Чацвер, 17.08.2017, 09:10

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Анатоль Трафімчык

Малавядомы эпізод будучай савецка-польскай вайны
Савецка-польская вайна пачалася зімою 1919 г. Але лакальныя сутычкі як яе прадвеснікі адбыліся на год раней. Пра дзве з іх – у гэтым нарысе.

Палякі на беларускім безраздарожжы

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі на Беларусі – да лініі германа-расійскага фронту – ненадоўга ўсталявалася савецкая ўлада. Аднак неўзабаве яна саступіла месца нямецкай акупацыі. У час, калі мелася адбыцца змена ўлады – з нямецкай на савецкую – на тэрыторыі Круговіцкай воласці, якая знаходзілася ў прыфрантавой зоне (цяпер Ганцавіцкі раён Брэсцкай вобласці), адбыўся бой, які смела можна кваліфікаваць як адзін з першых эпізодаў савецка-польскай вайны, якой сёлета спаўнілася 95 гадоў.

Яго цікавостка заключаецца ў тым, што самой Польшчы як незалежнай дзяржавы яшчэ не было (яна паўстала пазней – 11 лістапада 1918 г.). Але польскія вайскоўцы (а яны служылі як пад германскім камандаваннем, так і ў арміі дабальшавіцкай Расіі) імкнуліся стаць пад сцягі польскай незалежнай дзяржавы. Менавіта такія памкненні прывялі да спробы дэлегацыі вядомага корпуса Юзафа Доўбар-Мусніцкага, які тым часам дыслакаваўся ў Бабруйску, нелегальна прабрацца за лінію нямецка-савецкага фронту, каб сустрэцца з польскім кіраўніцтвам і ўзгадніць дзеянні ў кірунку адраджэння дзяржаўнасці наогул і свайго выратавання ў прыватнасці. Рэч у тым, што вайсковая частка Ю. Доўбар-Мусніцкага была ў складзе расійскай раміі і не прыняла ўлады бальшавікоў.

Дэлегацыя палкоўніка Масціцкага

Балеслаў Масціцкі
11 лютага 1918 г. у паход рушыла дэлегацыя з пяці чалавек на чале з палкоўнікам Балеславам Масціцкім (1877 г. н.), які да таго часу сябе зарэкамендаваў як выдатны вайсковец: узначаліўшы арганізаваны ў расійскай арміі летам 1917 г. полк уланаў, што дыслакаваліся ля Станіслава (сёння – Івана-Франкоўск, Украіна), даў бой збальшавізаваным вайсковым часткам, салдаты якіх кінуліся рабаваць мясцовае насельніцтва, і, хоць сілы непрыяцеля былі ў 4-5 разоў большыя, атрымаў бліскучую перамогу (з тых пор яго частка стала называцца Першым палком крэховецкіх уланаў – па назве мястэчка Крэхоўцы, ля якога адбылася бітва).

У якасці падтрымкі і аховы па шляху да фронту дэлегацыю суправаджалі два эскадроны І-га палка ўланаў у колькасці 120 коннікаў і двух кулямётаў. Быў узяты курс на мясцовасць, якая не ўяўляла стратэгічнай важнасці, а значыць, па верагодных разліках палякаў, не павінна была быць насычанай войскамі з абодвух бакоў лініі фронту, аднак лясістую і моцна забалочаную, што ўскладняла перасоўванне.

Бой ля Лапаціч (цяпер Ляхавіцкі раён)

15 лютага польскія вайскоўцы мінулі большую частку Круговіцкай воласці: прайшлі Чудзін, Будчу, Дзяніскавічы – да засценка Жыдавічы. Менавіта так падаюць крыніцы. Відавочна, палякі з набліжэннем да лініі фронту абіралі дарогі другасныя. У дадзеным выпадку ім падвярнулася чыгуначная вузкакалейка. Яна, будучы прадназначайнай для гаспадарчых патрэб, тым часам – з прычыны блізкасці лініі фронту – не была актыўна задзейнічана. Таму ўздоўж яе нават гэтакі вялікі атрад кавалерыстаў мог пракрасціся неўпрыкмет.

16 лютага а трэцяй гадзіне раніцы жаўнеры пайшлі дарогаю на Малыя Круговічы. Гэта значыць, калі перад гэтым яны ўвесь час трымаліся заходняга кірунку, дык цяпер быў рэзка ўзяты курс на поўнач. Тады наступіў момант вагання: ці ісці далей на ўсход да лініі фронту – праз Ганцавічы, дзе нельга было б застацца незаўважанымі, ці шукаць іншы шлях. Вырашана было даць кола ў паўночны бок – да вёскі Куршынавічы (цяпер – Ляхавіцкі раён). Там разлічвалі перайсці раку Шчара, нават ведалі адпаведны мост (з крыніцы зразумела, што стаяла адліга, таму пераправіцца ўброд, напэўна, было немагчыма – холадна). Аднак далей ваенна-палітычная экспедыцыя, якая дагэтуль праходзіла гладка, нарвалася на істотныя праблемы. На ўскрайку вёскі Лапацічы (цяпер хіба не існуе, будучы паглынутай вёскай Гайнінец) уланы ўступілі ў бой з чырвонаармейцамі 15-й Сібірскай дывізіі. Сутычка атрымалася шматхадовай і крывавай. Польскі бок, па яго падліках, страціў аднаго афіцэра і трох уланаў забітымі, параненых і зніклых без звестак – 17. Страты бальшавікоў (недакладна ўстаноўленыя польскім бокам) склалі толькі ў вёсцы 12 чалавек забітымі і некалькі параненых, акрамя тых, якія палеглі ў полі падчас уцёкаў. Як аказалася, гэта перамога (так расцэньваецца вынік жорсткай сутычкі ў польскіх крыніцах), аднак, не стала стратэгічнай для палякаў.

Бой ля Дзяніскавіч (цяпер Ганцавіцкі раён)

Паколькі на тым участку праход за лінію фронту не атрымаўся, палякам давялося ізноў вярнуцца на поўдзень. У каплічцы, якая размяшчалася на могілках вёскі Ясянец, яны пахавалі трох забітых таварышаў. Ноччу не спынялі маршу і прайшлі 50 вёрст забалочанымі лясамі пасля дзённага цяжкага бою і хуткага кідку папярэдняй ноччу (нявыключана, што асцерагаліся пагоні, таму так напружана перамяшчаліся). 18 лютага а 7-й раніцы ўланы апынуліся ўжо ў Радзівілаўскай леснічоўцы ля Дзяніскавіч (у якой дакладна невядома).

Далей, не адкладаючы, палкоўнік Масціцкі вырашыў пракрадацца без эскадронаў, якіх адправілі назад у Бабруйск. Дэлегацыя пераапранулася ў рознае цывільнае адзенне. Узяўшы за правадніка нейкага селяніна-католіка, жаўнеры рушылі ў кірунку ўрочышча Дуб. Відавочна, што далей палякі надумалі прабірацца нетрамі, дзе на той час магла нават не ступаць нага чалавека: калі да гэтага яны ішлі па грэблі Дзяніскавічы – Чучавічы, то паварот на захад (да лініі фронту) азначаў збочванне на бездарожныя лясы і балоты. Аднак праваднік – свядома ці не – на другі дзень заблудзіўся. Апоўдні спаткалі сялян, якія забіралі нарыхтаванае летам сена. Тыя дапамаглі зарыентавацца. Але іх асцерагліся, таму дэлегацыя падзялілася на дзве часткі. На групу, у якой быў палкоўнік Масціцкі, неўзабаве напалі партызаны (сяляне на чале з бальшавікамі). У выніку кароткага бою ля ўрочышча Лавіца палкоўнік быў забіты, а яго паплечнікі ўзяты ў палон. Чучавіцкі краязнавец Дзмітрый Муравейка не схільны палітызаваць гэту ваенную сутычку, лічачы, што палякі былі забіты чучаўлянамі з мэтай рабунку. Другую групу – на чале з афіцэрам (капітанам?) Феліксам Складоўскім – партызаны таксама высачылі і арыштавалі, пасля чаго даставілі ў Круговіцкі рэўкам.

Заканчэнне гісторыі

У тыя дні сітуацыя змянялася часам з маланкавай хуткасцю. Неўзабаве мясцовасць, на якой імкнуліся ажыццявіць свой прарыў на другі бок фронту польскія ўланы, была занята немцамі. Удзельнікі другой групы былі вызвалены і вярнуліся да сваіх (напэўна, пасля заключэння Брэсцкага міра 3 сакавіка 1918 г.). Таму можна лічыць, палкоўніку Масціцкаму не пашанцавала: каб трохі пазней уланы падышлі да прыфрантавой паласы, немцы, якія ў тыя дні якраз імкліва пайшлі ў наступ, самі перанеслі б фронт на ўсход.

Паводле ўспамінаў будчанскага краязнаўца Фёдара Барысавіча Карпені (1924 – 2013), запісаных супрацоўнікам Ганцавіцкага раённага краязнаўчага музея Віталём Герасіменем, палякі адразу пасля здарэння не пакінулі без увагі забойства свайго выбітнага палкоўніка і выслалі карную экспедыцыю, якая хацела нават спаліць вёску (гэта былі Вялікія Чучавічы). Як расказаў польскаму даследчыку Кшыштафу Вайцехоўскаму жыхар вёскі Ліпск, якая знаходзіцца недалёка ад месца падзеі, Рыгор Аляксандравіч (прозвішча з крыніцы невядома), удава Б. Масціцкага прыязджала разам з экспедыцыяй уланаў і не дала ім расправіцца з усёй вёскай – былі пакараны смерцю толькі тыя, хто памагаў бальшавікам. Гэты факт пацвердзіў і Ф. Карпеня, удакладніўшы метад пакарання – праз павешанне.

Такім чынам, дэлегацыя корпуса Ю. Доўбара-Мусніцкага не змагла пераадолець лінію нямецка-савецкага фронту і была разбіта на тэрыторыі Круговіцкай воласці (цяпер тое месца ля мяжы Ганцавіцкага і Лунінецкага раёнаў). Тым не менш, у сакавіку 1918 г. падраздзяленні корпуса прынеслі прысягу Рэгенцкай радзе ў Варшаве – польскаму ўраду, створанаму немцамі на акупаваных польскіх землях, якія раней уваходзілі ў склад Расійскай імперыі.

Балеслаў Масціцкі
Памятны знак на месцы гібелі Баляслава Масціцкага

Гісторыя мела і невялікі эпілог. Згаданае вышэй шпаркае адсоўванне фронта на ўсход стварыла ўмовы для пахавання нябожчыка ў занятым неўзабаве немцамі Менску – у кафедральным касцёле. Пазней, у 1921 г., прах Масціцкага быў перанесены ў касцёл Святога Крыжа (Варшава). 2 лістапада 1930 г. на месцы гібелі Б. Масціцкага ўстаноўлены злеплены з валуноў памятны знак.
Катэгорыя: Анатоль Трафімчык | Дабавіў: admin (18.02.2016) | Аўтар: Анатоль ТРАФІМЧЫК
Праглядаў: 1000 | Тэгі: Ясянец, Ганцавічы, Ганцавіцкі раён, Малыя Круговічы, Баляслаў Масціцкі, Дзяніскавічы, Будча, Анатоль Трафімчык | Рэйтынг: 4.6/8
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [33]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [70]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [11]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [1]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [75]
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Каталог TUT.BY Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.