не, бо наяўнасць страховак у іншых выпадках дакументы адзначаюць. Тым не менш застрахаваных гаспадарак таксама была значная частка.. Прынамсі – для страхаўшчыкоў. У сярэдзіне 1920-х гг. у сувязі з вялікай колькасцю пажараў, па якіх трэба было плаціць кампенсацыю пацярпелым, страхавыя кампаніі разглядалі пытанне пра спыненні сваёй дзейнасці на тэрыторыі "ўсходніх крэсаў", бо былі не ў стане выплаціць страхоўкі.

Наколькі вялікімі былі называемыя тут і далей грошы, можна ўявіць па наступнай інфармацыі. Сярэдні дзённы заробак складаў 2-3 злотых, 1 кг чорнага хлеба каштаваў 0,2, літр малака – 0,1, сала – 1,4, 10 яек – 0,1 злотых. Бядняцкая сялянская гаспадарка ацэньвалася недзе ў 1000 злотых.

Пажары часта былі абумоўлены парушэннем правілаў бяспекі пры абсталяванні печаў. Гэтак пацярпеў Амброзій Сташанін з Дзяніскавіч, у якога 25.03.1936 з прычыны запалення сажы ў коміне згарэла частка даху хаты. Страты склалі 100 злотых. 24.09.1936 з-за кепскай канструкцыі коміна (такая фармулёўка найбольш частая ў дакументах) згарэў хутар у Кукове (прозвішча гаспадара не ўзгадваецца). Агнём была знішчана хата, кошт якой 700 злотых. Аднак яна была застрахавана на 660 злотых. Аналагічная сітуацыя ўзнікла ў хутаран: у агароўскага Адама Волаха (хата коштам 800 злотых хоць і згарэла (10.02.1937), але была застрахавана на 810 злотых) і ў круговіцкага Харытона Зялёнкі (панёс страты больш чым на 1000 злотых). Той жа чыннік 16.09.1936 прывёў да страты грамадскай сушні ў Лактышах (яе кошт 120 злотых).

Вялікая колькасць узгаранняў ад печаў магла быць звязаная з тым, што пры пастаноўцы тагачасных печаў сяляне Круговіцкай гміны стараліся зэканоміць на дарагой цэгле і рабілі апечак (мясцовая назва асновы, на якой узводзілі астатнюю частку печы) драўляным, а ўжо на ім рабілася непасрэдна топка з прыпекам і чарэнам. Мясцовы пячнік Віктар Трафімчык (1937 г.н.) лічыць, аднак, што і такія печы былі дастаткова пажараўстойлівымі, бо паміж драўляным апечкам і топкай клаліся тры рады цэглы. З нейкага часу (намі не ўстаноўлена, ці звязаны гэты пераход з вышэй распісанымі новымі патрабаваннямі, ёсць верагоднасць, што менавіта так) вяскоўцы пачалі аддаваць перавагу глінянай канструкцыі апечка: у драўляную апалубку залівалі гліняны раствор, потым прымаючы дошкі апалубкі, частка якіх – у падпечку – або выпальвалася, або пакідалася. Паводле інфарманта, такія печы будаваліся яшчэ доўгі час і пасля вайны.

Прычым нельга сказаць, што хібы пры ўстаноўках печаў дапускалі толькі сяляне, якія з прычыны нізкага адукацыйнага і культурнага ўзроўню маглі проста не ведаць, як лепей абсталяваць абаграванне хаты. Бывалі выпадкі пажараў і ў заможных. 20.09.1938 у Людвікове на шкоду фірме "Разановіч і Главінскі" (Варшава) з-за кепскай канструкцыі коміна згарэў вялікі дом коштам у 6000 злотых і рэчы яго жыхароў на 3000 злотых. Аналагічным чынам 14.03.1939 узнік пажар у бараку маёнтка Людвікова, уласнасць Таварыства прамыслова-гандлёвага (Лубна) у Варшаве. Вынік: згарэў дах і часткова апаліліся сцены. Страты каля 1500 злотых.

Не маглі супрацьстаяць вяскоўцы і перуну. 11.07.1938 ад удара маланкі згарэў хлеў з сельскагаспадарчымі прыладамі працы ў Піліпа Віктаровіча, жыхара вёскі Круговічы. Ён панёс страты на 700 злотых. Падобны выпадак: 16.06.1939 з той жа прычыны ў хутарскога жыхара Ганцавіч Дзям’яна Высоцкага згарэлі гумно, хлеў і сельскагаспадарчыя прылады працы. Страты ацэнены ў 850 злотых.

У многіх выпадках устанавіць прычыну ўзгарання так і не змаглі. Гэтак 30.03.1936 у жыхара вёскі Еськавічы Андрэя Пупача згарэў стог сена, а следам за ім – і дзве стадолы (Пупача і яго суседа Міхала Зялёнкі). Страты пацягнулі на 479 злотых. Праўда, абодва гаспадары паклапаціліся загадзя пра страхоўку. У той жа вёсцы праз год, 26.03.1937, невядома як узнік пажар у цяпліцы для гадоўлі раслін, якая належала школе паўшэхнай (усеагульнай), згарэў дах і часткова сцены.

Часта вяскоўцы наўмысныя падпалы скарыстоўвалі ў якасці помсты адзін аднаму. Сёння старэйшае пакаленне ўспамінае, што падобны метад сатысфакцыі найчасцей прымянялі жыхары Будчы. Архівы сапраўды маюць пра будчакоў такія звесткі. Але любілі пусціць пеўня сяляне і ў іншых вёсках. Напрыклад, у Казіміра Стэпуры, жыхара вёскі Ясянец, вечарам 9.06.1936 нехта падпаліў стадолу, у якой знаходзіўся дзелавы лес. Страты склалі 800 злотых. Такі спосаб помсты зручны, бо ўпільнаваць злачынцу вельмі цяжка. 30.12.1936 Тодар Навуменя, жыхар вёскі Лактышы, выявіў, што нехта спрабаваў падпаліць яго гумно, і паведаміў у пастарунак, дадаўшы падазрэнне адносна Паўла Стральчэні, з якім быў у кепскіх суседскіх стасунках. Аднак найменей уважлівых мсціўцаў усё ж лавілі. Проста лацінаамерыканскія жарсці разгарэліся ў Дзяніскавічах, дзе 23.06.1937 бліжэй да поўначы саракагадовая Надзея Дзенісеня, каханка Пятра Гардзея, спаліла яму хату і часткова гумно, пасля чаго хавалася двое сутак у лесе, але была затрымана і прызналася. Таксама і дваццацігадовы Ізыдор Савеня 27.07.1939 быў застаны за падпалам хлява Пятра Барташа (верагодна, будзе правільна Берташа) – гэтым разам нешта не падзялілі будчакі.

Канечне, помста праз падпал хаты вельмі жорсткая (хаця, як бачна, гэта не спыняла многіх аслепленых нянавісцю). А вось меней злосныя ішлі на драбнейшыя "тэракты", спальваючы непрыяцелям іх стажкі сена (іх кошт вагаўся да 50 злотых). Можна выбарачна пералічыць пацярпелых з указаннем даты і месца жыхарства: Андрэй Пупач (30.03.1936, Еськавічы), Сцяпан Бондар (26.07.1936, Лактышы), Тодар Навуменя (5.10.1936, Лактышы). У апошняга той год яўна не атрымаўся: нехта неаднаразова яму імкнуўся прычыніць шкоду.

Бывалі і зусім страшныя з матэрыяльнага боку пажары. Рэч у тым, што размяшчэнне хат у той час было вельмі блізкае. З улікам іх саламяных стрэх агонь мог за лічаныя хвіліны ахапіць некалькі сядзіб. І такія выпадкі здараліся. Вышэй ужо апісвалі пажар чатырох будчанскіх сядзіб. У Дзяніскавічах 27.05.1937 малалетні сын Паўла Барташа гуляўся з запалкамі ў сваім гумне і выклікаў узгаранне, у выніку якога агонь перакінуўся на пабудовы суседзяў – братоў Лявона, Данілы і Пятра Калужаў. Згарэлі не толькі гумны і хлявы ўсіх чатырох гаспадароў, але і цялушка, конь, гаспадарчыя прылады працы на суму 6725 злотых. Як бачна з прыведзенага прыкладу, ва ўсе часы спрычыняўся да ўзнікнення пажараў дзіцячы фактар.

Найбольш жахлівы выпадак за азначаныя гады зафіксаваны ў вёсцы Лактышы. Каля поўначы 12.07.1937 з нейкай прычыны ўзнік пажар у будынках гаспадарчых, якія засталіся па памерлым Цімафеі Сергіені. Агонь распаўсюдзіўся на суседнія будынкі і ахапіў 49 гаспадарак, прылады працы і свіней. Страты ацэньваліся папярэдне ў 15 – 20 тысяч злотых. У ратавальнай акцыі бралі ўдзел пажарныя Людвікова, Круговіч, Заастравечча. Як адзначаецца ў паліцэйскай справаздачы, абышлося без людзкіх ахвяр. Каб зразумець маштаб ліха, можна дадаць, што агнём была знішчана чацвёртая частка Лактышоў. З улікам таго, што на сялянскую хату ў той час прыходзілася недзе па шэсць жахыроў, то можна меркаваць, што ў выніку згаданага лактышоўскага бедства без даху над галавой апынуліся каля 300 чалавек.

Папярэдні пажар падобнага маштабу на тэрыторыі Круговіцкай гміны быў у мястэчку Ганцавічы ў маі 1934 г., калі згарэла і большасць хат, і некаторыя прадпрыемствы Наступным разам такая лакальная катастрофа спасцігне нашых землякоў толькі пасля вайны: восенню 1947 г. згарыць цэнтральная частка Вялікіх Круговіч – "Старая гуліца" (сучасная мясцовая назва) ці вуліца Кастрычніцкая (афіцыйная назва з канца 1980-х гг.).



Наступствы пажару ў мястэчку Ганцавічы, май 1934 г.

Хто ў лесе не злодзей, той дома не гаспадар

– кажа народная прыказка. Гэты прынцып спавядалі і нашы землякі. Чаму? Большасць лясоў былі прыватнымі. На збор ягад ці грыбоў, нават на мох патрэбна было купляць білет, што каштавала па вясковых мерках нямала – па 2-3 і болей злотых. Плаціць вяскоўцам было не даспадобы. Супрацоўнікі лясніцтва (стражнікі – леснікі, гаёвыя – егеры) кантралявалі насельніцтва, некаторы раз ловячы "безбілетнікаў", якім пагражаў значны штраф і нават збіццё. Ці на практыцы ў Круговіцкай гміне даходзіла справа да штрафаў, тагачасныя дакументы не пацвярджаюць. Але паведамляюць пра канфлікты з лясной аховай. Яны здараліся раз-пораз і на тэрыторыі Круговіцкай гміны. Трэба адзначыць, што грыбнікі лясной ахове не толькі пагражалі, але былі спробы прымяніць фізічную сілу. У такіх выпадках вяскоўцы прыцягваліся да судовай адказнасці.

Навакольныя лясы, поўныя дзічы, былі раздоллем для паляўнічых. Але магчымасці палявання былі моцна абмежаванымі. У паліцэйскія пратаколы ў сувязі з браканьерскімі дзеяннямі трапіла шмат жыхароў гміны. Палявалі яны на зайцоў, ліс, куніц; часта адзначаюцца вавёркі; з найбольш буйнога звера фігуруюць казулі.

Свайго роду помстай за абмежаванне карыстацца магчымасцю паляваць, збіраць грыбы і ягады сталі частыя пажары панскіх лясоў: то той уладальнік пацерпіць, то іншы. За год лік усіх пажараў па адной толькі Круговіцкай гміне ішоў на дзесяткі. Прымянялі падпалы як сродак барацьбы з пануючым класам. Як піша беларускі гісторык В. Гарматны, гэтыя дзеянні набылі грозныя масштабы. Падпалы маёнткаў і хутароў прыносілі памешчыкам, асаднікам і буржуазіі, а таксама польскай дзяржаве, найбольшы матэрыяльны ўрон. У Круговіцкай гміне зафіксавана шмат лясных пажараў. Захаванасць у архіве дакументаў дазваляе дзеля прыкладу зрабіць своеасаблівы зрэз за адзін – у прыватнасці 1936 – год. Тады пацярпелі:
- уладальнік маёнтка Круговічы Ян Абуховіч: 14 красавіка згарэў лес на плошчы 150 х 60 метраў, страты склалі 75 злотых; 24 мая ў лесе, які належыць маёнтку Круговічы, таксама ўзнік пажар, які быў патушаны ў зародку;
- жыхар вёскі Нача Казімір Пласкоўскі: 17 красавіка згарэў лес на плошчы 60 х 50 метраў, страты склалі 250 злотых;
- спадчыннікі маёнтка Круговічы (не называюцца): 17 красавіка згарэў падлесак на плошчы 4 гектары, страты склалі 150 злотых; 27 ліпеня выгарала лясное покрыва на плошчы 2 гектараў, страты склалі 15 злотых;
- Караль Радзівіл: 10 мая згарэла лясное покрыва і малады (да 5 гадоў) лес, страты склалі 300 злотых;
- Леон Радзівіл: 14 мая згарэла 11 гектараў лесу, страты склалі 2000 злотых; 27 мая згарэла 5 гектараў маладога лесу, страты склалі 300 злотых; 2 чэрвеня згарэла 2 гектары маладога лесу, страты склалі 150 злотых; 29 чэрвеня згарэла 3,5 гектараў маладога сасновага лесу, страты склалі 100 злотых;
- маёнтак Людвікова, які належыць акцыйнаму таварыству «Lubna»: 17 мая згарэла 40 гектараў падлеску і 100 гектараў травы, страты склалі 3000 злотых;
- уладальнік маёнтка Ясянец Вітальд Абуховіч: 20 мая згарэла 130 гектараў маладога лесу, страты склалі 350 злотых;
- фірма Й. Й. Разановічаў і Х. Главінскіх (іх склад знаходзіўся на тартаку ў Людвікове): 2 ліпеня згарэла 40 метраў кубічных дроў, страты склалі 100 злотых.

На прыкладзе толькі аднаго года лёгка падлічыць, што страты вылічваліся тысячамі злотых, а з гадамі – дзесяткамі і сотнямі тысяч. Паборы за збор ягад, грыбоў і інш. шкоду ад лясных падпалаў яўна не кампенасавалі.

Папулярнасць такога сродку барацьбы ці помсты вытлумачваецца проста: падпальшчыка лавілі надзвычай рэдка. Адзінкавымі з’яўляюцца наступныя выпадкі: "13 красавіка 1937 г. Аляксандр Занька, гаёвы лясоў маёнтка Круговічы, паведаміў на пастарунак у Круговічы, што ў той дзень Язэп Лелес, жыхар вёскі Мельнікі, з дапамогаю так званай губкі (самаробнае прыстасаванне з высушанага цела губы-грыба, у якое крэмнем высякаюць іскру і раздзімаюць агонь – А. Т.) спрабаваў падпаліць лес, уклаўшы падпаленую губку ў спарахнелы пень. Агонь патушаны. Страт няма". Прычым па дзіўным супадзенні ў лесе Яна Абуховіча, уладальніка маёнтка Круговічы, у той жа дзень з неўстаноўленай прычыны ўзнік пажар: згарэла 3 гектары лесу, страты склалі 200 злотых . Часцей за ўсё ў дакументацыі канстатавалася, што прычына не ўстаноўлена. Але з боку гэта глядзіцца, як наўмысныя падпалы. На фоне сацыяльных непаразуменняў гэта нядзіўна.

Такім чынам, пажары былі фактычна часткай штодзённага жыцця ў сельскай мясцовасці падчас уваходжання Заходняй Беларусі ў склад Польшчы. Адбываліся яны, як для сучаснага чалавека, вельмі часта. Прычыны самыя розныя. Але галоўнымі з іх, як сведчаць прыклады з паліцэйскіх справаздач, з’яўляліся неасцярожнае абыходжанне з агнём і кепскае абсталяванне пячнога ацяплення (зрэшты, яны сярод асноўных фактараў пажараў і сёння). Разгледжаны час у параўнанні з сённяшнім днём выдзяляецца тым, што сяляне нярэдка прымянялі наўмысны падпал для помсты ці то сваім аднавяскоўцам, ці то панам – уладальнікам лесу.

Пажаранебяспечнай абстаноўцы спрыяла блізкае размяшчэнне сядзіб, бо хаты стаялі ўпрытык (гэта спадчына абшчыннага ладу на сяле), і іх лёгкая ўзгаральнасць з-за саламяных стрэх, а таксама параўнаўча слабабяспечныя пячныя канструкцыі. Эфектыўнасць пажарнай службы была нізкая. Думаецца, у большасці выпадкаў яе роля заключалася не столькі ў тушэнні пажару, колькі ў яго лакалізацыі (трэба было не даць полымю распаўсюджвацца далей) і ўкараненні сярод насельніцтва культуры супрацьпажарнай бяспекі.
Катэгорыя: Анатоль Трафімчык | Дабавіў: admin (25.07.2013) | Аўтар: Анатоль ТРАФІМЧЫК
Праглядаў: 2981 | Рэйтынг: 5.0/6
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 5
Гасцей: 5
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.