Субота, 27.04.2024, 03:25

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Віктар Гардзей

Лань — рака паэтычная
Помню Лань не цяперашнюю, каналізаваную, дарэшты сапсаваную меліярацыяй, а тую — ранейшую, лясную, рыбную і ў прамым сэнсе раку паэтычную. На ўзбярэжжы ў сівую даўніну статкамі гойсалі дзікія малыя алені — лані, або даніэлі, дык і пытацца не трэба, адкуль у ракі такая прыгожая назва.

Алесь Каско

Убаку ад вялікіх дарог, за сорак вёрст ад Ганцавіч, разумныя нашчадкі дрыгавічоў калісьці заснавалі на Лані па ўсіх мерках немалое паселішча, збудавалі з дрэва праваслаўную Георгіеўскую царкву, якая захавалася да нашых дзён, і назвалі гэты абжыты куток Палесся надта ж сімвалічна — вёскаЧудзін. Ажно не верыцца: мінула ўжо амаль паўвека, калі я ўпершыню трапіў сюды ў якасці карэспандэнта раённай газеты. Аўтобусы тады яшчэ не былі ў модзе, таму ехаў спачатку да Будчы на спадарожнай машыне, а далей значную частку шляху, праз лес і балоцістыя перашыйкі, дабіраўся ў Чудзін пяшком. У ваколіцах вёскі ўразіла незвычайным хараством летняя Лань, і я доўга стаяў на вялізным драўляным мосце, любуючыся мясцовымі абшарамі, і з добрай зайздрасцю думаў: "Мне б у дзяцінстве такую блакітную Лань і такія боскія краявіды!". Аднак, як заўсёды здараецца, святое месца пустым не бывае. На той час у Чудзіне настаўнікам літаратуры працаваў Мікола Купрэеў, а лепшым вучнем у яго быў Алесь Каско, будучы выдатны беларускі паэт. Стоячы на мосце, зачараваны акварэльнымі пейзажамі, зразумела, я нічога гэтага не ведаў, але дапускаю, што ў гурце гарэзлівых хлапчукоў, якія дурэлі з дзяўчынкамі на квяцістым лузе, упаўне мог быць і юны, яшчэ не прызнаны нават аднавяскоўцамі пасланнік Апалона.

Нарадзіўся ён 10 снежня 1951 года ў мнагадзетнай сялянскай сям’і, што для таго часу было звычайнай з’явай. Бацька Канстанцін Рыгоравіч, працуючы на зямлі, лічыўся сярод вяскоўцаў майстрам на ўсе рукі, маці Аксення Васільеўна пры такой вялікай плойме дзяцей гаспадарыла ў хаце. Маленства паэта прайшло пад уздзеяннем дзіўнай прыроды Палесся, напоенага водарам песень і казак, легенд і паданняў. І да сённяшняга дня ў ягонай уражлівай душы самыя светлыя ўспаміны абуджаюць ваколіцы роднай вёскі. Свой бацькоўскі кут Алесь Каско згадвае надзвычай дакладнымі і ёмістымі словамі: "У маім дзяцінстве — гэта адно цэлае з першабытнай прыродай: вакол, не больш як за паўтары вярсты, — бары на высокіх узгорках, непралазныя беразнякі, алешнікі, лазнякі і ягаднікі ў лагчынах, вялікія, але не дрыгвяністыя балоты, парослыя мохам і чаратамі… Паўз самую вёску — прыгажуня Лань, што з лесу паяўлялася і ў лесе хавалася, паплавы з морам вады і красак увесну і густымі травамі ўлетку, бухматымі стагамі ўвосень і ўзімку. Тады сосны яшчэ "забягалі" і на вуліцы, раслі каля хат, чараты часам прарасталі на стрэхах (імі зрэдку крылі хаты), вада ў паводку заходзіла ў жытло, сарваўшы падлогу…" Канечне, такія адвечныя мясціны, поўныя замілавання і красы, не маглі абысціся без уласнага паэта. І ён аднойчы з’явіўся. Сур’ёзны, разважлівы, зусім не схільны да пустога красамоўства. Ды вось яшчэ істотны момант. Прыгажуня Лань, не маючы вартых паэтычных канкурэнтаў амаль на ўсім сваім працягу, непадзельна і, бадай, напажыццёва належыць аднаму Алесю Каско, разліваючыся ў ягоных вершах дабрынёй і шчырасцю "на плёсах свежасці і чысціні". Чыстыя плёсы — балючая памяць. Родны кут "і карчавалі, і праполвалі", і капалі "шнуры канаў, з якіх вады не піць", тут знайшлі сабе прытулак і чарнобыльскія мутанты, дык і не дзіўна, што знявечаная, але яшчэ жывая Лань навявае паэту баладна-журлівы, элегічны настрой:
Быццам прожылак рукі —
след зімовае ракі,
ледзь відно,
як над стагамі
снег снуецца трапяткі.
Белы край,
ды светлай гамы
не стае яму,
на жаль,
вечна ён —
між берагамі,
доля па-над ім — кругамі,
і не бачна,
дзе мяжа.
Снег прысыпле берагі
і наблізіць той,
другі…
Тут на ўлонні маляўнічай палескай прыроды, аднолькава прывабнай і летам, і зімою, вучань выпускнога класа Алесь Каско напісаў свае першыя вершы і на пачатку сямідзясятых надрукаваў іх у газетах "Савецкае Палессе" і "Чырвоная змена". Потым, як звычайна, пачалася працоўная біяграфія, трэба сказаць, не такая ўжо і простая, як здаецца. Паэт скончыў Брэсцкі педагагічны інстытут, служыў у войску, працаваў у сельскіх школах выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры, быў тэлежурналістам, карэспандэнтам раённай газеты ў Жабінцы. Шмат гадоў ён паспяхова кіраваў Брэсцкім абласным аддзяленнем Саюза беларускіх пісьменнікаў, і гэта пры ім належным чынам увекавечана памяць нашых літаратурных настаўнікаў Уладзіміра Калесніка і Міхася Рудкоўскага. Дзякуючы нястомным намаганням Алеся Каско сабрана і выдадзена асобнай кнігай спадчына вядомага нарысіста Васіля Праскурава. У полі зроку пастаянна былі і маладыя паэты, пісаў рэцэнзіі, прадмовы да іх зборнікаў, чым і заслужыў павагу ў берасцейскім літаратурным асяроддзі. Сам жа Алесь як у мясцовым, так і ў рэспубліканскім друку выступаў з вершамі не дужа і часта, аднак кожная публікацыя ці то ў "Полымі", ці то ў "Маладосці" рабіла імя аўтара адметным і запамінальным не толькі сярод равеснікаў. Першы верш пад назвай "Пралескі" ён, як я ўжо казаў, надрукаваў у ганцавіцкай раённай газеце, але сапраўдная вядомасць прыйшла пазней, і, безумоўна, пачалася яна з паэтычнай кнігі "Вестка", адной з лепшых у калектыўным зборніку "Нашчадкі”. Для паэта, які ўжо меў за плячыма пэўны жыццёвы і літаратурны вопыт, гэта была важкая творчая праца, пра што ў адзін голас сцвярджалі шматлікія рэцэнзенты. Не дзеля чырвонага слоўца, а каб падтрымаць таленавітага ганцавіцкага аўтара, 15 красавіка 1980 года ў газеце "Савецкае Палессе" я таксама надрукаваў свой водгук на кнігу "Вестка", і хаця ўжо прайшло досыць часу, тую даўнюю рэцэнзію хацелася б тут паўтарыць цалкам, таму што ў ёй, на здзіўленне, сцісла і ўвогуле правільна ахарактарызаваны асноўныя напрамкі ў творчасці слыннага паэта, сённяшняга ўлюбёнца прыгажуні Лані. Рэцэнзія так і называецца — "Як прыходзіць сталасць": "Яшчэ школьнікам Алесь Каско, чарнявы сціплы хлапчук з вёскі Чудзін, даслаў у рэдакцыю свае вершы. Была ў іх і свежасць, і любоў да зямлі, і нейкая дамашняя ўтульнасць радкоў, якая адразу насцярожыла: паэт!
Не заснуў: душа
мая балела.
Першы раз — як матчына.
Ад слоў…
Мо тады мне стала
зразумела,
як прыходзіць сталасць
да сыноў…

Алесь Каско скончыў Чудзінскую сярэднюю школу, вучыўся ў Брэсцкім педагагічным інстытуце, цяпер працуе ў Жабінкаўскай раённай газеце. Летась выдавецтва "Мастацкая літаратура" выпусціла ў свет калектыўны зборнік "Нашчадкі", у якім з неаслабнай цікавацю чытаем вершы Алеся Каско.
Дождж такі — дымавая
завеса,
як ракеты, успышкі
маланак…
— Даражэнькая
бабка Малання,
ты чаму не заходзіш
у хату?
Не адкажа. Стаіць
каля весніц…
Адчыніла іх шчэ
ў сорак пятым.
Сярод сваіх равеснікаў, аўтараў гэтай кнігі, голас Алеся Каско гучыць упаўне самастойна, празрыста, з выразнымі адзнакамі творчага пасталення.
Я — зернейка
ў коласе важкім,
жылка травінкі
ў гаючай дуброве,
цёплае слова
ў матулінай песні…
Так мала. Так многа мяне!
Маладое, гарачае пачуццё дыктуе паэту прачулыя строфы аб Радзіме, аб людзях працы, аб роднай зямлі.
Доўга цёплымі
ад слёз вачыма
углядаўся ў родных
соснаў медзь…
Я даўно адкрыў цябе,
Айчына,
ды нядаўна здолеў
зразумець.
Пільным зрокам паэт углядаецца ў малюнкі беларускай прыроды і бачыць навакольны свет па-свойму:
А дзед на стозе
бровы хмурыць
і, гожа выпрастаўшы
стан,
нібы адважны капітан,
вядзе свой стог
насустрач буры.
Хвалюе ў Алеся Каско таксама і інтымная лірыка.
Не раз сустракаўся
адзін на адзін
і з ветрам, калючым
і злым,
і з кволай, пяшчотнай
сасною…
Заўсёды знаходзіў
агульную мову.
Чаму ж не знайду
з табою?
Вершы, падараваныя чытачу, засведчылі, што на паэтычнай лесвіцы ў Алеся Каско ёсць сваё месца. Першая прыступка пройдзена. Трэба падымацца на новую".

Здаецца, гэта было даўно, і гэта было нядаўна: шчырыя строфы, нашаптаныя гарачым пачуццём, строгія, патрабавальныя паклонніцы і паклоннікі, усё больш цвёрдыя і рашучыя крокі на паэтычных маршах. Як бы там ні шанцавала, творчая сталасць да паэта прыйшла своечасова, пара вучнёўства яго шчасліва абмінула, а прыступкі, узятыя ім, вядуць вышэй і вышэй, і, трэба сказаць, гэтых крутых прыступак налічылася даволі шмат. На сённяшні дзень Алесь Каско — аўтар кніг паэзіі "Вестка" (1979), "Скразная лінія" (1982), "Набліжэнне" (1989), "Час прысутнасці" (1994), томіка выбранай лірыкі "45" (1996), а таксама калектыўнага зборніка паэтаў Берасцейшчыны "Трохперсце" (2008). Між тым, сам паэт галоўнай сваёй кнігай лічыць паэтычную кнігу "Час прысутнасці", за якую ў 1995 годзе яму была прысуджана Літаратурная прэмія імя Аркадзя Куляшова. За апошнія гады нямала і вершаў, і прозы сабралася ў выглядзе нявыдадзеных рукапісаў, але гэта не віна, а бяда не аднаго пакалення творцаў.

Алесь Каско

Паэтычныя зборнікі Алеся Каско ўяўляюць сабою своеасаблівыя кнігі-роздумы пра вечнае і мімалётнае, пра сутнасць розуму і месца чалавека ў вялікім свеце. Паэт верыць у свой народ і яго бяссмерце, імкнецца сцвердзіць хараство жыцця, дабрыню чалавечых адносін. Многія творы прысвечаны гістарычным падзеям на Беларусі, роднаму Палессю, найперш яго непаўторнай прыродзе і працавітым людзям (напрыклад, "Ты старонка — сама цішыня", "Буслоў не ведаю бяздомных", "Выток", "Палескі трыпціх", "Жанчына надвячоркам", "Маленства" і інш.). Вырасшы на ўлонні чароўных палескіх мясцін, Алесь Каско асабліва балюча перажывае, што прырода знаходзіцца пад пагрозай: "Я часцінка зямлі, і таму мне балюча, калі нішчацца дрэвы, высыхаюць крыніцы", — хвалюецца ён у вершы "Адзінства". Бацькоўская зямля, пракаветная прыгажуня Лань з яе маляўнічай поймай не забыліся, як кажуць, праз дзесяцігоддзі і адлегласці, таму, згадваючы гэтую сваю зацяжную ростань, ужо вядомы паэт зробіць адназначную выснову:
Зусім не адзінокі я,
хоць і гнятлівы,
бы ў скляпенні.
Душа захоўвае адценні
былых і гукаў, і выяў.
У ёй такая відната,
што мрою белае аблічча,
блакіт вачэй, з якіх
крынічаць
давер, цярплівасць,
дабрата.
Канечне, гэта вялікае шчасце — пабываць дома, дзе "самому сабе не належыш", дзе "ў вёсцы і хвіля — для спраў". Кожнае лета родны Чудзін клікаў паэта да сябе, у свае пенаты, на тысячы разоў пройдзеныя сцежкі і дарожкі. Клікала хата, вабіў агарод. Вось ускапаны збуялыя за лета грады, пасечаны на дровы пасохлы алешнік, "шукаючы занятку любога", адпускнік "быў цесля, садоўнік, грыбнік" — якая ні ёсць, а падмога старэнькім бацькам. Ды ўсё ж лірычны герой верша "Дома" дужа патрэбныя гаспадарчыя справы лічыць за нейкі адробак. І тады прыходзіць крыўда — "ад горкае спробы знайсці апраўданне сабе". Родны дом маркотным стаўся, можа, яшчэ і таму, што на ўзгорачку дзірванным "далёкі свет мой пахаваны з суседам, дзядзькам, дружбаком…" З цягам часу апусцела, на жаль, і бацькоўская хата, якая калісьці ажно разрывалася ад дзіцячага смеху і шчэбету. Не радуе родны падворак, не кліча, не заве. На ўсе з’явы жыцця, радасныя і сумныя, Алесь Каско мае свой уласны погляд, свежую думку, і, хоць душа, акрамя "былых і гукаў, і выяў", захоўвае боль і пакуты, ён не кідаецца ў роспач. Гэты светлы настрой надта паэтычна выказаны ў вершы "О лёс мой…"
Дай новым песням узрасці:
на іх бацькоўскі край
багаты.
Шчаслівы сейбіт і араты,
на жніва часу адпусці.
Не стане моцы — і няхай! —
у памяці, руцэ, у зрэнцы…
Усё вазьмі —
і толькі сэрца
пакінь і выказацца дай.
Усё ж яна шчодрая і невычэрпна багатая, гэтая дзіўная вёска Чудзін. Тут, як я ўжо згадваў, набіраўся моцы няўрымслівы настаўнік Мікола Купрэеў, у глыбокіх вірах пад мостам лавіў шчупакоў і звабліваў вадзяных русалак гарэзлівы Алесь Каско, трохі пазней тут жа нарадзілася маладая паэтэса Ірына Дарафейчук, яшчэ пазней свята-духоўнымі вершамі засведчыў сваю асобу Яўген Сергіеня. Палескі край і сапраўды шчодры на яркія дараванні. І не толькі паэтычныя. Паблізу чароўнай Лані, у лясной глушы на хутары Шарпутоўшчына калісьці жыла сям’я вядомага асветніка і фалькларыста Аляксандра Сержпутоўскага, які праславіўся тым, што рупліва збіраў у кнігі мясцовыя казкі, паданні, легенды, прымхі. Чудзін — вёска мудрых казачнікаў, народных лекараў. Гартаючы аднойчы акадэмічную кнігу "Замовы", я са здзіўленнем падлічыў, што амаль трыццаць арыгінальных замоў ад усялякага ліха і напасцяў запісана менавіта ў Чудзіне. Думаецца, мудрасць продкаў перадалася і Алесю Каско. Ужо ў сталыя гады ён надрукаваў у выдавецтве "Юнацтва" цудоўную кнігу сучасных беларускіх казак "Усё чыстае нячыстага баіцца", большасць з якіх запісаў у родных надланьскіх ваколіцах, пацвердзіўшы простую ісціну: мудрасць народа перадаецца самым вартым і ўдзячным яго нашчадкам. У выдавецтве "Мастацкая літаратура" пабачыла свет паэтава кніга для дзяцей малодшага школьнага ўзросту "Два сонцы". Абодва зборнікі, і першы, і другі, вельмі хутка ўвайшлі ў рэпертуар школьнай мастацкай самадзейнасці і лялечных тэатраў. Поспех як паэтычных, так і празаічных твораў пісьменніка, мне здаецца, у тым, што ён ніколі не фальшывіць, заўсёды гаворыць няхай горкую, але шчырую праўду. Лепш за ўсіх гэта разумее сам паэт:
Пабольш бы ў песні
светлыні,
паболей звонкасці,
спакою…
Ды стане песня не маёю,
не пра мае раскажа дні.
Сярод хлусні і мітусні
ёй сорамна перад сабою
ўзнікаць з
прытворнага настрою,
з фальшывай
слоўнае гульні.
Упэўнена валодаючы багатым арсеналам мастацка-выяўленчых сродкаў, скажам, той жа метафарай або алітэрацыяй, паэту няма ніякай цяжкасці "матыў вясёлкавы саткаць", аднак ён ні ў якім выпадку не жадае быць цынічным і збівацца на звычайную хлусню, таму што надта шчымлівыя болевыя кропкі душы — "атручаныя дождж, рака, плынь роднай мовы ледзь крынічыць…" Лірычны герой яго вершаў, як сцвярджаюць многія даследчыкі, заўсёды шчыры і адкрыты ў сваіх перажываннях, паслядоўны ў сцвярджэнні высокай духоўнасці, гуманнасці і дабрыні, часам схільны нават да глыбокай самаіроніі, бо што тут казаць: не ўсё задуманае збылося, не ўсё, аб чым марылася, пакінула свой след. Апяваючы раку дзяцінства, прыгажуню Лань, Алесь Каско помніць і свае вытокі, і нялёгкія шляхі-дарогі, па якіх вадзіў творцу няўрымслівы і часта непадуладны волі пісьменніцкі лёс. Свой дзень народзін можна, аказваецца, убачыць і такім. Ідзе снег, растае ў лужынах, а "стрэлкі-нажніцы рэжуць і рэжуць на стужкі нябачную тканіну часу". Не стане снегу, пачарнеюць белыя палоскі, а стрэлкі гадзінніка будуць чахкаць і чахкаць. Гэта яшчэ не паніка, не роспач, гэта проста здаровая самаіронія сталага, прабеглага ў жыцці паэта. Варта дадаць: сапраўднага паэта, добрага, сур’ёзнага, таварыскага чалавека, законнага валадара прыгажуні Лані, аднаасобнага сейбіта журботна-светлых дум і кананічна-адмысловых метафар, што калі-небудзь нараджаліся ў акварэльна-зіхоткіх ваколіцах палескай вёскі Чудзін.
Катэгорыя: Віктар Гардзей | Дабавіў: admin (10.12.2012) | Аўтар: Віктар ГАРДЗЕЙ
Праглядаў: 3719 | Тэгі: Літаратурная Ганцаўшчына, Віктар Гардзей, Алесь Каско | Рэйтынг: 5.0/3
Меню
http://www.evastroy.ru строительство дома из газобетона.
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
http://www.evastroy.ru строительство дома из газобетона.
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi
http://www.evastroy.ru строительство дома из газобетона.

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.