Субота, 27.04.2024, 05:23

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Анатоль Трафімчык

Край, дзе Муза жыве
Край мой родны! Дзе ж у свеце
Край другі такі знайсці,
Дзе б магла так, поруч з смеццем,
Гожасць пышная ўзрасці?

Якуб Колас

Тое, што Ганцаўшчына – так ужо павялося – багатая на паэтычныя таленты, лішні раз казаць, а тым больш даказваць, сёння ўжо з’яўляецца труізмам. А вось разгадаць, чаму так сталася, прафесійныя даследчыкі літаратуры не бяруцца. І наўрад ці метадычным ключом у разгадванні (не пабаюся гэтага слова) феномену Ганцаўшчыны зможа паслужыць чатырохрадкоўе геніяльнага Гётэ:
Wer das Dichten will verstehen
Muss ins Land der Dichtung gehen;
Wer den Dichter will verstehen
Muss in Dichters Lande gehen.
Ці ж мала на Беларусі такіх паэтычна прыгожых куткоў?! Ды сама наша зямля пад белымі крыламі (Уладзімір Караткевіч) ёсць адным суцэльным прыстанкам Паэзіі. Паэзіі ў самым шырокі сэнсе паняцця – мастацкай літаратуры. А яна тут знайшла свой родны кут (Якуб Колас). Менавіта на Ганцаўшчыне, невялікай па памерах, не сказаць каб густанаселенай, яшчэ гадоў сто таму практычна незнаёмай з кнігай, ужо колькі дзесяцігоддзеў б’е крыніца паэтычнага натхнення, цячэнне каторай вынесла на старонкі друкаваных выданняў далёка не аднаго свайго выхаванца. А яшчэ для многіх з розных куткоў Беларусі гэтае лапіка Палесся стала родным, блізкім, дарагім (П.Трус): са школьнае праграмы нам вядома, што тут засталіся два гады настаўніцкае маладосці нашага класіка Якуб Колас; не абмінуў ганцаўскіх вёсак і лёс Міколы Купрэева, творы якога сёння і ў рэдакцыях літаратурна-мастацкіх часопісаў на расхват, і ў прыдзірлівага крытыка ды капрызнага чытача на высокім рахунку; Васіль Праскураў жа наогул быў для Ганцаўшчыны зусім не прыёмным сынам, хоць і прыехаў з далёкае Віцебшчыны. А імёны нашых землякоў, у першую чаргу Міхася Рудкоўскага, Віктара Гардзея, Алеся Каско, ужо ўпісаныя залатымі літарамі ў гісторыю беларускае літаратуры.

Выйшла з друку чарговая кніга з серыі "Беларусь літаратурная", якая рэпрэзентуе эсэнцыю багацця мастацкага слова паўночнага кутка Берасцейчка-Пінскага Палесся, які змясціўся на невялічкім лапіку прасторы "Паміж Бобрыкам і Ланню" (укладанне рабілі Віктар Гардзей і Канстанцін Мохар). Адразу варта заўважыць, што, не гледзячы на кароткую гісторыю развіцця літаратуры ў рэгіёне, кніга атрымалася па аб’ёму большай за папярэднія, нават за полацкую. Але і ў такім выглядзе гэта далёка не поўная анталогія ганцаўскага літаратурнага кантэксту, – хутчэй візітоўка яго. Выданне з’яўляецца адлюстраваннем не толькі літаратурнай стракатасці Ганцаўшчыны, але і пэўным увасабленнем слоўнага мастацтва ці не ўсяго беларускага літаратурнага дыскурсу. Сведчаннем таму і шырокая геаграфія аўтараў, якія мелі простае дачыненне да Ганцаўшчыны, узбагаціўшы яе лакальную мастацкую прастору. Аднак гэта знешне, фармальна. Прааналізаваўшы і пераварыўшы хаця б гэта выданне, чытачу нескладана прыйсці да змены прычыны і наступстваў у прыведзенай тэзе: гэта мастацкая прастора Ганцаўшчыны, яе сакральнасць спрычыніліся на канцэптуальным узроўні да ўзбагачэння літаратурнага дыскурсу і Беларусі, і нават за яе межамі.

Структура кнігі зладжана так, што яе кампаненты не існуюць паасобна, а цесна звязаны, знітаваны паміж сабой, іншым разам выцякаючы наступны з папярэдняга. Так, літаратурны пачатак з коласаўскай тэмы меў гараманічны працяг праз казачны свет Сержпутоўскага, які ў сваю чаргу іскрыўся не раз і ў водблісках "берасцейскага вогнішча". А далей – яшчэ прасцей, бо куратар таго вогнішча – Уладзімір Калеснік – меў простае дачыненне да станаўлення на літаратурнае крыло многіх ганцавіцкіх літаратараў. Немалаважную ролю ў стварэнні той гармоніі адыгрываюць артыкулы і нарысы Віктара Гардзея, становячыся свайго роду ўводзінамі да творчасці аўтараў. Зразумела, іх мастацкі здабытак адлюстраваны фрагментарна, таму менавіта праз такія уверцюры слова неабазнанаму чытачу адкрываецца акно ў творчы свет ганцаўскіх рупліўцаў пяра.

Тэматычнае кола паэзіі ганцаўскіх лірыкаў вельмі шырокае. Што-нішто ў іх пераклікаецца паміж сабой – сведчанне існавання пэўнай традыцыі, якая мае ўплыў, можна сказаць, на падсвядомасць паэтычнага мыслення. А вось адна тэма з тэматычнага спектру праходзіць чырвонай ніткаю праз творчасць ці не ўсіх ганцаўскіх палешукоў, хто ўжо заявіў пра сябе ў літаратуры. І гэта – тэма малое радзімы, без якое яны не ўяўляюць сябе ў гэтым свеце. На гэты конт сталі хрэстаматыйнымі словы Міхася Рудкоўскага:
Відаць, я б жыў, відаць бы, не загінуў,
пісаў бы вершы, сена ў копы клаў, –
ды толькі не такой была б Айчына
і песня б незакончанай была.
Менавіта Айчыне, як заўважае Віктар Гардзей, паэтам з Вострава пісалася яго другая паэтычная песня, а "найпершая песня – Маці".

Родныя ж вёскі для многіх парабіліся ключом, якім адчыняліся дзверы ў краіну Паэтычнага слова, і сталі атаясамляцца з гэтаю краінай:
Ёсць Востраў у мяне – ў мяне ёсць ліра… (Міхась Рудкоўскі)
Краіна паэзіі – віртуальная. Туды, як той казаў, і цягнікі не ходзяць, і самалёты не лётаюць. Там трэба нарадзіцца:
Толькі тут ёй (душы – А.Т.) будзе добра,
дзе паўзмрок і цішыня,
дзе матуля, як мадонна,
будзе вечна ля акна.
(Алесь Каско)
Фармальна паэт з’явіўся на свет у звычайнай палескай вёсачцы: "тады мой Чудзін – проста нават вёска". Але сакральнасць яе хараства, гармонію і эстэтыку непрыкметнага куточка на глобусе напаўнату адчуць дадзена не кожнаму з тых, хто нарадзіўся ў тым куточку ці наведаў той кут, як гэта радзіць згаданы нямецкі класік. Але туды можна атрымаць своеасаблівую візу. І ў гэтым дапамагаюць лірычныя замалёўкі мастакоў слова. Яны, мастакі, надзеленыя ад прыроды вострым адчуваннем жыцця, адкрываюць тое, чаго не здолеў бы адкрыць іншы чалавек, нават часта зусім не раўнадушны да таго, што хвалюе паэтаў, ці калі б і здолеў бы, то не змог бы перадаць, расказаць пра "накіпелае". Паэтычнае слова становіцца тым настаўнікам, што знае "дарогу дадому" (Іван Кірэйчык) душы чалавечай. І значыць, тая "проста вёска" – усё-ткі не просты куточак Палесся, а цэлы космас. Прынамсі такой яна з’яўлялася на працягу вякоў для яе насельніцтва – на падсвядомым узроўні, які ў палешукоў іншым разам праяўляўся праз здзіўленне, што й "за Гомелем людзі е". І хоць гэтае выслоўе паходзіць не з нашых краёў, яно адлюстроўвае ўспрыманне касмічнасці свайго радзіннага куточка палескімі жыхарамі.

Віктар Ярац тонка ўлавіў стасоўна Віктара Гардзея, што лірык з Малога Сяла свае пачуцці "акумулюе ў густой плыні радкоў не крыклівых і па-эстраднаму кідкіх, а прасякнутых здольнасцю стрымана чуць рытм і арытмію і свайго сэрца і таго, чыё побач альбо ў далёкай далечы. Ён прыслухоўваецца да зямнога і нябеснага, узіраецца ў вочы чалавека і зёлкі, золкай крыніцы і кволай завязі". І найбольшая ўвага паэта, ягоная чуласць канцэнтруецца як раз на роднай старонцы. Цікава, што гэтыя словы можна прымяніць ці не да ўсіх аўтараў – землякоў Віктара Гардзея.

Мала хто з ганцаўскіх паэтаў спрабаваў ці спрабуе сябе ў празаічных жанрах. Аднак ёсць два таленавітыя выключэнні – Васіль Праскураў і Віктар Гардзей. Калегі па журналісцкім пяру і працы ў нашай "раёнцы", настаўнік і вучань на мастацка-літаратурнай дзялянцы засведчылі пра сваё неабыякое майстэрства ў вобласці прозы. І хоць першы шырока вядомы як нарысіст, а другі выявіўся як аўтар апавяданняў, аповесцей, раманаў, знаходзяцца паміж іхняй творчасцю дзве, думаецца, зусім невыпадковыя грані судакранання. Па-першае, геаграфія пісьменніцкай увагі і Васіля Праскурава, і Віктара Гардзея зрэдку выходзіць за межы Ганцаўшчыны (празаік Віктар Гардзей, як можа падацца пры азнаямленні з ягонымі творамі, наогул пакідае сваё Малое Сяло адно са сваімі персанажамі). А па-другое, разнажанравыя творы абодвух ажно пахнуць лірычнасцю, адчуваецца, што аўтары ў іх уклалі па часцінцы свайго астральнага цела, якое завецца душой. І па ступені лірычнасці з такой прозай можа спаборнічаць толькі паэзія. Аднак, зразумела, шмат празаічнай лірыкі, якая таксама магла б паўнапраўна прапісацца пад вокладкай, аб’ём выдання не вытрымаў бы. Тым не менш, акрамя згаданых, варта адзначыць ужо "маскоўскага" празаіка Алеся Кажадуба ды перакладчыка і філософа Міхаіла Дубянецкага, таксама прадстаўленых у кнізе.

Вядомы сваім гуманізмам Леў Талстой неяк выказаў прыкладна такую думку: родных патрэбна любіць ужо за тое, што яны ёсць. У нашым выпадку слушна яе экстрапаліраваць на любоў да сваёй малой радзімы. Не кожнаму дадзена перакласці свае пачуцці на мову літаратурнага радка. Ды любіць сваё "простое и близкое" (Сяргей Ясенін) закладзена ў чалавеку, можна сказаць, на генетычным узроўні. Адсюль – і паэтызацыя вуліц і сцежак маленства, і такія, здавалася б, простыя, але сардэчныя, словы:
А для мяне мой скарб набыты –
Маёй радзімы ў жыце васількі.
(Аляксей Галаскок)
У гэтым свеце ўсё цыклічнае – вяртаецца на кругі свае. Такі ж закон, прынцып жыццёвай дыялектыкі назіраецца і ў традыцыі ганцаўскага "паэзапісання". Таму і паэтычныя перажыванні нібы ўнаследавалі тыя, хто ідзе следам за сваімі больш знакамітымі землякамі – Іван Лагвіновіч, Ірына Дарафейчук, Святлана Локтыш

Зразумела, нават пра рэпрэзентуемыя ў гэтай анталогіі творы хацелася б сказаць больш, не кажучы пра ўвесь спектр славеснага мастацтва Ганцаўшчыны. Ды, бадай, адну рысу выдання нельга абмінуць увагай – душэўнасць, з якою яно зроблена. (За ёю ўгадваецца стыль Віктара Гардзея, які з-за прыроднай сціпласці да сваёй літаратурнай творчасці не дастасаваў артыкул і не злоўжываў магчымасцю прадставіць шырэй свае творы. А шкода!)

Ёсць бакі ва ўкладанні кнігі, якія, магчыма, нехта (і я ў тым ліку) убачыў бы па-свойму. Прынамсі ў ёй не было б рускамоўных опусаў (да таго ж слабых). Аднак на тое ж яна і візітоўка, каб прадставіць аблічча пэўнага феномену. Да таго ж, як слушна заўважае філосаф В.Акудовіч, "усё сакральнае варта шанаваць такім, якім яно ёсць. Бо той, хто не шануе сакральнае, абірае сабе радзімай прафаннае". А што можа быць больш сакральным за літаратуру? Толькі пачуцці, на аснове якіх тая літаратура ўзнікае.

Вяртаючыся да слоў, сказаных напачатку, ужо карціць паставіць пытанне наступным чынам. А можа, і не варта біцца над разгадкаю ганцаўскае Музы, зрываць з яе вэлюм? Навошта – адрасуем гэты адказ праз вякі Гётэ – разумець паэзію? Паэзію і паэтаў, відаць, трэба не разумець, а чуць – адчуваць усёй чалавечнасцю сваёй душы. Таму ці не лепей проста чытаць творы з гэтага зборніка і разам з аўтарамі захапляцца нашым краем – паэтычнаю Ганцаўшчынай, а разам з нашым краем захапляцца творамі яго таленавітых гадаванцаў – ганцаўскаю лірай.
Катэгорыя: Анатоль Трафімчык | Дабавіў: admin (15.01.2011) | Аўтар: Анатоль ТРАФІМЧЫК
Праглядаў: 3066 | Тэгі: Літаратурная Ганцаўшчына, Анатоль Трафімчык | Рэйтынг: 5.0/4
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.