Панядзелак, 17.12.2018, 08:20

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Віктар Гардзей

Вершы, напісаныя ў белых бярэзніках
Усе мы ведалі, што Мікола Купрэеў, як толькі пакінуў неспакойную пасаду завуча ў Чудзінскай сярэдняй школе, самахоць, незаўважна нават для сябе пачаў аддаваць перавагу вандроўніцкаму ладу жыцця, таму ў рэдакцыі «Савецкага Палесся» ніхто не здзіўляўся, калі ў праёме пахілых весніц пад навіссю жоўтых акацый паэт узнікаў з кадоўбчыкам чырвоных лясных суніц або ёмкай ношкай крамяных маладых баравікоў, знізаных на вербалозавы дубчык. Яшчэ з пасляваеннага часу ганцавіцкая раённая газета і друкарня месціліся ў пакоях вялікага ксяндзовага дома ў атачэнні пладаносных, але ўжо старых, адзічэлых садовых дрэў. На цесным дворыку акурат насупраць рэдактарскіх вокнаў, з якіх раз-пораз выглядваў заклапочаны Васіль Праскураў, расла прыземістая яблыня-антонаўка, а пад ёю, бадай, у кожны свой візіт ратаваўся ад спёкі ці проста спаў непрабудным сном наш здарожаны госць. Абцяжаранае яблыкамі голле і высокая, да пояса, трава засланялі яго ад старонніх вачэй, не дужа дакучалі сляпні і мухі, бо ў самую заядзь таленавіты пасланец Апалона вочы і лысіну прыкрываў сваім жа паэтычным зборнікам «Непазбежнасць», які пабачыў свет менавіта ў тое цёплае, грыбное і такое ўжо далёкае лета 1967 года. Аднак трывожыцца за лёс і жыццё Міколы ўсё ж трэба было: з недалёкага і яшчэ неасушанага балотца на рэдакцыйны панадворак часта запаўзалі вужы і гадзюкі, натуральна, што мы, раённыя журналісты, час ад часу зазіралі пад раскідзістую яблыню, хоць нярэдка заставалі там апусцелае паэтава логвішча. Жывы і здаровы, ды, на шчасце, непакусаны балотнымі гадамі, аўтар першай і на доўгія дзесяцігоддзі адзінай кнігі вершаў меў звычку прападаць у туманных далечах гэтак жа нечакана, як і з'яўляўся.

Палескімі разлогамі і ляснымі гасцінцамі ён вандраваў звычайна пяшком, бо грошай на цывілізаваны транспарт не хапала, праўда, па дарозе ў багатых тутэйшых лясах паэт збіраў не толькі вершы, але і грыбы, як прызнаваўся сам, здаючы іх авоськамі ў сустрэчныя грыбаварныя пункты, за што меў сякі-такі рубель на абыходак. Не магу сказаць, дзе і якім пенсіёнам бавіў сцюдзёныя зімовыя месяцы самабытны творца, ды ўжо ж кожнаму вушастаму зайцу вядома, што ганцавіцкае Палессе, ад Чудзіна і Вострава, ад Малькавіч і Хатыніч, Мікола Купрэеў любіў апантана, з нейкай малавытлумачальнай пяшчотай і сыноўняй замілаванасцю, чаму ў ягонай лірычнай паэзіі ёсць безліч вартых прыкладаў. Па дарозе са Святавольскага дрымучага лесу касавокага сябра ён частаваў «заечай капустай, прынесенай з Прыпяцкага заказніка», лісе даваў «пеўня, украдзенага ў цешчы», штосьці там, мясное, з вандроўніцкай торбы перападала і шэраму ваўку за адну ўсяго просьбу: «Толькі вось гэту маю балоцінку зберажыце...» Ведаючы паэтаву схільнасць да асацыятыўных вобразаў, я шчыра пасмяяўся, калі аднойчы, ужо добра па часе пасля незабыўнага грыбнога лета, з невядомай далечы ў чарговы раз прыблытаўшыся на Ганцаўшчыну, Мікола падзяліўся са мной дасціпнай, хоць і не зусім жыццёвай ідэяй, ці, як сёння сказалі б, выгадным камерцыйным праектам. Памятаецца, у хвіліну найвышэйшай асалоды, будучы ўпэўненым, што варта прыдумаць дзівосную мару-летуценне, як усё ліхое пойдзе на гнілыя брады і балоты, прасветлены геніяльнай думкай, паэт шчыра радаваўся, што, дзякуючы толькі яму, усе мы, ганцавіцкія творцы, заўтра будзем мець адпаведныя свайму прызванню хай не дужа прыбытковыя, але паважаныя ў народзе чыны і пасады.

Соль гэтай Міколавай прыдумкі, з пазіцый рыначных адносін не такой ужо і абсурднай, была ў тым, што тады, на пачатку сямідзесятых, у рэдакцыі нашай «раёнкі» і вакол яе, дакладней, пад крылом руплівага збіральніка талентаў Васіля Праскурава, згуртаваўся цэлы легіён маладых і пачынаючых літаратараў, якіх з лішкам хапіла б, каб укамплектаваць кадрамі сярэдняе па велічыні дзяржаўнае лясніцтва. Адно з іх, здаецца, ці не Чудзінскае, самае глухое і аддаленае, Купрэеў «узяў» узятае ў бестэрміновую арэнду, і, калі ўсе службовыя партфелі былі раздадзены хлопцам з улікам хоць якіх-небудзь іхніх заслуг перад лясной гаспадаркай, седзячы ў маім рэдакцыйным пакоі, абодва мы дружна разрагаталіся ў азарце цікавай і займальнай слоўнай гульні. Сваё ілюзорнае лясніцтва ўжо не юны летуценнік бачыў такім: сабраныя ў гурт пад цяністымі шатамі і вольныя ад іншых абавязкаў, ганцавіцкія творцы плённа рыпяць пёрамі і штодня выдаюць «на-гара» класныя рэчы — вершы, нарысы, апавяданні, а жывуць на ганарары і сякі-такі падзаробак у самім лясніцтве. Зразумела, гэта была мара стомленага ў няспынных паходах чалавека, не дужа шанцоўнага як у асноўнай настаўніцкай прафесіі, так і ў сямейным жыцці, мара, якая не магла здзейсніцца нават па той прычыне, што вялікага скутку ў калектыўнай творчасці, як правіла, не бывае.

Не менш, чым хто, Мікола Сямёнавіч і сам адчуваў усю марнасць і бессэнсоўнасць сваёй прыдумкі з зялёнымі лесніковымі картузамі на паэтычных галовах, з чаго было бачна, што вандроўнае жыццё стала для яго як горкая рэдзька, аднак ён не зламаўся, не ўпаў духам — трэба, урэшце, мірыцца з тым, што ёсць, і, больш не кранаючы балючую для сябе тэму, усё яшчэ высокі ростам, з голай лысінай і нязменным гальштукам на чыстай кашулі, паэт развітаўся са мной і зноў надоўга пакінуў ганцавіцкую рэдакцыю, дзе заўсёды меў надзейную, і не толькі маральную, падтрымку. Гледзячы праз акно на старыя акацыі, паміж якімі ў прасветлінах мільганулася знаёмая постаць, я лёгка мог уявіць, як Мікола Купрэеў, ужо тады прыкметна накульгваючы на адну нагу, няспешна цялепкае ляснымі гасцінцамі і прасекамі ад вёскі да вёскі, ад сябра да сябра — радасна запыніцца на грыбной нерушы, няхітра падсілкуецца з абшарпанага кейса, а сустрэўшы ў баравінах белакорую прыгажуню, прашэпча ёй свае журботныя і такія прачулыя радкі:

Мілая бярозка, не бядуй:
мы яшчэ з табою ўстрапянемся.
Толькі заўтра на зары
У сукенку найбялейшую адзенься.

Белую кашулю
я і сам на сябе надзену, прычашуся.
I пойдзем мы з табою каля рэк
нашай добрай роднай Беларусі.

Мілая бярозка, не бядуй:
мы з табой яшчэ пачуем,
як прыходзіць вечар на палі,
і ў траве ля Начы заначуем.

А раніцой ты веццем узмахнеш
светла і зялёна, як ніколі.
I будзем мы абняўшыся стаяць,
слухаць, як расце пад намі поле.

У вось такіх шчырых лірычных вершах, у строгіх, як вокрык, баладах, ды найчасцей у меланхалічных, прасякнутых смуткам элегіях паэт хацеў спалучыць чужы Лад з уласным няўтульным Хаосам, але ягоны двайнік, у сваіх учынках не дагадзіўшы аднаму, спадабаўся другому: «Цягнуць мяне з маім чорным лёсам д'ябал — у пекла, анёлак — у рай». Паэзія неардынарнага позірку, тэматычна разнастайная і нечаканая яшчэ і сягоння, калі і сам творца заснуў вечным сном у «глыбокім пад крыжамі ляску», выклікае непадробную цікавасць і зацяжныя спрэчкі. Цяпер ужо ніхто не пярэчыць, што Мікола Купрэеў быў яркім прадстаўніком і носьбітам, так званага, новага стылю, які зарадзіўся напачатку шасцідзесятых гадоў, у час славутай хрушчоўскай адлігі, што шчасліва супала з раннім юнацтвам паэта. Творы яго знешне нязграбныя, часцей з «непрычасанай», дысананснай рыфмай, з перавагай верлібру і белага верша. Галоўнае ў іх — думка, якая ў напластаваннях самых неспадзяваных мастацкіх вобразаў пульсуе, бы кроў у перапляценні крывяносных сасудаў. Калісьці, рэцэнзуючы ў газеце «Чырвоная змена» зборнік «Непазбежнасць», чуйны да навізны Сцяпан Гаўрусёў пісаў, што Купрэеў высмыквае з хаосу і прадзе думку, як добрая пралля з распушанай кудзелі выцягвае суравую нітку, адным толькі няўлоўным дотыкам пальцаў шалёна раскручваючы верацяно. У пошуках свайго адметнага, самабытнага стылю, які пазней назвалі «купрэеўскім», пісьменнік, пачаўшы з апавяданняў, надоўга трапіў у магутныя паэтычныя абдымкі Музы, затым, выдаўшы яшчэ адну кнігу паэзіі «Правінцыйныя фантазіі», на апошнім жыццёвым перагоне зноў вярнуўся да лірычнай прозы. Шмат гадоў таму назад у ёмістай літаратуразнаўчай працы «Берасцейскае вогнішча» знакаміты крытык і вучоны Уладзімір Калеснік, увогуле высока ацэньваючы лірыку таленавітага палескага вандроўніка, даў надзвычай ёмкую і трапную характарыстыку ягонай творчай манеры, пры гэтым акцэнтаваў увагу менавіта на спецыфічных асаблівасцях стылю.

«На празаічны, як шэрае грубае палатно, фон рука паэта, адукаванага філолага (М.Купрэеў закончыў літфак Брэсцкага педінстытута), знарок нязграбна і абыякава або паспешліва шпурляе яскравыя мазкі метафар ці асацыятыўных параўнанняў, — зазначае Уладзімір Андрэевіч. — Так азартны прадавец рассыпае брыльянты на чорным моршчаным бархаце, каб здзівіць і ашаламіць пакупніц. Спантаннасць выяўлення абвостраных пачуццяў чалавека, які чамусьці перанатужыў сваю эмацыянальнасць, і яна ўжо не вяртаецца да колішніх нармальных дыяпазонаў, — характэрны каларыт лірыкі Купрэева. Ён сутыкае на сцежках быцця паэзію і прозу, красу і брыдоту, цнатлівасць і бруд. Прытым гэтыя сутыкненні часам такія рызыкоўныя, што ў душы з'яўляюцца дысаніруючыя рэакцыі, якія пагашаюць адна другую, пакідаючы адчуванне збянтэжанасці і патрэбу ў ахоўных рэакцыях: густ хоча пратэставаць супраць бесцырымонных выпрабаванняў».

Першым з прафесійных крытыкаў Уладзімір Калеснік па-сапраўднаму затрывожыўся, што пасля зборніка «Непазбежнасць» у Міколы Купрэева пачалася зацяжная творчая дэпрэсія, пагражаючы знікненню паэта з літаратурнага гарызонту. У сямідзесятыя гады ён пісаў мала ці наогул нічога не пісаў, нават свае рэчы ў друк аддаваў неахвотна. Прычын творчага крызісу было шмат, і не ўсе яны ляжаць на паверхні, але сярод іх ёсць дзве відавочныя: неўладкаванасць уласнага побыту і расчараванне ў паэтычнай працы, боязь зноў апынуцца пад перакрыжаваным абстрэлам крытычных, яшчэ пятроўскага ўзору, фузій і мушкетаў — яны гулка ляскаюць, а карысці ніякай. Справа ў тым, што на зборнік «Непазбежнасць», канечне ж, не бездакорны ў мастацкіх адносінах, адразу пасля выхаду ў свет абрынуўся цэлы вадаспад артыкулаў, рэцэнзій, чытацкіх водгукаў, часта зычлівых і аб'ектыўных, а часам і не вельмі. Назаву толькі тыя, якія трапляліся мне на вочы: «Неизведанными тропами» — А.Майсейчык, газета «Заря», «Хацеў сказаць...» — Хв.Жычка, часопіс «Беларусь», «Сваё праз чужое» — В.Тарас, часопіс «Маладосць», «На хадулях "арыгінальнасці"» — У.Варно, «ЛіМ». Згадзіцеся, вось гэтыя бесцырымонныя «хадулі» раўназначны здрадніцкаму выспятку з-за вугла, і, хоць вялікім славалюбцам Купрэеў не быў, заўвагі і папрокі ў свой адрас успрыняў балюча, а ў ранімай і ўражлівай душы буйна прараслі зярняты недаверу да ўласнай творчасці. Відавочна: ён марыў пра большае — займеў жа тое, што змог адужаць, дзякуючы свайму вытанчанаму ды неарганізаванаму густу.

З другога боку, смелыя эксперыменты паэта з верлібрам і белым вершам, напаўненнем іх зместам, малазасваяльным пры першым прачытанні, у многіх якраз і выклікала, па словах У.Калесніка, ахоўныя, дысаніруючыя рэакцыі. Памятаю, як у 1968 годзе на Свіцязі, дзе праходзіў Другі рэспубліканскі семінар творчай моладзі, вакол яшчэ «свежай» па часе выхаду кнігі «Непазбежнасць» разгараліся цэлыя слоўныя баталіі. Нават сівыя і ўжо знаныя паэты горача абмяркоўвалі нязвыклыя асацыяцыі тыпу «Гарады спыняюцца каля астравоў...», «Бугам пілоткі плывуць...», ды ўжо ніяк не маглі ўспрыняць як быццам нелагічны ўчынак лірычнага героя, які карабкаецца на высокую сасну «каб убачыць крыло адлятаючага жураўля». Лёгка ўявіўшы верхалаза на макушцы дрэва, можна было жахнуцца: хаця б дзівак з такой высачыні не бразнуўся вобзем! Аднак у мастацтве без рызыкі не бывае. На шчасце, і тут абышлося без ахвяр: на «хадулі арыгінальнасці» паэт не стаў, а ў прамым сэнсе падбіўся ў бясконцых падарожжах, з-за хваробы суставаў пачаў моцна кульгаць на абедзве нагі, і пад канец жыцця яму давялося карыстацца інваліднымі мыліцамі.

Ёсць яшчэ адна прыкрая несправядлівасць, якая, на мой погляд, усё ж закранала самалюбства неардынарнага творцы: пералічваючы яркіх прадстаўнікоў пакалення, чыё дзяцінства прыпала на суровае ваеннае ліхалецце, Міколу Купрэева, як правіла, і раней, і цяпер абмінаюць увагай, хоць у «абойме» відавочцаў і пакутнікаў вялікай народнай трагедыі ён мае сваё, лёсам вызначанае, месца. Рэха вайны невыказным болем і смуткам чуецца ў многіх яго ранніх і пазнейшых вершах: «Я хацеў вам сказаць...», «Камень», «Лясныя сполахі», «Дзевятае мая», у баладзе «А ў полі вярба» і, асабліва, у паэме «З сястрой і Уладзімірам Караткевічам па Рагачоўшчыне», дзе паэт, не здраджваючы ўласнай творчай манеры, у разумных прапорцыях спалучае паэзію і прозу. Твор гэты не проста на тэму вайны — гэта яе незагойная, крывавая памяць. Вось толькі адзін эпізод. Ці то ў жудасным сне, ці то праз набрыдзь галюцынацый аўтар убачыў сваю маладую маму — «у сасновай труне, у кужалёвай сукенцы белай...» За сувязі з партызанамі маму «немец параніў, цэліўся забіць, а паліцай Руды Яўдося закапаў яе, жывую, у балоце ля Варшаўскага шляху». Шасцігадовы Міколка, схаваўшыся ў кустах, зблізку бачыў зверства фашыстаў. Не кожны нават можа ўявіць, пад цяжарам якіх жудасных успамінаў з маленства ён блукаў ухабістымі дарогамі у сваіх прыдуманых і рэальных зялёных лясніцтвах. Ведаючы жыццёвую трагедыю паэта, язык не павернецца назваць яго звычайным валацугам, бо і вершы Купрэева пра маці хутчэй нагадваюць народныя плачы і галашэнні.

Пакліч жа мяне,
мая мама!
Я прыйду!
Я прыйшоў,
а цябе няма.
Палажы мне,
мама,
на галаву свае рукі.
Я шукаў твае рукі,
а іх — няма.
Скажы хоць здаля мне:
«Сын».
Я буду стаяць і чакаць...
Я стаяў і чакаў,
а голасу — больш няма.
Ой, не кліч мяне, мама,
не кліч!
Нічога няма!
Знаю, што ты — была.
I была — вайна.


Я, вядома, не бачыў, як паэт «першы раз тут, над крыжам, заплакаў», і наогул не ведаю, ці ўмеў ён плакаць, хоць нашы жыццёвыя шляхі-дарогі, асабліва ў маладосці, вельмі часта перакрыжоўваліся, затое добра помню той далёкі зімовы дзень, калі ўпершыню сустрэўся з Міколам Купрэевым — зусім маладым тады чалавекам, інтэлігентным, шчыгульна апранутым, з надзіва высокім ілбом, што сведчыла аб выключных разумовых здольнасцях яго ўладальніка. Было гэта ў рэдакцыі ляхавіцкай раённай газеты, куды мяне аднойчы нясмелым школьнікам нейкае ліха занесла са сшыткам сваіх вершаў. Здаецца, я прыязджаў у ваенкамат на прызыўную медыцынскую камісію і па дарозе завітаў у рэдакцыю, дзе ніколі не быў. Рэдактар газеты Вікенцій Шталь не паспеў і словам абмовіцца, як без стуку зайшоў чалавек з абліччам, ужо знаёмым мне па газетных фотаздымках. Выбраўшы нешта для друку, мяне хуценька выправадзілі з кабінета, і прычынай таму, думаю, стаўся пузаты, яшчэ не абшарпаны сакваяж у Міколавай руцэ. Было, аднак, і лета 1965 года, калі я, ужо штатны літсупрацоўнік «раёнкі», пешшу ішоў з вёскі Востраў радзімы яшчэ аднаго слаўнага беларускага паэта Міхася Рудкоўскага. Стаяў цёплы сонечны дзень, навокал зелянелі палеткі, і раптам на скрыжаванні палявога прасёлка і сіняўскай шашы да мяне даляцела: «Віця!» Павярнуўся, гляджу: у танкаствольным бярэзніку, на траве-мураве разлёгся Мікола Купрэеў і моўчкі, ціха-мірна любуецца беласнежнымі воблакамі. Цяпер мы «знаёміліся» доўга, пра штосьці балакалі, чыталі вершы і разышліся добрымі сябрамі. Не ведаю, адкуль паэт прыблытаўся сюды, у боскую лясную адзіноту усё ж ці не ўцякаў з краіны Цыганіі, дзе ён захацеў стаць баронам, прычым баронам, разумнейшым за сваіх папярэднікаў бо адразу аблюбаваў сабе і «цыганачку Азу, чарнавокую заразу» (верш «Як быў я цыганскім баронам»).

I стаў пісаць я кнігі і артыкулы,
каб на маё імя ўсе пальцам тыкалі.
А зладзюгі гэтыя чытаць іх не ўмелі
або чытаць іх не хацелі.

Тады я стаў вучыць іх:
— Не туды ступіў — ступі сюды!
Не так устаеш — вось так уставай!
Не так пяеш — вось так спявай!

Душы маёй яны не зразумелі,
угаворваў іх я так і гэтак,
што, моў, і сыты будуць і адзеты
і што анёламі зраблю іх дзетак...

I на ўсю Цыганію аднойчы тройчы свіснулі —
усе баці як нахлынулі
і — мяне з баронства скінулі.

I калі з Цыганіі ўцякаў я,
аднекуль з неба рагатала Аза,
чарнамазая зараза.

Той белы бярэзнічак даўно стаў цудоўным гаем, але я і сёння грэшна думаю: нездарма там, на развілцы дарог, ляжаў спякотным летам закончаны пустэльнік Мікола Купрэеў. Дзесьці паблізу за Крышылавіцкім ляском, струменілася рэчка Нача, так часта і хораша апетая ў вершах паэта, дзесьці паблізу, мусіць, сапраўды жыла ягоная Муза-дзяўчынка і дзесьці тут, паміж Востравам і Гутай, Лактышамі і Малым Сялом, на самай справе, мабыць, існавала легендарная краіна Цыганія, бо гэта адтуль — задзірыста-вясёлае, разухабіста-гарэзлівае:

I — эх, цыганачка Аза,
Чарнавокая зараза!

Не буду паўтарацца, што асабістае жыццё ў Міколы Купрэева склалася няўдала, і ён, па словах У.Калесніка, стаў вандроўным палескім бардам, хоць ніколі не брынькаў на гітары і не спяваў пустых серэнадаў сваёй падманлівай «чарнавокай» Музе, якая час ад часу жорстка і здзекліва параготвала з неба. Ён і не крыўдаваў, бо ў яго была адзіная радасць і суцеха — стаптаныя чаравікі нястомнага падарожніка, лёгкая авоська з сякім-такім падмацункам, шматкамі пісчай паперы і абавязковай кнігай. Не было хаты, не было сталага прыстанку, але паўсюдна на Палессі яго сустракалі гасцінныя, цёплыя бярэзнікі. «Мне сёння хораша: у ноч прыйшоў я чысты і багаты, кладу пад голаў белы корч, і лес вакол — мае пенаты». Калісьці В.Хлебнікаў на станцыях паліў свае вершы і грэў над кволым цяпельцам пакрэплыя рукі. Вершы і прозу ў Міколы Купрэева на станцыях кралі. Укралі і першы варыянт яго выдатнай аповесці «Хлапечыя гульні пасля вайны», якую яшчэ ў Ганцавічах я чытаў напісаную алоўкам у вялікім канцылярскім сшытку. На вакзале ў Івацэвічах вецер доўга кружыў у паветры ашмоцце белай паперы. Парвалі, бо ў бядовых людзей нічога лепшага не ўкрадзеш.

Пры ўсёй, на першы погляд, бязглуздай неўладкаванасці побыту, Мікола Купрэеў ведаў сабе цану хоць быў безабаронным і бездапаможным чалавекам. Крыўдзіцца мог, але ненадоўга. У час мала не штодзённых палескіх бадзянняў паэт праседжваў у сельскіх бібліятэках, што трапляліся па дарозе, і потым на станцыях разгадваў красворды. Некалькі красвордаў за ноч, і ніводнай пустой клетачкі. Эрудыт! Прычым эрудыт бедны, без грошыка ў кішэні, часам нават без уласнай кніжкі «Непазбежнасць», у якой быў змешчаны партрэт зусім яшчэ маладога аўтара і якая не адзін раз выратоўвала «барда без гітары» ад надта прычэпістых міліцыянераў. Мусіць, якраз з гэтай нагоды, седзячы ў рэдактарскім кабінеце Васіля Праскурава, аднойчы паэт дазволіў сабе паіранізаваць з уласнай непрыстасаванасці да жыцця:

Мелі добрых мецэнатаў
I Пятрарка, і Рублёў.
Ні кала ў мяне, ні хаты
— Мне б авансам пяць рублёў!

Паэтычныя вандроўкі Міколы Купрэева, як я ўжо казаў, пачаліся на слыннай Ганцаўшчыне, дзе ў Чудзіне, далекаватай ад райцэнтра вёсцы, падчас педагагічнай працы ён прыкмеціў сярод дзятвы будучага паэта Алеся Каско. Забягаючы наперад, хачу дадаць: а ў вёсцы Сташаны Пінскага раёна, дзе таксама настаўнічаў, адразу двух — Міколу Антаноўскага і Анатоля Шушко. Асабіста мне запомніўся 1963 год, калі ў Ганцавічах яшчэ самі маладыя пісьменнікі В.Праскураў, М.Рудкоўскі, М. Купрэеў праводзілі пасяджанне мясцовага літаб'яднання. Дзіўна, але ўжо тады, на пачатку шасцідзесятых, тут заяўлялі аб сабе шмат пачынаючых аўтараў, а ў ляхавіцкай зоне аднаго на той час раёна іх практычна не было. Усе на пасяджэнні чыталі свае вершы: чытаў я, чытаў Віктар Лунёў, чытаў Косця Мохар, а Мікола дык здзівіў прысутных. Спачатку ён прачытаў верш пра кветкі, якія кідае ў вокны міністру сельскай гаспадаркі, каб той выйшаў з кабінета і паглядзеў, дзе гэтыя кветкі растуць, а затым позірк паэта ягнуў далёка за межы Беларусі:

Гарыць над
Іспаніяй Сэрца Лоркі —
Над горам радзімы, над сваёй жа крывёй.
Расстраляныя, прабітыя кулямі зоркі —
Сэрцы паэтаў гараць над зямлёй.

Гэты верш.пазней быў надрукаваны ў кнізе «Непазбежнасць», вось верш пра кветкі, што ляцелі ў вокны міністра сельскай гаспадаркі, я не знайшоў і ў другім зборніку Купрэева «Правінцыйныя фантазіі»: мусіць, забыў і сам паэт. Зрэшты, як і не забыць пра такую дробязь, калі, стаўшы на лыжы, Мікола мог віхурна прамчацца па алеях, па гарах, па далінах, міма заснежаных гарадоў:

«Дзень добры, свента Варшава!»
«Гутэн абэнд, Берлін!»
«Лондан, алрайт!»
«Банжур, масье Парыж!»

Нічога сабе правінцыйныя фантазіі! А гэта ўсяго толькі адзін верш, у якім, гледзячы на рэпрадукцыі Ракуэла Кента, паэт здзяйсняе лікую вандроўку па планеце Зямля і ў міжзорных прасторах.

Парыж ёсць Парыж, і яму Мікола Купрэеў сказаў у засмучэнні: адзью, Парыж!» Дакладней сказаў сваёй «чарнавокай» Музе: «У Парыж з табою не паедзем паглядзець Еўропы з Эйфелевай вежы».

Лондан ёсць Лондан, і Мікола Купрэеў сказаў расчаравана: «На манны Альбіён, мілэдзі, таксама нас не пусцяць, грэшных».

Вось Варшава свента — пані не скупая! «Дык хоць з мура Белай вежы скокнем праз кардон у Паспаліту... — паднімем над Віслаю клішкі за нашага агульнага Адама, за прыгожую Марыну Мнішак...»

Тут я ўжо цытую верш Міколы Купрэева «Кароткае падарожжа» зноў бачу: не, гэта зусім не правінцыйныя фантазіі.

А што Берлін? «Аўвідэрзайн, Берлін!» А што Масква? Ні «здравствуй», ні «прощай»? Крыху не так. Масква сама адшукала таленавітага беларускага паэта.

Аднаго разу, у стагоддзяў на размежжы, праездам у «белакаменной» паэт і перакладчык Валерый Грышкавец паведаміў мне, што вершы Міколы Купрэева ідуць у Маскве на «ўра». Вялікую падборку надрукавала «Литературная газета» і заказала новую. Надрукаваў «День», і даівай, Валерый, перакладай яшчэ. Прасілі вершаў самабытнага паэта часопісы «Дружба народов», «Наш современник», іншыя выданні, а заваяванне» Масквы Купрэевым цалкам залежала ад таго, як ягоную паэзію паспяваў пераўвасабляць на рускую мову В.Грышкавец — па сённяшнім часе, бадай, адзіны творца, які сваім яркім перакладчыцкім талентам служыць інтарэсам дзвюх братніх літаратур. Нягледзячы на тое, што толькі ў слыннай Маскве жыве і працуе некалькі соцень сваіх выдатных паэтаў і, шчыра кажучы, ім самім няма дзе друкавацца, яны без бурчання пацясніліся, далі новаму «маскоўскаму заваёўніку» годнае месца каля сябе. Дарма нейкі мінскі зайздроснік з'едліва пасміхаўся: правінцыйнаму паэту не бачыць Масквы як уласных вушэй. Убачыў! На тое ён і ёсць відушчы Мікола Купрэеў.

Будучы прызнаным носьбітам нетрадыцыйнага ці, як сказалі б сёння, «эксклюзіўнага» стылю, паэт ведаў пра сваё дзівоснае ўзнясенне ў дужа пераборлівых літаратурных колах Расіі, хоць ніякай ганарарнай узмогі, ні малой, ні вялікай, адтуль не меў. Па часе ў родны Пінск, да хворай маці, вярнуўся і Валерый Грышкавец, але плённую перакладчыцкую працу не кінуў, вершы беларускіх аўтараў у яго перакладах па-ранейшаму друкуюцца ў Маскве. Даўнавата сярод іх няма толькі твораў Міколы Купрэева. У асяроддзі пісьменнікаў, чытачоў і паклоннікаў забываюцца пакрысе і розныя хлуслівыя выдумкі, звязаныя з гэтым вядомым прозвішчам. Багата чаго крыўднага, пачутага пра сябе, з хваравітай усмешкай апавядаў мне сам творца, бо ўсе яго паэтычныя вандроўкі, адкуль бы ні ішоў — з Ляхавіч ці Пінска, з Івацэвіч ці яшчэ адкуль, нязменна заканчваліся на блаславёнай Ганцаўшчыне, дзе ён меў і прытулак, і сяброўскую ўвагу. Потым былі доўгія гады расстання па той прычыне, што я выехаў на жыхарства ў Мінск, а наша апошняя сустрэча з Міколам іменна на ганцавіцкай зямлі адбылася ў надта сумны і горкі майскі дзень — на пахаванні старэйшага сябра і дарадчыка Васіля Праскурава.

Не буду вярэдзіць душу трывожным успамінам, але ўжо на другі дзень самым раннім «дызель-поездам» Купрэеў вёз мяне ў госці да сябе — у аддаленую вёску Малькавічы, дзе ён тады выкладаў у мясцовай школе беларускую мову і літаратуру. Над рэчкай Цной якраз узыходзіла сонца — агністае, набрынялае яркай, сляпучай чырванню, такога чырвонага сонца я ніколі не бачыў, ні раней, ні пазней. Самі ж Малькавічы ўвачавідкі прадэманстравалі сваю адвечную паляшуцкую шчодрасць і гасціннасць. У прасторнай, але пустой сялянскай хаце, дзе кватараваў настаўнік, усюды па кутах на табурэтках і шкапчыках ляжалі апетытныя, з мясною праслойкай плахі сала. «Людзі думаюць, што жыву адзін, дык і галадаю. Вось і нанасілі «свіных плячэй»,— перахапіўшы мой здзіўлены позірк, патлумачыў Мікола Сямёнавіч. — Але грошы цяпер у мяне ёсць. Сёння таксама паеду ў Ганцавічы, атрымаю зарплату за летнія вакацыі». Сапраўды, закончваўся навучальны год, для выпускнікоў мелася быць апошняя школьная лінейка, а хітры беларускамоўны педагог завёў мяне ў школу ў якасці прамоўцы і чытальніка вершаў. Літаральна за два дні перад трагічнай падзеяй, 25 мая, паэту споўнілася роўна 50 год, аднак пра свой круглы юбілей ён сціпла маўчаў, ды і аб чым можна было размаўляць пасля такой нечаканай і цяжкай страты ў ганцавіцкай дружнай літаратурнай сябрыне?

На гаспадарку да Купрэева трохі раней за мяне прыязджалі Алесь Каско, Мікола Пракаповіч, Зінаіда Дудзюк, магчыма, яшчэ якія берасцейскія пісьменнікі. Ведаю, наведаць Малькавічы збіралася і Яўгенія Янішчыц — адсюль ужо зусім блізка яе родная Ясельда, але не паспела. Нават у сталым узросце лёгкі да перамены месц, Мікола неўзабаве развітаўся з Малькавічамі і апынуўся на Пружаншчыне — настаўнічаў у вёсцы Папялёва, што на самай мяжы з Белавежай, потым як пенсіянер па хваробе асеў на жыхарства ў саміх Пружанах, цяпер ужо назаўсёды. Вось гэты «пружанскі» перыяд у жыцці і творчасці старэйшага сябра я ведаю слабей, бо апошнім часам бачыліся мы рэдка, гады ў рады. Праўда, на кватэры ў Купрэева, стандартнай дзяржаўнай аднапакаёўцы, будучы ў Пружанах у гасцях, я ўсё ж пабываў, а дзверы запасным ключом адчыніў рэдактар «раёнкі» Мікола Антаноўскі, як бы давераная асоба і клапатлівы апякун колішняга свайго настаўніка. Гаспадара дома, на жаль, мы не засталі, і я ў засмучэнні пакінуў яму на стале гасцінец: некалькі дэфіцытных тады цыгарэт і запіску: «Дзе валочышся, Адысей?» Вярнуўшыся, паэт быў узрадаваны, таму што гэтую цыдульку і цыгарэты з цёплынёй прыгадвае ў рэцэнзіі на маю кнігу «Межань» у мясцовай жа газеце «Раённыя будні».

Пружанскі перыяд у творчасці Купрэева адметны даволі плённай працай, ва ўсякім выпадку час бездумна не марнаваўся. Калі паэтычнае натхненне звычайна прыходзіла ў падарожжах і вандроўках, а лепшыя вершы ўсё ж былі напісаны ў зялёных лясных кварталах і белых бярэзніках, то, займеўшы жыллё і пастаянную прапіску, ён з маладым імпэтам улёг у прозу, хоць часцей працаваў не дома, а ў санаторыях і розных лякарнях. З-пад пяра пісьменніка, які знайшоў у сабе сілы прадоўжыць цярністы шлях празаіка, пачаты яшчэ ў юнацтве, адна за адной выйшлі аповесці «Хлапечыя гульні пасля вайны», «Імгненне светлае», «Па вуліцы Карла Маркса з Паэтам», «Палеская элегія», «Рэчкаю плывём, плывём...», «Пастух у космасе», «Лісты з млына». Не з рукі аналізаваць іх ды пахвальваць аўтара, таму што пра ажыятажную лірычную прозу Міколы Купрэева многа і цёпла пісалі прафесійныя крытыкі. Напрыклад, два зусім не падобныя ні стылем, ні манерай аналізу даследчыкі літаратуры Уладзімір Саламаха і Сяргей Грышкевіч, рэцэнзуючы таксама розныя па тэме і жыццёвых калізіях творы пісьменніка, першы — аповесць «Па вуліцы Карла Маркса з Паэтам», другі — аповесць «Лісты з млына», прыходзяць практычна да агульнага вываду: лірычная проза Купрэева шчырая і праўдзівая, гуманістычная і чалавечная ў сваёй аснове.

Уладзімір Саламаха: «I тут я зноў думаю пра тое, пра што ўжо неаднойчы пісаў у некаторых сваіх артыкулах: як жа мы, людзі, прывыклі ўсе нашы горшыя, па-чалавечы невытлумачальныя ўчынкі апраўдваць фактарам часу, рэжымам, грамадскім ладам. Пры гэтым забываем, што толькі сапраўдныя людзі застаюцца людзьмі ў любых сітуацыях. Думаю, твор выклікае на такі роздум...» (З артыкула «Пра што раскажа вучням», кніга крытыкі «Сусвет дабрыні».)

Сяргей Грышкевіч: «У беларускай прозе апошніх гадоў рэдка калі сустрэнеш падобную шчырасць, без штучнага схематызму ў дыялогах, ненатуральных паводзін, серыяльнай тэатральнасці, навамодных сексуальных выкрунтасаў... Аказваецца, пра каханне можна пісаць так, каб быць сучасным ва ўсе часы. Каб табе верылі, як уласна перажытаму. Хоць і не прапушчанаму цераз млын запознена спасцігнутай ісціны, ужо непатрэбнай у сівой сталасці гадоў». (З артыкула «Адвечныя лісты з млына...», газета «Заря».)

Проза прозай, няхай сабе і дужа прыцягальная сваім непаўторным лірызмам, але галоўную пісьменніцкую справу Мікола Купрэеў, як мне думаецца, зрабіў іменна ў паэзіі, у якой набіраў недасяжныя інтэлектуальныя вышыні, спярэшчаныя наўкруг камяністымі крутымі спускамі і спадамі. На любай яму Ганцаўшчыне з дзён маладосці паэт меў немалы творчы надзел — сам яго скародзіў, сам засяваў, збіраў ураджай, калі хацеў і як хацеў. Да слова сказаць, пісьменнік нарадзіўся ў вёсцы Ямнае Рагачоўскага раёна, школьныя гады правёў у Івацэвічах і тут жа, у прыгараднай вёсцы Міхнавічы, пахаваны. 1937 — 2004. Пражытае жыццё не ўмяшчаецца паміж гэтымі датамі. Па колькасці пройдзеных дарог яму таксама няма роўных. Хіба што, азірнуўшыся ў трыццатыя і саракавыя гады мінулага стагоддзя, на старасвецкіх трактах ды гасцінцах можна ўбачыць з вандроўніцкім посахам і хатулём за плячыма славутага мастака Язэпа Драздовіча, які ўсюды, дзе б ні быў, змалёўваў для нашчадкаў узоры народнага дойлідства, прылад працы і быту, запісваў фальклор і лексіку мовы. Вядома, ніяк не выпадае параўноўваць гэтыя дзве не аднолькавыя па значнасці фігуры, але і Мікола Купрэеў, надта часта сутыкаючыся з тым, што сам жа назваў непазбежнасцю, у беларускай літаратуры пакінуў яркі след, прынамсі, будучы добрым і шчодрым чалавекам, паэт не таптаў прыгожыя кветкі ў сваіх зялёных лясных пенатах.
Катэгорыя: Віктар Гардзей | Дабавіў: admin (27.05.2010) | Аўтар: Віктар ГАРДЗЕЙ
Праглядаў: 4351 | Тэгі: Віктар Гардзей, Літаратурная Ганцаўшчына, Мікалай Купрэеў | Рэйтынг: 5.0/4
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [34]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [75]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [11]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [1]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [75]
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Каталог TUT.BY Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.