Субота, 27.07.2024, 03:32

ГРОДЗЕНСКІ КАСЦЁЛ АДШУКАННЯ СВЯТОГА КРЫЖА І КЛЯШТАР БЕРНАРДЗІНЦАЎ

Галоўная »
ГРОДЗЕНСКІ КАСЦЁЛ АДШУКАННЯ СВЯТОГА КРЫЖА І КЛЯШТАР БЕРНАРДЗІНЦАЎ размяшчаецца на высокім правым беразе р. Нёман, дамінанта архітэктурнай панарамы гістарычнага цэнтра горада Гродна. Пабудаваны ў 16—18 ст. Касцёл — аснова буйнога асіметрычнага па кампазіцыі архітэктурнага комплекса, які разам з жылым корпусам утварае ўнутраны замкнёны двор.


Першы драўляны кляштар заснаваны ў 1494 г. па фундацыі вялікага князя літоўскага Аляксандра Ягелончыка на месцы колішняга каралеўскага палаца. Фундацыя пацверджана ў 1586 г. каралём Рэчы Паспалітай Стафанам Баторыем. Мураваны кляштар пабудаваны ў 1595—1618 гг. на зямлі, ахвяраванай ордэну Г.Друцкай-Сакалінскай і Я.Тарасевічам. Закладку першага каменя касцёла ў 1602 г. асвяціў віленскі біскуп Б.Война. Збудаваны на сродкі караля Жыгімонта III Вазы, Л.Сапегі, Е.Валовіча і інш., храм асвяціў 13.05.1618 г. біскуп Я.Валовіч. Дабудоўваўся пасля пажара ў 1656 г. і 1753 г. У 1680 г. перакрыта страха касцёла, рэканструяваны алтар святога Антонія, пабудавана капліца святой Барбары; у 1736 г. перабудаваны алтары святых Міхаіла, Бонавентуры, Ануфрыя, Пятра з Алькантары; у 1738 г. рэканструявана званіца. У 1754 г. і 1759 г. для касцёла адліты два званы, у 1788 г. архітэктар Ф.Міхалкевіч зрабіў вытанчанае завяршэнне званіцы.

У 1682 г. 30 манахаў кляштара ажыццяўлялі пастырскую апеку над кляштарамі бернардзінак і брыгітак, дзе служылі капеланамі і духоўнікамі. У 17—18 ст. тут збіраліся павятовыя сеймікі. У пачатку 19 ст. пры кляштары працавала прыватная пачатковая школа. У 1677 г. з Нясвіжа пераведзены філасофскія курсы, першымі лектарамі якіх былі А.Раскаховіус і Я.Лаўрыновіч.

У 1852 г., калі ксяндзом-настаяцелем касцёла быў А.Гінтаўт-Дзевалтоўскі, кляштар скасаваны па загаду імператара Аляксандра II: «Монастырь этот закрыть, переведя монахов в другие обители ордена, церковь же сего монастыря, по многочисленности прихожан, оставить приходскою». Адлюстраваны на малюнку Напалеона Орды (другая палавіна 19 ст.). У касцёле вянчалася польская пісьменніца Э.Ажэшка. Пэўны час у кляштары размяшчаліся розныя цывільныя ўстановы; у 1868 г. перададзены ваеннаму ведамству. У 1990 г. кляштарны комплекс вернуты рымска-каталіцкай царкве, у ім знаходзіцца Вышэйшая рымска-каталіцкая духоўная семінарыя.


Кaсцёл — помнік архітэктуры ранняга барока, у аснову якога пакладзена кампазіцыя рымскага езуіцкага касцёла Іль Джэзу. Трохнефавая шасцістоўпная базіліка з вялікай паўцыркульнай апсідай і двумя сакрысціямі атрымала нестандартную асіметрычную прасторавую будову. Двух'ярусны галоўны фасад пластычна раскрапаваны развітым антаблементам, дынамічна згрупаванымі пілястрамі вытанчанага карынфскага ордэра, арачнымі нішамі і завершаны трохвугольным франтонам, які прыкрывае двухсхільны дах цэнтральнага аб'ёму храма. Дынамічны рух архітэктурным масам надае асіметрычна дабудаваная да паўднёвага боку фасада вежа-званіца, два верхнія ярусы якой надбудаваны ў 1788 г. архітэктарам Л.Грынцэвічам і выкананы ў вытанчаных пластычных формах ракако: вертыкальна выцягнутыя прапорцыі, вуглавая крапоўка калонкамі і валютамі, фігурны купал з ігольчастым шпілем. Сцены бакавых фасадаў вырашаны больш стрымана і сціпла — расчлянёны пілястрамі і парнымі арачнымі аконнымі праёмамі. У архітэктуры касцёла спалучаюцца элементы готыка (контрфорсы і высокія стральчатыя вокны ў апсідзе і на бакавых фасадах, нервюры скляпенняў), рэнесансу, ранняга (плоскаснае вырашэнне галоўнага фасада з крывалінейным сілуэтам верхняга яруса і дынамічнай групоўкай ордэра) і позняга барока.

Вялікая прастора храма шасці слупамі падзелена на тры нефы, перакрытыя крыжовымі скляпеннямі на падпружных арках, дэкарыраваных грызайльнай размалёўкай з выявамі гербаў фундатараў, раслінным арнаментам. Інтэр'ер, аформлены на сродкі Масальскіх, вылучаецца багаццем архітэктурнай пластыкі (пілястры, аркатура, прафіляваныя карнізы, падпружныя аркі). Мастацка-дэкаратыўнае аздабленне насычана разьбой па дрэве, драўлянай і стукавай скульптурай, лепкай. У 1788 г. мастакі А.Грушзцкі і Ф.Міхалкевіч дапоўнілі аздобу інтэр'ера манументальным жывапісам: плафоны з фрэскавай размалёўкай, выявы 12 апосталаў (паўднёвая сцяна) і 12 дзеячаў Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай (паўночная сцяна) у аркатурных фрызах цэнтральнага нефа. Галоўны мастацкі акцэнт інтэр'ера — манументальная кампазіцыя «Узнясенне Хрыста» на тымпане арачнай перагародкі прэсбітэрыя.

Галоўны алтар святога Францішка вырашаны стукавым калонна-пілястравым порцікам карынфскага ордэра, завершаным масіўным прамавугольным атыкам са скульптурнай групай анёлаў. Вясёлкава і святочна яго асвятляюць бакавыя вітражныя вокны апсіды. У дэкаратыўным аздабленні выкарыстаны разныя гірлянды, пуцці. У адным пластычным стылі выкананы астатнія 14 кулісных алтароў (адзін з іх выканаў у 20 ст. мясцовы дэкаратар І.Болдак): згрупаваныя калоны і пілястры карынфскага ордэра служаць абрамленнем алтарных карцін і верхніх барэльефных пано.

Надзвычай каштоўны скульптурна-дэкаратыўны ансамбль Ларэтанскай капэлы касцёла (злева ад галоўнага ўвахода). Багата насычаны пластычна-скульптурны ансамбль капэлы разгорнуты пад крыжовым скляпеннем і ўключае сюжэтныя кампазіцыі «Чатыры евангелісты», «Святая Сям'я», «Маленне аб чашы». Ансамбль дапаўняюць скульптурна і арнаментальна апрацаваныя плафон скляпення і балдахінны дэкор уваходных арак. Цэнтральная скульптурная кампазіцыя «Святая Сям'я» знаходзіцца ў верхнім арачным праёме-праходзе з капэлы ў бакавы неф. У яе цэнтры на троне святая Марыя з Хрыстом-дзіцем на руках. На другім плане — скульптуры святога Юзафа і Яна Хрысціцеля. Фігуры біблейскіх персанажаў зафіксаваны ў момант малітоўнага ўзрушэння: выразныя жэсты рук, звернутыя да неба погляды, вакол лунаюць анёлы. Унутраная плоскасць арачнага праёма пакрыта сакавітым ляпным акантавым арнаментам з пуцці. Каля правай грані праёма размешчана скульптура архангела. Уся кампазіцыя ў аснове дэкарыравана авальнай панэллю ў акантавых выгінах і лаўровых гірляндах, гафрыраванай ракавінай і маскаронам. Абапал арнаментальнай панэлі размешчаны скульптуры: святой Цэцыліі, якая грае на стылізаваным мініяцюрным аргане, святой з жазлом і пуцці са скрыпкамі ў руках. Персанажы паўстаюць у грацыёзных паставах, вобразы іх прасякнуты жыццесцвярджальным пафасам. Асобныя выявы евангелістаў Лукі, Марка, Яна і Матфея з адпаведнымі атрыбутамі размешчаны ў вуглавых пятах скляпення капэлы і пастаўлены пад распушаныя веерам ракавіны. Завяршае і кампазіцыйна аб'ядноўвае афармленне інтэр'ера капэлы багата арнаментаваны плафон скляпення, вырашаны скульптурнай групай пуцці, якія нясуць у руках абруч люстры і нібыта заблыталіся ў выгінах акантавага лісця. Шырокай ляпной тканінай накрыты арачны праём бакавога ўвахода ў капэлу, у яе складках размешчаны пластычны картуш, нацюрморты. Скульптурна-дэкаратыўны ансамбль вылучаецца віртуознай выканальніцкай тэхнікай. Ансамбль Ларэтанскай капэлы — адзін з выключна каштоўных твораў манументальнага мастацтва Беларусі 18 ст. Абраз 18—19 ст. «Антоній з дзіцем», «Маці Божая з дзіцем», «Маці Божая Беззаганнае Зачацце», «Перамяненне», «Святая Сям'я», «Святы Бонавентура», «Святы Казімір», «Станіслаў Костка».

У стылі класіцызму выкананы амбон, дэкарыраваны лісцем аканту і выявамі евангелістаў у авальных медальёнах (разьба па дрэве). Арган на хорах устаноўлены ў 1680-я гг. пры Г.А.Гладавіцкім. Сцены прэсбітэрыя пакрыты дубовымі панэлямі з разнымі пано.

3 паўднёвага боку да касцёла далучаны двухпавярховы, складанай канфігурацыі, накрыты высокімі двухсхільнымі дахамі кляштарны корпус. Фасады рытмічна члянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі і пілястрамі ў прасценках, сцены ўмацаваны контрфорсамі. Усходняе і паўднёвае крылы вылучаны буйнымі рызалітамі з трохвугольнымі франтонамі. Галерэяй корпус злучаны з касцёлам

Крыніца: Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін;
фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл.

Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [38]
Спорт [1411]
Здарэнні [480]
Грамадства [482]
Эканоміка [37]
Транспарт [148]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Ліпень 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 42
Гасцей: 42
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.